Вы тут

На выставе ў мастацкім музеі здзіўляюць народнымі касцюмамі


Спазнаць культурны код народа можна праз многае: мову, нацыянальную кухню, літаратуру і фальклор, а яшчэ праз адзенне. Магчымасць пазнаёміцца панарамна і дастаткова глыбока з беларускімі нацыянальнымі строямі дае выстаўка «Анталогія прыгажосці. Традыцыйны беларускі касцюм», якая зараз праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі. 


Калекцыя пачалася з балету

Выставачны праект, які прадстаўлены ў дзвюх залах новага корпуса музея, знаёміць наведвальнікаў з асаблівасцямі народнага касцюма шасці этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі і паралельна наглядна дэманструе, як даследавалася дадзеная тэма ў розных кантэкстах. Напрыклад, у нашай краіне захавалася 50 відаў апранання наміткі (галаўны ўбор замужняй жанчыны). І, дзякуючы даследніцкай дзейнасці беларускіх вучоных, каля 30 спосабаў гэтага майстэрства ўдалося аднавіць. Да прыкладу, вядомы этнограф Марыя Віннікава ўсё жыццё даследуе тэму нашэння беларускаіх галаўных убораў.

Ёсць цікавае апавяданне «Як сарочка ў полі вырасла» Канстанціна Ушынскага, дзе пакрокава паказваецца, які шлях праходзіць лён, перш чым ператварыцца ў адрэзак тканіны, што пазней ператворыцца ў адзенне. Узгадала яго куратар праекта напачатку экскурсіі невыпадкова, бо менавіта льняную тканіну нашы продкі ў асноўным выкарыстоўвалі для пашыву касцюма. На выставе мы бачым ужо вынік ва ўсёй яго разнастайнасці. Увогуле калекцыя беларускай традыцыйнай культуры ў Нацыянальным мастацкім музеі ў свой час пачала фарміравацца, калі сюды пасля вайны з Вялікага тэатра перадалі беларускае адзенне, якое выкарыстоўвалі ў балетных пастаноўках. Але працяглы час з-за недахопу плошчаў экспанаты чакалі сустрэчы з наведвальнікамі музея ў фондасховішчах. Сёння калекцыя мае каля 3 тысяч адзінак, з якіх каля тысячы — якраз адзенне. 

— Улічваючы нашы магчымасці, першапачаткова было некалькі варыянтаў, як прадставіць гэты праект. Адзін — зрабіць акцэнт на калекцыі музея. Іншы — паказаць усё самае лепшае, а гэта найперш Заходняе Палессе. Але тады такі падыход не дазволіць распавесці наведвальнікам, асабліва дзецям, пра іншыя рэгіёны, якія маюць свае адметнасці, — дзеліцца навуковы супрацоўнік навукова-фондавай работы Нацыянальнага мастацкага музея Вікторыя Пракошына. — Калі я толькі прыйшла працаваць з калекцыяй традыцыйнай культуры, зразумела, наколькі гэта шматгранная і гарманічная з’ява. Вядома, не ўсё захавалася з-за розных прычын, таму мы вырашылі прапанаваць далучыцца да нашага праекту калегам з іншых музейных устаноў. І атрымалася сабраць цэльныя комплексы. 

На выставе экспануюцца не толькі творы традыцыйнага беларускага ткацтва з калекцыі дэкаратыўна-прыкладнога народнага мастацтва, але і беларуская арыгінальная і тыражная графіка, беларускі жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея. Тут можна знайсці ўнікальныя экспанаты з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра рамёстваў, Сенненскага Дома рамёстваў, Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Лён і паўліны

Старт экспазіцыі дае дэманстрацыя якраз тых прылад, якімі апацоўвалі лён. Грэбні, трапалы, мялкі і іншае. Сучасным людзям, можа, складана ўявіць, якім працаёмкім і доўгім быў працэс. Ад зярнятка, якое селянін апускаў у зямлю, да гатовага палатна, якое пасля пераўтваралася ў сапраўдны твор мастацтва. Вельмі адметна і тое, што на выстаўцы прадстаўлены не проста беларускія народныя касцюмы, а яшчэ і, напрыклад, экспедыцыйныя фатаграфіі Міхаіла Раманюка, з якога пачалося некалі сістэматычнае даследаванне беларускага касцюма. Іх для праекта прадаставіў яго сын. Эмацыйныя фотакадры тут не проста маўклівыя сведкі часу. Гэта своеасаблівы жывы ўспамін пра ўсіх, хто ствараў адзенне, хто насіў яго і пражываў у ім свае як будзённыя, так і самыя непаўторныя дні. 

Цяпер давайце пройдземся пункцірна па экспазіцыі, каб адчуць ва ўсёй паўнаце яе каларыт, паслухаць аповеды пра мінулае, бо адзенне пра многае можа распавесці…

— Вось Заходняе Палессе, Кобрынскі строй, які вылучаецца цэльнасцю мастацка-пластычнага вобраза. Веліч святочнага строю замужняй жанчыны шмат у чым дасягаецца спосабам нашэння галаўнога ўбору — хусты, якая ўяўляе сабой доўгі адрэз тонкага палатна. Ён прыгожа драпіруецца вакол галавы і пакрывае спіну, надаючы постаці абцякальны сілуэт з мяккімі струменістымі складкамі доўгай полкі, што спускаецца ззаду. Касцюм адрозніваецца віртуознай распрацоўкай паласатага і геаметрычнага арнаменту, які ўпрыгожвае ўсе яго кампаненты. Гэты строй прадстаўлены ў зборы некалькімі суцэльнымі комплексамі, што на сённяшні дзень з’яўляецца дастаткова вялікай рэдкасцю, — распавядае Вікторыя Пракошына.

Апярэджваючы пытанне прысутных пра пяро паўліна, якое нельга не заўважыць у галаўным уборы, яна тлумачыць, што яно там не выпадкова. Аказваецца, у тыя часы ў шляхецкіх маёнтках трымалі паўлінаў. Яны лічыліся сімвалам шчасця, людзі таксама верылі ў іх абярэгавую ўласцівасць. Так пёры гэтых птушак знайшлі прымяненне і ў народных касцюмах. 

І калі разглядаеш касцюмы дэтальна, то ў кожным уражвае і майстэрства рук, якія іх стварылі, і вынаходніцтва дзяўчат, жанчын, бо кожная імкнулася не проста выглядаць прыгожа, а і самавыяўляцца. Увогуле традыцыйны касцюм — гэта вобраз, па якім можна счытваць культурны код беларусаў, — раней яны самі па вопратцы вызначалі сваіх і чужых. Нават у суседніх вёсках існавалі розныя варыяцыі касцюмаў па каларыце, арнаменце, сілуэце. 

— Асаблівай тонкасцю і беллю кужэльнага палатна, прастатой геаметрычных арнаментальных матываў вылучаецца Мотальскі строй Іванаўскага раёна, — працягвае аповед куратар праекта. — Філігранная тэхніка зборак палатна каля каўняра і ў ніжняй частцы рукавоў, а таксама дэкаратыўныя злучальныя швы, выкананыя ніткамі чорнага колеру, падкрэсліваюць канструктыўныя асаблівасці мужчынскіх і жаночых сарочак і з’яўляюцца іх характэрнай рысай. Калі ж звярнуць увагу, напрыклад, на Маларыцкі строй, то там ужо будзе лаканічны сілуэт, багацце дэкору. Жаночы касцюм упрыгожвалі тканым і вышытым арнаментам. Адмысловую ўрачыстасць і манументальнасць строю надаваў галаўны ўбор замужняй жанчыны — хуста, якая ўпрыгожвалася з трох бакоў шырокімі бардзюрамі геаметрычнага арнаменту, выкананага ў старажытнай тэхніцы вышыўкі наборам, па-мясцоваму — «нацягам». Часам у левым пярэднім рагу хусты змяшчалі асобна вышытую разетку ў выглядзе зоркі. Такія ж разеткі вышываліся на ўнутраным баку правага рукава жаночай сарочкі. Яны з’яўляліся знакамі-абярэгамі для маладой жанчыны, якая чакае дзіця. 

Павівалы, андаракі, каптуры

Цікава і тое, што даўней асобныя прадметы касцюма былі абавязковымі атрыбутамі сямейных абрадаў. У мастацкім музеі захоўваецца, напрыклад, вельмі тонкая і доўгая намітка — павівала, якая некалі мела сакральную функцыю на вяселлі. Акрамя навівання на галаву нявесты, ёю звязвалі маладых, і тое сімвалізавала іх аб’яднанне ў сям’ю. Увогуле, у вясельныя касцюмы дзяўчаты некалі ўкладалі ўсё сваё майстэрства. Так, па тым, як вышытая кашуля жаніха, рабілі выснову аб нявесце, яе працавітасці і талентах. Арнаменты на касцюмах маладых пераклікаліся. А галаву нявесце ўпрыгожвалі вянком, які выраблялі з таго, што мелі пад рукой і на што хапала фантазіі. 

Ва Усходнім Палессі таксама можна назіраць самыя разнастайныя варыянты традыцыйных строяў, якія звяртаюць на сябе ўвагу мастацка-дэкаратыўным аздабленнем. У ХХ стагоддзі, калі тут пачалі шырока выкарыстоўваць тканіны фабрычнай вытворчасці, трансфармацыя адбылася і ў касцюме. Але ўсё ж народныя майстрыхі імкнуліся па-ранейшаму спалучаць навацыі і традыцыі, каб адлюстроўваць час і месца стварэння. 

Жаночы касцюм Лельчыцкага раёна, датаваны 1950-мі гадамі, вельмі добра дэманструе змены ў народным адзенні Усходняга Палесся. У спустошанай вайной краіне аднаўлялася вытворчасць. У продаж паступала тканіна, каляровыя ніткі, што дало дадатковую прастору для творчасці беларусак пры вырабе касцюмаў. Абавязкова жанчыны хадзілі ў каптурах, паколькі валасы лічыліся нечым сакральным, іх усяляк аберагалі. 

Падняпроўе – па-свойму ўнікальны этнаграфічны рэгіён, што абумоўлена ў тым ліку і блізкім знаходжаннем яго да некаторых абласцей Расіі і Украіны. Асабліва гэта выявілася ў жаночым касцюме, у якім у пачатку ХХ ст. існавалі розныя комплексы, якія адрозніваліся ў асноўным відамі паяснога адзення: з андаракам, са спадніцай-андаракам, з андаракам, пашытым з безрукаўкай. У галаўных уборах тут пераважаюць хусткі. 

На выставе таксама можна ўбачыць і вытрымкі з альбома «Беларускі арнамент Палесся» 1957 года Леаніда Баразны. Даследчык ствараў яго, калі ездзіў у экспедыцыі і фіксіраваў свае знаходкі з першых вуснаў на паперы-міліметроўцы. Сёння тое вельмі дапамагае вучоным і музейшчыкам у працы па рэканструкцыі касцюмаў мінулага. Побач размешчаны аўтэнтычныя набоечныя дошкі і узоры тканін, з якіх шылі андаракі. А калі крыху памяняць курс, то заўважыце вопратку з зімніх вобразаў. Вось зімовыя паліто, у якіх калядаваць прыходзілі, прычым адразу можна прасачыць, як мяняўся крой ад класічных мадэляў да мадэрновых куртак. 

— У рэгіёне Падзвіння з прычыны гістарычных падзей, геаграфічных і сацыяльна-эканамічных фактараў у меншай ступені захаваліся традыцыйныя формы адзення. Інтэнсіўнае развіццё гэтага рэгіёна з канца XIX ст. спрыяла пранікненню ў сялянскае асяроддзе тканін фабрычнай вытворчасці і распаўсюджванню новых варыянтаў крою і дэкаратыўнага афармлення касцюма. Прадметы жаночага адзення хатняга вырабу сведчаць аб высокай культуры ручнога ткацтва і вышыўкі, своеасаблівасці дэкору і каларыту паяснога адзення, — тлумачыць Вікторыя Пракошына. — Таксама рана выйшаў з ужытку і традыцыйны касцюм жыхароў Панямоння. Але асаблівасць касцюма гэтага рэгіёна характарызуецца выцягнутым сілуэтам, які задаецца падоўжаным андаракам і фартухом... 

І ў завяршэнне хочацца спыніцца на Цэнтральным рэгіёне Беларусі. Традыцыйны касцюм гэтай мясцовасці ў музеі прадстаўлены асобнымі разрозненымі прадметамі. І па тых дадзеных, якія здабыты вучонымі, можна меркаваць, што, напрыклад, на тэрыторыі Клецкага раёна Мінскай вобласці ў касцюме былі сарочка з адкладным каўняром, папярочна-паласаты андарак запрасаваны ў дробныя складкі, фартух, безрукаўка і галаўны ўбор з каптура і наміткі.

Выстава працуе да снежня. На ёй не толькі знаёмішся з народным касцюмам, але і па-іншаму пачынаеш бачыць вобраз беларускай жанчыны. А калі даведваешся пра сімвалы на арнаментах, не проста бачыш майстэрства, а таксама разумееш, якой моцнай была вера чалавека ў знешнія сілы, якія маглі ад усяго абараніць, даць сілы на стварэнне новага. І галоўная каштоўнасць гэтых экспанатаў — ва ўсведамленні сваіх вытокаў. 

Алена ДРАПКО

Фота Елізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.