Вы тут

Невядомыя ілюстрацыі Зінаіды Астаповіч-Бачаровай


Зінаіда Бачарова — феномен «невядомых мастакоў XX стагоддзя». Доўгі час яе ведалі толькі як сястру выдатнага беларускага графіка Аркадзя Астаповіча, аўтарку ўспамінаў аб ім і як апошнюю вучаніцу Мікалая Рэрыха ў Беларусі. Адкрылі яе як мастачку дзякуючы ўнучцы Алене Дзмітрыеўне Смірновай, кандыдату гістарычных навук, дацэнту БДУ, якая працавала нейкі час у Мастацкім музеі ў Мінску і арганізавала паездку ў Віцебск — «да бабулі», каб паказаць яе творы. Там за канапай у некалькіх папках знайшоўся цэлы скарб — сотні па-мастацку якасных твораў за 70 гадоў творчасці, з 1910 да 1980 года.


Першая выстава мастачкі разам з творамі Аркадзя Астаповіча адбылася ў 1989 годзе, калі ёй быў 91 год. Сумесная экспазіцыя твораў брата і сястры ў Мінску і Віцебску ў 1989–1990 гадах, яе персанальная выстаўка да 100-годдзя ў 1998-м пацвердзілі, што па таленце Зінаіда Астаповіч не саступала Аркадзю.

«Гэта быў светлы час, калі мы былі маладыя...»

Зінаіда Антонаўна Астаповіч нарадзілася 125 гадоў таму 10 (23) верасня 1898 года ў Мінску ў шматдзетнай сям’і выкладчыка гарадскога вучылішча Антона Антонавіча Астаповіча, ураджэнца вёскі Навасёлкі Ігуменскага павета Мінскай губерні. Ужо ў дзяцінстве брат і сястра пачалі маляваць, спачатку капіруючы рэпрадукцыі карцін з часопісаў, потым ствараючы накіды з натуры. Даследчыкі пасля непазбежна параўноўвалі яе творы з творчасцю Аркадзя Астаповіча. І гэта натуральна: амаль аднагодкі, яны разам раслі, вучыліся ў адных і тых жа настаўнікаў малюнка ў гімназіях у Гродне, затым у 1914 годзе пасля смерці бацькі — у рысавальнай школе Імператарскага таварыства заахвочвання мастацтваў, якой кіраваў тады Мікалай Рэрых.

«Гэта быў светлы час, калі мы былі маладыя, поўныя спадзяванняў і энергіі. Блукалі па выставах, музеях, проста па горадзе белымі начамі... Жылі мы тады вельмі сціпла на маленькую пенсію, якую маці як удава атрымлівала за бацьку, але матэрыяльная нястача нас тады зусім не трывожыла...» — успамінала Зінаіда Антонаўна.

Зінаіда, у адрозненне ад брата, была больш эмацыянальнай, «неспакойнай». Нездарма ў адным з лістоў да сястры Аркадзь назваў яе «матыльком з палымянымі крыламі», нібы адгадаўшы ў яе работах з ледзь стрыманай рамкамі стылю жыццярадаснасцю будучы тэмперамент, які вырываўся на волю, — буйны, каляровы, мажорны. Жыццё абарвала гэты перыяд хутка і жорстка. У 1916 годзе мабілізавалі ў войска Аркадзя, у 1917 годзе іх малодшы брат загінуў ад выпадковай кулі. Неабходна было зарабляць на жыццё і разлічваць толькі на сябе.

У 1918 годзе, пасля заканчэння рысавальнай школы, Зінаіда паступае настаўніцай малявання ў школу пры Абухоўскім заводзе. Голад і холад у Петраградзе неўзабаве вымушаюць яе з’ехаць да родных у Навасёлкі каля Пухавіч пад Мінскам, дзе бацька некалі пабудаваў дом. У гэты дом у 1922 годзе прыязджае з Паўднёва-Заходняга фронту і Аркадзь — камандзір Чырвонай Арміі. Яны разам выкладаюць у Навасёлкаўскай сельскай сямігадовай школе, ладзяць спектаклі ў сельгастэхнікуме ў Мар’інай Горцы, дзе вучылася малодшая сястра Зоя. Ад гэтага перыяду захавалася некалькі натурных рэалістычных алоўкавых замалёвак вясковых вуліц, малюнкі тушшу і шмат фотаздымкаў.

«Ведаеце, хто я такі? Я — Самуіл Маршак!»

Але шляхі брата і сястры сыходзяцца ненадоўга. Аркадзь бярэ шлюб са сваёй стрыечнай сястрой Нінай Якубовіч і застаецца ў Беларусі, а Зінаіда ў 1923 годзе вяртаецца ў Петраград, каб працягнуць адукацыю. Яна спрабуе паступіць у Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут, але падводзіць анкета: дачцэ тытулярнага саветніка не даюць стыпендыі. Ратуюць старыя сцены: у будынку былой школы Усерасійскага таварыства заахвочвання мастацтваў адкрыўся Петраградскі мастацка-прамысловы тэхнікум, куды яна, паказаўшы свае творы, паступае ў майстэрню да Лявіцкага і ўжо знаёмага ёй Эберлінга.

Любы матэрыял, любы жанр, як і раней, даюцца ёй лёгка, без напругі: ці агітацыйны плакат з лаканічнымі выразнымі сілуэтамі самалётаў («Скарайце паветра і час», 1926); ці партрэты-сілуэты сяброў («Партрэт прыяцелькі», 1925), а таксама партрэты вугалем і італьянскім алоўкам («Жаночы партрэт», 1926). Асабліва даюцца ілюстрацыі да казак. Яна пачынае супрацоўнічаць з часопісам «Леніград», дзе публікуецца яе акварэль «Дэманстрацыя» (1924), малады Самуіл Маршак угаворвае яе саму пісаць і ілюстраваць казкі.

«Аднойчы ён дагнаў мяне на Неўскім. Ён мне не надта спадабаўся, бо адразу ж спытаў мяне: „Ведаеце, хто я такі? Я — Самуіл Маршак!“ Мне падалося, што малады пісьменнік павінен быць больш сціплым. Добра памятаю Карнея Чукоўскага, які быў такі высокі, што сядзеў у рэдакцыі не на крэсле, а на стале», — расказвала яна ў сталыя гады ўнучцы. У 1924 годзе яна зрабіла малюнкі да казкі Карнея Чукоўскага — пералажэння тэксту Х’ю Лофцінга «Малпачка Чычы» аб добрым доктары і злым катрыншчыку. Але яны захаваліся толькі ў эскізах. У 1925 годзе Зінаіда робіць вокладкі да казак у вершах паэтаў Эрліха і Шварца. Але ўсе гэтыя вясёлкавыя надзеі, ледзь замігцеўшы, знікаюць: хутка закрываецца часопіс «Ленінград», а кнігі з яе вокладкамі так і не выходзяць у друк.

«Позні віцебскі рэнесанс»

Актыўны перыяд творчасці перарываецца ў лютым 1928 года замужжам (не без ваганняў і па парадзе брата яна прыняла прапанову ветэрынарнага ўрача Івана Бачарова) і нараджэннем дачкі Ніны. Зінаіда Антонаўна на працягу 11 гадоў выкладала графіку на рабфаку Ленінградскага ветэрынарнага інстытута, у якім працаваў і вучыўся ў аспірантуры яе муж, у будучым доктар навук, які з 1937 года стаў рэктарам інстытута. У 1942–1944 гадах у эвакуацыі выкладала маляванне дзецям у Молатаўскай сярэдняй школе № 66. Нарэшце — Дзень Перамогі і перспектывы шчаслівага мірнага жыцця. Але яны азмрочыліся трагедыяй — прыйшло паведамленне, што ў 1941 годзе загінуў на фронце любімы брат Аркадзь. У 1955 годзе прыватная драма — распалася сям’я Зінаіды Антонаўны: яна даведалася аб блізкіх адносінах свайго мужа з жанчынай-калегай, якая выратавала яго падчас хваробы ў гады блакады. Пасля разводу Зінаіда Антонаўна пакінула Ленінград і пераехала ўслед за сям’ёй дачкі Ніны ў 1955 годзе ў пасёлак Рыбнае Разанскай вобласці. Тут пачынаецца сапраўдная творчасць. Кладучы маленькіх унукаў спаць, прыдумваюшы для іх кожны раз новую казку, адводзіць душу ў нацюрмортах — радасных, залішне пышных і мажорных.

Дачка Ніна, у замужжы Смірнова, пасля абароны доктарскай дысертацыі ў 1963 годзе была запрошана на пасаду загадчыка кафедры мікрабіялогіі ў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Для Зінаіды Антонаўны пачаўся новы, «віцебскі», перыяд творчага жыцця. Менавіта тут, у час яе жыццёвай восені (ёй было ўжо далёка за 60), нечакана выплюхнуўся яе шчодры каларыстычны дарунак. Гэты «позні віцебскі рэнесанс» даў сотні сапраўды арыгінальных пейзажных твораў.

Месцы пастаянных прагулак Зінаіды — утульныя маленькія дворыкі, скверы, паркі і набярэжныя старога Віцебска, наваколлі дачнай мясцовасці ў Лётцах пад Віцебскам — сталі рэальнымі матывамі вялізнай серыі цудоўных гуашаў-мініяцюр. Частка з іх цалкам пазнавальная (серыя «Віцебскія дворыкі», 1960–1970-я), большасць жа — выдуманыя, фантазійныя. Каляровая аркестроўка іх такая багатая і вытанчаная, прыёмы такія адважныя і разнастайныя, а выкананне такое віртуознае, што некаторыя з гэтых маленькіх твораў можна смела назваць яе шэдэўрамі.

Па колькасці і вынаходлівасці з імі могуць сапернічаць толькі ілюстрацыі да чароўных казак рускай і замежнай класікі, якімі Зінаіда Астаповіч-Бачарова працягвала займацца ўсё жыццё — ужо «для сябе». Унукі выраслі, а рукі самі прасіліся па старой звычцы занатаваць прачытанае.

Гэтыя шматлікія ілюстрацыі (іх дзясяткі, можа быць, сотні — дзіўных, мудрагелістых, часта гратэскных), напісаныя гуашшу на кардонках-донцах ад тартоў, на нейкіх выпадковых паперах, яна не надта шанавала, звала іх «тварыкамі». Гэта былі яе фантазіі, экзерсісы — практыкаванні для «лёгкасці рук». Летам стосы гэтых малюнкаў пераязджалі на лецішча, для распальвання печы, і захавалася толькі тое, што ўнучка Алена змагла ўратаваць і схаваць. Можна казаць, Зінаіда Антонаўна мела арыгінальны самабытны талент ілюстратара, які так і застаўся незапатрабаваным…

Творчае даўгалецце Зінаіды Астаповіч-Бачаровай аказалася амаль роўным жыццёваму. Апошнія яе работы датаваны другой паловай 1980-х гадоў: серыя алоўкавых замалёвак з філасофскай назвай «Тыя, што праходзяць міма», — гратэскныя, нават некалькі шаржаваныя імгненныя назіранні з акна першага паверха старога чалавека, жыццёвая прастора якога звузілася да межаў кватэры.

Зінаіда Астаповіч-Бачарова ніколі не ўспрымала як трагедыю сваю невядомасць і творчае пустэльніцтва: працавала для сябе, таму што «калі я не малявала, мяне гэта непакоіла, нельга было не маляваць». Невядомасць была цаной свабоды творчасці; яна заплаціла гэтую цану проста і натуральна, як усё, што рабіла.

Зінаіда Антонаўна памерла 26 верасня 1993 года ў Віцебску на 96-м годзе жыцця. Да 125-годдзя з дня нараджэння мастачкі ў яе памяць яе ўнучка Алена Смірнова перадала Віцебскаму музею ў падарунак 35 графічных і жывапісных твораў сваёй бабулі.

Надзея УСАВА,вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якія меры прымаюцца, каб не дапусціць трагедый на чыгунцы?

Якія меры прымаюцца, каб не дапусціць трагедый на чыгунцы?

Карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў рэйд разам з супрацоўнікамі МУС.

Грамадства

Як не заблукаць у лесе і што рабіць, калі гэта адбылося?

Як не заблукаць у лесе і што рабіць, калі гэта адбылося?

Каб «ціхае паляванне» не стала пошукавай аперацыяй.