Вы тут

Што чакае непаўналетніх спажыўцоў электронных сістэм курэння


Усё часцей жыхары нашай краіны становяцца сведкамі таго, як непаўналетнія выкарыстоўваюць электронныя сістэмы курэння. Мяркуючы па ўсім, яны не саромеюцца гэтага, бо кураць у грамадскіх месцах. Аднак ці ўсе з падлеткаў, якія не расстаюцца з электроннай цыгарэтай, думаюць аб наступствах такой звычкі для здароўя і ўсведамляюць адказнасць за публічнае курэнне?


Гэтае пытанне знаходзіцца на кантролі Міністэрства ўнутраных спраў, куды сістэматычна паступае інфармацыя аб выкарыстанні дзецьмі электронных сістэм курэння. Больш за тое, супрацоўнікі органаў унутраных спраў добра ведаюць, дзе непаўналетнія набываюць гэтыя модныя, але вельмі шкодныя для здароўя прыстасаванні: аб’явы аб іх продажы свабодна размяшчаюцца ў месенджарах і сацыяльных сетках, на іншых інтэрнэт-пляцоўках. Прычым купіць іх можа любое дзіця: дзеля атрымання выгады рэалізатары электронных сістэм курэння ідуць на парушэнне заканадаўства.

Якія меры супрацоўнікі міліцыі прымаюць па выяўленні грамадзян, што выкарыстоўваюць (спажываюць) электронныя сістэмы курэння ў грамадскіх месцах, а таксама чым пагражае іх рэалізацыя непаўналетнім, расказаў начальнік арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі МУС палкоўнік міліцыі Вадзім Петыш.

— Вадзім Леанідавіч, у якіх месцах забараняецца выкарыстоўваць электронныя сістэмы курэння?

— Пытанні, звязаныя са спажываннем тытунёвых вырабаў, выкарыстаннем электронных сістэм курэння, вадкасцяў для электронных сістэм курэння, а таксама сістэм для спажывання тытуню, урэгуляваны Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 2002 года № 28. Выкарыстанне электронных сістэм курэння, як і курэнне тытунёвых вырабаў, забараняецца ў ліфтах і дапаможных памяшканнях шматкватэрных жылых дамоў, інтэрнатаў, на дзіцячых пляцоўках, працоўных месцах, арганізаваных у памяшканнях, аўтамабілях, калі ў іх прысутнічаюць дзеці ва ўзросце да 14 гадоў. Нельга курыць на тэрыторыях і ў памяшканнях, якія займаюць спартыўна-аздараўленчыя і іншыя лагеры, адукацыйныя ўстановы, арганізацыі, што рэалізоўваюць праграмы пасляўніверсітэцкай адукацыі. Адміністрацыйную адказнасць пацягне і курэнне ў падземных пераходах, на станцыях метрапалітэна, прыпыначных пунктах па маршрутах перавозак пасажыраў аўтамабільным і гарадскім электрычным транспартам, пасадачных пляцоўках, дзе ажыццяўляецца пасадка і высадка пасажыраў.

Таксама нельга курыць, у тым ліку выкарыстоўваць электронныя сістэмы курэння і сістэмы для спажывання тытуню (за выключэннем спецыяльна створаных для гэтых мэт месцаў) у аб’ектах гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва, гандлёвых цэнтрах і рынках, у аб’ектах грамадскага харчавання, на тэрыторыі летніх пляцовак, у межах тэрыторый, занятых пляжамі. Калі няма прызначаных для курэння месцаў, нельга гэта рабіць і на тэрыторыях, у памяшканнях, якія займаюць арганізацыі фізічнай культуры і спорту, вытворчых будынках, пакоях, прызначаных для прыёму грамадзян, у тым ліку па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур. Забарона дзейнічае і на памяшканні, тэрыторыі, якія займаюць дзяржаўныя органы, арганізацыі культуры і аховы здароўя, санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі, а таксама арганізацыі, якія аказваюць паслугі сувязі, сацыяльныя, банкаўскія, страхавыя, гасцінічныя і іншыя паслугі, арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якім, у адпаведнасці з заканадаўствам, дадзена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць. Нельга курыць у памяшканнях пасажырскіх тэрміналаў аўтамабільнага транспарту, партоў і аэрапортаў, на тэрыторыі чыгуначных станцый, прызначаных для абслугоўвання пасажыраў чыгуначнага транспарту агульнага карыстання.

— Што чакае парушальнікаў заканадаўства?

— Супрацоўнікамі органаў унутраных спраў на сістэмнай аснове праводзяцца мерапрыемствы па выяўленні і спыненні адпаведных правапарушэнняў. За восем месяцаў бягучага года задакументавана амаль тры тысячы фактаў такіх адміністрацыйных правапарушэнняў, з якіх больш за сотню ўчынены непаўналетнімі. Згодна з артыкулам 19.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, курэнне (спажыванне) тытунёвых вырабаў, выкарыстанне электронных сістэм курэння, сістэм для спажывання тытуню ў месцах, дзе яны ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі забаронены, прыводзяць да накладання штрафу ў памеры да чатырох базавых велічынь. Калі ў недазволеным месцы будзе курыць падлетак ва ўзросце да 16 гадоў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуць яго бацькоў або асоб, якія іх замяняюць. За невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей, што прывяло да ўчынення непаўналетнім адміністрацыйнага правапарушэння. Максімальны штраф прадугледжаны ў памеры дзесяці базавых велічынь.

— Якую адказнасць нясуць прадаўцы электронных цыгарэт?

— Асобам, маладзейшым за 18 гадоў, забараняецца рэалізоўваць не толькі тытунёвыя вырабы, але і электронныя сістэмы курэння, вадкасці для электронных сістэм курэння, а таксама сістэмы для спажывання тытуню. Сёлета да адміністрацыйнай адказнасці за продаж алкагольных, слабаалкагольных напіткаў, піва, тытунёвых вырабаў, электронных сістэм курэння, вадкасцяў для іх, сістэм для спажывання тытуню непаўналетнім прыцягнута амаль 400 работнікаў гандлю. З іх 21 прадавец аштрафаваны за продаж непаўналетнім электронных сістэм курэння.

— Што чакае тых, хто гандлюе названымі вырабамі ў месцах, дзе гэта не дазволена?

— Адказнасць за парушэнне парадку ажыццяўлення гандлю і грамадскага харчавання, аказання паслуг насельніцтву, рэалізацыі тавараў фізічнымі асобамі ўстаноўлена артыкулам 13.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пры ўстанаўленні грамадзян, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі або без дзяржаўнай рэгістрацыі і спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), звязаную з продажам электронных сістэм для курэння, у тым ліку з выкарыстаннем інтэрнэту, апошнія прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці па частцы другой артыкула 13.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. У такім выпадку прадугледжаны штраф у памеры да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, прылад і сродкаў учынення адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама да 100% ад сумы даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, або без канфіскацыі.

— Як часта даводзіцца выяўляць тых, хто не прытрымліваецца ўстаноўленых патрабаванняў?

— Парушальнікі заканадаўства рэгулярна трапляюць у поле зроку супрацоўнікаў міліцыі. Людзей, якія ажыццяўляюць продаж электронных сістэм курэння ў забароненых месцах, нават не палохаюць сур’ёзныя штрафы за такую дзейнасць. У бягучым годзе да адказнасці прыцягнуты дзесяць грамадзян. Напрыклад, жыхар Мінска займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю без дзяржаўнай рэгістрацыі. З дапамогай акаўнта ў сацыяльнай сетцы «Інстаграм» ён ажыццявіў рэалізацыю тавараў (электронных сістэм курэння, вэйпаў, аднаразовых электронных цыгарэт) з выкарыстаннем паштовых адпраўленняў. Рашэннем эканамічнага суда сталіцы гэты грамадзянін прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. У дачыненні да яго накладзена адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 1110 рублёў з канфіскацыяй сродкаў учынення адміністрацыйнага правапарушэння.

— Ці праводзіцца сярод моладзі інфармацыйная работа, звязаная з тлумачэннем прававых наступстваў спажывання электронных сістэм курэння?

— Супрацоўнікі міліцыі ў першую чаргу накіраваны на прафілактычную работу, якая праводзіцца як па месцы жыхарства падлеткаў, так і ва ўстановах адукацыі. Непаўналетнім і іх бацькам на сістэмнай аснове тлумачацца адказнасць і прававыя наступствы ўчынення супрацьпраўных дзеянняў, у тым ліку звязаных са спажываннем тытунёвых вырабаў, выкарыстаннем электронных сістэм курэння. Як паказвае практыка, ёсць бацькі, якія нават не падазраюць, што іх дзеці спажываюць цыгарэты або выкарыстоўваюць электронныя сістэмы курэння. У шэрагу выпадкаў бацькі лічаць, што курэнне — не такая ўжо страшная праблема. Некаторыя з іх не ведаюць кола зносін сваіх дзяцей, не цікавяцца, дзе і як яны бавяць вольны час. У выніку падлеткі прадстаўлены самі сабе. Адзначу, што работа па прафілактыцы правапарушэнняў і асацыяльных паводзін непаўналетніх праводзіцца ў шчыльным узаемадзеянні ўсіх зацікаўленых: бацькоў, педагогаў, супрацоўнікаў міліцыі, сродкаў масавай інфармацыі. 

У гэтым пытанні сям’я і школа павінны прытрымлівацца адзінай пазіцыі: дзейнасць у названым кірунку можа даць вынік толькі ў тым выпадку, калі будзе правільна выбудавана сістэма.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Адказнасці не пазбегнуць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Натурпрадукт у спадчыну

Натурпрадукт у спадчыну

Як Якуб Колас атрымліваў па два ўраджаі з адной градкі, і што з «даўно забытага старога» актуальна на хвалі цікавасці да эказемляробства.

Экалогія

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Заклікаюць скарачаць выкіды CO2 аж да нулявых паказчыкаў, укараняць зялёныя тэхналогіі.

Грамадства

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

Праваахоўнікі расказалі, як маладых людзей вярбуюць для распаўсюджвання наркотыкаў і чым гэта звычайна заканчваецца.

Грамадства

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

Аб тым, як праходзіць Адзіны дзень галасавання, — у паведамленнях нашых карэспандэнтаў.