Вы тут

Медалі плыўцоў, гістарычныя перамога хакеістаў і трыумф самбістаў


У традыцыйным аглядзе расказваем добрыя спартыўныя навіны


Гераіні тыдня. Беларускія спартсмены выступілі на этапе Кубка свету па плаванні ў Будапешце. Анастасія Шкурдай заваявала сярэбраны медаль на дыстанцыі 200 метраў на спіне. Яе вынік — 2 хвілін, 09,67 секунды. У фінале на дыстанцыі 50 метраў брасам беларуска Аліна Змушка стала бронзавым прызёрам: дыстанцыю яна пераадолела за 30,53 секунды. Таксама на спаборніцтвах у Венгрыі выступаў Ілья Шымановіч, які застаўся без медалёў: на 50 метрах брасам ён фінішаваў пятым, а на стометроўцы — дзявятым. Найлепшым вынікам Анастасіі Куляшовай стала дзявятае месца на стометроўцы батэрфляем.

Перамога тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» на дамашнім лёдзе перамаглі сапернікаў з уфімскага «Салавата Юлаева». Гэта адзін з самых нязручных сапернікаў для «зуброў» у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Папярэдняя перамога мінчан над уфімцамі была ў 2016-м годзе. Вынік сустрэчы, лёс якой вырашыўся ў дадатковы час, — 3:2 на карысць дынамаўцаў. Гэтая перамога стала для падапечных Дзмітрыя Квартальнава першай пасля серыі з трох паражэнняў. Дзякуючы гэтаму поспеху мінчане вярнуліся ў зону плэй-оф Заходняй канферэнцыі КХЛ, у «зуброў» 21 бал пасля 19 матчаў. Далей дынамаўцы адправяцца ў гасцявое турнэ па маршруце Астана — Омск, дзе згуляюць з «Барысам» 27 кастрычніка і супраць «Авангарда» 29 кастрычніка.

Фота з адкрытых крыніц.

Таксама стала вядома, што два хакеісты «Дынама-Мінск» прымуць удзел у снежаньскім Матчы зорак Кантынентальнай хакейнай лігі ў Санкт-Пецярбургу. Па выніках галасавання балельшчыкаў, удзел у «зорным уікэндзе» прымуць Аляксей Коласаў і Віталь Пінчук.

Мерапрыемства тыдня. Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у форуме «Расія — спартыўная дзяржава». У рамках форуму прайшло і пашыранае пасяджэнне калегій Міністэрства спорту і турызму Беларусі і Міністэрства спорту Расіі. Па выніках пасяджэння міністр спорту Беларусі Сяргей Кавальчук паведаміў, што беларускія спартсмены прымуць удзел ва Усерасійскай спартакіядзе наймацнейшых спартсменаў па зімовых відах спорту. Таксама міністр спорту Расійскай Федэрацыі Алег Матыцын выступіў з ідэяй уключыць беларускія клубы ў склад удзельнікаў расійскіх прафесійных спартыўных ліг.

Медалі тыдня. У Санкт-Пецярбургу стартавалі Усерасійскія спаборніцтвы па веласпорце на трэку з удзелам беларускіх спартсменаў. У індывідуальнай гонцы праследавання на 3 кіламетры сярод жанчын перамагла Караліна Бірук, якая паказала вынік 3:29,394, што, дарэчы, з'яўляецца новым рэкордам Беларусі. Другое месца заняла яшчэ адна беларуская спартсменка Анастасія Колесава. У гэтым жа відзе праграмы ў юніёрак таксама сярэбраным прызёрам стала беларуска Паліна Конрад.

Поспех тыдня. У сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе працягваюцца Сусветныя гульні баявых мастацтваў з удзелам беларускіх спартсменаў. Сярод нашых суайчыннікаў асабліва вызначыліся самбісты. Анжэла Жылінская (вагавая катэгорыя да 72 кг) стала пераможцай, Раман Даміеў стаў найлепшым у вагавай катэгорыі да 98 кг, Аляксандр Круглік стаў сярэбраным прызёрам у катэгорыі да 88 кг. У заключны дзень турніру разыгрываліся медалі ў змешаным камандным турніры. Удзел у ім узялі восем кантынентальных зборных, сфарміраваных з найлепшых спартсменаў і спартсменак розных нацыянальнасцяў. Еўропу прадставілі тры каманды, Азію — дзве, Афрыку і Амерыку — па адной, яшчэ адна зборная стала міжкантынентальнай. Пераможца — каманда «Еўропа-1», якая ў фінале аказалася мацнейшай за зборную Азіі-1. У склад каманды «Еўропа-1» увайшлі беларускі Анжэла Жылінская і Яна Пагасян. Бронзавыя медалі змешанага старту заваявала каманда «Еўропа-2», за якую выступалі нашы Яўген Рэбікаў, Дзяніс Баркавец і Раман Даміеў.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».