Вы тут

Ці застанецца Польшча пасля выбараў «траянскім канём» ЗША


Кіруючая партыя «Права і справядлівасць» Яраслава Качыньскага перамагла на парламенцкіх выбарах у Польшчы з вынікам 35,38%, але не зможа самастойна сфарміраваць урад. Па выніках выбараў польская апазіцыя атрымала шанц сфарміраваць большасць у парламенце з-за таго, што ў электарату быў запыт на «свежае паветра».


Фота: rg.ru

Аб выбарах у суседзяў, аб новых тэндэнцыях, якія могуць з’явіцца ў палітычным жыцці Польшчы, мы пагаварылі з доктарам філасофскіх навук, прафесарам Львом Крыштаповічам.

— Леў Яўстаф’евіч, як бы вы ахарактарызавалі цяперашнюю перамогу на парламенцкіх выбарах партыі Яраслава Качыньскага, калі параўнаць яе з двума папярэднімі электаральнымі цыкламі — 2015, 2019 гадоў, дзе перамога аказалася абсалютнай?

— Гэтым разам ПіС перамагла на выбарах з вынікам 35,38%. А ці зможа яна сфарміраваць урад ва ўмовах, калі складваецца апазіцыйная большасць? Адна справа — атрымаць лічбы на выбарах, але іншая — якой будзе раскладка палітычных сіл апазіцыі. Тут трэба мець на ўвазе, што адносная перамога партыі Яраслава Качыньскага, па сутнасці, кансерватыўнай, партыі еўраскептыкаў, не дае ёй большасці ў парламенце. Такім чынам, узнікае праблема фарміравання ўрада ад партыі ПіС. Аб’яднанне апазіцыйных сіл мае ўсе шанцы скласці большасць у парламенце і прапанаваць свайго прэм’ера.

— Эксперты часам называюць гэтую перамогу «піравай». Ці дарэчы гэтае параўнанне?

— Чаму б і не? Выраз пайшоў ад таго выпадку, калі Пір у барацьбе з рымлянамі перамог з вялізнымі стратамі. І сам прызнаўся, што калі б яшчэ адна такая перамога, ад яго войска нічога б не засталося. Так і з сітуацыяй у Польшчы. Партыя, якая перамагла на выбарах, не можа лічыцца рэальным пераможцам. З яе рук, хутчэй за ўсё, выслізне ўлада, чаго ПіС больш за ўсё баіцца.

— Вы згодны з ацэнкай поствыбарнай сітуацыі ў Польшчы, якую даюць аналітыкі?

— Многія журналісты, эксперты, аналітыкі ў ацэнцы гэтых падзей кажуць пра нейкі гістарычны паварот, які здарыўся ў Польшчы ў выніку выбараў, што тут пацярпелі паражэнне еўраскептыкі і перамаглі еўрааптымісты, разважаюць пра новую тэндэнцыю, якая фарміруецца ў Польшчы. На маю думку, гэта ўсё павярхоўныя меркаванні. Для таго каб зразумець польскую сітуацыю цяпер і палітыку кіруючай эліты Польшчы, трэба разабрацца ў паводзінах польскай «шляхты». «Шляхтай» я называю эліту не ў сэнсе нейкага сярэднявечнага саслоўя. Гэта абагульняльнае абазначэнне польскага вышэйшага класа — інтэлектуалаў, эшалона ўлады, журналістаў, палітыкаў, гісторыкаў, палітолагаў, якія вядуць свой палітычны і гістарычны радавод менавіта ад польскай шляхты. А польская шляхта ў ментальным і гістарычным сэнсе характарызуецца пэўным наборам такіх якасцяў і такога палітычнага прынцыпу, які заўсёды ішоў уразрэз з інтарэсамі ўласна польскага народа. 

Гэты прынцып вядомы — ліберум вета. Ён сфарміраваўся ў Рэчы Паспалітай у XVІ—XVІІ стагоддзях, XVІІІ стагоддзе — яго росквіт. Сэнс яго заключаўся ў тым, што польскі шляхціц, выступаючы на сейме, мог прагаласаваць супраць прыняцця нейкага рашэння і яно не прымалася — так званае «не дазволю». І вось гэтая канструкцыя польскай палітычнай сістэмы вырасла ў ментальнасць польскага кіруючага класа. Хоць заканадаўча гэта даўно адменена, у ментальнасці захоўваецца той жа прынцып ліберум вета: што хачу, тое і лічу сапраўдным, як у палітыцы, так і ў гісторыі. У гэтым сэнсе і сённяшняя праблема Польшчы заключаецца ў тым, што яе кіруючы клас, эліта фактычна хоча навязаць сваё разуменне самой Польшчы і яе палітыкі і таго, як павінны паводзіць сябе суседнія дзяржавы з пункту гледжання гэтага яе падыходу — ліберум вета.

— Апазіцыя ў выніку выбараў атрымала шанц сфарміраваць большасць у парламенце з-за таго, што ў электарату быў запыт на «свежае паветра». У чым іх пазіцыя?

— Найбуйнейшае апазіцыйнае аб’яднанне «Грамадзянская платформа» атрымала па колькасці галасоў другое месца. Разам з кааліцыяй «Трэці шлях», аб’яднаннем «Канфедэрацыя» маглі б нешта змяніць. «Свежае паветра» электарат чакаў менавіта ад апазіцыі. Ядро электарату апазіцыйнай часткі — гэта больш маладзёжная публіка, мабільная, якой не імпанавала рэтраградная палітыка партыі Яраслава Качыньскага і ўрада, пабудаваная на канфрантацыі, якая не цуралася агрэсіўных выпадаў супраць Расіі, супраць нашай краіны, напампоўвала Польшчу зброяй і трызніла вайной, прычым на сур’ёзным узроўні. Замест таго, каб падтрымліваць ваенныя выдаткі на ўзроўні 2% ад ВУП, як патрабаваў Еўрасаюз ад сваіх краін, Польшча ўжо цяпер мае лічбу больш за 3,5% з арыентацыяй на 4%. Гэта не магло выклікаць згоды з боку больш рацыянальнай, больш разумнай часткі польскага грамадства. Апаненты ўлады лічылі, што такая палітыка можа завесці Польшчу ў тупік і ўвогуле можа прывесці да самых сумных, трагічных вынікаў для краіны.

— Як могуць паўплываць вынікі парламенцкіх выбараў у Польшчы на яе знешнюю палітыку, у прыватнасці на стаўленне да Беларусі і Расіі?

— Не варта перабольшваць значэнне вынікаў у тым плане, што пасля выбараў нешта рэальна зменіцца ў плане знешняй палітыкі. Ды і ў плане ўнутранай палітыкі вялікае пытанне. Дональд Туск можа ўзначаліць урад, але наўрад ці атрымаецца адмяніць тыя антыеўрапейскія рашэнні ранейшага ўрада. Ды і ў кааліцыі апазіцыйнай большасці не ўсе саюзнікі. Ёсць ваганні. Складанасць уяўляе дзяленне партфеляў ва ўрадзе на траіх, а менавіта так сітуацыя складваецца. Некаторыя па балючым пытанні забароны абортаў займаюць дваістую пазіцыю, лічаць, што гэтае становішча можа заставацца. Іншыя па міграцыйных пытаннях наўрад ці гатовы рабіць рэзкія рухі, мяняць тое, што прынята ранейшай уладай. Вядома, ва ўнутранай палітыцы найбольш адыёзныя моманты, якія характарызавалі дзейнасць партыі ПіС, недзе стануць больш мяккімі, а можа, і адменяцца. Што датычыцца сутнаснай палітыкі ўнутры краіны — яна не зведае сур’ёзных змен. А ў галіне знешняй палітыкі ўвогуле змен не чакаецца. Проста Дональд Туск як прызнаны еўрапейскі лідар зойме больш талерантную, больш рацыянальную пазіцыю ў правядзенні палітыкі Польшчы ва ўсходнім напрамку. Тым не менш гэта палітыка будзе ісці ў антырасійскім і антыбеларускім рэчышчы. Гэта зноў жа вынікае з ментальнасці польскай кіруючай эліты. Яна разглядае дзейнасць ва ўсходнім напрамку так, што гэта яе вотчына, усе яе рэкамендацыі павінны выконвацца. Асаблівасць сёння ў тым, што партыя Яраслава Качыньскага мае арыентацыю на ЗША. Гэтую краіну лічаць гарантам яе дзейнасці. Таму невыпадкова дальнабачныя еўрапейскія палітыкі, напрыклад, Жак Шырак у свой час прама казаў, што Польшча — траянскі конь Злучаных Штатаў у Еўрасаюзе. У гэтым кантэксце і трэба разглядаць Польшчу. Але паколькі Еўрасаюз — не столькі суб’ект геапалітычны, колькі падпарадкаваны саюзнік ЗША, то, такім чынам, прынцыпова ў знешняй палітыцы Польшчы нават з прыходам да ўлады Дональда Туска нічога не зменіцца для нашай краіны і для Расіі. Гэта маё меркаванне.

— «Грамадзянская платформа» пад кіраўніцтвам Дональда Туска набрала 30,7% галасоў. Але ёсць і іншыя палітычныя партыі, якія пераадолелі пяціпрацэнтную мяжу і ўвайшлі ў парламент…

— У парламент увайшоў і цэнтрысцкі «Трэці шлях» — 14,4% галасоў. Левыя — 8,61% галасоў. Кааліцыя нацыяналістаў і еўраскептыкаў «Канфедэрацыя» — 7,16% галасоў. Такім чынам, складаецца электаральная палітра сёлетніх выбараў у Польшчы. За кошт чаго такая атрымалася раскладка? З-за высокай яўкі на выбары: 74%. Апазіцыі ўдалося прыцягнуць на выбары маладых людзей да трыццаці гадоў. Гэта заслуга «Трэцяга шляху» і левых, якія выступілі для выбаршчыкаў «свежым паветрам». На іх нейкая надзея ўскладалася. Трэба мець на ўвазе, што ўнутраная палітыка кіруючай партыі — сацыяльная, культурная, рэлігійная — была недасканалай, адыёзнай, рэакцыйнай нават з пункту гледжання тых фармальных прынцыпаў, якія абвяшчаюцца ў дакументах Еўрасаюза: падзел улад, вяршэнства права і іншыя. Такія актуальныя рэчы для Польшчы, як забарона абортаў, нават тых, якія звязаны з паталагічнымі выпадкамі, медыцынскім прадпісаннем, не выклікала задавальнення з боку польскіх выбаршчыкаў, маладых жанчын, юнакоў. Трэба мець на ўвазе вялікі ўплыў касцёла, нават умяшанне яго ў палітыку, у свецкае жыццё людзей. Партыя ПіС нават выкарыстоўвала выяву Яна Паўла Другога ў сваёй выбарчай кампаніі, падводзіла да таго, што нібыта ён з’яўляецца апекуном гэтай партыі. У саміх касцёлах агітавалі за партыю Качыньскага. Тут шмат такіх момантаў, якія ішлі насуперак тым фармальным прынцыпам, якія дэкларуюцца ў Еўрасаюзе як непадпарадкаванне ім.

— Напярэдадні парламенцкіх выбараў у Польшчы беларускія журналісты зрабілі магутны дакументальны фільм «Чацвёртая Рэч Паспалітая». Калі б ён быў на польскай мове і паказаны ў Польшчы, гэта была б палітычная бомба. Там раскрыты прэтэнзіі Польшчы і заяўка на ролю чацвёртай Рэчы Паспалітай — і гэта актуаліі сённяшняй знешняй палітыкі суседзяў.

— Анджэй Дуда на поўным сур’ёзе публічна заяўляў аб тым, што ўсходнія задачы Польшчы павінны вырашацца ў тым плане, каб вярнуць свае страчаныя тэрыторыі. Іншымі словамі — стварыць чацвёртую Рэч Паспалітую. Гэта пацвярджаюць адносіны Польшчы і Украіны. Эксперты зацыкліваюцца на дыскусіях і ўзаемных папроках наконт збожжавай здзелкі і паставак іншых сельгаспрадуктаў. А насамрэч польская шляхта і цяперашняя неабандэраўская група, якая кіруе ва Украіне, — гэта браты назаўжды. У іх пакуль разыходжанні чыста кан’юнктурна-палітычныя, эканамічныя і іншыя. Інтарэсы геапалітычнага плана адны і тыя ж — гэта нянавісць да Расіі, нянавісць да таго, што ляжыць на ўсход ад Польшчы. Гэта іх аб’ядноўвае гістарычна. Дагаворы, якія падпісаны Анджэем Дудам і Уладзімірам Зяленскім, сведчаць аб імкненні да стварэння саюзнай дзяржавы Польшчы і Украіны. Усё гэта пры ўзгадненні з ЗША. Зяленскі падпісвае ўсё, што яму загадаюць з Вашынгтона. А па сваёй ментальнасці Зяленскі — гэта своеасаблівы мазепавец. У Пушкіна ў паэме «Палтава» езуіт, які з польскімі князямі каваў змову супраць Расіі, мае прозвішча Заленскі (яго аўтар называе адным з галоўных агентаў мазепавай здрады). Як цікава гісторыя высвецілася. Пушкін убачыў, што гэта магчыма ў будучыні — своеасаблівы езуіт-бандэравец сёння робіць усё, што яму загадаюць з-за акіяна. Ён не самастойны. У адрозненне ад польскай шляхты, якая лічыць сябе самастойнай і падае версію стасункаў з Украінай такім чынам: перамога Украіны над Расіяй у інтарэсах Польшчы. Таму яны заплюшчваюць вочы на трагічныя падзеі, звязаныя з валынскай разнёй. Яны не жадаюць узнімаць гэтую тэму, паколькі тым самым агаляецца ненатуральнасць іх альянсу з паслядоўнікамі бандэраўцаў. Польскі ўрад і сейм прынялі закон, што гэта генацыд супраць грамадзян другой рэспублікі Польскай, тым не менш гэта замоўчваюць.

— У Польшчы пасля выбараў склалася палітычная нявызначанасць. Што пад гэтым разумеецца?

— Па-першае, прэзідэнтам краіны застаецца актыўны дзеяч партыі «Права і справядлівасць», стаўленік Яраслава Качыньскага Анджэй Дуда. Згодна з Канстытуцыяй краіны, пасля абвяшчэння вынікаў выбараў у парламент прэзідэнт уносіць кандыдатуру прэм’ер-міністра, які, у сваю чаргу, прапануе кандыдатаў на міністэрскія пасады. Пасля сейм разглядае пытанне аб вотуме даверу гэтаму ўраду. Ён выносіцца абсалютнай большасцю галасоў у прысутнасці не менш як паловы спісачнага складу дэпутатаў. Таму можна сапраўды лічыць, што парламенцкія выбары ўвялі краіну ва ўнутрыпалітычную нявызначанасць. Атрымліваецца, што партыя ПіС Яраслава Качыньскага набрала найбольшую колькасць галасоў сярод усіх удзельнікаў выбарчай кампаніі, але апазіцыйныя партыі разам набралі больш за палову галасоў. Калі яны здолеюць аб’яднацца ў кааліцыю, то атрымаюць шанц сфарміраваць урад і адхіліць ад улады ПіС. Роля прэзідэнта цяпер можа быць вызначальнай. Нельга выключыць таго, што перманентны парламенцкі крызіс можа стаць цалкам рэальным. Анджэй Дуда можа прапанаваць прэм’ера з партыі ПіС. Апазіцыя будзе рэкамендаваць і адстойваць кандыдатуру Дональда Туска. Парламент яго можа зацвердзіць, ён можа прапанаваць міністраў, але прыняцце законаў будзе ўскладняцца. Каб закон прайшоў, ён павінен не толькі быць прыняты парламентам, але і падпісаны прэзідэнтам. Каб пераадолець вета прэзідэнта, неабходна не простая большасць, а дзве трэці галасоў, чаго ў кааліцыі не будзе. І гэта можа працягвацца бясконца. Такі магчымы лёс Польшчы.

Канешне, унутраная і знешняя палітыка наўрад ці зменіцца і на міжнародных пазіцыях Польскай Рэспублікі змен не прадбачыцца. У прыватнасці, ва ўкраінскім пытанні і ў адносінах да Расіі і нашай краіны. У гэтых сферах кіруючая партыя «Права і справядлівасць» і апазіцыйная «Грамадзянская платформа» прытрымліваюцца аднолькавых поглядаў.

Гутарыў Леанід НОВІКАЎ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.