Вы тут

Фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень» сёлета пройдзе ў 49-ы раз


Традыцыйна ў кастрычніку і лістападзе ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі штогод праходзіць Фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень». Адзін з найстарэйшых і любімых меламанамі форумаў сёлета ладзіць сустрэчы са сваімі наведвальнікамі 49-ы раз. Але па-ранейшаму прапаноўвае найлепшыя ўзоры сусветнай музычнай спадчыны, творы і імёны, што дазваляюць самаму шырокаму колу слухачоў адкрыць для сябе палітру жанраў, стыляў айчыннай і замежнай музыкі. Прапаноўваем азнаёміцца з некаторымі з іх.


У лабірынце часоў і музычных кірункаў

Прыхільнікам канцэртаў харавой музыкі заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы прадставіць новую праграму «Іншая прастора» 31 кастрычніка. Як адзначае галоўны дырыжор Вольга Янум, «у гэты незвычайны, атмасферны канцэрт увойдуць харавыя творы, якія аб’ядноўвае ідэя музычнай медыятыўнасці. Кожная кампазіцыя ўтрымлівае ў сабе фундаментальныя рэчы, адзіныя для ўсяго чалавецтва: імкненне да любові, Бога, святла, надзеі, радасці, вечнасці, міру». У праграме прагучаць сачыненні Сяргея Рахманінава, Рыгора Свірыдава, Дзмітрыя Смірнова, Алега Хадоскі і г. д. А таксама пачуем фрагменты харавой паэторыі «Таямніцы быцця. Ісціны ад Амара Хаяма», якую напісала беларускі кампазітар Алена Атрашкевіч.

А вось заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны камерны хор з нагоды свайго 35-годдзя рыхтуецца прадставіць 9 лістапада ў Вялікай зале абсалютна новую праграму «Нараджэнне гуку». У ёй фантазійны дыялог Артыста і Сцэны складзецца з музычных вобразаў з твораў Клода Дэбюсі, Франца Шуберта, Іагана Себасцьяна Баха, а таксама прэм’ер беларускай музыкі, апрацоўкі народных песень і джаза.

Яркімі старонкамі «Беларускай музычнай восені» стануць канцэрты, якія працягваюць шматгадовы цыкл музыказнаўцы Вольгі Савіцкай «Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва». 21 лістапада зноў будзе магчымасць пачуць велічнае гучанне самага вялікага канцэртнага аргана Беларусі. Заслужаная артыстка Ксенія Пагарэлая прадставіць праграму «У лабірынце часоў». У яе ўвайшлі сачыненні Георга Муфата, Георга Бёма, Франца Ксевара Шніцэра, Карльмана Кольба, Іагана Себасцьяна Баха, Фрыдрыха Ліста і іншых.

Прэм’ера новага праекта творчага тандэму рэжысёра Арцёма Еўсіевіча і яркай выканаўцы, салісткі Маладзёжнага тэатра эстрады Вольгі Калеснікавай адбудзецца 1 лістапада. У іх шоу «Ад Бітлз да Квін» спалучацца тэатр і песня, светлавое шоу і танец і жывы гук. Сусветна вядомыя хіты прагучаць у суправаджэнні ансамбля салістаў Нацыянальнага аркестра імя І. Жыновіча і рок-бэнда.

А ўжо 15 лістапада прыхільнікаў французскага музычнага стылю Вольга Калеснікава будзе чакаць з канцэртнай праграмай «Французскі бульвар». У рамках тэатралізаванага канцэрта прагучаць папулярныя хіты ўсіх часоў, залатыя шлягеры Шарля Азнавура і Джо Дасена, Эдзіт Піяф і Мірэй Мацье, Даліды і Лары Фабіян. Тэатральнае дзеянне маналогамі будзе суправаджаць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ала Проліч.

Любімыя мелодыі і візітныя карткі

Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча на форуме прадстаўляе праграмы-прысвячэнні выдатным кампазітарам і музыкантам ХХ—ХХІ стагоддзяў. У прыватнасці, 10 лістапада артысты калектыву пад кіраўніцтвам Аляксандра Крамко прапаноўваюць здзейсніць экскурс у творчасць кампазітараў Максіма і Ісака Дунаеўскіх. Правядзе праграму «Бацька і сын» музыказнаўца Вольга Брылон.

Канцэртную праграму «З любоўю да Беларусі», прысвечаную 85-годдзю кароднага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца, калектыў прадставіць 23 лістапада. У праграме прагучаць найлепшыя творы беларускіх кампазітараў, якія даўно сталі візітнымі карткамі калектыву, і сярод іх сачыненні Дзмітрыя Смольскага, Андрэя Мдзівані, Яўгена Глебава. Многія з твораў былі напісаны па замове маэстра Казінца і ўпершыню выкананы аркестрам пад яго кіраўніцтвам у розныя гады. За дырыжорскім пультам — Аляксандр Высоцкі.

Прэм’ера ўнікальнай канцэртнай праграмы «Ты — мая мелодыя», прысвечанай легендарным артыстам Ганне Герман і Мусліму Магамаеву, адбудзецца 29 лістапада. Залатыя хіты зорак савецкай эстрады ў гэты вечар прагучаць у выкананні салістаў аркестра Анастасіі Рачыцкай і Ігара Задарожнага.

Партытура памяці і гісторыя вялікага сяброўства

Серыю канцэртаў у Малой зале імя Р. Шырмы ў рамках музычнага форуму працягне праграма «Жамчужыны класікі XVІІІ стагоддзя» Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра. Калектыў пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава і маладога дырыжора Валерыі Рыбінскай 3 лістапада выканае творы венскіх класікаў — Канцэрт № 13 До мажор для фартэпіяна з аркестрам Моцарта (саліст Іван Андрухаў), Сімфонію № 104 Рэ мажор «Salomon» Ё. Гайдна, а таксама старонкі вакальнай лірыкі (салістка Ірына Крыкунова).

А 8 лістапада на гэтай сцэне ансамбль салістаў «Класік-Авангард» прадставіць публіцы новую праграму «Дзмітрый Шастаковіч. Партытура памяці». Аднак пачуем не толькі Шастаковіча, але і творы Эдзісана, Дзянісава і Галіны Гарэлавай.

У Малую залу імя Р. Шырмы слухачоў чакаюць і на вечар вакальнай і фартэпіяннай музыкі 9 лістапада, дзе выступяць лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандр Музыкантаў (фартэпіяна) і кітайская выканаўца Ху Тэ (мецца-сапрана). А яркія старонкі эпісталярнай спадчыны двух геніяў ХХ стагоддзя прагучаць 16 лістапада ў музычна-драматычным вечары «Лісты да сябра. Д. Шастаковіч — І. Салярцінскі». Розныя грані творчасці Дзмітрыя Шастаковіча прадставяць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава, заслужаныя артысты Юлія Стэфановіч (скрыпка), Юрый Гільдзюк (фартэпіяна), струнны аркестр і іншыя. Фрагменты перапіскі двух сяброў агучыць заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Валерый Анісенка. Таксама ў гэты вечар будуць паказаны фрагменты дакументальнага фільма Аляксандра Сакурава «Альтавая саната». А ў рамках святкавання 150-годдзя Сяргея Рахманінава заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Шуміліна 25 лістапада выканае шэдэўры фартэпіяннай музыкі рускага кампазітара.

І фінальным акордам фестывалю «Беларуская музычная восень» стане канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра «Любімая класіка: ад Чайкоўскага да Маркеса», які пройдзе 30 лістапада ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Праграма прымеркавана да 70-годдзя беларускага дырыжора Вячаслава Бартноўскага.

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.