Вы тут

Як не стаць ахвярай педафіла? Правілы бяспекі, якія абавязана ведаць кожнае дзіця


У Беларусі за апошнія гады ў дзесяткі разоў узрасла колькасць злачынстваў супраць палавой свабоды ў адносінах да дзяцей і падлеткаў. МУС Беларусі паведамляе: колькасць злачынстваў, учыненых педафіламі ў дачыненні да непаўналетніх за апошнія 10 гадоў павялічылася ў 28 разоў.

У 2012 годзе было зарэгістравана толькі 28 злачынстваў. З таго года ўсяго зарэгістравана фактычна 5616 злачынстваў гэтай катэгорыі.

Як паказвае статыстыка, сацыяльны партрэт педафіла выглядае наступным чынам: раней судзімы, мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, гэта чалавек не жанаты або разведзены, мае агульныя працоўныя спецыяльнасці. Гэта, зразумела, не заўсёды, але часцей за ўсё. 


Чаму ад дзеянняў педафілаў пакутуюць дзеці? Трэба памятаць, што звычайна за гвалтам стаіць жаданне ўлады і выплеск агрэсіі. Дзеці слабейшыя і бездапаможныя перад дарослымі, і, напэўна, таму задавальненне гвалтаўнік атрымлівае значна большае. Большасць выпадкаў гвалту над дзецьмі здзяйсняюць увогуле «звычайныя», непрыкметныя людзі. Часта ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення.

Для кожнага ўзросту ёсць свая форма палавой асветы. Але маленькія дзеці ўжо павінны ведаць аб сваім целе, адрозніваць здаровую і нездаровую праяву пачуццяў да сябе.

Як знізіць рызыку таго, што дзіця стане мішэнню педафіла?

Асабістыя межы. З ранняга дзяцінства трэба тлумачыць дзіцяці, што такое асабістыя межы, як іх вызначаць і абараняць. Асабістыя межы — гэта тое, як можна і нельга абыходзіцца з чалавекам. Трэба вучыць дзіця, што цела належыць толькі яму, і ніхто (уключаючы бацькоў) не мае права дакранацца або распараджацца ім без дазволу. Паважаць гэтыя межы важна і самім бацькам.

«Не значыць не». Трэба вучыць дзіця казаць «не» і паважаць яго адмову самім. Хто з нас у дзяцінстве не быў змушаны трываць пацалункі і абдымкі малазнаёмых сваякоў? Зразумела, такі хлопчык ці дзяўчынка потым практычна не могуць сказаць «не» даросламу дзядзьку. Дзеці — не цацкі, не аб’екты, гэта людзі. А прафілактыка гвалту пачынаецца з таго, каб самім гэта памятаць і вучыць дзяцей. Дзіця павінна мець магчымасць сказаць «не», давяраць свайму меркаванню, не абдымаць дзядзьку, калі не хочацца.

Поўны давер. Вельмі важна верыць дзецям. Ніколі не выкарыстоўваць іх давер для пакарання. Важна, каб дзіця магло расказваць вам усё, не баючыся асуджэння. Заўсёды зважайце на яго пачуцці, не адмахвайцеся ад іх.
 

Палавая асвета. Усе даследаванні і міжнародны досвед паказваюць, што сэксуальная адукацыя рэзка зніжае падлеткавыя цяжарнасці і павышае парог першага сэксуальнага досведу. Ад каго лепш даведацца інфармацыю — ад бацькоў і настаўнікаў ці чужых людзей у двары і інтэрнэце?

Педафіл — чалавек, які хварэе, таму паводзіць сябе няправільна, але гэта яго не апраўдвае. Часцей за ўсё на гэту хваробу хварэюць мужчыны,,  але і жанчыны таксама, хоць і вельмі рэдка;

Такі чалавек можа трымаць рукі на інтымных месцах, калі такога чалавека ўбачыш — адыдзі далей і раскажы бацькам:

  •  Да 10 гадоў можна не даваць фармулёўку педафіл, а зваць такога чалавека «дрэнным дарослым».
  •  Ён знаёміцца з дзецьмі на вуліцы ці ў інтэрнэце.
  • Педафілу падабаецца глядзець і чапаць голых дзяцей, асабліва ў інтымных месцах. Гэта прыносіць яму задавальненне.
  • Педафіл можа фатаграфаваць ці здымаць відэа з удзелам голых дзяцей. 
  • Просіць нешта рабіць на камэру. Можа нешта за гэта паабяцаць.
  • Яму падабаецца паказваць свае інтымныя месцы дзецям.
  • Ён можа прасіць рабіць тое, што яму падабаецца і пагражаць пры гэтым тваім родным.
  • Ён абавязкова будзе прасіць дзіця нікому не расказваць, інакш выканае пагрозы.

Педафіл ведае, што яго дзеянні — дрэнныя і незаконыя, але ўсё роўна гэта робіць. Часам бывае такое, што людзі, якіх мы ведаем (дзядзькі, цёткі, суседзі, сваякі), таксама пачынаюць хварэць на гэтую хваробу. Калі ў цябе ўзнікне падазрэнне — адразу неабходна паведаміць бацькам.

Ёсць пэўная схема, як уцягнуць дзіця ў сітуацыю гвалту. Гэты чалавек уяўляецца сябрам і робіць крокі, каб зразумець, як павядзе сябе дзіця. Ён задае пытанні, датыкаецца да дзіцяці. Калі дзіця не пратэстуе, то педафіл можа гэтым карыстацца.

Дзецям старэйшага школьнага ўзросту — 10+ (і пасля абмеркавання тэмы сэксу) неабходна расказаць:

  • Педафілу падабаецца займацца сэксам не з дарослымі, а з дзецьмі. Гэта сведчыць аб тым, што чалавек хворы.
  • Ён любіць глядзець відэа з удзелам аголеных дзяцей, у тым ліку відэа сэксу з дзецьмі.
  • Можа здымаць аголеных дзяцей на фота ці відэа. Можа прапаноўваць грошы за фота/відэа.
  • Гэта можа быць знаёмы, сваяк, настаўнік, а можа і чужы чалавек, які захоча з табой пазнаёміцца на вуліцы і ў інтэрнэце.
  • Педафіл можа ў інтэрнэце прыкінуцца падлеткам, завязаць зносіны і падманам завалодаць інтымным фота/відэа, а потым шантажаваць.
  • Ён можа казаць, што шчыра жадае клапаціцца пра цябе, абяцаць дарыць дарагія падарункі.

Важна: Раскажыце дзіцяці, што вы ніколі не будзеце яго наказваць, калі ён не своечасова распазнае педафіла і нават займее зносіны з ім на нейкі час. Калі ў дзіцяці з’явіцца падазрэнне, што нейкі чалавек — педафіл, неабходна тэрмінова паведаміць бацькам.

Правілы бяспекі, якія абавязана ведаць кожнае дзіця:

  • Нельга размаўляць з незнаёмцамі, браць любыя прадметы, пачастункі, грошы з іх рук незнаёмых, тым больш сыходзіць з ім кудысці. У выпадку, калі незнаёмец хоча прымяніць сілу, навучыце дзіця крычаць і ўцякаць, клікаць на дапамогу.
  • Не трэба заходзіць з незнаёмцам у ліфт ці пад’езд, тым больш, садзіцца ў аўтамабіль да незнаёмцаў.
  • Не варта доўга затрымлівацца на вуліцы пасля школы.

У якіх сітуацыях дзіцяці трэба заўсёды адказваць «НЕ!»:

  • Калі табе прапануюць зайсці ў госці або падвезці да дома, няхай нават гэта суседзі.
  • Калі ў адсутнасць бацькоў прыйшоў малазнаёмы чалавек, просіць упусціць яго ў кватэру або ісці з ім кудысьці.
  • Калі за табой у школу прыйшоў старонні.
  • Калі незнаёмец частуе чым-небудзь.

Прыйшоўшы дадому, трэба абавязкова расказаць дарослым пра чалавека, які прапаноўваў нешта са спіса.

Што трэба ведаць дзіцяці, каб не стаць ахвярай?

  • Калі ў цябе з’явілася хоць найменшы сумнеў у чалавеку, які знаходзіцца побач або ідзе за табой, або цябе нешта насцярожыла, то лепш адысці і прапусціць гэтага чалавека наперад.
  • Калі чалавек не адстае ад цябе, падыдзі да любога дома і зрабі выгляд, што ты тут жывеш, памахай рукой і пакліч сваякоў, якіх як быццам бачыш у акне.
  • Калі ў цябе пытаюцца, як знайсці вуліцу, растлумач, як дайсці, але ні ў якім разе не праводзь. І памятай: дарослы ніколі не папросіць дапамогі ў дзіцяці.
  • Калі цябе спрабуюць угаварыць, адказвай, што табе трэба пайсці дадому і папярэдзіць бацькоў, расказаць ім, куды і з кім адпраўляешся.
  • Калі незнаёмец прапануе табе паглядзець нешта ці дапамагчы данесці сумку, абяцаючы заплаціць, адказвай катэгарычна: «Не!».
  • Калі табе прапанавалі ўдзельнічаць у цікавым конкурсе або тэлеперадачы, не згаджайся, а спытай, калі і куды можна падысці разам з бацькамі.
  • Калі побач з табой тармозіць аўтамабіль, як мага далей адыдзі і ні ў якім разе не сядай у яго.

Дзеці, якія перажылі гвалт з боку старэйшых, вельмі часта вырастаюць з вялікімі псіхалагічнымі, а часам і псіхіятрычнымі праблемамі. Справа ў тым, што дзіцячая псіхіка слабая і ранімая. Падобныя супрацьзаконныя дзеянні ламаюць яе. Сапраўды, калі пачытаць жыццяпісы маньякаў-педафілаў ці забойцаў, то практычна ўсе яны атрымалі ў дзяцінстве траўмы, якія насычылі іх псіхіку ўсім спектрам негатыўных эмоцый: агрэсіяй, злосцю і нянавісцю. Нярэдка бацькі педафілаў мелі псіхічныя парушэнні. Але фактар выхавання тут важней, чым генетыка. Таму нашы сацыяльныя службы павінны дакладна працаваць над прафілактыкай гвалту ў сем’ях. Абараняючы дзіця ад агрэсіўных дарослых, мы зніжаем рызыку таго, што яно ў будучыні сам стане гвалтаўніком.

Што рабіць бацькам, чыё дзіця пацярпела ад гвалту? 

  • Дзіцяці на ўсіх стадыях крымінальнага працэсу і працяглы час пасля яго спатрэбіцца дапамога псіхолага. Такія траўмы пакідаюць шнары.
  • Пацярпелае дзіця трэба любіць, прымаць, клапаціцца з падвоенай сілай. Не вінаваціць, не лаяць, не наказваць, а слухаць, давяраць, размаўляць.
  • Вельмі часта дзеці маўчаць аб гвалце з-за сораму і страху, што іх пакараюць. Справа ў тым, што ў шматлікіх выпадках гвалтаўнікамі з’яўляюцца блізкія сваякі і сябры сям’і, і бацькі проста не вераць. Таму калі дзіця кажа вам пра гэта, трэба неадкладна спыніць зносіны дзіцяці з гэтым чалавекам.
  • Важна, каб бацькі ахвяр таксама звярнуліся да спецыяліста, бо гэта траўма і для іх. Нельга дапусціць ганенне і нездаровыя адносіны да сям’і.

19 чэрвеня Генпракуратура паведаміла, што ў Беларусі распрацаваны і зацверджаны клінічны пратакол, які змяшчае алгарытм лячэння педафіліі, у тым ліку з прымяненнем хімічнай кастрацыі. Пад гэтай працэдурай маецца на ўвазе выкарыстанне спецыяльных лекавых прэпаратаў для памяншэння сэксуальнай цягі, кампульсіўных сэксуальных фантазій і здольнасці да сэксуальнай узрушанасці. Аднак толькі лекары будуць вырашаць, якая катэгорыя хворых педафіліяй мае патрэбу ў хімічнай кастрацыі, а каму дастаткова заняткаў з псіхолагам, каб скарэктаваць свае сэксуальныя прыхільнасці.

Псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Натурпрадукт у спадчыну

Натурпрадукт у спадчыну

Як Якуб Колас атрымліваў па два ўраджаі з адной градкі, і што з «даўно забытага старога» актуальна на хвалі цікавасці да эказемляробства.

Экалогія

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Заклікаюць скарачаць выкіды CO2 аж да нулявых паказчыкаў, укараняць зялёныя тэхналогіі.

Грамадства

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

Праваахоўнікі расказалі, як маладых людзей вярбуюць для распаўсюджвання наркотыкаў і чым гэта звычайна заканчваецца.

Грамадства

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

Аб тым, як праходзіць Адзіны дзень галасавання, — у паведамленнях нашых карэспандэнтаў.