Вы тут

Сакрэтамі выхавання чэмпіёнаў падзяліўся дырэктар школы «Дынама-Джуніверс»


Пра асаблівасці падрыхтоўкі чэмпіёнаў, пачынаючы з малых гадоў, напісаны не адзін дзясятак навуковых прац. Але спорт усё ж аддае перавагу практыцы. І кожны, хто выхоўвае юных спартсменаў, выпрацоўвае ўласныя методыкі і спосабы. Рэальны вопыт і штодзённая работа спецыялістаў вядучай хакейнай школы «Дынама-Джуніверс» ствараюць свае сакрэты выхавання хакейных зорачак. І гэта пацвярджаюць факты. «Дынама-Джуніверс» — нязменны лідар агульнарэспубліканскага медальнага заліку, пачынаючы з сезона 2015/2016. У мінулым сезоне каманды «Дынама-Джуніверс» сталі пераможцамі першынства Беларусі па хакеі з шайбай у пяці ўзроставых катэгорыях. 10 выхаванцаў школы ўжо згулялі ў Кантынентальнай хакейнай лізе ў складзе каманды «Дынама-Мінск». Уладзіслаў Калячонак, Аляксей Коласаў і Дзмітрый Кузьмін, якія распачалі свой хакейны шлях у школе, выбраны на драфце НХЛ. У будучыні гэтыя паказчыкі будуць толькі расці, сёння ў «Дынама-Джуніверс» займаецца 560 дзяцей 2006–2017 гадоў нараджэння. Сакрэтамі выхавання хакейных зорачак падзяліўся «шматдзетны бацька» юных дынамаўцаў дырэктар школы «Дынама-Джуніверс» Віталь Клімянкоў.


Сакрэт № 1. Пераможны настрой

«Заняткі ў школе абсалютна бясплатныя. Кожнае дзіця можа займацца ў нас хакеем. Галоўнае, каб не было праблем са здароўем. У групы пачатковай падрыхтоўкі мы набіраем усіх ахвотных, але праз некалькі гадоў пачынаем дзяцей адбіраць. Мы зацікаўлены ў тым, каб кожны праявіў свой патэнцыял, але аднаму для гэтага трэба часу больш, іншаму — менш. Мы стараемся даць час кожнаму. Нашы дзеці займаюцца па шэсць разоў на тыдзень, і паступова хакей становіцца для іх спосабам жыцця. Яны жывуць хакеем, кожны дзень з зіхатлівымі вачыма прыходзяць на трэніроўку. Графік у іх разнастайны: агульная фізічная падрыхтоўка, трэніроўкі на лёдзе, адзінаборствы і іншыя. Сумаваць сапраўды не даводзіцца. А мы кожны сезон настройваем сваіх хакеістаў на перамогу, на высокія месцы на ўсіх спаборніцтвах. Таму матывацыі і жадання ў іх хоць адбаўляй, але мы не адбаўляем, а толькі памнажаем», — распавядае Віталь Клімянкоў. Дапамагае ў гэтым і наглядны прыклад — вядучая каманда краіны «Дынама-Мінск». За кожным дамашнім матчам «зуброў» з трыбун назіраюць «зубраняткі». Старэйшыя вучні школы ўдзельнічаюць у жыцці клуба. Не абыходзіцца і без майстар-класаў ад гульцоў.

Дарэчы, у «Дынама-Джуніверс» працуе спартыўны псіхолаг, які дапамагае спартсменам і трэнерам. «Наш псіхолаг ведае ўсю школу, яна заўсёды адкрытая, заўсёды гатовая дапамагчы. Наша задача — выхаваць не толькі класных хакеістаў, але і годных асоб. І лепш за псіхолага ў гэтым ніхто не дапаможа. Да таго ж дзеці цяжка перажываюць паражэнні. Часта патрабуецца шмат намаганняў і працы, каб, нягледзячы на няўдачы, дзіця не страціла цікавасць і было настроена на перамогу. Гэта вельмі цяжка і вельмі важна», — адзначае дырэктар «Дынама-Джуніверс».

Сакрэт № 2. Усебаковае развіццё

Хакею, вядома, усе ўзросты пакорлівыя, вучням самай малодшай групы ў школе ўсяго 6 гадоў. Але перспектывы для прафесійнага спорту становяцца заўважныя ў гадоў 14-15. «Па шасцігадовым дзіцяці яшчэ рана казаць, вырасце з яго алімпійскі чэмпіён ці не. Станаўленне прафесійнага спартсмена — гэта доўгі шлях, не спрынт, а марафон. А ў марафоне, як вядома, самае галоўнае — цярпенне і правільнае планаванне. Часта мары і амбіцыі бацькоў, якія прыводзяць дзіця ў спартыўную школу, — гэта праблемы бацькоў. А тое, якім будзе дзіця на выхадзе, паказвае жыццё. Мы, канешне, вельмі хацелі б, каб усе нашы вучні выраслі чэмпіёнамі. Таму хакеістам 14-15 гадоў больш пільная ўвага з боку нашых спецыялістаў. З імі праводзіцца больш інтэнсіўная псіхалагічная работа, трэнеры не толькі займаюцца фізічнай падрыхтоўкай спартсменаў, але і спрабуюць пашырыць іх кругагляд, маштаб думкі. У гэтым узросце вельмі важна ўсяліць у падлеткаў упэўненасць у сябе, навучыць разумець, што першарадна, а што варта адкінуць. Для таго, каб падлетак вырас прафесіяналам, трэба навучыць яго правільна харчавацца, растлумачыць, як аднаўляцца пасля нагрузак. І вельмі неабходна прывіць яму спартыўны рэжым. Усё гэта магчыма толькі пры цесным узаемадзеянні з бацькамі. Трэнер, бацька, дзіця павінны быць адной камандай, калі гаворка ідзе пра жаданне дасягнуць вялікіх спартыўных вынікаў», — тлумачыць Віталь Клімянкоў.

Графік хакеістаў перспектыўнага ўзросту насычаны і разнастайны. Трэніроўкі па шэсць разоў на тыдзень. Памятаем, што для іх гэта ўжо спосаб жыцця, таму вялікіх цяжкасцяў не ўзнікае. У трэніровачным плане — агульнафізічная падрыхтоўка, катанне на каньках, адпрацоўка хакейных прыёмаў, басейн, асобная работа з варатарамі і нават заняткі адзінаборствамі. Здавалася б, навошта хакеістам адзінаборства? «Не сакрэт, што ў адзінаборстваў ёсць свая філасофія, якая закладвае ў маладога чалавека моцны характар і дух пераможцы. Гэта вельмі важна для будучых прафесійных спартсменаў. Хакеем мы не абмяжоўваемся і жадаем, каб нашы выхаванцы былі ўсебакова развітымі людзьмі. Дзеці праводзяць у нашай школе па 6 дзён на тыдзень, вельмі шмат часу. Яны тут растуць, размаўляюць, развіваюцца. І пры гэтым у іх не згасае цікавасць да хакея. І мы праз хакей выхоўваем у іх годных асоб», — адзначае Віталь Клімянкоў.

Сакрэт № 3. Не толькі ўдзел, але і перамога

Галоўнае ў спорце — спаборніцтвы. Чым іх больш — тым лепш. Таму падапечныя «Дынама-Джуніверс» не абмяжоўваюцца толькі ўнутранымі спаборніцтвамі. У сезоне 2022/2023 хакеісты школы сталі ўдзельнікамі турніраў «Сірыус» у Сочы і «Дзеці Азіі» ў Новакузнецку. Пераможцы першынства краіны выступалі ў фінальных этапах Усерасійскіх спаборніцтваў па хакеі з шайбай «Кубак Траццяка» ў Магнітагорску, Екацярынбургу, Санкт-Пецярбургу, Самары, Калінінградзе. У геаграфію спаборніцтваў уключаны турніры ў Астане, Казані і спаборніцтвы сярод юніёрскіх каманд «Кубак Шэнцзін» у Кітаі. «Наша школа заўсёды нацэлена даць бой нават самым сур’ёзным сапернікам. Юнакі заўсёды ставяць перад сабой мэты быць чэмпіёнамі. Хакей у Расіі — вельмі папулярны від спорту, і яму ўдзяляецца вялікая ўвага, праводзіцца сур’ёзная селекцыя. Канкурыраваць з расійскімі хакеістамі заўсёды складана, але ў канкурэнцыі з моцнымі сапернікамі павышаецца майстэрства. Ды і шайба круглая, у хакеі ўсялякае можа быць», — упэўнены Віталь Клімянкоў.

Сакрэт № 4. Адкрытасць новым подыхам

У «Дынама-Джуніверс» паспрабаваць свае сілы ў хакеі могуць і дзяўчынкі. З кожным сезонам развіццё жаночага хакея ў нашай краіне набірае абароты. Вядучая хакейная школа збоку не застаецца. У школе ўжо займаюцца дзяўчаты 2015–2016 гадоў нараджэння, але пакуль яны не ў адной камандзе. А менавіта ў зборнай, якая выступае ў адкрытым першынстве Беларусі, сабраны спартсменкі розных узростаў: самай малодшай — 12 гадоў, самай старэйшай — 17. «З’яўленне жаночай каманды прыўнесла ў школу новае дыханне. Дзяўчаты кожны дзень трэніруюцца. У іх варта павучыцца рызыцы, імкненню, няўступчывасці ў добрым сэнсе гэтага слова, асабліва ў гульні супраць хлопчыкаў», — заўважае дырэктар «Дынама-Джуніверс».

Сакрэт № 5. Узаемаразуменне паміж дарослымі

Віталь Клімянкоў у школе «Дынама» ўжо 9 гадоў. І, паводле яго слоў, дзеці сёння і дзеці 9 гадоў таму зусім розныя. Але не змянілася адно (і гэта, безумоўна, радуе) — іх цікавасць да хакея і жаданне займацца спортам: «На шчасце, нам удаецца з кожным годам усё больш прыцягваць дзяцей у хакей і падтрымліваць іх цікавасць. Хоць гэта і не заўжды проста. Не я прыдумаў, але я падзяляю гэтае меркаванне, што самае складанае ў рабоце з дзецьмі — гэта іх бацькі. Непасрэдна з дзецьмі весела, яны жывыя, азартныя. Але амбіцыямі некаторых бацькоў бывае складана даць рады. У нас у школе бацькам дазволена прысутнічаць на трэніроўках. Але, на жаль, бываюць выпадкі, калі бацькі з трыбун пачынаюць вучыць дзіця, што яму трэба рабіць. Такія выпадкі адразу спыняюцца. А калі знаходзіцца кампраміс і ёсць паразуменне, тады і задавальненне ад работы атрымліваюць усе».

«Я скажу, можа быць, вельмі банальную фразу: мне пашанцавала — кожны дзень я хаджу на любімую работу, — прызнаецца Віталь Клімянкоў. — Я дзіцем прыйшоў у спартыўную школу, пасля — у прафесійны спорт, зноў вярнуўся ў дзіцячую спартыўную школу — хакей стаў маім ладам жыцця. І я ўжо жыву школай, развіццём дзяцей, сваім калектывам, сваімі трэнерамі. Імкненне кожны дзень станавіцца лепшым і кожны новы дзень рабіць лепшым, чым учарашні, дае сілы і матывацыю ісці на сваю любімую працу і не думаць аб стомленасці. Робім мы ўсю гэтую працу нашай дружнай дынамаўскай сям’ёй для таго, каб у нашай школе кожнае дзіця станавілася лепшым не толькі як спартсмен, але і як чалавек».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната. Дзень інвалідаў адзначаюць у Беларусі

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната. Дзень інвалідаў адзначаюць у Беларусі

Кожны дзень тут, як і ў звычайнай школе, праходзіць па раскладзе.

Грамадства

«Куток надзеі» для безгаспадарчых сабак

«Куток надзеі» для безгаспадарчых сабак

Як валанцёрскі рух падтрымлівае чатырохлапых «сяброў».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам трэба звярнуць увагу на знакі, якія пасылае лёс.