Вы тут

Невядомы бой каля вёскі Жаробнае


Гэтая гісторыя пачалася вясной 2000 года. У адной гутарцы, мужчына узростам за пяцьдзесят згадаў пра бой дэсанту ў вёсцы Чкалава, гэта недалёка ад сучаснага Гомеля.


Мяне тады зацікавіў гэты аповед, і я паспрабаваў даведацца пра гэта больш падрабязна. Першапачатковыя пошукі нічога не далі, людзі разводзілі рукамі і на гэтым усё павінна было скончыцца. Аднак цікавасць да гэтай тэмы не знікла, часам успамінаў яе, і аднойчы ў рукі трапіла кніга па гісторыі Гомельшчыны. Там мімаходам згадваўся дэсант летам 1943 года і неразборлівае фота нейкага камня з надпісам. Пад фота быў подпіс, што гэта развітальны ліст дэсантніка і больш не было ніякай інфармацыі.

Праляцела дваццаць гадоў, і раптам мяне запрасілі на здымкі ва ўрочышчы Чонкі, там праходзілі раскопкі па справе аб генацыдзе беларускага народа ў гады ВАВ. Тут я пазнаёміўся з пашукавіком Максімам. Ён распавёў, што ў 1967 годзе на беразе Сожа быў знойдзены камень з перадсмяротным пасланнем байца. І гэта была рэальная інфармацыя, хоць і невялікая, але рэальная.

Я зноў пачаў пошукі, задаў пытанне абласному краязнаўчаму музею пра камень, а сам пачаў думаць: дзе і з чаго пачынаць пошукі. Калі ў музеях і бібліятэках Гомеля няма інфармацыі, значыць трэба ехаць на месца падзей. Адправіўшыся ў вёску Чкалава, я даведаўся, што ў даўнія часы гэта была вёска Жаробнае.

У самой вёсцы пра гады ВАВ мясцовае насельніцтва мала што ведае, але ўсё ж некалькі чалавек узгадалі, што старыя ўспаміналі пра стральбу рускага кулямёта з нейкай вышкі.

Я адкрыў карту гэтых месцаў за трыццатыя гады ў пошуках загадкавай вышкі. Бачу вёскі, дарогі, лясныя масівы і вялізную колькасць забалочаных участкаў зямлі. Але на карце паміж вёскай Жаробнае і ракой Сож няма ні вышак, ні вежаў. Увагу звярнуў толькі на адзін незвычайны значок (такіх у сучаснай тапаграфіі няма) і побач з ім пазначаная вышыня «127.5». Узнікла пытанне: што гэта за значок.

Перакапаў сённяшнія абазначэнні — пуста, стаў глядзець абазначэння трыццатых гадоў — пуста, разгадка была, калі дабраўся да картаграфіі царскіх часоў. Значок — умацаванае месца. У абласным музеі на гэтую тэму нічога не змаглі сказаць, затое я атрымаў адказ на сваё першае пытанне. У музеі ёсць слайд з кадрам камня і надпісам, які, як мяркуюць работнікі музея, падпісаў ваеннапалонны перад расстрэлам. Пасля апрацоўкі фота надпіс стаў добра чытацца.

Гэты камень у музей перадала сярэдняя школа в. Бабовічы. З гэтымі дадзенымі я паехаў у тую школу, вынік спярша расчараваў: музея ў школе няма і дасведчаных людзей таксама, але дырэктар школы даў каардынаты мясцовага краязнаўцы і былога настаўніка гісторыі Канстанціна Дзмітрыевіча Максіменка.

Стэлефанаваўся з Канстанцінам, дамовіліся аб сустрэчы — і зноў у дарогу. Вельмі жывы чалавек, аматар гісторыі роднага краю, выглядае маладзейшым за свае гады.

Гутарка адразу заладзілася, мяне больш за ўсё цікавіла гісторыя камня, ці знаходзіцца ён ў музеі. На маё шчасце, Канстанцін Дзмітрыевіч адразу успомніў надпіс на камні і расказаў, як ён быў знойдзены. Акрамя таго, ён змог пазначыць месца знаходкі камня — на выгіне р. Сож , роўна паміж вёскай Чонкі і пасёлкам Барэц. Яшчэ ён раскрыў таямніцу загадкавага значка на вышыні «127.5». У пачатку васемнаццатага стагоддзя там стараверы заснавалі Чарнецкі скіт, побач знаходзіцца Чарнецкае возера. Стараверы ўмелі будаваць моцныя зрубы ( у вёсцы Сцюдзёная Гута і сёння стаіць дом ссечаны ў 1774 годзе).

...На шляху дадому ўсе думкі былі аб пачутым. Я ўсё думаў: хто гэты чалавек. 

Раніцай уключыў фонам тэлебачанне на камп’ютары і заняўся фатаграфіямі. Раптам звярнуў ўвагу, пра што распавядаюць у перадачы — пра атрад АМСАБАП і яго нападзенне на нямецкі гарнізон пад Масквой у 1941 годзе. Хутка згарнуў фотаздымкі і стаў глядзець фільм пра спецатрад.

Адразу пасля фільма забіваю ў пошук «Атрад АМСАБАП Гомельская вобласць». Адказ — «Атрад слаўны». Чытаю пра атрад і яго зону дзеянняў — Магілёўшчына і Гомельшчына! І тут адразу — дзённік баявых дзеянняў атрада, шукаю патрэбную дату 24 ліпеня 1943 года — пуста, пачынаю перабіраць з самага пачатку ўсё запар і зноў бачу — пуста.

Вырашыў дзейнічаць наўздагад, задаў пытанне на ўсе атрады АМСАБАП і атрымаў вельмі аб’ёмны спіс з паметкамі. Амаль уся інфармацыя аб гэтых групах і сёння засакрэчаная. Пачаў перабіраць усё па спісе, часу заняло шмат, і вось адным днём дайшоў да атрада «Наперад». Звярнуў ўвагу на адзін запіс — «221-я ахоўная дывізія», менавіта гэтая дывізія была перакінута ў Гомель пасля карных акцый 1942 года пад Смаленскам .

Пачынаю шукаць звесткі аб гэтым спецатрадзе:

Улетку 1942 г. у Гомельскую вобласць з Бранскай перайшоў і атрад «Наперад». Ён быў сфарміраваны ў пачатку 1942 г. Камандзірам атрада быў капітан П. Г. Шамякін, камісарам — П.Г. Малюгін, начальнікам штаба стаў М. А. Шульгін. У склад атрада ўваходзіла 30 чалавек. Асноўнымі задачамі атрада былі: збор звестак аб сістэме ўмацаванняў Гомеля — важнага стратэгічнага цэнтра на паўднёвым усходзе Беларусі, вывядзенне са строю Гомельскага чыгуначнага вузла Гомель — Бранск,Гомель — Харкаў, Гомель — Чарнігаў, шашы Гомель — Бранск і Гомель — Чарнігаў. Мяркуючы па ўсім, гэта вельмі складанае заданне для невялікага атрада.

Вось быццам і зразумела, хто не даваў фашыстам спакойнага жыцця на Гомельшчыне , але адна загадка лётчыка так і не вырашылася — зноў у пошук, трэба паспрабаваць зразумець як і што. Шчаслівы выпадак: знайшоў невялікую справаздачу аб пераходзе атрада на Гомельшчыну праз бранскія лясы.

Знаходзячыся ў Дзяткаўскім раёне, шамякінцы правялі шэраг паспяховых аперацый. Іх склад папоўніўся ў чэрвені 1942 г. партызанамі Мглінскага атрада Арлоўскай вобласці, якія панеслі ў баях з карнікамі цяжкія страты. У гэты ж час група разведчыкаў пад камандаваннем Ф. Кропфа сышла ў Гомельскую вобласць з заданнем знайсці зручнае месца для новага лагера. А неўзабаве ўслед за ёю накіраваўся і ўвесь атрад .

Па прыбыцці атрада ў Гомельскую вобласць падпольны абкам партыі склікаў сход усіх камандзіраў і камісараў партызанскіх атрадаў вобласці. Капітан Шамякін інфармаваў удзельнікаў аб становішчы на франтах, аб жыцці Масквы і савецкага тылу. Выконваючы дырэктывы Цэнтра і Цэнтральнага штаба партызанскага руху, ён прапанаваў аб’яднаць дзеянні дробных і разрозненых партызанскіх атрадаў вобласці. Па рашэнні сходу быў створаны аб’яднаны штаб для каардынацыі дзеянняў усіх партызанскіх атрадаў вобласці.

Гэты запіс у дакументах расставіў усё па сваіх месцах. Стала зразумела , што Іван Сяргееў выратаваўся з парашутам і трапіў у атрад партызан і разам з імі ўліўся ў атрад «Наперад». Вось быццам і з’явілася карціна невядомага бою ля вёскі Жаробнае і месца Івана Сяргеева ў ім.

Настаў час ехаць і на месцы праверыць усе здагадкі. Камеры сабраны — і выпраўляюсь. Адпраўляемся са старэйшым следчым Гомельскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, маёрам юстыцыі М. Л. Барыніным.

Яшчэ пры падрыхтоўцы ў цягніку было зразумела, што будзе мноства нестыковак. Але рабіць няма чаго, пачынаем пошукі. Шукаць доўга не прыйшлося, праз дзесяць хвілін мы стаялі каля «127.5». Тут я зразумеў, што ўсе мае разлікі проста праваліліся. Перад намі адкрыўся велізарны пагорак, вышынёй да 17 метраў, у даўжыню з усходу на захад 220 метраў і ў шырыню 55 метраў. Паўднёвы схіл вельмі круты, паўночны — спадзісты і цягнецца з паніжэннем вышыні на паўтара кіламетры, у гады вайны пагорак з усходу і захаду прымыкаў да велізарных забалочаных участкаў.

Калі я перанёс усе дадзеныя на старую карту, стала ясна, што да чаго.

На гэтым участку немцы рыхтавалі тры лініі абароны, першая праходзіла прама па беразе р. Сож, другая праходзіла ад в.Старыя Дзятлавічы да в. Бабовічы па беразе старога рэчышча Сожа. Па ўсёй лініі абароны праходзіла дарога, звязваючы ўсё вёскі па лініі абароны і забяспечваючы хуткую перакідку падмацавання. І трэцяя лінія праходзіла ззаду вёсак, яна была ачаговая, размяшчаючыся ў невялікіх лясных масівах паміж балотамі, гэтым самым у выпадку прарыву савецкіх войскаў абцяжарвала іх прасоўванне наперад.

Асаблівае месца ў гэтай схеме абароны займала вышыня 127.5 .

Успомнім размяшчэнне вышыні: з усходу працякае р. Сож, паміж ракой і вышынёй размешчана забалочаная лугавіна з дробным хмызняком, з захаду ад вышыні размешчана возера Чарнецкае і таксама забалочаная мясцовасць, падыходы да вышыні толькі з паўднёвага стромкага схілу і з поўначы, дзе з ланцугом пагоркаў чаргуюцца з невялікімі балотцамі. Размешчаныя на вышыні 120 мм, мінамёты перакрываюць фронт з поўначы на поўдзень на 15 км і перашкаджаюць часткам Чырвонай Арміі фарсіраваць раку .У выпадку ўдалага пераадолення воднай перашкоды, вышыня павінна была нанесці флангавы мінамётна-кулямётны ўдар па надыходзячых частках . Але і другая лінія нямецкай абароны прыкрывала подступы з поўначы і поўдня да вышыні, і любыя спробы савецкіх частак адразу павінны былі атрымаць ўдар у фланг. Вось такі арсенал рыхтавалі немцы.

Цяпер стала ясная сітуацыя на дадзеным участку і зразумелая задача атрада АМСАБАП «Наперад», знішчыць апорны пункт нямецкай абароны на вышыні «127.5» .

Познім вечарам 23 ліпеня 1943 г. з боку пас. Сталіна, атрад па Старым Гатам падышоў да в. Бабовічы .

Атрад падзяліўся на дзве групы. Першая заняла пазіцыі ў ваколіцы Бабовіч і сталі чакаць сігналу другой групы, чыя задача была асноўнай – захоп вышыні. Да паўночы і другая група заняла свае пазіцыі, у начным небе ўзвілася ракета (у тыя часы гэта быў самы даступны спосаб падачы сігналу) , дзве групы пачалі атаку, выкарыстоўваючы начны час, раптоўны ўдар у глыбокім тыле зрабіў сваю справу — разбіты і адціснуты гарнізон у вёсцы і вышыня занятая байцамі. Захоп трафеяў у гарнізоне і арганізаваны адыход да вышыні і аб’яднанне атрада. Але раніцай немцы прыйшлі ў сябе, правялі перагрупоўку і пачалі наступ на вышыні.

У атрада «Наперад» узнікла яшчэ адна задача — падрыхтаваць адыход атрада на левы бераг ракі Сож. Заставацца ў той момант было проста немагчыма, прамаруджванне азначала толькі адно — гэта акружэнне. Выхад на левабярэжжы — гэта больш шырокія лясныя масівы і магчымасць кантактаў з партызанамі бранскіх лясоў.

Умацаваная вышыня дала байцам час стрымліваць атакі немцаў, з вышыні адсякаючы усе спробы немцаў падысці да вышыні або абыйсці яе (вось адкуль тыя ўспаміны людзей аб стральбе рускага кулямёта з вышкі), адысці атраду на поўнач да ракі і там пераправіцца. Заслон з рускіх байцоў трымаў абарону да сігналу адхода . Пры адыходзе Іван Сяргееў і атрымаў раненне, на беразе стала зразумела, што здужаць раку яму не пад сілу і ён заняў абарону. Іван у апошнія хвіліны нажом надрапаў сваё развітальнае пасланне.

Пасля вызвалення вёсак Бабовічы і Жаробнае, а за гэтыя вёскі і пасля вызвалення Гомеля яшчэ амаль два тыдні ішлі баі.

Сяргееў Іван Сямёнавіч быў пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Бабовічы. І толькі выпадковая знаходка двух хлапчукоў на беразе дапамагла даведацца пра невядомыя баі каля вёскі Жаробнае і пра яе ўдзельніка, маладога хлопца, стралка ІЛ-2, партызана, байца атрада «АМСАБАП Наперад».

Андрэй ФЕАКЦІСТАЎ

Фота аўтара і з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.