Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Трэба павялічваць тавараабарот з Кыргызстанам


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Кыргызскай Рэспубліцы ў Беларусі. Эрмек Ібраімаў завяршае сваю дыпламатычную місію ў нашай краіне. «Не ведаю, чым вам так Беларусь не дагадзіла — збіраецеся з’язджаць», — пажартаваў Прэзідэнт. Ён выказаў спадзяванне, што чатыры з паловай гады, праведзеныя ў Беларусі будуць добрай прыступкай у кар’еры Эрмека Ібраімава. «Галоўнае, каб у вас засталіся добрыя ўспаміны аб нашай Беларусі. Мы людзі добразычлівыя, такія як кіргізы, гасцінныя. Таму вы будзеце добрым словам успамінаць праведзеныя ў Беларусі гады вашай дыпламатычнай службы. Мы вельмі спадзяёмся, што, дзе б вы ні працавалі ў будучыні, вы будзеце па-сапраўднаму нашым чалавекам, беларускім, будзеце прасоўваць інтарэсы Беларусі абавязкова ў інтарэсах Кыргызстана», — сказаў кіраўнік дзяржавы.


Аляксандр Лукашэнка расказаў, што часта думае пра ўзаемадзеянне Беларусі з постсавецкімі рэспублікамі. «І на прыкладзе Кыргызстана звычайна прыходжу да высновы, што мы супрацоўнічаем з рэспублікамі „як бог на душу пакладзе“. Нешта засталося ад савецкага перыяду, напрыклад, закуплялі мы ў вас насенне цукровых буракоў, і працягваем гэта рабіць, таму што нас якасць задавальняе. Але да таго, каб выпрацаваць пастаянны план, дарожную карту як модна зараз гаварыць, супрацоўніцтва Беларусі з рэспублікамі былога Савецкага Саюза (тымі, якія хочуць з намі супрацоўнічаць) мы так і не падышлі», — сказаў ён. Пры гэтым, як заўважыў беларускі лідар, падобныя дакументы распрацоўваюцца па ўзаемаадносінах з іншымі дзяржавамі, напрыклад, з краінамі далёкай дугі. Па некаторых краінах прымаюцца асобныя рашэнні, напрыклад, Дэкрэты Прэзідэнта па Расіі, Кітаю і гэтак далей. 

«А гэтыя рэспублікі, з аднаго боку, яны і так нашыя, мы з імі заўсёды наладзім адносіны, а з іншага боку, план такі патрэбен. І нам у міністэрстве замежных спраў трэба мець краінавыя планы ўзаемаадносін, асабліва з Кыргызстанам. У нас ёсць што прапанаваць кыргызскай дзяржаве. У іх ёсць што нам трэба. І такія сувязі ў нас абавязкова павінны быць», — падсумаваў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што тавараабарот паміж Беларуссю і Кыргызстанам складае амаль 170 мільёнаў долараў за апошні год. Па яго словах, паміж краінамі — гэта нішто. Беларусь мае значна вышэйшы тавараабарот са многімі рэгіёнамі Расіі. «Таму з Кыргызстанам нам трэба павялічваць тавараабарот. Калі вы будзеце служыць далей у Міністэрстве замежных спраў Кыргызстана ці будзеце недзе працаваць, вы памятайце пра гэта, падкажыце, парайце, мы будзем зыходзіць з гэтага», — папрасіў Прэзідэнт. Па яго словах, пастаўкі неабходнай тэхнікі і абсталявання, сумесныя вытворчасці ў Кыргызстане могуць быць больш актыўнымі, чым ёсць зараз. Цяпер там рэалізуюцца кааперацыйныя праекты па сумеснай вытворчасці ліфтавага абсталявання і трансфарматараў. «Мы можам усё вырабляць у вас і навучаць тэхналогіям вашых людзей, тэхналогіям, якіх вы не мелі раней і па гэтых жа трансфарматарах, ліфтах, трактарах, аўтамабілях і гэтак далей. Вы ведаеце, што мы можам зрабіць. І для Кыргызстана ўзровень тэхналагічнай аснашчанасці краіны, як Беларусь, — гэта дастаткова высокі ўзровень. Мы гатовы дзяліцца гэтымі тэхналогіямі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што зараз у Кыргызстане тэхналогіі запатрабаваны, і беларусы гатовы імі падзяліцца. 

«Словам, вы добра вывучылі Беларусь за гэты час. Калі вы будзеце і надалей блізка да гэтай работы, я прашу не забывацца на тое, што мы можам, якія ў нас магчымасці для таго, каб прапанаваць кіргізскаму народу», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Эрмек Ібраімаў падзякаваў кіраўніку дзяржавы за магчымасць сустрэчы. «Для мяне асабіста гэта было важна — зазірнуць да вас, далажыць аб тым, што ўдалося зрабіць за 4 х паловац года, перад тым як паеду ў Бішкек», — сказаў ён. Ён падкрэсліў, што поўнасцю падзяляе меркаванне Прэзідэнта наконт тавараабароту паміж Беларуссю і Кыргызстанам. Па яго словах, калі паглядзець на абсалютныя лічбы, яны здаюцца не такімі ўжо і вялікімі. Але, па словах Эрмека Ібраімава, у адносных паказчыках праглядаецца пазітыўная тэндэнцыя да нарошчвання ўзаемнага гандлю. І гэта, па словах дыпламата, выклікае аптымізм. 

«Вы хочаце сказаць, што за апошнія тры гады ў 2,5 раза тавараабарот мы павялічылі? — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта праўда».


У тэму

У размове з журналістамі Эрмек Ібраімаў прызнаўся, што пакідае Беларусь з некаторым сумам. «За тыя чатыры з паловай гады, што я правёў тут, я знайшоў шмат сяброў і палюбіў вашу краіну. Я падзяляю меркаванне аб тым, што Беларусь немагчыма не палюбіць. Яе сапраўды немагчыма не палюбіць. У будучыні, безумоўна, я буду рабіць усё магчымае, каб і надалей развіваць адносіны паміж Кыргызстанам і Беларуссю», — сказаў ён. 

Галоўным дасягненнем за чатыры з паловай года сваёй дыпламатычнай службы ў Беларусі Эрмек Ібраімаў лічыць тое, што ўдалося ўтрымаць пазітыўную дынаміку развіцця гандлёва-эканамічных адносін. Па яго словах, сёлета тавараабарот паміж Беларуссю і Кыргызстанам можа перавысіць 200 мільёнаў долараў. Акцэнт у супрацоўніцтве будзе зроблены на прамысловую кааперацыю. У прыватнасці, у транспартна-лагістычнай сферы, што зараз вельмі актуальна да Кыргызстана. Зараз у краіне будуецца чыгунка, якая павінна звязаць Кітай, Кыргызстан і Узбекістан. 

«З Беларускай чыгункай цяпер вядзем работу па праектаванні некаторых участкаў гэтага шляху. Беларусь мае вялікі вопыт у гэтай сферы. А самае галоўнае — Беларусь мае магчымасці праектаваць і ажыццяўляць значную частку падрадных работ. У Беларусі выдатна пастаўлена сістэма кіравання чыгункай, і гэта нас на сёння цікавіць больш за ўсё», — адзначыў дыпламат. 

Эрмек Ібраімаў падкрэсліў, што блізкасць Беларусі і Кыргызстана кіламетрамі не мераецца. Па яго словах, у Кыргызстане вельмі добра ведаюць Беларусь. Таму, як адзначыў дыпламат, у адносін дзвюх краін вялікі патэнцыял. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?