Вы тут

Пра лічбавыя паслугі ў медыцыне расказалі ў Нацыянальным цэнтры электронных паслуг


Электронны рэцэпт на лекі, які можна атаварыць у рэальнай аптэцы праз пластыкавую «зялёную» картку; заказ талона да ўрача праз інтэрнэт; паслуга дыспансерызацыі шляхам запаўнення анкеты ў асабістым электронным кабінеце з атрыманнем рэкамендацый на рэальнае абследаванне; кансіліумы ўрачоў з дапамогай рэспубліканскай сістэмы тэлемедыцынскага кансультавання. Гэтыя і іншыя лічбавыя магчымасці, датычныя медыцынскай сферы, у Беларусі ўжо рэалізаваныя. У перспектыве да 2025 года — стварэнне адзінай службы кіравання хуткай медыцынскай дапамогі з выкарыстаннем геаінфармацыйных тэхналогій; арганізацыя сэрвісу па кіраванні службай пералівання крыві, у тым ліку з указаннем, ад каго і калі атрымана данацыя; наладжванне тэлемедыцынскага кансультавання па прынцыпе «ўрач — пацыент». Пра існуючыя і будучыя лічбавыя паслугі ў медыцыне нагадалі і расказалі ў Нацыянальным цэнтры электронных паслуг (НЦЭП).


Дыспансерызацыя аднаго дня

Паслуга 3.65.01 «Прадастаўленне звестак для выяўлення фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў (ад грамадзян)» запрацавала на адзіным партале электронных паслуг з новага года, а паслугу 3.65.02 «Прадастаўленне звестак для выяўлення фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў (ад медыцынскіх работнікаў)» медыкі ў тэставым рэжыме асвойвалі ўжо напрыканцы 2022-га.

Абедзве паслугі маюць на мэце выяўленне рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў сістэмы кровазвароту, анкалагічных хвароб, хранічных абструктыўных захворванняў лёгкіх і цукровага дыябету і задумваліся для рэалізацыі ідэі дыспансерызацыі аднаго дня: запоўніў анкету — наведаў урача — атрымаў дапамогу, нагадала Святлана Караневіч, начальнік аддзела электроннай камерцыі НЦЭП:

— Паслугі ажыццяўляюцца шляхам запаўнення анкеты пры строгай аўтэнтыфікацыі (з дапамогай ІD-карткі ці электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП)) у асабістым электронным кабінеце на адзіным партале электронных паслуг. Да пачатку работы паслугі 3.65.01 (для грамадзян) медыкі загадзя асвоілі, як запаўняць анкету ад імя чалавека, які прыйшоў на прыём, але ж сам асабіста анкетаванне не праходзіў: не змог ці не захацеў. Для гэтага ўрач праходзіць строгую аўтарызацыю на адзіным партале ў сваім электронным кабінеце юрыдычнай асобы і запаўняе анкетныя даныя для асобы (пацыента) з яго слоў. Гэтыя звесткі трапляюць у сістэму ад імя медработніка, але ж у дачыненні да пацыента, якому ўрач такім чынам дапамагаў праходзіць анкетаванне. У залежнасці ад адказаў чалавека сістэма стварае для яго дакумент з патэнцыянальнымі рызыкамі захворванняў і рэкамендацыямі звароту да пэўных спецыялістаў.

За няпоўны год атрымана ўжо каля трох мільёнаў гэтых паслуг, і большасць іх здзейснена медыкамі. Толькі каля тысячы анкет запоўнена людзьмі з прымяненнем строгай ідэнтыфікацыі:

— На жаль, у краіне яшчэ няшмат людзей маюць біяметрычныя дакументы або іншыя сродкі ЭЛП, без якіх немагчыма ідэнтыфікавацца на партале для атрымання паслугі, таму найчасцей анкеты запаўняюць усё ж урачы, да якіх чалавек асабіста прыйшоў на прыём. Калі грамадзянін захоча прайсці лічбавую дыспансерызацыю сам, ён можа аўтарызавацца на партале, выбраць у асабістым кабінеце катэгорыю «Ахова здароўя» і перайсці да паслугі 3.65.01. Пасля запаўнення анкеты файл з адказамі накіроўваецца ў электронны кабінет установы аховы здароўя, якую абярэ сам чалавек (з прапанаванага ў паслузе спіса) незалежна ад месца яго жыхарства і рэгістрацыі, — распавяла Святлана Караневіч.

Абедзве паслугі на адзіным партале, дарэчы, бясплатныя як для людзей, так і для медыкаў. І нават калі вы на ўсе пытанні адказалі «не», то-бок не маеце хворых родных і ведзяце здаровы лад жыцця або вагаецеся, што адказаць, сістэма ўсё роўна прапануе вам схадзіць да ўрача, нават для таго, каб пракансультавацца, як працягваць утрымліваць здароўе на належным узроўні, падкрэсліла спецыяліст.

«Зялёная» картка для лекаў: ільготных і звычайных

Цэнтралізаваная інфармацыйная сістэма аховы здароўя, якая актыўна распрацоўваецца, мае на мэце ўключыць у сябе шмат лічбавых карыснасцяў. Сярод задумак, напрыклад, стварэнне электроннай медкарткі беларуса (каб можна было атрымліваць медвыпіску не выходзячы з дому), электроннага ліста непрацаздольнасці (каб гэты дакумент у электронным выглядзе накіроўваўся і наймальніку, і ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва). Мяркуецца, што з часам будуць алічбоўвацца таксама рэнтгенаўскія здымкі і вынікі даследаванняў, якімі чалавек сам зможа падзяліцца праз асабісты кабінет, напрыклад, з камерцыйным медцэнтрам, куды ён ідзе на прыём, каб не несці з сабою стос папер.

Пералічанае вышэй — справа будучыні, аднак цяпер беларусы ўжо актыўна карыстаюцца электроннымі рэцэптамі з дапамогай пластыкавых зялёных картак для медыцынскага абслугоўвання.

— «Зялёныя» карткі — гэта ключ да аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Электронны рэцэпт», якая пачала ўкараняцца ў Беларусі з 2015 года. Доступ да яе маюць урачы, якія выпісваюць рэцэпты, і супрацоўнікі аптэк, дзе па такіх рэцэптах прадаюцца лекі. У сістэме ёсць персанальныя даныя чалавека: прозвішча, імя, імя па бацьку, а таксама выпісаныя на яго імя лекі. Непасрэдна рэцэпты не захоўваюцца на картцы, — патлумачыла спецыяліст. — АІС «Электронны рэцэпт» інтэгравана з агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмай (ААІС). Медработнікі ўносяць звесткі аб электронных рэцэптах у сістэму «Электронны рэцэпт» пры дапамозе сваіх медыцынскіх інфармацыйных сістэм (МІС), якія рэалізаваны на іх рабочых камп’ютарах. А фармацэўты ў аптэцы счытваюць інфармацыю з карткі (па яе штрых-кодзе) таксама з сістэмы «Электронны рэцэпт» дзякуючы сваёй фармацэўтычнай інфармацыйнай сістэме (ФІС). Такім чынам МІС і ФІС узаемадзейнічаюць паміж сабой праз ААІС.

Праз інфармацыйную сістэму працуюць толькі камерцыйныя аптэчныя сеткі. А большасць рэцэптаў, якія выпісваюцца, — ільготныя, якія можна рэалізаваць толькі ў дзяржаўных аптэках, камерцыйныя іх не атаварваюць. У сваю чаргу, дзяржаўныя аптэкі не працуюць праз ААІС, хоць над гэтым працуюць, удакладніла спецыяліст:

— У выніку ў рамках паслугі на адзіным партале статыстыка паказвае толькі рэцэпты, рэалізаваныя ў камерцыйнай сетцы: гэта больш як 115 тысяч электронных рэцэптаў, атавараных летась, і звыш 100 тысяч — за дзесяць сёлетніх месяцаў. Усяго ж у краіне, па даных Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя, летась было выпісана звыш 10,4 мільёна электронных рэцэптаў, за паўгода 2023-га — ужо 5,6 мільёна.

Атаварыць рэцэпт можна цалкам або часткова — звесткі пра гэта застануцца ў сістэме. На чарговым прыёме ўрач такім чынам зможа пабачыць, ці выконвае пацыент яго рэкамендацыі, набываючы выпісаныя лекі.

Псіхолаг, нарколаг і неўролаг завочна?

Нацыянальны цэнтр электронных паслуг актыўна працуе з Міністэрствам аховы здароўя, каб чалавек мог атрымліваць звесткі пра сябе з дыспансераў краіны: псіханеўралагічных, туберкулёзных, наркалагічных, што ён не стаіць у іх на ўліку. Паслуга будзе называцца «Атрыманне звестак аб знаходжанні на дыспансерным уліку», падзялілася Святлана Караневіч:

— Мы хочам, каб чалавек мог без наведвання ўрача атрымаць звесткі пра сябе, што ён не знаходзіцца на ўліку ў пэўным дыспансеры. Аднак трэба вырашыць шмат пытанняў, як рэалізаваць гэта правільна. У прыватнасці, пазбегнуць неправамернай выдачы такой даведкі, бо «завочны агляд» не замяняе рэальнага, калі чалавек (як цяпер гэта робіцца) прыходзіць па дакумент да спецыяліста дыспансера сам.

Медыкі сёння працуюць над вызначэннем катэгорый грамадзян, якім можна было б выдаваць такую даведку шляхам электроннай паслугі. А таксама над мэтамі — для чаго можна дазволіць выдачу такіх дакументаў. А мэт шмат: напрыклад, для медкамісій пры паступленні ў ВНУ ці працаўладкаванні, для атрымання дазволу на нашэнне зброі, дадала начальнік аддзела:

— Мяркуецца, што будуць вызначаны пілотныя рэгіёны, на базе якіх адбудзецца тэсціраванне гэтай паслугі. Аднак найперш яе трэба зрабіць у прынцыпе, каб з ёй ужо звяртацца да дыспансераў і атрымліваць інфармацыю адтуль. І толькі пасля стварэння і тэсціравання можна будзе прымаць рашэнне, ці маштабаваць паслугу на ўсю краіну, каб чалавек мог атрымаць даведку, не наведваючы ўрача вочна.

Хутчэй за ўсё паслуга будзе аказвацца па строгай аўтэнтыфікацыі і толькі ў дачыненні да самога сябе. Гэта, з аднаго боку, не дазволіць атрымаць звесткі пра іншага чалавека, а з другога — такім чынам (праз уваход у сістэму з дапамогай ІD-карткі ці ЭЛП) будзе пацверджаны паўнамоцны доступ да атрымання такой інфармацыі, мяркуе прадстаўніца НЦЭП:

— Чалавеку не трэба будзе нават уводзіць ніякіх звестак пра сябе — яны падцягнуцца ў сістэму дзякуючы строгай аўтэнтыфікацыі, а грамадзяніну застанецца выбраць толькі від дыспансера, адкуль ён жадае атрымаць даведку пра сябе (адрас установы, да якой адносіцца чалавек, сістэма таксама вызначыць аўтаматычна, бо пры запыце падцягнуцца і даныя пра месца рэгістрацыі чалавека).

Цэнтралізаванай інфармацыі пра знаходжанне чалавека на ўліку ў пэўным дыспансеры няма, таму паслуга аб знаходжанні на ўліку ў іх, як думаецца, будзе рэалізавана, як і паслуга дыспансерызацыі. Кожны раз, калі чалавек будзе заказваць паслугу, запыт стане паступаць у асабісты кабінет юрыдычнай асобы канкрэтнага дыспансера, дзе ўжо яго супрацоўнікі будуць шукаць патрэбную інфармацыю і рабіць адказ грамадзяніну.

Пакуль спецыялісты звяраюць рэсурсы і думаюць над рэалізацыяй чарговых медыцынскіх паслуг, беларусам застаецца чакаць больш зручных магчымасцяў клапаціцца аб сваім здароўі і не забывацца рабіць гэта з выкарыстаннем ужо існуючых сэрвісаў, тым больш што настае час сезонных захворванняў.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара 

Загаловак у газеце: Дыстанцыйныя медпаслугі існуючыя і будучыя.

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.