Вы тут

Час садзіць дрэвы


Лістапад. Пад нагамі шастае лісце. Час разваг. Размовы з мінулым. Маўляў, што паспеў за гэты год, за дзесяцігоддзе, за жыццё... Філасофія. Колькі б ні цвілі каштаны, усё роўна потым зялёнае вясной лісце стане рудым і будзе шапацець пад нагамі. Альбо і інакш можна разважаць. Пасля лістапада праз нейкі час будзе вясна, май. Ізноў гэтыя шэрыя дрэвы ажывуць, забуяць зялёным колерам. А зараз час разваг і таксама сузірання — мы нібыта тая лістота. Распускаемся, зелянеем, а прыйдзе час, падзьме сівер — і ўжо гоніць цябе наперад па зямлі. Такія вятры бываюць у кожнага ў жыцці асобна. І у жыцці цэлага грамадства, нават самых вялікіх краін — імперый. Так, мабыць, адбылося ў 1917 годзе. Калі б не скінулася тое старое лісце, не было месца вырасці маладой лістоце.


Пра той час мы ведаем рознае і супярэчнае. Усе тыя падзеі па рознаму ўспрымаюць, для некаторых гэта боль братазабойчай вайны, для іншых — наадварот свята і радасць ад будаўніцтва новага свету. Афіцыйная гістарыяграфія дэкларуе: менавіта пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Беларусь атрымала магчымасць стаць дзяржавай. Канешне, гісторыя нашай дзяржаўнасці пачыналася задоўга да 1917-га, яшчэ ў Полацкім княстве. Але ж менавіта пасля 1917-га ўпершыню ідэя дзяржаўнага ўтварэння менавіта са словам «БЕЛАРУСЬ» загучала на ўсю моц і хутка ўвасобілася ў жыццё — Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі (пазней БССР) была ўтворана літаральна праз год і два месяцы пасля залпу «Аўроры», які змяніў увесь свет. Так, свет тады мяняўся, і змены былі ў многім крывавыя. Дзякуй Богу на землях сучаснай Беларусі, тады не было такой жудаснай бойкі: брат на брата. Нас, праўда, падзялілі па-жывому на 18 доўгіх гадоў. Але ў Савецкай Беларусі стварыліся і ўдала функцыянавалі ўсе інстытуты, якія павінна мець дзяржава. А праз дзесяць год пасля рэвалюцыі ў нас была ўжо нават свая Адэмія навук. І менавіта дзякуючы існаванню і развіццю БССР у 1939 годзе адбылося ўз’яднанне з Заходняй Беларуссю — акт гістарычнай справядлівасці...

Беларусы і сёння з задавальненнем адзначаюць 7 лістапада. Выхадныя, традыцыйныя падарункі ад дзяржавы. Да таго ж, святочны настрой развейвае, нібы тое лісце, восеньскі смутак. Спрадвеку руплівы беларускі селянін не адмаўляўся ад святаў поздняй восені. А што? Толькі і працу перад сабой і бачыў. А калі збажына ў адрыне, зярняты у глебе — то і можна. Толькі без «песняў жальбы», як раней. Рэвалюцыя, дарэчы, іх і адмяніла. Дала селяніну зямлю і магчымасць вучыць і выводзіць у людзі дзяцей.

Чарговая гадавіна рэвалюцыі — гэта яшчэ нагода для нас, сённяшніх, і задумацца. Каб ізноў не набіць сабе адмысловы гуз. З аднаго боку — зямля і адукацыя сталі даступнымі для ўсіх, з іншага — гэта быў надлом і надрыў для грамадства. Чаму вучаць гэтыя падзеі? Таму што элітам нельга забывацца на астатніх людзей. Бо староннія сілы абавязкова гэта выкарыстаюць сабе на карысць. А пакутаваць будзе народ.

У Беларусі 7 лістапада — дзень з сэнсам будаўніцтва, стваральнай працы. Колькі разоў ужо Прэзідэнт падкрэсліваў, што ліміт на рэвалюцыі ў нас вычарпаны. А вось эвалюцыйныя перамены, альбо рэвалюцыйны падыход у якой небудзь галіне гаспадаркі — тое калі ласка.

Мабыць, для грамадства асноўная прымальная ідэя з далёкага 1917-га — роўныя магчымасці для ўсіх. Прынцып справядлівасці, які дэкларуецца і выконваецца дзяржавай у сучаснай Беларусі. Гэта, напэўна, нацыянальная рыса, закладзеная і ў палітычнай традыцыі, — уменне браць найлепшае з таго, што маем, што дасталося ў спадчыну. Таму ў нас няма алігархата, затое ёсць добрая традыцыя да дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, свята, ад якога, у адрозненне ад іншых, не сталі адмаўляцца, — адкрываць масты, бальніцы, дзіцячыя садкі, асвовайваць новыя кампетэнцыі. 

Дарэчы ўважлівыя адносіны да ранейшых традыцый — гэта адзін з патэраў палітыкі Прэзідэнта. З захаваннем рэвалюцыйнай даты адбылося без рэвалюцыіі у календары свят. 

Мы памятаем вынікі і прычыны кастрычніцкіх падзей. І ведаем, што лепей дрэвы саджаць, а не выкарчоўваць. Вось і на 7 лістапада таксама садзім сады і алеі — самы час. Каб увесну яны ажылі, забуялі шатамі жыцця. Такія яны, разважлівыя адносіны да жыцця. У лістападзе, калі пад нагамі шапаціць лісце.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната. Дзень інвалідаў адзначаюць у Беларусі

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната. Дзень інвалідаў адзначаюць у Беларусі

Кожны дзень тут, як і ў звычайнай школе, праходзіць па раскладзе.

Грамадства

«Куток надзеі» для безгаспадарчых сабак

«Куток надзеі» для безгаспадарчых сабак

Як валанцёрскі рух падтрымлівае чатырохлапых «сяброў».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам трэба звярнуць увагу на знакі, якія пасылае лёс.