Вы тут

У мінчанкі Ганны Казаковай экзатычныя гадаванцы — ад павукоў да крабаў


Якія хатнія жывёлы самыя распаўсюджаныя? Сабакі і каты. А наша суразмоўніца мінчанка Ганна Казакова вырашыла спыніцца на кімсьці больш экзатычным. Дома ў дзяўчыны пабывала шмат такіх гадаванцаў — ад павукоў да крабаў.


Па словах Ганны, да чацвёртага класа яна мела толькі тэарэтычную базу пра жывёл: шмат чытала, глядзела канал Anіmal Planet. Больш за ўсё ёй падабаліся перадачы, у якіх распавядалася пра яшчарак, павукоў і змей.

— Менавіта тады ў мяне з’явіўся першы гадаванец — слімак Ахаціна Фуліка. Яго бясплатна аддавалі, і я вырашыла ўзяць. Потым дома сталі з’яўляцца і іншыя віды, сярод іх былі досыць дарагія. Прыгожых малюскаў мне прывозілі нават з Масквы. Праз час цікавасць да іх знікла, — расказвае Ганна.

Наступным пасля слімакоў хатнім гадаванцам стаў павук-птушкаед.

— Усё здарылася цікавым чынам. Яго разыгрывалі ў сеціве ў групе экзатычных жывёл Мінска. Для таго, каб стаць удзельнікам розыгрышу, трэба было зрабіць рэпост публікацыі. Я вельмі хацела гэтага павука, таму папрасіла сваіх сяброў таксама прыняць удзел у конкурсе, каб павялічыць шанцы на перамогу. Так і атрымалася — птушкаед стаў маім. Пасля першага павука я пачала заводзіць новых. У нейкі перыяд часу іх у мяне жыло каля дзесяці.

Суразмоўніца паведаміла, што часцей за ўсё купляе сваіх гадаванцаў на вялікай выставе-продажы экзатычных жывёл, якая праходзіць у Маскве. Аднойчы нават прывезла адтуль скарпіёна. Але мама дзяўчыны была катэгарычна супраць, з-за чаго прыйшлося прадаць гэтага незвычайнага гадаванца.

У 15 гадоў у дзяўчыны з’явілася змяя. Пра яе Ганна распавяла цікавую гісторыю.

— Яна прыбыла таксама з Масквы, і трэба было з’ездзіць на вакзал, каб забраць яе. З-за заняткаў у школе ў мяне не было такой магчымасці, таму туды накіраваўся тата. Калі ён прывёз змяю дадому, вырашыў, што ёй, магчыма, не хапае паветра. Тады ён трохі прыадчыніў адну са скрынак, у якіх сядзеў мой новы гадаванец, і той змог выбрацца. Паколькі змяя была невялікага памеру, то магла схавацца абсалютна ўсюды. Каб яе знайсці, нам давялося перасоўваць усю мэблю ў доме. У выніку высветлілася, што змяя хавалася за шафай.

Жывёлы Ганны перыядычна збягаюць са сваіх тэрарыумаў. Аднойчы гэта змог зрабіць самы вялікі павук. На пошукі гадаванца сышло некалькі дзён, але ўсё было беспаспяхова.

— Яго знайшла выпадкова мама: неяк раз яна адкрыла шафу, дастала адтуль сваю сукенку, а на ёй сядзеў мой павук.

Суразмоўніца расказала, што калісьці хацела сабе мадагаскарскіх тараканаў, але — як і ў выпадку са скарпіёнам — мама дзяўчыны была катэгарычна супраць. Аднак Ганна ўсё роўна купіла іх і непрыкметна прынесла дадому. І вось адбылася такая ж гісторыя, як з павуком: тараканы змаглі выбрацца з тэрарыума. Аднаго дзяўчыне ўдалося знайсці, другі ж знік у невядомым напрамку. Аднойчы раніцай па гучным крыку мамы Ганна зразумела: знайшоўся і другі таракан.

Па словах дзяўчыны, даглядаць усіх гадаванцаў нескладана.

— Галоўнае — стварыць добрыя ўмовы для жыцця, набыць кальцый і вітаміны. Спачатку закупка ўсяго патрэбнага абыдзецца нятанна. Таксама варта выконваць пэўныя правілы іх утрымання.

Цяжкімі суразмоўніца называе сітуацыі, калі жывая істота, але дапамагчы ёй няма магчымасці, паколькі гаворка ідзе пра генетычнае захворванне.

Раней сярод гадаванцаў Ганны былі таксама крабы, палачнікі і багамол. На момант гутаркі ў дзяўчыны жылі сабака, жаба і дзве яшчаркі.

— Да экзатычных жывёл у мяне навуковы інтарэс. Да іх няма такой прыхільнасці, якая, напрыклад, ёсць да сабакі, — тлумачыць суразмоўніца.

Лізавета МАЛЬЧУК

Фота дадзены гераіняй

Загаловак у газеце: Асаблівая фаўна,або Экзотыка ў кватэры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.