Моцны вецер на пачатку кастрычніка нарабіў у вёсцы бяды. Разадраў на дзве часткі і паваліў суседскі клён, парваўшы пры гэтым правады, — людзі амаль суткі сядзелі без святла. Нашай сядзібе таксама дасталося: бура адарвала ў садзе вялізны сук ад старой дуплістай антонаўкі — ён рухнуў на зямлю разам з яблыкамі, якія тады даволі моцна трымаліся. Ён дагэтуль ляжыць там, усё яшчэ чапляючыся палоскай кары за асноўнае дрэва, але дарэмна — яблыкі мы абабралі, а лісты на ім ужо не парудзелі, як на жывых яблынях, а пасохлі... Шыфер, якім былі накрытыя дошкі на ўчастку, параскідала па ўсім полі, а адзін яго цэлы ліст я знайшла праз два тыдні ў малінніку, да якога метраў пяцьдзясят...
Зрэшты, гэта не праблема, а вось дах... Гарэзлівы вятрыска ўзняў на ім бляшаны канёк, адарваў ад яго прыточаны кавалак і лёгка скалупнуў на зямлю не толькі яго, але і прамавугольнік шыферу (балазе, невялікі), які пад ім трымаўся. Карацей, на даху хаты цяпер пад самым вільчыкам свеціцца прагаліна, накрытая адно толькі дранкай. Так пакідаць на зіму ні ў якім разе нельга, бо і той жа вецер, і вада ў розных выглядах з неба могуць зрабіць так, што залье і кладоўку, і сенцы, і кухню.
У чым, спытаеце, праблема — залезці ды прыбіць тую бляху і той кавалак шыферу? Нейкія паўгадзіны работы, была б лесвіца адмысловая. Лесвіца якраз ёсць — лезці на яе няма каму. Ну не лазіць у нас ніхто па дахах, больш за тое — усе баяцца вышыні. Вось такія мы вясковыя гараджане атрымаліся — «ні да чэго», як у нас здзекліва кажуць. Гэта мама расказвала, як у маладосці каля коміна глінай шчыліны замазвала і песні спявала, на наваколле гледзячы. Дый бацька, памятаю, часта на той дах лазіў, то сажу пачысціць, то падправіць што. Аднойчы нават яны з братам пад ахвоту ўвесь дах у «шашачку» пафарбавалі — кавалак чырвоны — кавалак цёмна-зялёны. Бацькоў няма, брат ужо не ў тым узросце, каб па верхатуры скакаць. А астатнія спадчыннікі, у тым ліку і ваша пакорная слуга, зусім нягеглыя ў гэтым плане аказаліся.
Але ж трэба той няшчасны дах неяк рамантаваць да першага снегу, інакш вясной праблема стане значна большай. Раней з гэтым праблем не было — папрасіў каго з вясковых мужыкоў, яны заўсёды гатовыя былі дапамагчы якой удаве ці вось такім — нягеглым. За грошы або за «вадкую валюту» — ужо хто як запытае. А цяпер і мужыкі тыя рукастыя на пагорку пад елкамі, а маладзейшыя... Дык фактычна і няма іх, маладзейшых...
А час ідзе, зіма ўжо на носе. Вунь Рабаў па тэлевізары сёння сказаў, што на наступным тыдні ўжо не толькі дождж, але і мокры снег пойдзе. Трэба нешта тэрмінова рашаць! Шукаю ў кантактах тэлефона «Ігар-пячнік», набіраю. Ён майстар на ўсе рукі, дапаможа. Мы з ім пазнаёміліся гэтым летам, калі ўзнікла неабходнасць адрэстаўраваць вялікую печ у кухні. Даўняя гліняная тынкоўка пачала абсыпацца, вырашылі абкласці печку пліткай. Скажу я вам, знайсці спецыяліста, які гэта зробіць, аказалася задачкай яшчэ той. Мінскія печнікі, разбэшчаныя гаспадарамі прыгарадных катэджаў, даведаўшыся, што трэба ехаць за сорак кіламетраў, або зусім адмаўляліся, або заломвалі такую цану, нібы кафлю ў царскіх палатах намерваліся класці... Ігара мы знайшлі ў мясцовым івянецкім чаце, ён прыехаў з вёскі ў суседнім раёне на сваім зусім не новым «Опелі», зрабіў усё спакойна і акуратна, заадно замазаў печ, пачысціў комін, замацаваў антэну, якая адарвалася ад даху, зрабіў новую засланку, накляпаў нам косы... Пасля, калі вырашылі пакласці плітку на кухоннай сцяне, я ўжо нікому і званіць, акрамя яго, не стала. Справіўся за некалькі дзён, грошай узяў няшмат... «Шыфер прыбіць? Не праблема! Толькі я ў камандзіроўцы ў Брэсце да канца месяца, дома толькі на выхадныя бываю, а там за тыдзень, сама ведаеш, колькі работы збіраецца... Я, як прыеду ўжо назусім, сам табе пазваню...» Ага, у пачатку снежня. А як снег ужо ляжа? Хто тады на той дах палезе? А калі і палезе — не дай бог паслізнецца...
Рашыла я пазваніць Антону — маладому хлопцу, які кіруе свайго кшталту брыгадай рознарабочых. Я яго ў свой час знайшла ў інтэрнэце. Ён ІП, шукае заказы, збірае пад іх людзей, якія могуць работу выканаць, прывозіць іх на месца. Працуе ў межах закона, заключае дагавор, пасля складае акт выкананых работ. Яго хлопцы наш стары хлеў, на які мы самі нават глядзець баяліся на прадмет «трэба нешта рабіць», за тры дні разабралі, а пасля яшчэ за тры дні на тым фундаменце новы хлеўчык паставілі. А яшчэ ён арганізаваў пагрузку і вываз усякай трасцы, якая ў хляве за трыццаць гадоў, што ў ім не было скаціны, складвалася (трасцы сабралася аж на тры вялікія самазвалы, і везці яе давялося ажно на трасцянецкі палігон). Заплаціла я за ўсё... Зрэшты, ужо няважна колькі, грошы новыя зарабіла, затое на двары парадак.
Карацей, званю Антону, расказваю пра той няшчасны дах. Ён аж засмяяўся ў адказ: «Не, ну што вы, хто на такі дробны заказ за сорак кіламетраў ад Мінска паедзе?» «Там яшчэ яблыня ў садзе ўпала, трэба распілаваць і на дровы пакалоць», — паспрабавала дадаць важкасці «заказу», разумеючы, што на поспех шанцаў нуль. «Не, ну што вы! Вось калі надумаеце дах мяняць — званіце, усё зробім у найлепшым выглядзе»...
Сяджу вось цяпер і думаю: як лёгка сучасны чалавек, які і з гаджэтамі найноўшымі ўпраўляецца, і пра творчасць Муракамі ці Пелевіна гутарку падтрымаць можа, і розныя краіны ва ўсіх частках свету аб'ездзіў, і зарабляе вельмі прыстойна, можа аказацца зусім бездапаможным у нейкай побытавай дробязі. Бо за ўсёй гэтай сучаснасцю развучыўся элементарным, базавым рэчам — таму, што трэба рабіць рукамі, і на чым, уласна, усё і трымаецца. Бо калі праз дзірку ў даху ліецца вада, ні з гаджэтам не пасядзіш, ні Пелевіна з Муракамі не пачытаеш. І ўся надзея толькі на мужыка на старым «Опелі», у якога рукі растуць адтуль, адкуль яны расці і павінны...
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Прэв’ю: pexels.com
Кожны дзень тут, як і ў звычайнай школе, праходзіць па раскладзе.
Як валанцёрскі рух падтрымлівае чатырохлапых «сяброў».
Стральцам трэба звярнуць увагу на знакі, якія пасылае лёс.