Вы тут

Пенсіянер падатак на адну кватэру не плаціць, нават калі ў гэтым жыллі зарэгістраваны іншыя асобы


Як вядома, штогод да 15 лістапада ўсе ўласнікі павінны выплаціць маёмасныя падаткі. У гэтым годзе нашы грамадзяне даплачваюць падатак на нерухомасць у шматкватэрных дамах і зямельны падатак за 2022 год, паколькі ў мінулым годзе яны ўносілі авансавы плацеж у памеры 50 %. А транспартны падатак выплачваецца цалкам за ўвесь мінулы год. Паведамленні на выплату падаткаў накіраваны па пошце альбо ў асабісты кабінет плацельшчыка на партале падатковых органаў. Падобныя паведамленні жыхары Мінска атрымалі яшчэ летам, тады ж многія і аплацілі ўсё, што належала. Але не ўсе. Нагадваем, яшчэ ёсць час. А сёння на актуальныя пытанні, якія датычацца выплаты маёмасных падаткаў, адказаў на прэс-канферэнцыі ў БелТА начальнік Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі.


Маёмасныя падаткі ўжо выплачаныя на 70 %

Спецыяліст міністэрства адзначыў, што падатковыя органы пастаянна манітораць пытанне выплаты маёмасных падаткаў. «Па стане на 8 лістапада паступіла больш за 70 % усіх трох відаў маёмасных падаткаў. Найбольшы працэнт паступленняў забяспечаны па зямельным падатку — практычна 90 %. Па падатку на нерухомасць — гэта звыш 80 %. Па транспартным падатку стаўкі крыху вышэйшыя ў параўнанні з падаткам на нерухомасць, таму яго нашы грамадзяне выплачваюць крыху пазней. Штогадовая практыка паказвае, што да 15 лістапада забяспечваецца паступленне больш за 90 % ад дадзеных сум», — патлумачыў ён.

Усяго маёмасныя падаткі павінны заплаціць прыкладна 3,5 мільёна жыхароў нашай краіны.

Хто гэтыя зборы плаціць не абавязаны

Асноўныя льготы, якія даюцца фізічным асобам па падатку на нерухомасць і зямельным падатку, — вызваленне шматдзетных сем'яў ад аплаты падаткаў на ўсе аб'екты нерухомасці, гэта значыць, кватэры (нават калі ў іх ва ўласнасці іх некалькі), жылыя дамы, гаражы, дачы, садовыя домікі і зямельныя ўчасткі.

А вось ільгота па адной кватэры з 2022 года адменена. З мінулага года ўсе людзі, якія валодаюць нават адной кватэрай, абавязаны аплачваць падатак на нерухомасць. Не плацяць яго толькі людзі, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту (мужчыны — 63 гады, жанчыны — 58 гадоў), альбо інваліды І—ІІ групы. Для такіх асоб прадугледжана вызваленне ад падатку на нерухомасць: адной кватэры, якая належыць ім на праве ўласнасці або атрымана па спадчыне, а таксама аднаго жылога дома.

Пры гэтым ільгота выдзяляецца незалежна ад таго, ці зарэгістраваныя ў гэтых памяшканнях працаздольныя члены сям'і альбо іншыя асобы. «Такім чынам, калі ў пенсіянера ва ўласнасці ёсць адна кватэра і адзін жылы дом, то ён не плаціць падатак на нерухомасць. Падатак неабходна аплачваць толькі ў выпадку, калі ў пенсіянера па ўзросце маецца, да прыкладу, дзве кватэры. У гэтым выпадку адна кватэра льгатуецца, а другая абкладаецца падаткам. Пры гэтым у падатковым заканадаўстве прапісана, што цяпер ад падатку на нерухомасць вызваляецца тая кватэра, кошт якой вышэйшы. Гэта значыць, ад пачатку Падатковы кодэкс дэкларуе, што льгатуецца аб'ект, па якім сума падатку большая», — дадаў Андрэй Кавалеўскі.

Ёсць і нюанс па льгоце на падатак на нерухомасць для шматдзетных. Льгота дзейнічае, пакуль у сям'і ёсць трое дзяцей да 18 гадоў. Пры гэтым, калі дзіця валодае нерухомасцю, то да 18 гадоў яна ў любым выпадку не плаціць падатак. А наогул любыя непаўналетнія не плацяць такі падатак, праўда, часова — пакуль не вырастуць.

Што датычыцца льгот па транспартным падатку, то тут крыху іншы парадак. Стаўка падатку паніжаецца на 50 %, калі транспартны сродак зарэгістраваны ў органах ДАІ на пенсіянера па ўзросце, інваліда І—ІІ групы, аднаго з бацькоў у шматдзетнай сям'і. Але ёсць адна важная ўмова: у такой асобы павінна быць сапраўднае пасведчанне кіроўцы адпаведнай катэгорыі. Для інвалідаў ІІІ групы стаўка транспартнага падатку паніжаецца на 25 % пры той жа ўмове. Акрамя таго, ад аплаты транспартнага падатку вызваляюцца электрамабілі, што прыводзяцца ў рух выключна электрычным рухавіком. Таксама ад падатку вызваляюцца транспартныя сродкі, выпушчаныя да 1992 года.

Якія існуюць стаўкі

У Падатковым кодэксе прадугледжаны парадак вылічэння зямельнага падатку, падатку на нерухомасць і транспартнага падатку. Напрыклад, для падатку на нерухомасць устаноўлена разліковая цана тыпавога аб'екта нерухомасці. Яна дыферэнцыраваная па відах аб'екта і па тэрыторыях, на якіх размешчаны аб'ект. Пасля гэтага плошча памнажаецца на разліковую цану і прымяняецца адпаведная стаўка падатку.

Напрыклад, калі ўзяць двухпакаёвую кватэру плошчай 60 «квадратаў» у Мінску. Сума падатку па ёй складае каля 50 рублёў за год. Улічваючы, што ў мінулым годзе аплачваўся аванс, то падлягае да аплаты парадку 25 рублёў падатку на нерухомасць.

Зямельны падатак лічыцца зыходзячы з кадастравага кошту зямельнага ўчастка і стаўкі падатку.

Па транспартных сродках трохі іншы парадак. У Падатковым кодэксе транспартныя сродкі разведзеныя па катэгорыях: легкавыя, грузавыя, матацыклы і гэтак далей. Стаўкі прымяняюцца ў залежнасці ад дазволенай максімальнай масы такога транспартнага сродку альбо колькасці пасадачных месцаў для аўтобусаў.

«Пры гэтым зямельны падатак, падатак на нерухомасць і транспартны падатак вылічаюцца падатковым органам зыходзячы з часу фактычнага валодання. Калі транспартны сродак знаходзіўся на ўліку ў органах ДАІ тры месяцы, то падатак лічыцца толькі за тры месяцы. Гадавая стаўка размяркоўваецца прапарцыянальна перыяду валодання транспартным сродкам», — расказаў начальнік упраўлення.

Адна «паперка» пра ўсе падаткі

Заканадаўствам прадугледжана, што падатковыя органы накіроўваюць фізічным асобам паведамленні на аплату маёмасных падаткаў. «З мінулага года ўсе падаткі ўжо зведзеныя да адзінага паведамлення. У адным паведамленні сабраны ўсе аб'екты падаткаабкладання па ўсёй краіне, якія належаць канкрэтнай фізічнай асобе. Гэта вельмі зручна, калі чалавек атрымлівае аднаразовае паведамленне, дзе пазначаны ўсе аб'екты і прыведзены разлік падатку. «Можна загадзя спланаваць свае ўласныя сродкі для выплаты падатку», — адзначыў спецыяліст.

Аплаціць падаткі можна датэрмінова або часткамі. Галоўнае, каб уся сума паступіла ў бюджэт не пазней за 15 лістапада. Тым, у каго адкрыты асабісты кабінет на партале падатковых органаў, паведамленні накіроўваюцца туды. Поштай паведамленні атрымаюць тыя, хто не карыстаецца парталам.

Як плаціць

Самы асноўны спосаб — з дапамогай адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы (АРІП). Скарыстацца ёй можна праз інфакіёскі, мабільныя дадаткі альбо інтэрнэт-версіі банкаўскіх дадаткаў. У меню неабходна выбраць «падаткі», увесці ўліковы нумар плацельшчыка, які змяшчаецца ў паведамленні, і ажыццявіць аплату. Падаткі можна аплаціць таксама ў аддзяленнях банкаў або паштовай сувязі наяўнымі альбо з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак.

Уладальнікам спарткараў і машын прэміяльных брэндаў могуць павялічыць падатак

Канчатковага спіса машын з павышаным падаткам пакуль няма, але вядомы брэнды, якія трапяць у пералік з высокай доляй верагоднасці.

Гэта новыя аўтамабілі Ferrarі і Maseratі, якія, хутчэй за ўсё, абкладуць павышаным падаткам, паведаміў Андрэй Кавалеўскі. Таксама ў спіс, як чакаецца, трапяць машыны Maybach. Магчыма, будуць там і некаторыя мадэлі Mercedes, BMW, Audі.

Калі для асноўнай катэгорыі грамадзян будзе рабіцца звычайная індэксацыя ставак транспартнага падатку (у межах да 10 рублёў), то для пэўнай катэгорыі ўладальнікаў аўто, якія маюць транспартныя сродкі павышанай камфортнасці, машыны прэміум-класа, стаўку падатку прапануецца павялічыць у 10 разоў. Паводле інфармацыі органаў рэгістрацыі, гаворка ідзе пра амаль дзве тысячы машын.

«Важная ўмова, каб з моманту выпуску транспартнага сродку прайшло не больш за тры гады», — падкрэсліў спецыяліст падатковай службы.

Пастанова Саўміна з поўным спісам аўтамабіляў будзе прынятая толькі пасля таго, як запрацуе новая рэдакцыя Падатковага кодэкса. Раней у Палаце прадстаўнікоў заяўлялі, што ў другім чытанні кодэкс маюць намер прыняць да канца лістапада.

Традыцыйна новыя рэдакцыі галоўнага падатковага дакумента ўступаюць у сілу з 1 студзеня чарговага года. Гэта азначае, што ў студзені ўжо можа быць пастанова па аўтамабілях. Аднак наш эксперт не выключыў, што гэта адбудзецца і вясной.

Падатак на скутар

Нагадаем, што сёлета транспартны падатак прыйдзецца плаціць уладальнікам такіх машын, як трыцыкл, мотакаляска, мотаролер, лакамабіль, мапед, скутар і іншыя, хоць у мінулым годзе яны яго не плацілі. Стаўка — 41 рубель. Наогул, аб падатку варта ведаць такую важную рэч: ён плаціцца за ўсе транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў ДАІ МУС.

Сяргей КУРКАЧ

Фота pexels.com

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.