Вы тут

«Вялікія археолагі» — за мір і сяброўства. У Нацыянальны мастацкі музей перададзеная скульптура сусветна вядомага мастака


У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з’явіўся яшчэ адзін унікальны экспанат сусветнага значэння — скульптурная кампазіцыя «Вялікія археолагі» аднаго з самых знакамітых мастакоў ХХ стагоддзя Джорджа дэ Кірыка. Скульптура была паднесена ў дар Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку ў адной з замежных камандзіровак. Па ягоным даручэнні ўнікальны твор мастацтва быў перададзены музею міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Анатолем Маркевічам падчас адкрыцця выставы дыпломных работ Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў «Школа творчасці».


— Па даручэнні кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі мне выпала ганаровая місія перадаць у гэты храм мастацтва цудоўную скульптуру «Археолагі (Вялікія археолагі)» Джорджа дэ Кірыка, і вымавіць словы ўдзячнасці і падзякі за тое, што гэта кампазіцыя знойдзе сваё месца ў Нацыянальным мастацкім музеі, — адзначыў міністр. — Джорджа дэ Кірыка — італьянскі мастак, які праславіў сябе як таленавіты скульптар і графік. Яго работы ўжо экспанаваліся ў залах Нацыянальнага мастацкага музея ў 2021 годзе. І сёння, дзякуючы Прэзідэнту Беларусі, падораная скульптура пашырае калекцыю музея, і яго наведвальнікі змогуць у яшчэ большай ступені атрымаць асалоду ад цудоўнага італьянскага мастацтва. 

Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава звярнула ўвагу, што ўрачыстая цырымонія ўручэння адбылася ў Сусветны дзень навукі за мір і развіццё, што вельмі сімвалічна: 

— «Скульптура «Вялікія археолагі» па-іншаму называецца «Старажытныя сябры». Місія археалогіі — у пошуках ісціны аб мінулым, у аднаўленні і рэканструяванні праз фрагменты і дэталі праўды аб чалавечым быцці, сусветнай гісторыі і гісторыі кожнага народа. 

Ганна Конанава падкрэсліла, што атрыманы ў дар твор стаў першым з творчасці майстра ў калекцыі музея і ўзбагаціў фондавы збор еўрапейскага мастацтва. Дырэктар перадала ліст падзякі ад кіраўніцтва і ўсяго калектыву Нацыянальнага мастацкага музея Презідэнту Рэспублікі Беларусь за ягоны дар. 
Скульптурная група «Археолагі» вызначаецца манументальнасцю, яна адлітая з бронзы ў 1968-м годзе. У ёй можна ўгледзець антычныя матывы, да якіх любіў звяртацца Джорджа дэ Кірыка, чыё месца нараджэння — Грэцыя. Цікава, што падчас Летніх Алімпійскіх гульняў 2004 года ў Афінах скульптура была выстаўленая ў музеі пад адкрытым небам, дзе яе мог пабачыць кожны госць, а аўтарская копія знаходзіцца ў Фларэнцыі.

Падчас урачыстасці ў музеі выступілі студэнты Беларускай дзяржаўнай Акадэміі музыкі. Сімвалічна і тое, што цырымонія ўручэння твора сусветна вядомага майстра адбылася падчас адкрыцця рэтраспектыўнай выставы дыпломных работ выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Пра важнасць пераемнасці ў мастацтве, захавання лепшых традыцый казалі ў сваіх вітальных прамовах рэктар акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна і народны мастак Беларусі Іван Міско. 
Выстава «Школа творчасці» будзе працаваць да 17 снежня 2023 года, а скульптуру «Археолагі» усе наведнікі Нацыянальнага мастацкага музея змогуць пабачыць у пастаяннай экспазіцыі. 

Людміла ІВАНОВА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.