Вы тут

Пяць беларускіх самбістаў — найлепшыя ў свеце


Героі тыдня. Беларускія самбісты заваявалі пяць медалёў на чэмпіянаце свету, які праходзіў у Ерэване. Чэмпіёнкай свету ў вагавай катэгорыі да 65 кг стала Даніэла Ждан. Анжэла Жылінская заняла другое месца ў катэгорыі да 72 кг. Бронзавыя медалі заваявалі Анфіса Капаева (да 50 кг), Таццяна Мацко (да 59 кг) і Уладзіслаў Бурдзь (да 58 кг). Усяго першынства планеты ў Ерэване сабрала больш за 330 спартсменаў з 65 краін, беларускую каманду прадстаўлялі 19 спартсменаў.


Каманда тыдня. На лёдзе сталічнай «Чыжоўкі-Арэны» прайшоў Кубак Прэзідэнцкага спартыўнага клуба па хакеі. Удзел у спаборніцтвах прынялі юніёрскія (U18) зборныя Беларусі і Казахстана, а таксама жаночая і юнацкая (U16) зборныя Расіі. У рамках турніру прайшлі спаборніцтвы па хакеі 3×3. У фінале сустрэліся каманды Беларусі і Расіі, пераможцамі сталі гаспадары лёду.

У фінальным матчы класічнага варыянта хакея таксама сустрэліся беларуская і расійская каманды. З вынікам 1:0 перамагла зборная Беларусі. Такім чынам, беларуская юніёрская зборная нашай краіны перамагла ва ўсіх матчах турніру. На другім месцы ў розыгрышы Кубка Прэзідэнцкага спартыўнага клуба размясціліся хакеісты з Казахстана, Расія-U16 замкнула тройку. Найлепшым галкіперам спаборніцтваў быў прызнаны варатар нашай юніёрскай зборнай Антон Крупавец, найлепшым абаронцам быў названы расіянін Мікіта Фядотаў, а найлепшым нападаючым — Абзал Алібек з каманды Казахстана. Найбольшую колькасць рэзультатыўных балаў набраў форвард зборнай Беларусі (U18) Алег Хомчанка.

Перамога тыдня. Гандбалісты СКА-Мінск разграмілі каманду «Бусел Кітая» у матчы пятага тура рэгулярнага чэмпіянату SEHA-лігі. Таксама за адзін матч армейцы ўстанавілі два рэкорды дывізіёна «Усход». Вынік сустрэчы — 47:26. У другой палове сустрэчы мінчане закінулі ў вароты саперніка 29 мячоў, што з’яўляецца рэкордам рэзультатыўнасці для адной каманды за адзін тайм. Выніковая вікторыя з перавагай у 21 мяч таксама стала рэкорднай для ўсходняга дывізіёна.

Турнір тыдня. У Брэсцкім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту завяршыўся адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні на кароткай вадзе. Трое плыўцоў перамаглі адразу ў чатырох асабістых відах праграмы. Канстанцін Курачкін стаў чэмпіёнам Беларусі на дыстанцыях 200 м, 400 м, 800 м і 1500 м вольным стылем; Ілья Шымановіч выйграў «золата» на 50 м, 100 м і 200 м брасам, а таксама на 200 м комплексным плаваннем; Анастасія Шкурдай была найлепшай на дыстанцыях 50 м, 100 м і 200 м на спіне, а таксама на 50 м кролем. Падчас чэмпіянату былі пабіты два нацыянальныя рэкорды на кароткай вадзе. Аліна Змушко пераадолела дыстанцыю 200 м брасам за 2.19,25 сек. Таксама ўласны рэкорд Беларусі на дыстанцыі 200 м на спіне абнавіла Анастасія Шкурдай — цяпер найлепшы вынік у краіне складае 2.00,15 секунд.

Лічба тыдня. 16 камплектаў узнагарод разыгралі падчас адкрытага чэмпіянату Беларусі па канькабежным спорце. Трохразовым чэмпіёнам Беларусі стаў Ігнат Галавацюк, які перамог на дыстанцыях 500 м і 1000 м, а таксама ў мас-старце. Па два індывідуальныя залатыя медалі выйгралі Ганна Дамарацкая (500 м, мас-старт), Кацярына Слоева (1000 м і 1500 м), Марына Зуева (3000 м і 5000 м) і Ягор Дамарацкі (5000 м і 10 000 м). Наймацнейшым на дыстанцыі 1500 метраў у мужчын стаў Віктар Рудэнка.

У камандным спрынце ў мужчын перамогу атрымала тройка з Магілёва ў складзе Яўгена Гагіева, Уладзіслава Гапона і Уладзіслава Запойкіна. У жанчын пераможнай тройкай стала зборная Беларусі, у якую ўвайшлі Крысціна Бурмістрава, Дамініка Кухарчык і Сафія Татурэвіч. У абедзвюх камандных гонках пераследу адзначыліся прадстаўнікі сталіцы: сярод мужчын найлепшымі сталі Ягор Дамарацкі, Андрэй Ільюцік і Віктар Рудэнка, а ў дзяўчат найлепшы час паказалі Марыя Давыдава, Дамініка Кухарчык і Паліна Сівец.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната. Дзень інвалідаў адзначаюць у Беларусі

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната. Дзень інвалідаў адзначаюць у Беларусі

Кожны дзень тут, як і ў звычайнай школе, праходзіць па раскладзе.

Грамадства

«Куток надзеі» для безгаспадарчых сабак

«Куток надзеі» для безгаспадарчых сабак

Як валанцёрскі рух падтрымлівае чатырохлапых «сяброў».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам трэба звярнуць увагу на знакі, якія пасылае лёс.