Вы тут

У Мінску пачалася выстава-кірмаш «ПрадЭкспа-2023»


На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзімір ГРАКУН зазначыў, што выстава невыпадкова праходзіць напярэдадні прафесійнага свята работнікаў аграпрамысловага комплексу — беларускім сялянам ёсць чым ганарыцца. Як і спецыялістам перапрацоўчай прамысловасці. 


«Нашу прадукцыю ведаюць далёка за межамі краіны, больш чым у сотні краін свету. І паўсюдна яна запатрабавана, яе ведаюць і атаясамліваюць з прыкладам якасці і густу», — падкрэсліў намеснік міністра. Таксама ён выказаў упэўненасць у тым, што сёлетняя выстава прынясе добры плён яе ўдзельнікам: прадоўжацца існуючыя гандлёвыя пагадненні, будуць заключаны новыя, а значыць, спажыўцы з усіх пяці краін — удзельніц кірмашу ўбачаць у крамах новыя прадукты. Што да экспарту беларускіх харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны, то тут, па словах Уладзіміра Гракуна, сітуацыя стабільная. Сёлета краіна не толькі выйдзе на мінулагодні паказчык — 8,3 млрд долараў ЗША, але і перавысіць яго.

Пах спецый і прыгажосць тартоў

Сапраўды, 126 экспанентаў «ПрадЭкспа» прывезлі на выставу шмат тавараў — і новых, і традыцыйных. Тут і духмяныя ўсходнія спецыі, і экзатычныя стравы, якія гатаваліся ў межах фестывалю «Кухня народаў свету». Свае рэцэпты, кухарскія сакрэты і гатовыя стравы падчас фэсту прадставілі ўдзельнікі з Пакістана, В’етнама, Індыі, Арменіі, Узбекістана. Не менш цікавыя падзеі разгарнуліся і непадалёк ад пляцоўкі фестывалю. Тут ужо праходзілі міжнародныя конкурсы кандытараў. Ад разнастайнасці тартоў вочы разбягаліся: і старажытныя замкі, і казачныя героі, і нават карціны на мальберце. Дарэчы, гэтыя конкурсы, як і конкурс упакоўкі «СмакАрт 2023», і рэспубліканскі агляд якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Смаката 2023», будуць доўжыцца на працягу ўсёй выставы, да 17 лістапада.

Навінкі і не толькі

Вядома, немагчыма расказаць пра ўвесь асартымент прадстаўленай на выставе прадукцыі. Яе столькі, што адзін толькі пералік зойме не адну газетную старонку. Аднак на некаторых навінках ёсць нагода спыніцца. Прычым размова не пра ўсходнія экзоты — іх мы, як ні дзіўна, больш-менш ведаем, а пра прадукты айчыннай і расійскай вытворчасці. Сярод іх — як і зусім новыя прадукты, здольныя здзівіць і спакушанага гурмана, так і нібыта традыцыйныя, але яны працягваюць брэндавыя ўжо лінейкі тавараў.

Так, напрыклад, Пінскі мясакамбінат прадставіў лінейку мясной прадукцыі, распрацаванай спецыяльна для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.

Холдынг «Гроднамясамалпрам» прэзентаваў зусім новы прадукт, распрацаваны сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, — ёгурт з экстрактам бяросты (бетулін), без цукру. Яго для карэкцыі харчавання могуць ужываць нават людзі з цукровым дыябетам другога тыпу, бо бетулін спрыяе паніжэнню ўзроўню глюкозы ў крыві. Таксама ён паніжае халестэрын. Акрамя гэтай, галоўнай, навінкі на стэндзе холдынга была прадстаўлена лінейка безлактознай малочнай прадукцыі: марожанае, сыры, ёгурты і ёгуртная запраўка.

Сапраўдную экзотыку прывезлі, як ні дзіўна, прадстаўнікі расійскай Варонежскай вобласці. Яны паказалі наведвальнікам прадукцыю з амаранту — муку і крупы. Гэтая культура на працягу амаль васьмі тысяч гадоў была адной з асноўных зерневых культур Паўднёвай Амерыкі і Мексікі, яе нават так называлі — пшаніца ацтэкаў або хлеб інкаў. Сёння ў Расіі павышаецца цікавасць да гэтай расліны. У чым жа яе каштоўнасць? Самая галоўная — амарант не ўтрымлівае глютэну, і пры гэтым у ім шмат збалансаванага бялку з высокай ступенню засваяльнасці, а лізіну ў ім у два разы больш, чым у рысе. Як паведаміў прадстаўнік вобласці, яны маюць вельмі сур’ёзныя намеры наконт выхаду на беларускі рынак. Хто ведае, можа, у хуткім часе амарантавая каша ці амарантавыя аладкі стануць звыклай для беларусаў стравай?

Яшчэ адзін цікавы прадукт — гэта чай з Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі, самы паўночны чай у свеце. Настой іван-чаю з дабаўленнем паўночных ягад вельмі карысны і смачны. Яго карыснасць абумоўлена кароткім паўночным летам — расліны за вельмі сціслы перыяд вырастаюць, зацвітаюць і адцвітаюць. А гэта значыць, канцэнтрацыя карысных рэчываў на парадак вышэйшая, чым, напрыклад, у такой жа расліны сярэдняй паласы.

Цікавыя прадукты прывезлі госці з Браншчыны. Яны паказалі гасцям шакаладныя малочны і горкі шакалад, цукеркі, зробленыя на мёдзе. Як запэўніў прадстаўнік вытворцы, такое спалучэнне не толькі вельмі смачнае, але і карыснае. Што ж, чакаем на паліцах!

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.