Вы тут

Як навуковыя адкрыцці і тэхналагічныя навінкі дапамагаюць развіццю аграпрамысловага комплексу Беларусі


Навуковыя адкрыцці і тэхналагічныя новаўвядзенні робяць працу аграрыяў хуткай і дакладнай, рэнтабельнай і эфектыўнай. У распараджэнні сучасных вытворцаў сельгаспрадукцыі — інтэлектуальная тэхніка і інавацыйныя тэхналогіі, устойлівыя пасадачныя матэрыялы і высокапрадукцыйныя пароды сельскагаспадарчых жывёл.


У нашай краіне навука працуе ў цеснай звязцы з практыкай: навуковыя і тэхналагічныя дасягненні робяць больш эфектыўнымі тэхналогіі вядзення сельскай гаспадаркі, а праблемы і задачы практыкаў вызначаюць напрамкі навуковых пошукаў. Аб новых аграпрамысловых тэхналогіях і ўкладзе айчынных вучоных у развіццё сельскай гаспадаркі расказалі прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук.

Стаўка на сваё

— Беларускі аграпрамысловы комплекс мае дасягненні, якія прызнаны ва ўсім свеце, — падкрэсліў намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, доктар навук, прафесар Пётр Казакевіч.

Так, адзначыў вучоны, у сельскай гаспадарцы Беларусі за апошняе дзесяцігоддзе істотна ўзрасла прадукцыйнасць працы, павялічыліся аб’ёмы вытворчасці валавой прадукцыі ў вёсцы. 

Яшчэ адно значнае дасягненне — сёння ў краине практычна поўнасцю забяспечана харчовая бяспека:

— 78% нашага харчовага рынку — гэта беларускія прадукты, — сказаў намеснік Старшыні Прэзідыума НАН. — Гэта сур’ёзная лічба. Наша харчаванне пастаўляецца на экспарт, і стабільна гэтая лічба перавышае апошнія гады 7 млрд долараў, а летась перавысіла 8 млрд долараў. У аснове гэтых дасягненняў ляжаць у тым ліку новаўвядзенні, якія наша сельская гаспадарка выкарыстоўвае вельмі актыўна. А за гэтымі навінамі, безумоўна, стаіць навука. Мы маем сёння распрацоўкі ў галіне селекцыі, тэхналогіі вырошчвання культур і ўтрымання жывёл, новыя формы ўгнаенняў. Мы маем навукова абгрунтаваныя рацыёны кармлення, уласную сістэму машын — і больш за 80% гэтых машын вырабляюцца ў Беларусі. І, безумоўна, сельская гаспадарка дае сыравіну для харчовай прамысловасці: у нас ёсць поспехі і ў вытворчасці прадуктаў харчавання.

Распрацаваны аграэканамічна абгрунтаваныя сістэмы землекарыстання, расказаў вучоны. Яны забяспечваюць павышэнне эфектыўнасці выкарыстання раллі, паляпшэнне фітасанітарнага стану пасеваў і, галоўнае, захаванне глебавай урадлівасці.

— Хачу адзначыць таксама распрацоўку ўдасканаленай сістэмы камбінаванай апрацоўкі глебы ў севазвароце, — звярнуў увагу Пётр Казакевіч. — Сёння мы прапануем для глеб, якія маюць высокую культуру земляробства, зусім новую камбінаваную сістэму апрацоўкі, якая забяспечвае больш аператыўнае выкананне ўсіх тэхналагічных працэсаў і дазваляе знізіць расход паліва да 25%.

Яшчэ адзін кірунак работы айчыннай агранавукі — інтэнсіфікацыя вырошчвання пэўных культур: у прыватнасці яравога і азімага рапсу, адзначыў Пётр Казакевіч:

— Ужо ёсць тэхналогіі, якія дазваляюць атрымліваць з гектара 3-4,5 тоны насення гэтай культуры. Аналагічныя распрацоўкі маем у вытворчасці кукурузы на зерне і сілас. Яны дазваляюць атрымліваць 80–90 ц збожжавых і каля 400–450 ц зялёнай масы. Новыя тэхналогіі вырошчвання лёну-даўгунцу плюс новыя сарты дазваляюць атрымліваць ураджай каля 50 ц/га, а насення лёну — да 8 ц/га.

Ёсць значныя напрацоўкі і ў жывёлагадоўлі, зазначыў доктар навук. Гэта, у прыватнасці, інфармацыйна-аналітычная сістэма кіравання селекцыйным працэсам, што дае магчымасць паскараць селекцыю.

Земляробства — дакладнае

Па выніках раслінаводчага года, 9,5 млн тон збожжа сабрана ў сельскагаспадарчых арганізацыях. Уклад у гэтую лічбу ёсць і ў айчыннай навукі.

— Нароўні з удасканаленнем сістэм земляробства, экалагічнай бяспекай тэхналогій каля 80% намаганняў мы накіроўваем на стварэнне высокапрадукцыйных сартоў і гібрыдаў збожжавых, зернебабовых, алейных і кармавых культур, — падкрэсліў Віктар Буштэвіч, загадчык аддзела каласавых збожжавых культур Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве.

За 2020–2023 гады ў Дзяржаўны рэестр унесена 50 сартоў селекцыі Цэнтра па земляробстве па асноўных палявых культурах, якія вырошчваюцца ў Беларусі. Сёння яны шырока ўкараняюцца ў вытворчасць і па збожжавых культурах — характарызуюцца патэнцыялам звыш 100 ц/га. Рэалізощваецца цэлы блок праграм па зернебабовых культурах — у краіне плануецца павелічэнне іх пасяўных плошчаў, цыкл даследаванняў звязаны са стварэннем сартоў і гібрыдаў азімага рапсу. Удзяляецца ўвага новым сартам і гібрыдам кармавых культур.

У цэлым доля айчынных сартоў у структуры пасеваў нашай краіны сёння дасягае 80%. Лідзіруе авёс: больш за 98% сартоў гэтай культуры на палях Беларусі — айчыннай селекцыі.

— Да 2030 года мы бачым сваю задачу ў тым, каб забяспечыць долю айчынных сартоў на ўзроўні 80% па ўсіх культурах, якія вырошчваюцца на палях Беларусі, — адзначыў Віктар Буштевіч.

— Асноўны кирунак селекцыі бульбы — сарты, прыдатныя і для вытворчасці бульбапрадуктаў, крухмалу, і для вакуумавання (то-бок, з мякаццю, якая не цямнее), — расказаў Вадзім Маханько​, генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве. — За апошнія 3 гады створана 9 новых сартоў. І ўпершыню ў дзяржвыпрабаванне пайшлі сарты з афарбаванай мякаццю.

Распрацавана новая тэхналогія вырошчвання бульбы, адзначыў кіраўнік НПЦ па бульбаводстве. Шырыня міжраддзяў 75 см, якая выкарыстоўваецца цяпер, дазваляе грэбню змясціць ураджай каля 40 тон. Але калі ўраджай вышэйшы, аб’ёму грэбеня не хапае. Таму ўсе бульбаводчыя гаспадаркі ў перспектыве будуць пераходзіць на тэхналогію вырошчвання бульбы з міжраддзямі 90 см, расказаў вучоны.

Ураджай важна не толькі атрымаць, але і захаваць.

— Упэўнена магу сказаць: тое абсталяванне, якое распрацавана і вырабляецца ў нас для захоўвання бульбы (сістэма кіруецца з элементамі штучнага інтэлекту), пераўзыходзіць па ўсіх параметрах — у першую чаргу па захаванасці клубняў і энергазберажэнни — тое, што прапаноўвалі фірмы з Заходняй Еўропы.

Што датычыцца агародніны, гібрыды агароднінных культур больш прадукцыйныя, чым сарты, адзначыў вучоны.

— Працуем па больш чым 40 агароднінных культурах, паступова пераводзім селекцыйную аснову на гібрыды, — сказаў Вадзім Леанідавіч. — Больш за 30 гібрыдаў айчынных культур — гэта таматы, капуста, агуркі, цыбуля, бурак сталовы, морква. Мы вельмі задаволены попытам на насенне сартоў і гібрыдаў беларускай селекцыі.

Калі гаварыць аб пладовых культурах, ужо ёсць даволі вялікія пасадкі, асабліва ў паўднёвых абласцях краіны, вішні і чарэшні ў прамысловых садах, падкрэсліў вучоны.

— Працуем з такімі культурамі, як персік і абрыкос. Пакуль цяжка сказаць, ці стануць яны прамысловымі, але ёсць іх закладкі ў прамысловых садах, ёсць і першыя вынікі. Па вінаградзе асноўны кирунак працы — вытворчасць у нашай краіне сухіх сталовых він са свайго вінаграду.

Інавацыйныя тэхналогіі паскараюць палявую дзейнасць і дазваляюць гаспадаркам засяродзіцца на стратэгічных задачах. І гэта шмат у чым залежыць ад тэхніка-тэхналагічнага ўзроўню вытворчасці, эфектыўнага прымянення сучасных сродкаў механізацыі, адзначалі вучоныя.

— У гэтым годзе мы вядзём распрацоўку 5 машын і абсталявання, а таксама ўкараненне 9 новых тэхналогій, — расказаў Дзмітрый Калмач, генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі.

Вялікая ўвага, адзначыў вучоны, сёння накіравана на павышэнне малочнай прадукцыйнасці жывёлагадоўчай прадукцыі і зніжэнне сабекошту прадукцыі.

— Немалаважны аспект гэтага пытання — кармы без прымесяў. У нашым цэнтры вядзецца пастаноўка на серыйную вытворчасць грабляў-валкавацеляў, якія забяспечваюць якаснае зграбанне кармоў. Шырыня захопу — 9,5 м, прадукцыйнасць — звыш 10 га за гадзіну.

Распрацоўка дазваляе павысіць якасць нарыхтоўкі травы пры зграбанні высушанай масы.

— Рабочыя органы машыны не кантактуюць з глебай. Ужо ёсць шэраг заказаў, і ў наступным годзе «Лідсельмаш» пачне серыйны выпуск гэтага абсталявання, — адзначаюць распрацоўшчыкі.

А адна з апошніх беларускіх распрацовак — буртаўкладальны комплекс для цукровых буракоў — ужо паспяхова працуе на беларускіх палях і карыстаецца попытам за межамі краіны.

Жывёлагадоўля — эфектыўная

Інавацыйныя тэхналогіі жывёлагадоўлі адкрываюць новую эру вытворчасці мясной і малочнай прадукцыі.

— Ідзе актыўнае ўкараненне ў практыку нашай распрацоўкі — праграмна-апаратнага комплексу. Больш за 70 МТК ужо ўкамплектаваны гэтым абсталяваннем, — расказаў Дзмітрый Калмач. — Абсталяванне дазваляе ацэньваць фізіялагічны стан жывёл, аператыўна прымаючы рашэнне аб лячэнні, змене рацыёну і г. д.

Пачаты работы па стварэнни новай рабатызаванай сістэмы даення. У 2023 годзе выкананы асноўныя этапы распрацоўкі абсталявання, сёння распрацоўваюцца выканаўчыя механізмы рабатызаванай сістэмы.

Яшчэ адна распрацоўка накіравана на зніжэнне захворванняў у жывёл.

— Сістэма біяметрычнай ідэнтыфікацыі перадмастытнага стану вымені дойнага статка дазваляе пры праходзе жывёл выяўляць перадмастытны стан і аператыўна пачынаць лячэнне, — адзначыў Дзмітрый Іванавіч.

Гэта дасць магчымасць павялічыць прадукцыйнасць малочнатаварных ферм і павысіць якасць малака, падкрэсліў вучоны.

У поле зроку беларускай навукі — і селекцыя. Увага вучоных, у прыватнасці, накіравана на распрацоўку метадаў ДНК-маркераў для дасягнення ўстойлівай перадачы патрэбных прыкмет нашчадкам, расказаў першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Уладзімір Цімашэнка. Методыка дае магчымасць павысіць эфектыўнасць малочнай жывёлагадоўлі, больш шырока праводзіць селекцыю, зніжае залежнасць ад імпарту жывёл.

— Сёння ў краіне ідзе адраджэнне беларускай чырвонай пароды, — расказаў Уладзімір Мікалаевіч. — У два этапы была рэалізавана праграма захавання генафонду. ДНК-аналіз паказаў, што парода сапраўды аўтэнтычная, адрозніваецца асаблівымі паказчыкамі. У малацэ гэта бялок, суадносіны амінакіслот, нізкае ўтрыманне саматычных клетак. Сёння з выкарыстаннем роднасных замежных парод вядзецца маштабнае аднаўленне беларускай чырвонай пароды. Таксама працуем над захаваннем сіментальскай пароды, якая налічвае каля 300 кароў у Беларусі і таксама характарызуецца высокімі паказчыкамі якасці малака і ўстойлівасцю да хвароб менавіта ў Палескай зоне.

У свінагадоўлі рыхтуецца да апрабацыі ўнутрыпародны тып беларускага ландрасу з якасцямі, якія пераўзыходзяць існуючыя стандарты, расказаў вучоны.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.