Вы тут

Што адбываецца ў Польшчы праз месяц пасля выбараў?


Днямі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выдаў Матэвушу Маравецкаму (партыя «Права і справядлівасць») афіцыйны мандат на фарміраванне новага ўрада. Сваё рашэнне польскі лідар анансаваў яшчэ на мінулым тыдні. «Пасля спакойнага аналізу і кансультацый я вырашыў даручыць місію фарміравання ўрада Матэвушу Маравецкаму, — прыводзіць тэлеканал Polsat словы польскага прэзідэнта. — Такім чынам працягнуць парламенцкую традыцыю, згодна з якой партыя-пераможца першай атрымлівае магчымасць сфарміраваць урад». Маравецкі ўзначальваў ранейшы ўрад краіны, на першым пасяджэнні новага складу парламента, якое прайшло ў панядзелак, ён, у адпаведнасці з заканадаўствам, падаў у адстаўку. Пры гэтым маршаламі (спікерамі) абедзвюх палат парламента Польшчы сталі прадстаўнікі апазіцыі: сойм (ніжнюю палату) узначаліў прадстаўнік «Трэцяга шляху» Шымон Галаўня, а сенат (верхнюю палату) — Малгажата Кідава-Блоньская ад «Грамадзянскай кааліцыі». Аналітыкі папярэджваюць аб пашырэнні грамадскага расколу ў краіне, прагучала нават версія наконт магчымасці грамадзянскай вайны. Куды ж рушыць Польшча праз месяц пасля выбараў?


Без саюзнікаў

Месяц таму па выніках парламенцкіх выбараў, якія адбыліся 15 кастрычніка, кіруючая партыя «Права і справядлівасць» выйшла на першае месца па колькасці галасоў. Гэта гарантавала ёй 194 месцы ў Сейме. Аднак для фарміравання большасці ў польскім Сейме неабходна атрымаць больш за 230 месцаў. У гэтай сітуацыі ПіС магла б стварыць кааліцыю з іншымі партыямі, але саюзнікаў «пісаўцы» так і не знайшлі. А значыць, фарміраваць урад ёй не будзе з кім.

Апазіцыйныя партыі «Грамадзянская кааліцыя», «Трэці шлях» і «Левыя» па выніках выбараў атрымалі 248 месцаў. То-бок у апазіцыі ўжо цяпер ёсць большасць. Ёсць і адзіны кандыдат на пасаду прэм’ер-міністра. Ім стаў лідар «Грамадзянскай кааліцыі» Дональд Туск.

Чаго ў апазіцыі няма, дык гэта падтрымкі з боку прэзідэнта Польшчы. Раней Туск заклікаў Дуду наладзіць «канструктыўнае супрацоўніцтва». Са зваротам да польскага лідара таксама выступіў адзін з лідараў «Трэцяга шляху» Шымон Галаўня, які днямі быў абраны маршалам сойму: «ПіС змарнаваў 8 гадоў нашага жыцця, восем гадоў жыцця нашых блізкіх. Яны вярнулі нас на 50 гадоў назад замест таго, каб падштурхнуць наперад, да будучыні, у якой будуць жыць нашы дзеці. Вось чаму мы заклікаем прэзідэнта Дуду не губляць ні секунды нашага часу. Спадар прэзідэнт, чакаць няма сэнсу! Мы хацелі б паведаміць вам, што існуе большасць для фарміравання ўрада».

Аднак куды ж без «сцежак гіены». Як адзначаюць эксперты, Дуда выціснуў з Канстытуцыі ўсё, каб дагадзіць ПіС і пацвердзіць меркаванне, што склалася пра яго, як пра прэзідэнта на службе партыі ўлады, якая не мае шанцу знайсці ў новым сойме большасць. Ён прызначыў першыя пасяджэнні новых палат на самы апошні з магчымых дзён: 12 лістапада скончыліся паўнамоцтвы папярэдняга парламента. Падчас паслявыбарных кансультацый Дуда паскардзіўся, што ў апазіцыі няма кааліцыйнага пагаднення, а сам, як потым стала вядома, зандаваў са старшынёй Сялянскай партыі магчымасць падтрымаць ПіС для стварэння большасці ў ніжняй палаце.

Расклад сіл

Калі апазіцыя абвясціла аб гатоўнасці кааліцыйнага пагаднення, прэзідэнт аб’яўляе аб прызначэнні Маравецкага кандыдатам на пасаду прэм’ер-міністра. Нават дэпутат кіруючай партыі Даніэль Мілеўскі прызнаўся адкрыта, што «задача ПіС, а таксама прэзідэнта Анджэя Дуды складаецца ў тым, каб не дапусціць сітуацыі, у якой Дональд Туск стане прэм’ер-міністрам». Аднак менавіта Туск, згодна з кааліцыйным пагадненнем, якое падпісалі лідары «Грамадзянскай кааліцыі», Польскай сялянскай партыі, партыі «Польшча-2050» і «Новых левых», узначаліць урад. У дамове ўстаноўлена, што старшыня Сялянскай партыі Уладзіслаў Касіняк-Камыш з’яўляецца кандыдатам на пасаду першага віцэ-прэм’ера, а кіраўнік фракцыі «Левых» Кшыштаф Гаўкоўскі — на пасаду віцэ-прэм’ера.

Падпісанае пагадненне апазіцыі выклікала раздражненне і рэўнасць у ПіС, палітыкі якой адразу ж пасля выбараў сталі абвяшчаць, што ў кааліцыі «нічога не атрымаецца». Шырокі дакумент, які ахоплівае параметры дзейнасці будучага ўрада на бліжэйшыя чатыры гады, стаў для выбаршчыкаў адкрытай «дарожнай картай». «Мы хочам новай палітыкі, пры якой палітыкі нічога не хочуць хаваць ад людзей, якім маюць намер служыць», — анансуючы прэзентацыю пагаднення, сказаў Галаўня.

У ходзе перагавораў паміж кааліцыянтамі было прынята рашэнне аб ратацыі маршалаў сойма і сената. Так, лідар «Польшча-2050» Шымон Галаўня будзе ўзначальваць работу ніжняй палаты да 13 лістапада 2025 года, а з наступнага дня яго паўнамоцтвы пяройдуць да лідара «Левых» Уладзімежа Чажастага. 

А палітык «Грамадзянскай платформы» Малгажата Кідава-Блоньская да 13 лістапада 2025 года будзе спікерам верхняй палаты. Сенатар Кшыштаф Квяткоўскі лічыць ратацыю маршалаў добрым рашэннем, паколькі яна «стабілізуюча дзейнічае» на пагадненне ўсіх апазіцыйных колаў. Такая практыка выкарыстоўваецца, да прыкладу, у Еўрапарламенце пры выбары старшыні.

Падчас першага пасяджэння польскага парламента дамоўленасці былі дакладна рэалізаваны. Як паведаміла радыёстанцыя RMF24, кандыдатуру Галаўні падтрымала 265 з 460 дэпутатаў. Ён перамог Элжбету Вітэк ад партыі «Права і справядлівасць», якая атрымала 193 галасы. Як паведамляе польская Gazeta Wyborcza, за Малгажату Кідава-Блоньскую прагаласавала 66 сенатараў са 100. Яе канкурэнт ад партыі «Права і справядлівасць» (ПіС) Марэк Пенк атрымаў 33 галасы. Галасаванне яскрава прадэманстравала расклад сіл у польскім парламенце. А таксама, да слова, і перспектывы фарміравання ўрада Матэвушам Маравецкім. Гэта выдатна разумеюць прадстаўнікі адыходзячай улады. Фарміраванне новага кабінета міністраў Польшчы пры існуючым складзе сойма будзе незвычайна цяжкай задачай. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу TVN24 прэс-сакратар польскага ўрада Пётр Мюлер.

Скажэнне рэальнасці

Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі заявіў аб «крайняй безадказнасці» Дуды. «Прэзідэнт Анджэй Дуда паслядоўна служыць ПіС. У той час, калі парламенцкая большасць знаходзіцца на баку дэмакратычнай кааліцыі, імя Матэуша Маравецкага — гэта не толькі гульня ў зацягванне і скажэнне рэальнасці. Гэта таксама мэтанакіраваная гульня на эмоцыях ўсіх выбаршчыкаў. Вельмі безадказнае стаўленне прэзідэнта Рэспублікі Польшча», — напісаў Тшаскоўскі ў сацсетцы.

Кшыштаф Гаўкоўскі ад «Левых» заявіў, што Дуда сваім рашэннем даў аплявуху 11,5 мільёна палякаў. «Прэзідэнт затрымлівае фарміраванне новага ўрада на 3-4 тыдні, а гэта азначае, што ён таксама затрымлівае грошы ад Еўрасаюза», — заўважыў Гаўкоўскі. Палітык лічыць, што Дуда «разыгрывае палітычны тэатр і выракае на пакаранне Маравецкага, сілком прызначаючы яго прэм’ер-міністрам».

Сацыёлаг з Ягелонскага ўніверсітэта прафесар Яраслаў Фліс пракаментаваў выданню Onet даручэнне місіі фарміравання польскага ўрада дзеючаму прэм’еру Маравецкаму. Паводле яго слоў, кіруючая партыя ПіС чапляецца за ўладу, за рэшткі надзеі, а прэзідэнт Дуда чапляецца за кіруючую партыю. Пры гэтым, на думку сацыёлага, у гэтай палітычнай сілы няма падстаў для аптымізму. На гарызонце няма нікога, хто мог бы працягнуць ёй руку дапамогі пры фарміраванні ўрада. Фліс адзначае, што Матэуш Маравецкі на гэты момант знаходзіцца ў крытычнай сітуацыі. Яго місія па фарміраванні ўрада, для зацвярджэння якога не хапае амаль 40 месцаў, асуджаная на правал. Пры гэтым «Права і справядлівасць» працягвае рабіць выгляд, што вынікі выбараў для яе сапраўды добрыя.

Паводле аднаго з пунктаў кааліцыйнага пагаднення апазіцыі, рашэнне Канстытуцыйнага суда Польшчы 2020 года, якое датычыцца абортаў, будзе адменена. Заработная плата настаўнікаў, дзяржаўных служачых, уключаючы суддзяў і пракурораў, будзе павялічана. Суды будуць «вольныя ад палітычнага ціску», а судовы пераслед стане «незалежным і непалітычным». Дакумент таксама прадугледжвае судовы пераслед службовых асоб, якія парушылі Канстытуцыю і закон падчас праўлення ПіС.

На працягу васьмігадовага тэрміну праўлення ПіС у сваіх дзеяннях не адрознівалася ахайнасцю. Карупцыйныя скандалы, якія скалыхнулі Польшчу ў апошнія месяцы, могуць аказацца толькі верхавінай айсберга, заўважыла БелТА. І пакуль апазіцыя пагражае цяперашнім уладам трыбуналам, «пісаўцы» спешна знішчаюць дакументы. Польскія СМІ ўжо пісалі пра чысткі архіваў у Мінюсце і знішчэнні важных дакументаў у арміі.

Патрэбны дыялог

Тым часам стала вядома, што на ўсходняй граніцы Польшчы сфарміраваны новы танкавы батальён, пра гэта паведаміў міністр нацыянальнай абароны краіны Марыюш Блашчак. «Мы можам з задавальненнем сказаць, што на ўсходзе нашай краіны разгорнута яшчэ адно падраздзяленне Войска Польскага. Тут, у Семятычанскім павеце (уваходзіць у Падляскае ваяводства, якое мяжуе з Беларуссю. — Рэд.), будзе і ўжо ёсць, таму што сёння ён пачаў дзейнічаць, танкавы батальён, які ўваходзіць у склад 1-й пяхотнай дывізіі Легіёнаў», — заявіў кіраўнік польскага Мінабароны, якога цытуе прэс-служба ведамства. Раней Блашчак паведаміў аб стварэнні ва ўсходняй частцы Польшчы мотастралковай брыгады, таксама ў складзе 1-й пяхотнай дывізіі Легіёнаў. Яе фарміраванне было пачата ў верасні мінулага года. Як паведамлялі ў Мінабароны Польшчы, у выніку дывізія будзе складацца з 12 воінскіх частак, у тым ліку чатырох агульнавайсковых брыгад, артылерыйскай брыгады, чатырох палкоў розных родаў войскаў і трох спецыяльных батальёнаў, размешчаных у гарнізонах чатырох ваяводстваў. Яе колькасць перавысіць 30 тысяч салдат, яна будзе аснашчана танкамі К2, Abrams і К9, гаўбіцамі Krab, а таксама беспілотнымі комплексамі Gladіus.

Тым не менш Беларусь гатова да дыялогу з польскім бокам, але ён павінен насіць выключна ўзаемапаважлівы характар. Пра гэта заявіў у эфіры тэлеканала АНТ міністр замежных спраў нашай краіны Сяргей Алейнік. «Не мы былі ініцыятарамі пагаршэння адносін з Польшчай. Мы вымушаны былі рэагаваць на шматлікія, я нават сказаў бы, сістэмныя недружалюбныя крокі з боку польскіх улад у адносінах да Беларусі. Мы заўсёды выступалі і працягваем выступаць за дыялог. Мы заўсёды зыходзілі і зыходзім з неабходнасці захавання прынцыпаў добрасуседства. Пра гэта не раз казаў кіраўнік нашай дзяржавы. Мы па сваіх каналах перадавалі гэтыя паведамленні ў нашай камунікацыі з Міністэрствам замежных спраў Польшчы. Таму польскі бок выдатна ведае, што мы гатовыя да дыялогу, — сказаў Сяргей Алейнік. — Але гэты дыялог павінен насіць выключна ўзаемапаважлівы характар і ажыццяўляцца без усялякіх папярэдніх умоў. Мы чакаем фарміравання новага ўрада Польшчы. І паглядзім, куды нас новы ўрад выведзе ў нашых адносінах».


Даслоўна

«Спадзяюся, у Варшаве разгледзяць працягнутую беларуссю сяброўскую руку супрацоўніцтва»

Толькі разам мы зможам унесці ўклад у пераадоленне канфрантацыі ў рэгіёне. Гэта на днях Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў у віншаванні народа Польшчы з Нацыянальным святам незалежнасці, паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта.

«У нашым сумесным мінулым — шматвяковая агульная хрысціянская і культурная спадчына, шырокія і дружалюбныя кантакты паміж жыхарамі дзвюх краін. А будучыню мы можам пабудаваць толькі пры ўважлівым стаўленні да гістарычных падзей і ўмацаванні сувязяў на прынцыпах партнёрства і даверу», — адзначаецца ў віншаванні.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы паважаюць выбар, які нядаўна зрабілі грамадзяне Польшчы. «Ён яскрава прадэманстраваў жаданне спыніць бессэнсоўны пошук унутраных супярэчнасцяў і знешніх пагроз. Спадзяюся, у Варшаве прыслухаюцца да голасу сваіх грамадзян з заклікам жыць у міры і згодзе з прадстаўнікамі ўсіх нацый і веравызнанняў, разгледзяць працягнутую Беларуссю сяброўскую руку супрацоўніцтва», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што найлепшая гарантыя бяспекі для Польшчы сёння — гэта сяброўскае суседства, спыненне неабгрунтаванай мілітарызацыі краіны і гонкі ўзбраенняў. «Толькі разам крок за крокам мы зможам унесці свой уклад у пераадоленне канфрантацыі ў нашым рэгіёне. Беларускі бок да гэтага гатовы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.