Вы тут

Уладзімір Андрэйчанка: Мы выходзім на новы ўзровень узаемадзеяння дзяржавы і грамадства


Найважнейшай падзеяй палітычнага жыцця краіны ў наступным годзе стануць выбары дэпутатаў усіх узроўняў. Упершыню ў найноўшай гісторыі яны будуць праходзіць па правілах, замацаваных у абноўленай Канстытуцыі 2022 года, — у адзіны дзень галасавання. Як сказаў на нядаўняй сустрэчы з кіраўнікамі палітычных партый Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, «уся вертыкаль улады мабілізавана на правядзенне разумна, прыгожа, дастойна парламенцкіх выбараў, выбараў УНС». Аб актуальных пытаннях будучай электаральнай кампаніі, аб сітуацыі ў краіне і ў свеце, у якой яна будзе праводзіцца, мы гутарым са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам.


— Уладзімір Паўлавіч, краіна ўступіла ў новы электаральны цыкл. У чым яго асаблівасці і якія адрозненні выбарчай кампаніі 2024 года?

— Для Беларусі апошні чатырохгадовы перыяд характарызуецца важнымі працэсамі, звязанымі з фарміраваннем новай геапалітычнай карціны свету. Наша краіна знаходзіцца ў эпіцэнтры падзей, і гэта не можа не ўплываць у тым ліку на правядзенне электаральнай кампаніі. Крызіс даверу ў свеце і рост ваеннай напружанасці ў Еўрапейскім рэгіёне; спробы вядучых дзяржаў планеты захаваць уласнае дамінаванне, выкарыстоўваючы для гэтага ўвесь комплекс наяўных сродкаў; штучны разрыў гандлёвых сувязяў і фарміраванне новай «жалезнай заслоны»... Усё гэта накіравана на пагаршэнне жыцця нашых людзей і падрыў эканомікі, рост напружання ўнутры грамадства і стварэнне канфліктнага патэнцыялу. Гэта беларусы ўжо бачаць ва Украіне і спазналі б на сабе, калі б улада не выстаяла ў 2020 годзе.

Не выклікае сумневу, што нас не пакінуць у спакоі, а спробы знешняга ціску на краіну і ўплыву на людзей будуць толькі ўзмацняцца. Эканоміка, фінансы, палітычнае будаўніцтва, духоўнасць і сфера сэнсаў, — усе гэтыя галіны ператвараюцца ў арэны рэальнага супрацьстаяння. Ужо сёння супраць Беларусі вядзецца мэтанакіраваная дэструктыўная дзейнасць, а інфармацыйная кампанія набывае рысы адкрытай канфрантацыі.

Абвінавачванні ў «пагаршэнні сітуацыі з правамі чалавека, падтрымцы агрэсіі Расіі супраць Украіны, арганізацыі нелегальнай міграцыі і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей» — гэта далёка не поўны пералік фэйкавых медыйных укідаў заходніх паліттэхнолагаў для дэманізацыі нашай краіны і яе кіраўніцтва.

Што датычыцца адрозненняў, то ў 2024 годзе ўпершыню будзе праведзены Адзіны дзень галасавання, у рамках якога плануецца выбраць дэпутатаў усіх узроўняў — ад сельскіх і абласных Саветаў да Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У працэс палітычнага будаўніцтва актыўна ўключыліся партыі, якія становяцца рэальнай сілай, здольнай уплываць на працэсы, што адбываюцца ў дзяржаве.

Па сутнасці, ідзе абнаўленне палітычнай сістэмы краіны, мы выходзім на новы ўзровень узаемадзеяння дзяржавы і грамадства. Беларускія грамадзяне ўсвядомілі, што іх пазіцыя — аснова паступальнага развіцця краіны і яе інстытутаў. Горкі вопыт 2020 года пераканаў усе пласты грамадства, што ў свеце нікому не патрэбны канкурэнты, мы самі ствараем уласны лёс, а бяда прыходзіць туды, дзе няма народнага адзінства. Асаблівае значэнне ў гэтых умовах набывае электаральны суверэнітэт.

— Электаральны суверэнітэт — дастаткова новае паняцце, аднак яно ўжо знайшло адлюстраванне ў праекце Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі краіны, якая абмяркоўваецца цяпер. Што ўключае ў сябе гэта паняцце і як яно ўзаемазвязана з працэсамі, якія адбываюцца ў палітычнай сферы?

— Суверэнная беларуская дзяржава была створана на аснове сацыялістычных ідэй і базе сацыяльнай роўнасці. Беларусь увесь час падвяргаецца нападкам і крытыцы з боку ідэолагаў заходняга лібералізму за нежаданне станавіцца краінай-спажыўцом, адмовіцца ад нацыянальнага суверэнітэту ўзамен на прынцыпы глабалізму.

Мы паслядоўна адстойваем сваё права на ўласны шлях развіцця і нацыянальную мадэль ладу, у аснове якой моцная дзяржаўная ўлада, сацыяльна арыентаваная эканоміка, агульначалавечыя каштоўнасці і адзінства народа.

Электаральны суверэнітэт — гэта элемент нацыянальнага суверэнітэту, які ўяўляе сабой неад’емнае і выключнае права дзяржавы самастойна і незалежна арганізоўваць і праводзіць выбары, рэферэндумы дзеля забеспячэння рэалізацыі поўнаўладдзя народа і свабоды яго выбару пры вяршэнстве Канстытуцыі і нацыянальнага заканадаўства, недапушчэння ўмяшання ў выбарчы працэс.

Само жыццё вымушае ўважліва ставіцца да гэтага паняцця. На працягу дзесяцігоддзяў выбарчы працэс выкарыстоўваецца як сродак умяшання ва ўнутраныя справы краін, для змены існуючых палітычных сістэм і вектараў развіцця. Для гэтага задзейнічаюцца напрацоўкі ў сферы тэорыі і практыкі «каляровых рэвалюцый», актыўна эксплуатуюцца прабелы ў нацыянальных заканадаўствах і распальваюцца ўнутраныя супярэчнасці. Не абышла бокам гэтая пошасць і Беларусь.

У сувязі з гэтым уключэнне электаральнага суверэнітэту ў Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, а таксама замацаванне ў ёй механізмаў яго забеспячэння з’яўляецца надзённай неабходнасцю і патрабаваннем часу. Заканамерна, што ў якасці асноўнага нацыянальнага інтарэсу ў палітычнай сферы вызначана «забеспячэнне ўмоў для рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзяніна і чалавека», а ўнутранай крыніцай пагрозы — «ажыццяўленне дзеянняў, накіраваных на дыскрэдытацыю або зрыў электаральных кампаній».

Дзяржава павінна быць загадзя гатова да нейтралізацыі пагроз уласнай бяспецы і абароны канстытуцыйных палажэнняў аб тым, што «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў краіне з’яўляецца народ». Гэта найважнейшы прынцып нацыянальнага народаўладдзя і аснова незалежнага развіцця, якія практычна рэалізуюцца праз забеспячэнне электаральнага суверэнітэту.

Гісторыя сведчыць, што беларусы даказалі сваё права на самастойнае развіццё, засвоілі гістарычныя ўрокі і сутнасць дэмакратычных прынцыпаў. Сёння народаўладдзе — аснова нацыянальнай дзяржаўнасці і беларуская традыцыя, якую мы будзем абараняць усімі даступнымі спосабамі.

— Кожная выбарчая кампанія — гэта своеасаблівы экзамен для дзяржавы. Улада трымае адказ перад народам і ўласнымі грамадзянамі за перыяд сваёй дзейнасці. З якімі вынікамі мы падыходзім да гэтых выбараў?

— Беларусь спраўдзілася як сацыяльная дзяржава, унутраная палітыка якой пабудавана на прынцыпах справядлівасці, адказнасці і клопату аб людзях. Збалансаванае размеркаванне сацыяльных даброт і дакладнае выкананне ўладай абавязацельстваў перад грамадствам, бясплатная адукацыя і ахова здароўя, стабільнае пенсіённае забеспячэнне і падтрымка ўразлівых катэгорый грамадзян, эфектыўныя дзяржаўныя інстытуты і развітая прамысловасць, — усё гэта наша сучасная рэальнасць.

На знешнепалітычным вектары Беларусь — суверэнная, незалежная дзяржава, здольная адстойваць нацыянальныя інтарэсы, якая мае для гэтага неабходныя сілы і сродкі. Мінск многія гады з’яўляецца донарам міру, сімвалам стабільнасці і прыкладам няўхільнага выканання абавязацельстваў. Мы паважліва ставімся да інтарэсаў іншых дзяржаў, паслядоўна выступаем за раўнапраўны дыялог. Сёння ў нас ёсць надзейныя саюзнікі і сябры, якія гатовы прыйсці на дапамогу ў цяжкі час.

Усё гэта дазволіла нашай краіне годна прайсці выпрабаванні каранавірусам, санкцыямі, гібрыдным уздзеяннем, накіраваным на пазбаўленне суверэнітэту. Мы выстаялі і захавалі мір на сваёй зямлі, працягнулі развівацца, мінімізаваўшы негатыўныя наступствы для беларускіх грамадзян.

У самыя цяжкія гады краіна не скараціла сацыяльныя праграмы. Працягвалася будаўніцтва паліклінік, бальніц, школ, дарог, мастоў і жылля. Своечасова выплачваліся зарплаты, пенсіі і дапамогі, функцыянавалі 

ўстановы культуры і сацыяльнай сферы, транспарт і гандаль. Больш за тое, у 2023 годзе расла эканоміка, забяспечвалася цэнавая і фінансавая стабільнасць, уведзены ў строй другі блок атамнай станцыі, у поўным аб’ёме забяспечаны энергетычная і харчовая бяспека краіны.

Дзяржава жыве і развіваецца, а ўлада дэманструе жыццяздольнасць і эфектыўнасць у самых складаных умовах. Створаная ў краіне сістэма кіравання дазваляе вырашаць задачы, якія стаяць перад ёй, эканоміка і фінансы гнутка адаптуюцца да існуючай рэальнасці і знаходзяць пункты росту. Улада вядзе адкрыты дыялог з народам, не замоўчвае праблемы і не перакладае іх на плечы людзей, прызнае памылкі і аператыўна іх устараняе, найбольш складаныя пытанні выносіць на ўсеагульнае абмеркаванне, па выніках якога прымаюцца канчатковыя рашэнні.

Прамы дыялог фарміруе адзінства народа і ўлады, прымушае ўсвядоміць значнасць суверэнітэту і незалежнасці як асновы нацыянальнай дзяржаўнасці. Ён дае разуменне таго, што народаўладдзе — бясцэннае дасягненне, захаванне якога — найважнейшая задача беларускага грамадства. Пры гэтым трэба кіравацца выключна ўласнымі інтарэсамі і нацыянальным заканадаўствам, не адцягваючыся на выпады ангажаваных «дэмакратычных» заходніх інстытутаў.

Напярэдадні электаральнага перыяду ў дзяржаве праведзена работа па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства, завяршэнні рэфармавання партыйнай сістэмы, стварэнні асноў для далейшага развіцця, забеспячэнні суверэнітэту краіны і адстойванні нацыянальных інтарэсаў у палітычнай сферы. Істотны ўклад у гэта ўнеслі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

— Суверэнітэт непарыўна звязаны з нацыянальнай бяспекай. У сучасным свеце ні адна дзяржава не застрахавана ад знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы. Ці магчыма такое развіццё абстаноўкі ў Беларусі?

— Ваяўнічая рыторыка заходніх дзяржаў, канфлікты ў розных кутках свету і наш уласны досвед не выключаюць падобных спроб. Гісторыя сведчыць, што перадвыбарныя кампаніі актыўна выкарыстоўваюцца ў якасці сродку эскалацыі абстаноўкі. Аднак хацелася б яшчэ раз нагадаць, што ў пасланні Прэзідэнта да беларускага народа і парламента ў 2023 годзе размова ішла менавіта аб умовах захавання суверэнітэту і незалежнасці.

У якасці асноўных з іх былі вызначаны: народнае адзінства, гістарычная памяць і нацыянальныя традыцыі, эканоміка, сацыяльная справядлівасць, знешняя палітыка, абараназдольнасць дзяржавы. Усе гэтыя напрамкі пастаянна знаходзяцца ў полі зроку ўлады.

Сёння Беларусь з’яўляецца астраўком стабільнасці і духоўнасці, прыкладам сапраўды дэмакратычнай і палітычна справядлівай дзяржавы. Мы разумеем, што гэта многіх не задавальняе за межамі краіны, а спробы «вярнуць нас на шлях ісціны» будуць працягвацца. У сувязі з гэтым маючая адбыцца электаральная кампанія — чарговая праверка на трываласць беларускага грамадства. Аднак дзяржава мае неабходныя рэсурсы, крэдыт даверу народа і рэальны суверэнітэт. Эксперты сцвярджаюць, што ні адна дзяржава не застрахавана ад знешняга ўмяшання, аднак «бяда прыходзіць туды, дзе ёй людзі самі адчыняюць дзверы», а беларусы добра засвоілі гэтую ісціну.

Не сумняваюся, што выбарчая кампанія пройдзе ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, сумленна і адкрыта, а ў органы ўлады прыйдуць людзі, якія гатовы служыць беларускаму народу.

Толькі народ мае права вырашаць свой лёс, і гэтае рашэнне прымаецца на выбарах большасцю галасоў нашых грамадзян.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Простыя штодзённыя звычкі, якія падоўжаць вам маладосць і жыццё

Простыя штодзённыя звычкі, якія падоўжаць вам маладосць і жыццё

Звычкі, якія мы часам і не заўважаем, ствараюць нашу сучаснасць і будучыню. 

Спорт

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

«Галоўная задача „Беларусь 5“ — паказваць беларускаму гледачу беларускі спорт».

Грамадства

Першыя ахвяры ледзяной вады. Як пазбегнуць трагедыі?

Першыя ахвяры ледзяной вады. Як пазбегнуць трагедыі?

Ледзяное покрыва яшчэ не акрэпла, а таму выходзіць на яго рызыкоўна і небяспечна.