Вы тут

Як Вільгельм Кнорын, сам пра гэта не думаючы, выступіў свайго роду сваццяй


Што «найсумнейшая з аповесцей на свеце — // Аповесць аб Рамэа і Джульеце», сумнявацца не даводзіцца. Але, калі добра задумацца, далёка не адзінкавая. Колькі заўгодна можна прывесці прыкладаў, калі жыццё закаханым не адны песні пяе. Не толькі тады, калі пачуцці між імі яшчэ разгараюцца, што ўжо таксама несправядліва. Нярэдка бывае і так, калі, здавалася б, нішто не прадвяшчае бяды, усё складваецца найлепшым чынам, ды раптам на небасхіле нечакана з’яўляецца чорная і хмара, і... Не толькі знікае сямейнае шчасце. У самым росквіце абрываецца і жыццё аднаго з тых, хто і падумаць не мог, што злыбеда кранецца і яго. Так сталася і ў гэтай пісьменніцкай сям’і. Хоць на пачатку ўсё ішло да таго, каб двое маладых людзей — да ўсяго аднагодкі — заўсёды былі разам. Нават цікава, што да гэтага датычны быў не хто-небудзь, а Вільгельм Кнорын. 


Сям’я Гарэцкіх. 1923 г.

Знаёмства выпадковае, але знакавае 

Да Вільгельма Георгіевіча (сапраўднае прозвішча Кнорыньш), а ён быў вядомым савецкім грамадскапалітычным дзеячам, гісторыкам, літаратурным крытыкам і публіцыстам, стаўленне неадназначнае. Праходзіць час, і нашчадкі ўспрымаюць вядомых людзей інакш, чым ставіліся да іх сучаснікі. Як сказаў Янка Купала, «прыйдзе новы — а мудры — гісторык». Безумоўна, усё добрае, зробленае імі, будзе належна ацэнена. Нават далёкае ад іх асноўнай дзейнасці. Як у Вільгельма Кнорына, які, сам пра гэта не думаючы, выступіў свайго роду сваццяй. 

Адбылося гэта ў пачатку 1919 года. На той час Вільгельм Георгіевіч з’яўляўся адным з рэдактараў газеты «Звязда». Яна спачатку выходзіла ў Мінску, а потым перабралася ў Вільню. З калектывам пераехаў і Максім Гарэцкі, які супрацоўнічаў з ёй. У Вільні ён застаўся і пасля раптоўнага захопу горада польскімі войскамі, бо не паспеў вярнуцца ў Мінск. 

Гарэцкі супрацоўнічаў з мясцовымі выданнямі. А калі 1 чэрвеня 1919 года адкрылася першая Беларуская гімназія, у якой усе прадметы выкладаліся па-беларуску, асабліва ўзрадаваўся. І не толькі таму, што і сам хацеў настаўнічаць. Абрадавала, што адна з настаўніц — Леаніла Чарняўская — складала чытанку для дзяцей «Родны край». З гэтай чытанкай і хацеў пазнаёміцца. Не здагадваючыся, што тым самым знаходзіцца на пачатку вырашэння свайго далейшага лёсу. 

Пры першай магчымасці завітаў у гімназію. Калі разгаварыўся з Леанілай, высветлілася, што чытанка, за складанне якой яна ўзялася, не адзіны яе занятак па выхаванні дзяцей у нацыянальным духу. Вось-вось павінен быў выйсці з друку зборнік «Дзяціныя гульні». Яго ўразіла і тое, што суразмоўніца — чалавек эрудзіраваны. Не толькі любіць літаратуру, але і рэгулярна знаёміцца з тым, што з’яўляецца ў друку. Прыемна на душы стала, калі даведаўся, што чытала і кнігу «Рунь». 

Гэта выклікала не толькі павагу адно да аднаго. Жадання аб многім пагаварыць пабольшала, калі ўпэўніліся, што біяграфіі іх у чымсьці падобныя, хоць і нарадзіліся ў розных мясцінах Беларусі. Ён, як вядома, быў родам з Мсціслаўшчыны, а Леаніла ўпершыню пабачыла свет 16 лістапада 1903 года ў вёсцы Таргуны, сёння Докшыцкі раён. Яе бацькі, як і яго, сяляне. Паколькі сям’я немалая (падрастала шасцёра дзяцей), ледзьве зводзілі канцы з канцамі. Часта пераязджалі з месца на месца. Аднак, як цяжка ні даводзілася, бацька дбаў, каб дзеці атрымалі адукацыю. Ды і сам умеў чытаць і пісаць. 

Асабліва дапытлівай і стараннай была Леаніла. Да ўсяго, мела добрую памяць, многае схоплівала на хаду. Невыпадкова, калі ў 1902 годзе паступала ў першы клас віленскага Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча, па ўсіх прадметах атрымлівала «выдатна». Асабліва запомніліся ёй урокі літаратуры. 

Максіма Іванавіча ўразіла, што ў старшых класах іх вёў Фядот Кудрынскі. Той самым, які некалі быў настаўнікам Якуба Коласа. Фядот Кудрынскі расказваў сваім навучэнцам і пра тое, што сустракаўся з ім, калі той у 1907 годзе працаваў у рэдакцыі газеты «Наша ніва». Паведаміў, што неўзабаве выйдзе першы паэтычны зборнік Якуба Коласа «Песні-жальбы». Даведаўшыся пра гэта, Леаніла ўзрадавалася: можна будзе прыдбаць яшчэ адну цікавую кнігу. Тым больш што ўжо і сама спрабавала пісаць абразкі, апавяданні. 

Як такой не захапіцца 

Па размеркаванні Леаніла Чарняўская трапіла ў вёску Залессе, што на Дзісеншчыне. Вучыла не толькі дзяцей. Хутка знайшла паразуменне з дарослымі. Вяскоўцам адразу спадабалася маладая настаўніца, якая была адкрытай, бачыла ў іх роўных сабе. Па вечарах, у вольны ад работы час, разам спявалі народныя песні, ладзілі карагоды. Пра вечарыны, якія арганізоўваліся новай настаўніцай, неўзабаве даведаліся ў навакольных вёсках. Асобна займалася Чарняўская з сялянскімі дзяўчатамі. Для іх яна стварыла нешта накшталт гуртка. Вучыла вязаць, шыць, давала парады па вядзенні хатняй гаспадаркі, расказвала пра падзеі, што адбываюцца ў краіне. Тым жа, хто ўмеў хоць крыху чытаць, давала кнігі. 

Леаніла Чарняўская. 1910 г.

Максім Гарэцкі, як толькі ўбачыў Леанілу, зразумеў, што яна тая дзяўчына, якая яму і патрэбна. Шмат агульнага было і ў іх поглядах на жыццё, літаратуру. Асабліва абодва былі апантаныя ідэяй нацыянальнага адраджэння, а яшчэ... Гэтае «яшчэ» заўважыў і Гаўрыла Гарэцкі, які пабачыў братаву жонку ў першы год пасля яе шлюбу з Максімам. У 1983 годзе ва ўспамінах пра Леанілу Чарняўскую «Жанчына вялікага сэрца і мужнасці» ён сведчыў: «Была яна вельмі прыгожая, з вялікімі сінімі-сінімі вачыма, якія свяціліся розумам, добразычлівасцю, прыхільнасцю, дабрынёю, спагадаю. Голас быў глыбокі, грудны, меладычны. Постаць зграбная, стройная. Каса пышная. Рухі павольныя, плаўныя. Беларуская мова чыстая, напеўная. Леаніла Чарняўская была выключна ласкавая, уважлівая, далікатная». 

Максіму Гарэцкаму была даспадобы і яе сарамлівасць. Не любіў людзей самаўпэўненых. Ды і сабе нічога падобнага не дазваляў. А тут сама даверлівасць, адкрытасць. Часам спрачаліся па літаратурных пытаннях, але адно на аднаго не крыўдавалі. Ведалі: у спрэчцы нараджаецца ісціна. 

Наведваўся да Леанілы рэгулярна. Балазе, ад Базыльянскіх муроў, дзе пасяліўся, да Вастрабрамскай вуліцы не так і далёка. Тут і знаходзіўся будынак першай Беларускай гімназіі. Да яго прымыкаў дом, у якім жыла яна, яго каханне і надзея. У гэтым ён ужо ніколькі не сумняваўся. Усё больш пераконваўся, што не толькі асветніцкія і літаратурныя турботы цягнуць яго на Вастрабрамскую вуліцу. І зусім не яны прымушаюць затрымлівацца ва ўтульным пакойчыку да позняй ночы. Прыйшло каханне, і менавіта яно надавала віхурным дням надзею на лепшае, выклікала спадзяванне на шчасце. 

Барыкады кветкам не перашкода 

Як жа ўзрадавалася Леаніла, калі аднойчы — лета яшчэ толькі ўбіралася ў свае правы — Максім з’явіўся на парозе з вялікім букетам руж. Хоць не, радасць прыйшла крыху пазней. Спачатку ж, убачыўшы каханага — а толькі так, а не інакш ужо ўспрымала яго — у дзвярах, дзяўчына ледзь не страціла прытомнасць. На вуліцы страляніна — ніколі, здаецца, такой не было. Кулі так пасвістваюць, што ажно ў пакоі чутно. А ён на спатканне сабраўся! Ды як сердаваць, калі Максім, як заўсёды, у настроі. Усміхаецца шчыра, адкрыта, ветліва. А яшчэ кветкі прынёс... Дзе толькі і адшукаў іх такой парой?! 

Пасля гэтага часта заходзіў да яе з нязменным букетам у руках. Аднаму Богу вядома, дзе знаходзіў столькі руж у горадзе, у якім дня не абыходзілася без страляніны. Спрабавала адгаворваць. Маўляў, навошта заўсёды з кветкамі, турботна ж гэта. Адгаворвала, а ў душы радавалася. І за саму ўвагу. І за шчырасць. І, вядома ж, за тое, што лёс падарыў ім абодвум тую першую сустрэчу, якая ад звычайнага знаёмства перайшла ў сяброўства, затым прывяла да кахання. 

Абвянчаліся 16 ліпеня 1919 года ў Прачысценскім саборы. Калі сталі жонкай і мужам, Максім Гарэцкі перабраўся да яе на кватэру. Ужо разам працавалі ў гімназіі. Ён выкладаў беларускую літаратуру, адначасова рабіў гэта і на настаўніцкіх курсах. Яна па-ранейшаму была настаўніцай пачатковых класаў. Працягвала працаваць і над чытанкай «Родны край». Так ужо атрымалася, што спачатку была складзена і выйшла ў 1919 годзе «Другая пасля лемантара кніга для чытання». Значыць, трэба было прыспешваць з’яўленне хрэстаматыі для першага класа. Дый і для трэцяга, чацвёртага... Турбот ставала, але былі яны прыемныя. У нечым дапамагаў і Максім, які таксама пачаў выступаць у крыху нязвыклай для сябе ролі дзіцячага пісьменніка. 

Леаніла Чарняўская-Гарэцкая з дзецьмі. Масква, 1924 г.

Святая — гэтым усё сказана 

На першы погляд, Леанілай Чарняўскай напісана не так і шмат. Хоць паняцце многа ці мала ў творчасці не адназначнае. Відавочна тое, што яна стаіць каля вытокаў беларускай дзіцячай літаратуры. Калі мець на ўвазе пісьменніц-жанчын, з’яўляецца прадаўжальніцай таго, што здзейсніла на гэтай ніве Цётка. У 1921 годзе з’явілася яе першае апавяданне «Мікітка». Найбольш, бадай, зрабіла для прапаганды творчасці для дзяцей як аўтар чытанак «Родны край» для 1, 2, 3, 4 года навучання. Але нямала выходзіла і апавяданняў. Бліжэй да нашага часу «Жук» (1960), «Казёл Мэка і Кудла» (1979), «Апавяданні» (1983). Другая з названых кніг цікавая тым, што ў ёй змешчаны згадкі Галіны Гарэцкай «Пра маю маці — Леанілу Чарняўскую». Пра яе неаднойчы пісала і ў перыёдыцы. 

Леаніла Чарняўская вядомая і як перакладчыца. Пераўвасобіла па-беларуску аповесці В. Забайкальскага «Маленькія чырвонаармейцы», А. Іркутава «Пан Бергер падае ў адстаўку», Я. Хазіна «Барабаншчык рэвалюцыі», «Апавяданні старога матроса» С. Заяіцкага, «Рэха» Э. Ажэшкі, «Гісторыю аднаго мядзведзя» Э. Сэтана-Томпсана (1927), «Бунт Моці-Гёджа» Р. Кіплінга (1927), «Ціля Уленшпігеля» Ш. дэ Кастэра (1934), а для чытанкі «Родны край» — урыўкі з твораў А. Чэхава, А. Серафімовіча, У. Гаршына, У. Караленкі, Д. Маміна-Сібірака і інш. 

Не менш істотнае і іншае. Магчыма, і на шкоду ўласнай творчасці, яна стала тым мастакоўскім імпульсам, які, несумненна, спрыяў творчай актыўнасці, таго кахала і абагаўляла. Безумоўна, гэта быў Максім Гарэцкі. Сам Максім Іванавіч гэтаксама ставіўся і да яе, сваёй адзінай, непаўторнай... Якія хочаш эпітэты можна падбіраць, калі гэта каханне ўзаемнае і адзінае Невыпадкова ён неяк прызнаўся дачцэ: «Запомні: яна святая!». I тут жа паўтарыў: «Святая!». А ў 1976 годзе (пайшла ў вечнасць 26 верасня) Леаніла Усцінаўна сказала ёй: «Ніколі, ні разу не пашкадавала, што выйшла замуж за Максіма, хоць і нялёгкім аказаўся мой лёс...» Таму прыгадваючы Леанілу Чарняўскую, нельга не ўспамінаць і Максіма Гарэцкага. Інакш і быць не павінна, бо іх узаемаадносіны так шмат гавораць пра абодвух. 

Леаніла Гарэцкая з дачкой Галінай. 1968 г.


Быць разам Усявышні адпусціў ім усяго 18 гадоў. Але ўсе 34 гады, калі засталася без яго, жыла памяццю аб ім і памяць пра яго зберагала. Як і памяць пра сына Леаніда, які загінуў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі — яшчэ адна несправядлівасць — акурат 18 лютага 1944 года. 

Чалавек не выбірае, у якім часе жыць. Як сказаў адзін з выдатных рускіх паэтаў Аляксандр Кушнер, «Времена не выбирают, // В них живут и умирают». Хіба што застаецца дадаць, што ў іх застаюцца тым, што зрабілі. А захочаце больш даведацца пра Леанілу Чарняўскую, перагарніце старонкі аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы». Настаўніца Ірына Сакавічанка спісана ім з жонкі. Твор, канешне, мастацкі, ды толькі... 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.