Вы тут

Хараство рукамі маладых творцаў


Ці часта вы глядзіце на будынкі, калі ідзеце па горадзе? Хутчэй за ўсё, калі бачыце адметную архітэктуру, упрыгожванне ці малюнак. А ёсць месцы, дзе ўсё гэта можа сыходзіцца і радаваць не толькі вока, але і душу. Напрыклад, гістарычны цэнтр сталіцы — і для шпацыру, і для роздуму. А неўзабаве там з’явіцца яшчэ адна нагода і для першага, і для другога. На адным з будынкаў у цэнтры Мінска студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў выконвалі працы па стварэнню мазаікі, якую нам хутка прадставяць. 


Канешне, гэта факт адметны, бо яшчэ за савецкім часам мазаіку часта выкарыстоўвалі дзеля ўпрыгожвання фасадаў будынкаў, а беларускія мастакі-класікі стваралі мазаікі вельмі актыўна. Але потым ўсё змянілася, здавалася, што гэтае мастацтва сыходзіць. Дык не павінна!..

Эскіз мазаікі ў прывязцы да архітэктуры на мясцовасці і кардоны (творы) у натуральную велічыню былі зацверджаны на манументальным савеце, пасля заўваг і прапаноў. Якія ўлічвалі стваральнікі, праект атрымаў увасабленне. Над ім працавалі Настасся Касавец, Ксенія Мазурава, Наталля Марчанка, Настасся Ліхачэўская пад кіраўніцтвам свайго выкладчыка, супрацоўніка кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай акадэміі мастацтваў Аляксандр Паўлавіч Томчык, які патлумачыў, чаму такую адказную працу даверылі студэнтам: 

— У апошні час мазаіка ў нас была прадстаўлена узорамі царкоўнага мастацтва — гэта выкананне абразоў, іканапісных кампазіцый. Якраз у студэнтаў гэтага курса была папярэдняя праца: арнаментальнае пано для храма Іаана Прадцечы ў аграгарадку Буйнічы Магілёўскага раёна. Чатыры студэнткі пад маім кіраўніцтвам выконвалі тры арнаментальныя нішы. За два семестры цягам аднаго году курс выканаў дзве часткі адной вялікай мазаікі Збаўцы — кампазіцыя «Уваскрасенне Хрыстовае». А на галоўным фасадзе рабілі мазаічны абраз Іаана Хрысціцеля. Я распрацоўваў эскіз, была рэалізаваная лікавая частка — рукі і твар. Астатняе выконвалі студэнты ў межах задання на семестр. Мы рабілі гэтыя мазаікі ў рамках супрацоўніцтва з Беларускай праваслаўнай царквой, а такая праца не застаецца незаўважанай: на яе звярнулі ўвагу адказныя асобы горада Мінска. І вось у кіраўніцтва горада таксама ўзнікла ідэя супрацоўніцтва з Акадэміяй. Да нас звярнулася «Мінская спадчына» з прапановай стварыць мазаікі, якія б маглі ўпрыгожыць сталіцу. Разглядаліся некалькі месцаў для магчымага размяшчэння мазаік: у музычным дворыку ў Верхнім горадзе ёсць нішы, з якімі можна было б працаваць, але там патрабаваліся большыя па памеры працы, каб яны добра выглядалі ў архітэктурным асяродку. Для нашых студэнтаў гэта была б складаная задача — чыста фізічна. Атрымліваецца, што толькі гэты курс зараз праходзіць такое заданне. Курс нешматлікі, а вучэбны час небясконцы. Трэба было ўкласціся ва ўсе ўмовы, гэта было звязана з навучальным працэсам і магчымасцямі падрыхтоўкі студэнтаў. Насамрэч нам пашчасціла, што гэты курс ужо паспрабаваў свае сілы падчас летняй практыкі на пано ў нішы храма на Магілёўшчыне. І з добрым ускладненнем задач у межах навучальнага працэсу яны цяпер выканалі кампазіцыі для Мінска. Самі распрацоўвалі эскізы. Лепшы выбіралі калегіяльна, на конкурснай аснове — аўтарам эскіза, які перамог, стала Настасся Касавец. З выхаваўчага пункту гледжання гэта добра, што студэнты адразу прывучаюцца да прафесійнага бачання прац. Яны пастаўлены ў такія конкурсныя ўмовы, з якімі мы пастаянна сутыкаемся ў жыцці: альбо ты перамагаеш, альбо цябе перамагаюць... 

Адметнасць працы яшчэ і ў тым, што студэнты рабілі ўсё самі, у межах навучальнага працэсу. А яны навучаюцца такім важным рэчам як сінтэз архітэктуры і мастацтва, вучацца разуменню, як правільна ўваходзіць у архітэктуру, не разбураючы яе, як дапаўняць архітэктурныя элементы, што маюцца. Потым узгоднены эскіз паляпшаецца і маштабіруецца ў натуральную велічыню праз кардон. І гэта ўсё таксама рабілі студэнты. Як і прысутнічалі на нарадах, выслухоўвалі заўвагі і прапановы ад сяброў камісіі, напрыклад, як можна паспрыяць таму, каб колеравая танальнасць, уласцівая Беларусі, ці таўшчыня ліній не спрачалася з архітэктурнымі элементамі... 

Вынік мы неўзабаве пабачым ў раёне Траецкай набярэжнай на фасадзе аднаго з будынкаў. Будынак мае гісторыка-культурную каштоўнасць, таму да яго такая ўвага. Таму дазвол на працу быў узгоднены з адпаведнымі органамі і камісіямі, у тым ліку з Міністэрствам культуры Беларусі. 

Падрабязнасцяў пакуль раскрываць не будзем — няхай чакае сюрпрыз падчас урачыстага адкрыцця, якое рыхтуецца. Будынак выбіралі не проста так, а каб можна было ўпісаць у яго мазаікі і каб бачна было яго і з набярэжнай, і з Верхняга горада. 

— Мы не мелі права зрабіць кепска, — кажа Аляксандр Томчык. — У нашай працы ёсць сувязь з культурнымі традыцыямі, пераасэнсаванне і папулярызацыя беларускіх народных рамёстваў. Атрымаўся даволі цікавы вынік, які, спадзяюся, задаволіць усіх. А студэнты ўжо задаволены, таму адна справа ў межах навучальнага працэсу рабіць працы, якія ніхто не ўбачыць, акрамя настаўніка і калег, а зусім іншае — калі ў іх ёсць магчымасць для шырокай рэалізацыі сваіх задум. Гэта павышае інтарэс да справы, якой яны навучаюцца. А калі рэалізаваная замова ўжо ў студэнцкія гады, то гэта дае надзею, што пасля выпуску з Акадэміі спецыялісты не будуць прадстаўлены самі сабе. У нас штогод выпускаецца шмат мастакоў з розных навучальных устаноў, але не ўсе могуць знайсці рэалізацыю, прымяніць свой творчы патэнцыял. А дзякуючы такім замовам студэнты разумеюць, што калі валодаеш рамяством, калі ўсмактаў веды і досвед у сценах Акадэміі, то ўсё будзе добра. 

І крыху пра рамяство... Мазаіка — складанае мастацтва. З дапамогай дробных каляровых шкляных кавалачкаў можна выкласці складаныя і прыгожыя малюнкі. У Візантыі, напрыклад, калісьці дасягнулі такіх вышынь у гэтым, што да нашага часу дыханне спыняецца, калі бачыш абразы святых, якія вылучаюць святло — у майстроў была адпаведная задача. Але ж мазаіка не абавязкова павінна зіхацець, усё залежыць ад мэты. Ад задачы, якую ставяць майстры. У нашым выпадку — крыніцай натхнення для мастакоў, што працавалі над мазаікай для будынка ў Мінску, сталі традыцыйныя беларускія тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва як вышыўка, ткацтва, выцінанка. Выбар колераў і стылізаваны малюнак даюць спасылку на народнае мастацтва, звяртаюць да вытокаў. Але ж мала распрацаваць. Дзяўчаты пад кіраўніцтвам свайго выкладчыка ўсе гэтыя ўзоры самі выкладвалі! Адметна, што і тэхналогія вырабу матэрыялу атрымала мясцовую інтэрпрэтацыю. 

— Смальта — гэта пераплаўленыя кавалкі шкляной масы разам з пігментамі. Яна расплаўлялася, як у былыя часы (і за савецкім часам так рабілі), потым застывала ў выглядзе цаглінкі, далей яе разразалі і калолі на дробныя кавалачкі. У нас ёсць уяўленне пра гэта, захаваліся ўзоры старой смальты, — тлумачыць Аляксандр Паўлавіч. — Але зараз пры сучасных тэхналогіях можна захоўваючы сутнасць, змяніць падыход да вырабу смальты. У дадзеным выпадку мы атрымалі беларускую смальту. Яе тэхналогію распрацаваў выпускнік нашай кафедры Аляксей Бычкоў. Шкляная маса бітага шкла перамешваецца з пігментам і спякаецца ў адну прыроду — пры пагранічным стане, калі адбываецца растварэнне шкла. Дасягаць гэтага можна ў сучасных печках (не доменных). Такім чынам адбылося паляпшэнне тэхналогіі, яе асучасніванне. Аляксей Бычкоў, вучыўся на нашай кафедры, мае вялікі практычны досвед ў ф’юзінку, вітражы і ў мазаіцы. Таму і прыйшоў да такога выніку. Можна лічыць, што гэта яшчэ адно дасягненне нашай кафедры і Акадэміі наогул, бо гэта наш чалавек і яго напрацоўка. Наогул паводле таго, якія замовы мы выконвалі апошнім часам, можна казаць, што цікавасць да мазаікі расце. І можна казаць пра ўтварэнне беларускай школы дзякуючы развіццю і нашай кафедры ў тым ліку. Як некаторыя нашы калегі ў Расіі кажуць «Мінская школа». Матэрыял гаворыць сам за сябе — ён даволі эфектны. Раней праца была прадстаўлена ў асноўным царкоўнай мазаікай, што заставалася па-за зрокам шырокай грамадскасці. Зараз з’явілася магчымасць выйсці ў шырокую гарадскую прастору. І я ўпэўнены, што гэта будзе не апошняя магчымасць для нас паказаць сябе. У тым ліку таму, што ў грамадскасці і нашага кіраўніцтва ўсіх узроўняў ёсць запыт на беларускую культуру. На яе папулярызацыю, на асэнсаванне свайго месца ў свеце. Таму ёсць патрэба ў такіх творах, павышаецца іх значнасць. 

Варта чакаць, што праект, выкананы па замове горада, уздыме цікавасць і да кафедры манументальнага мастацтва з боку тых, хто цяпер выбірае сабе прафесію і разглядае творчыя варыянты. 

— Выпускнікі нашай кафедры запатрабаваныя — пра гэта сведчыць вялікі спіс запытаў на спецыялістаў-манументалістаў пры размеркаванні. Таму што нашы студэнты не толькі творцы (якія могуць працаваць у тым ліку выкладчыкамі дзіцячых цэнтраў ці школ мастацтва). Яны яшчэ і «тэхнары». Акрамя таго шырокі спектр унутраных прафесій, якім у нас навучаюцца: гэта і мазаічыст, і вітражыст, і майстра па роспісах, па графіту, па энкаустыцы... У нас можна атрымаць вялікую скарбонку ведаў і ўменняў. 

Але што можа паспрыяць папулярызацыі лепш, чым гатовая праца, якую паглядзець можа кожны?.. А некаторыя магчыма і задумаюцца: а ці не паспрабаваць зрабіць хараство ўласнымі рукамі? Наогул варыянтаў зрабіць хараство манументалісты ведаюць шмат. Напрыклад, ёсць мазаіка, зробленая з традыцыйнай смальты (фарбаванае шкло). Як класіку студэнты кафедры вывучаюць візантыйскае мастацтва. Наогул класічнаму мастацтву — розных відаў — увага вялікая. А яшчэ ёсць царкоўнае мастацтва. Нават мастацтва мадэрн: уявіце сабе, у праграме заданні па вывучэнню мазаікі з натуральнага камню ў розных тэхніках. Мазаіка з галькі — гэта вельмі атмасферна і прыгожа. Але чым больш глядзіш, тым больш дзівішся: чалавечыя рукі могуць ствараць цуды там, дзе жывуць і з таго, што бачаць і пра тое, што дорыць радасць — самы правераны варыянт. Таму што свой і найбольш зразумелы. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.