Сёння ўвечары стартаваў ХХІХ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад 2023», урачыстае адкрыццё якога прайшло ў сталіцы і рэгіёнах нашай краіны. Напярэдадні адкрыцця кінафоруму прадстаўнікі Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і госці з іншых краін распавялі пра некаторыя дэталі свята, якое працягнецца да 24 лістапада.
Гасцей і ўдзельнікаў кінафестывалю прывітаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што «Беларусь на некалькі святочных дзён аб’яднае цэлую плеяду зорных і зусім маладых кінематаграфістаў, чыё мастацтва заснавана на высокіх ідэалах праўды і дабра — якасцях, якімі па праве славіцца наша дзяржава...»
— Сёння знакавы дзень для кінастудыі і для ўсёй краіны. Мы адкрываем наш фестываль. Я вельмі рады, што ён стаў працоўнай пляцоўкай не толькі для дэманстрацыі фільмаў конкурсных адбораў, але і пляцоўкай для падпісання дагавораў і пагадненняў аб далейшым супрацоўніцтве, — адзначыў генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Юрый Аляксей. — Напрыклад, плануем падпісаць пагадненне з Ігарам Угольнікавым аб вытворчасці мастацкага фільма «Бацька Мінай». Нашы сябры з Кітая таксама прыехалі з прапановай аб сумеснай вытворчасці ігравой кінастужкі. Тэмай стане сяброўства нашых краін і народаў. Вяртаем на сёлетнім кінафестывалі і новы напрамак — кіно маладых. Сведчанне таму — фільм адкрыцця «Кіношнікі» Кірыла Халецкага. Чакаем і падтрымку, і крытыку.
Кінастужку госці і ўдзельнікі «Лістапада» пабачаць і ў конкурснай праграме «Кіно маладых». А пасля фільм з’явіцца ў шырокім пракаце. Сам рэжысёр напярэдадні прэм’еры адзначыў:
— Для ўсёй здымачнай групы і кінастудыі гэта вялікі гонар і адказнасць. Бо ўжо некалькі гадоў беларускае кіно не адкрывала фестываль, — зазначае Кірыл Халецкі. — Для нашай каманды гэта ўжо першая маленькая перамога. «Кіношнікі» — дэбют не толькі рэжысёрскі, а парадку 24 дэбютаў мы налічваем, дзе і аператары, і гукарэжысёры, і ўсе тыя, хто спрычыніліся да яго стварэння. Кіно заўсёды робіць каманда. Будзем чакаць рэакцыі на яго ад гледачоў і думаць пасля, ці рабіць працяг…
— Трэба згадаць і тых людзей, якія пачыналі некалі гэты цудоўны кінафестываль дваццаць дзевяць гадоў таму. Хочацца выказаць ім шчырую падзяку. Сярод іх — Валянціна Сцяпанава. Яна сваёй працай даказала, што фестываль павінен быць, і ён сёння існуе, — выказаўся старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў. — Наш Саюз кінематаграфістаў з вялікім задавальненнем дапамагае кінафестывалю. Ужо ў розныя рэгіёны паехалі нашы рэжысёры, акцёры, аператары, каб распавесці пра «Лістапад» і паказаць, што ён праходзіць не толькі ў Мінску, а ахапіў усю краіну. Яшчэ хачу сказаць пра тое, што сёння мы маем унікальную магчымасць збірацца ў цяжкі час, калі ў свеце ідуць войны, калі зло спрабуе падняць свае вочы і ўдарыць па нас, але нашы сэрцы, наша дабрата і наша павага да мастацтва дапамагаюць нам выстаяць.
Сёлета беларускіх гледачоў і гасцей кінафоруму чакаюць дзясяткі кінастужак з розных краін свету. Убачым фільмы з Беларусі, Расіі, Кітая, Арменіі, Казахстана, Узбекістана, Пакістана, Турцыі, Японіі і іншых краін. Напрыклад, Кітайская Народная Рэспубліка ў конкурсе ігравога кіно прадставіць фільм «Воін святла Месяца», а «Закаханыя матылькі», «Цёмны лес» у намінацыі «Кіно маладых» і карціну «Жыццё і смерць у Сікуне» ў намінацыі неігравога кіно.
— Найперш хацеў бы падзякаваць за магчымасць прысутнічаць тут, бо для нас гэта вялікі гонар. Кінафестываль «Лістапад» для нас — цудоўная платформа для таго, каб знайсці новых сяброў, наладзіць новыя кантакты, пазнаёміцца бліжэй з кінематографам Беларусі і іншых краін. Таксама гэта цудоўная платформа, каб пазнаёміць гледачоў з выбітнымі кінастужкамі Кітая, — заўважыў кітайскі акцёр кіно і тэлебачання прадзюсар Лэй Хань. — Мы спадзяёмся, што дзякуючы кінафестывалю «Лістапад» зможам не толькі пазнаёміцца з кінематографам адно аднаго, але і зрабіць крок у бок стварэння новых праектаў. І пазнаёміць у будучыні беларускага і сусветнага гледача з новымі і цікавымі кінастужкамі.
Алена ДРАПКО
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».