Шклоўская сялянска-фермерская гаспадарка «Дзіяна» сёлета стала пераможцам сярод сельскагаспадарчых арганізацый на абласных «Дажынках». У той час, калі іншым дабіцца добрых вынікаў перашкодзіла засушлівае надвор’е, «Дзіяна» дасягнула ўраджайнасці зерневых і зернебабовых рэкорднай велічыні — амаль чым 60 ц/га. На пытанне, як гэта атрымалася, першы намеснік кіраўніка СФГ Дзмітрый Маліноўскі адказвае: «Бог дапамог». Маўляў, умовы ва ўсіх былі аднолькавыя: дождж, сонца, зямля, а вось пашчасціла менавіта «Дзіяне».
Гаспадарка была створана ў пачатку 1990-х. Яшчэ малады тады і амбіцыйны аграрнік Уладзімір Маліноўскі стаў, напэўна, адным з першых на Магілёўшчыне, хто на ўласным прыкладзе выпрабаваў фантастычны для свайго часу «Закон аб фермерстве». Па законе можна было атрымаць у пажыццёвую ўласнасць 50 гектараў зямлі. І ён іх атрымаў. Сёння ў гаспадарцы болей чым 3000 гектараў зямлі. Плюс самыя перадавыя на дадзены момант тэхналогіі яе апрацоўкі. Гэта ўжо дасягненне яго старэйшага сына Дзмітрыя. Сёння ён першы намеснік заснавальніка аграгаспадаркі, правая яго рука.
Суразмоўнік добра помніць, як у старшых класах дапамагаў бацьку будаваць майстэрню на фермерскіх землях. «За лета столькі бетону перацягаў, што з не самага моцнага вучня ў класе ператварыўся ў багатыра, — усміхаецца ён. — У армрэслінгу сярод аднагодкаў мне роўных не было». Гэта быў добры вопыт работы ў сельскай гаспадарцы, а яшчэ разуменне таго, што праца на зямлі — рэч вельмі цяжкая і напружаная. Тым не менш дакументы пасля школы падаў на факультэт «Механізацыя сельскай гаспадаркі» Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Пайшоў па слядах бацькі вучыцца на інжынера-механіка.
— У Горках была бясконцая вучоба з раніцы да ночы, — успамінае Дзмітрый. — Вельмі цяжкі факультэт, сур’ёзная інжынерная вучоба. Начамі чарцілі дыпломныя работы, дэталі машын, шасцярэнькі, рэдуктары…
Маладым заўсёды чагосьці не хапае. Хочацца больш свабоды, самастойнасці. Але Дзмітрый добра запомніў наказ бацькі: хочаш свабоды — вазьмі на сябе адказнасць. Адказнасць — гэта цяжка, трэба прыкладаць намаганні. Вучоба ў Амерыцы — магчымасць паварыцца ў зусім іншай сістэме, кардынальна адрознай ад айчыннай. З разуменнем таго, што добра там, дзе нас няма, малады чалавек зрабіў выснову: любая справа для поспеху патрабуе поўную аддачу сіл. Незалежна ад таго, прамысловасць гэта, культура або сельская гаспадарка…
Пасля вяртання на радзіму працаваў у замежнай кампаніі, якая спецыялізуецца на пастаўках абсталявання для сельскай гаспадаркі. І гэты вопыт лічыць бясцэнным. Пазнаёміўся з сусветна вядомымі нямецкімі, французскімі, італьянскімі, амерыканскімі вытворцамі. Дзмітрый асабіста датычны да таго, што ў Беларусь прыйшла еўрапейская кампанія JCB — вядомы пастаўшчык сельскагаспадарчага абсталявання. За час работы ў мінскай фірме малады супрацоўнік атрымаў добрую практыку адносін з дзелавымі людзьмі, даведаўся пра розныя падыходы да бізнесу. Усе гэтыя веды і вопыт ён і рэалізаваў у «Дзіяне».
— Сельская гаспадарка — пякельная праца, — заўважае ён. — Але мне падабаецца зямля, парадак на ёй. Вельмі рады, што магу рэалізаваць сябе на карысць радзімы. Амерыка — не рай. Выпрабаваў на сабе, як там прамываюць мазгі на падсвядомым узроўні. Мы не цэнім тое добрае, што ёсць у нас. Напрыклад, роўны для ўсіх доступ да адукацыі. Гэта цудоўнае дасягненне. Сёння на Захадзе, у Амерыцы, каб атрымаць якасную адукацыю, трэба заплаціць вялікія грошы. І некаторыя выплачваюць «вучэбныя» крэдыты да старасці. Тое, што кажа наш Прэзідэнт пра дзікі капіталізм, які эксплуатуе рэсурсы, людзей, грошы, — праўда. Так быць не павінна. Павінна быць сацыяльная справядлівасць. Але трэба, каб яна была пабудаваная не на ўраўнілаўцы, а на працы чалавека. Бываюць людзі вельмі лянівыя. Адзін ідзе і працуе, а другі — не. Справядліва, калі той, хто працаваў, атрымае ўзнагароджанне. А гультай — не. Гэта будзе яму ўрок на адказнасць.
На думку Дзмітрыя, цікавасць да сельскай прафесіі ў моладзі сёння нізкая таму, што існуе выключна знешняя матывацыя. А гэта не працуе. «Калі няма запалу, жадання нешта рабіць, то і поспеху не будзе, — лічыць фермер. — Чалавеку немагчыма навязаць тое, да чаго ў яго душа не ляжыць. Знешняя матывацыя мае вельмі кароткатэрміновы характар, а чалавек — істота свабодалюбівая, яго не прымусіш дзейнічаць там, дзе ён не жадае».
Калі размова заходзіць пра тэхналагічны прагрэс, Дзмітрый цікавіцца, што я ведаю пра тэхналагічную рэвалюцыю ў сельскай гаспадарцы. Пытанне, як той казаў, на засыпку.
— Прамысловасць перажыла некалькі рэвалюцый, а вось сельская гаспадарка толькі ў пачатку шляху, — тлумачыць ён. — У прамысловасці большасць працэсаў ужо аўтаматызавана. Сёння ёсць заводы, дзе чалавечая праца зусім не выкарыстоўваецца. У адны дзверы паступае сыравіна, а з другіх выходзіць гатовы прадукт. Што датычыцца сельскай гаспадаркі, то тэхналагічная рэвалюцыя да яе толькі даходзіць. Бог сказаў Адаму, што ён у поце будзе здабываць хлеб, але ў нашай гаспадарцы гэта не актуальна. За кошт аўтаматызацыі і парадку мы звялі цяжкую працу да мінімуму. У нас чалавек нават не пацее. Таму што сядзіць у трактары з камфортным сядзеннем, у кабіне клімат-кантроль, і ён дыхае не пылам і гарам, а ачышчаным паветрам. І гэта вынік прыходу тэхналагічнай рэвалюцыі ў сельскую гаспадарку. У яго ў трактары навігацыйная сістэма, аўтапілот. Яго задача — сачыць за тым, як машына выконвае тэхналагічныя працэсы. У нашым выпадку гэта пасеў, размеркаванне мінеральных угнаенняў, апырскванне пасеваў. Машына робіць найважнейшыя аперацыі аўтаматызавана, самастойна. Больш за тое, уплыў чалавека на гэты аўтаматызаваны працэс можа толькі пагоршыць яго. Тэхналагічная рэвалюцыя і аўтаматызацыя шырока ўкараняюцца ў свеце і прыходзяць да нас.
На жаль, тэхналагічная рэвалюцыя ў сельскай гаспадарцы — справа не хуткая. На гэта ўплывае шмат розных фактараў. І адзін з іх — матывацыя. Калі казаць пра савецкі час, то адразу ж успамінаеш шырока вядомага старшыню калгаса «Світанак» Кірыла Арлоўскага. Яго сіла волі, арганізатарскі талент, смеласць і рашучасць спатрэбіліся, каб стварыць унікальную гаспадарку ў Кіраўскім раёне, якая грымела на ўвесь Савецкі Саюз. Ёсць прыклады і зусім свежыя. Сёння мы з падзякай успамінаем легендарнага кіраўніка СВК «Калгас «Радзіма» Аляксандра Лапацентава, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. Гэта быў чалавек з моцным характарам, сваім меркаваннем, настойлівасцю, мудрасцю.
І Кірыл Арлоўскі, і Аляксандр Лапацентаў — сапраўдныя героі свайго часу, выдатныя асобы. Такіх шмат не бывае. Але ў сельскай гаспадарцы можна абысціся і без подзвігаў, лічыць Дзмітрый Маліноўскі.
— Задача любога правільна пабудаванага прадпрыемства, у тым ліку сельскагаспадарчага, — максімізацыя прыбытку, — аргументуе ён. — І тут усё ў руках таго, хто знаходзіцца на чале прадпрыемства. Калі матывацыя толькі знешняя, не асабістая, шлях, лічы, тупіковы. Калі гаспадарка знаходзіцца на знешнім кіраванні, яна не самастойная. Калі чыноўнік з горада спрабуе кіраваць вёскай, кіраўнік гаспадаркі перастае напружвацца, ён чакае, што нехта прыйдзе і скажа яму, калі і чым сеяць, як араць. Так адбываецца, калі прадпрыемства любой формы ўласнасці пазбавіць самастойнасці ў прыняцці рашэнняў. Поспех — зона адказнасці таго, хто непасрэдна ўзяў на сябе кіраўніцтва канкрэтным суб’ектам гаспадарання. Другі момант — прадпрымальніцкія рызыкі. Калі над кіраўніком вісіць «меч» пакарання за памылку, ён ніколі не зробіць рэзультатыўны крок. Я бачу рашэнне праблемы ў стварэнні высока канкурэнтнага асяроддзя, роўных правах і магчымасцях. Не патрэбныя льготы і прэферэнцыі. Яны часам на шкоду, бо спараджаюць утрыманцаў. «Закон аб фермерстве» даў магчымасць стаць гаспадаром на зямлі. І гэта вялікае дасягненне. Здаровая аснова грамадства, лічу, — прыватная ўласнасць на сродкі вытворчасці. Не ў разуменні, што «гэта ўсё маё і да мяне не падыходзь», а ў сэнсе, што я — той, хто нясе адказнасць за гэты кавалачак зямлі, за тых, хто побач са мной, за гэтую мясцовасць.
Нэлі ЗІГУЛЯ
фота аўтара
Шклоўскі раён
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».