Вы тут

Праект «Скрадзенае дзяцінства» раскрывае трагедыю дзіцячых лёсаў у гады Вялікай Айчыннай вайны


Вельмі трапяткую, эмацыянальна вострую і трагічную тэму ўзнімае чарговы выставачны праект Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Нагадаем, што напярэдадні Новага года традыцыйна спецыяльнымі прэміямі Прэзідэнта Беларусі былі адзначаны дзеячы культуры і мастацтва. Адным з лаўрэатаў стаў як раз калектыў знакамітай музейнай установы Гомельшчыны. Грант Кіраўніка дзяржавы дапамог працягнуць распрацоўку праектаў Года гістарычнай памяці і ўвасобіць ў жыццё новую значную фотадакументальную работу. 


Выстава «Скрадзенае дзяцінства» распавядзе пра лёс дзяцей — ураджэнцаў Гомельскай вобласці, якія засталіся ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупаванай тэрыторыі. Праект цалкам заснаваны на дакументальных сведчаннях, архіўных фотаматэрыялах, пададзеных ў фармаце фотакалажаў. 

— У аснове экспазіцыі матэрыялы з фондаў музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, краязнаўчых музеяў Гомельскай вобласці, пракуратуры Гомельскай вобласці, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці, Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, — адзначыў аўтар і куратар праекта, кіраўнік аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Юрый Панкоў. 

Па яго словах праблематыка гісторыі Вялікай Айчыннай вайны шматгранная, і ў ёй застаецца мноства нявырашаных пытанняў. Лёсы дзяцей, якія аказаліся пад нацысткай акупацыяй, з’яўляюцца адным з іх. 

Выставачны праект «Скрадзенае дзяцінства» знаёміць з рэальнымі гісторыямі дзяцей, расказвае пра стварэнне нацыстамі на тэрыторыі Гомельскай вобласці дзіцячых перасыльна-размеркавальных лагераў, а таксама аб наступствах вайны — утварэнні мноства новых дзіцячых дамоў.

— Адзінай мяжы для вызначэння дзіцячага ўзросту няма, таму за аснову былі ўзяты паказчыкі савецкай статыстыкі, прадстаўленыя ў перапісе насельніцтва, дзе да трох малодшых груп адносіліся грамадзяне ад 0 да 14 гадоў. Праект «Скрадзенае дзяцінства» прысвечаны дзецям Гомельшчыны, якім у 1941 годзе было да 14 гадоў – дзеці 1927-1944 гадоў нараджэння. Бліжэйшыя паказчыкі па колькасці насельніцтва напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны адносяцца да 1939 года. У гэты час на тэрыторыі Гомельскай вобласці, без уліку Палескай вобласці, пражывалі 74 тысячы 812 дзяцей такога ўзросту, — звярнуў увагу Юрый Панкоў.

З пачатку ваенных дзеянняў рэспубліканскія кіруючыя органы імкнуліся вывезці ў эвакуацыю дзяцей і маці. Вывозілі не толькі сем’і: у тыл выязджалі выхаванцы дзіцячых дамоў. Праз Гомельскую эвакуацыйную камісію да 9 жніўня 1941 года эвакуіраваўся 2381 выхаванец дзіцячых дамоў. Праца вялася аж да прыходу акупантаў, але не ўсіх удалося адправіць падалей ад вайны. 

Праект расказвае аб тым, як пад відам лаяльнасці да насельніцтва акупаванай тэрыторыі нацысты ўводзілі школьную адукацыю. Яна была накіравана на авалоданне няпоўным базавым узроўнем ведаў і ў далейшым абяцала авалоданне прафесіяй рабочага або служачага ніжэйшага звяна. Гэта, у прынцыпе, адпавядала бачанню нацысцкай прапагандай славян як «унтэрменшаў».

— Татальнае фізічнае знішчэнне чакала яўрэяў. Карнікі не шкадавалі ні старых, ні дзяцей, — нагадвае куратар праекта. — У розных гарадах і мястэчках арганізоўвалі гета. На тэрыторыі Гомельскай вобласці ліквідацыя яўрэяў у асноўным адбывалася ў 1941-1942 гадах. Уцалелі адзінкі. Падчас работы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецкіх захопнікаў былі зафіксаваны дзясяткі выпадкаў расправы над яўрэйскімі дзецьмі.

Экспазіцыя адлюстроўвае і тэму фашысцкіх лагераў для дзяцей, і адпраўленне малых на прымусовыя работы ў Нямеччыну. Калі ў 1943-1944 гадах мірных грамадзян масава зганялі на прымусовыя працы і ў канцлагеры, разам з дарослымі былі і дзеці. 

— Тысячы непаўналетніх траплялі ў перасыльна-размеркавальныя і канцэнтрацыйныя лагеры. У маі-чэрвені 1944 года ў Гомельскай і Палескай абласцях былі створаны спецыяльныя лагеры, дзе ўтрымліваліся выключна дзеці. Па падліках абласных камісій у складзе Надзвычайных дзяржаўных камісій па расследаванні злачынстваў нацыстаў на тэрыторыі Гомельскай і Палескай абласцей (не ўлічваючы Гомель) было забіта не менш за 9315 дзяцей, — дадае Юрый Панкоў.

Спецыялісты звяртаюць увагу, што да гэтага часу цяжка падлічыць, колькі непаўналетніх вязняў з Гомельскага рэгіёну знаходзілася ў канцэнтрацыйных лагерах за межамі Беларусі. Прымусова вывезеныя ў Нямеччыну і ў акупаваныя нацыстамі еўрапейскія краіны, дзеці працавалі на заводах, фермерскіх гаспадарках. Самыя маленькія знаходзіліся ў працоўных бараках, але яны таксама значыліся ў спісах працоўных. Па звестках абласных камісій з Гомельскай і Палескай абласцей было вывезена 7764 дзіцяці да 16 гадоў, вярнуліся жывымі на радзіму толькі 4514 з іх.

Падчас падрыхтоўкі праекту была праведзена вялікая карпатлівая работа ў тым ліку па зборы ўспамінаў жывых сведкаў тых падзей. Выстава расказвае як пра дзяцей, лёс якіх раней быў зусім невядомы, так і пра малых, імёны якіх пасля вайны ведалі ва ўсім Савецкім Саюзе.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Натурпрадукт у спадчыну

Натурпрадукт у спадчыну

Як Якуб Колас атрымліваў па два ўраджаі з адной градкі, і што з «даўно забытага старога» актуальна на хвалі цікавасці да эказемляробства.

Экалогія

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Заклікаюць скарачаць выкіды CO2 аж да нулявых паказчыкаў, укараняць зялёныя тэхналогіі.

Грамадства

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

Праваахоўнікі расказалі, як маладых людзей вярбуюць для распаўсюджвання наркотыкаў і чым гэта звычайна заканчваецца.

Грамадства

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

Аб тым, як праходзіць Адзіны дзень галасавання, — у паведамленнях нашых карэспандэнтаў.