Вынікі сельскагаспадарчага года ў гарадскім пасёлку Акцябрскі падвялі удзельнікі абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі−2023». Па традыцыі адным з галоўных атрыбутаў свята стала маштабная выстаўка сельскагаспадарчай тэхнікі. Размясціліся на ёй і апошнія мадэлі сельгасволатаў, і рарытэты палёў, якія выходзілі на раллю паўстагоддзя таму. На выставе можна ўбачыць і падарункі гаспадаркам розных раёнаў да «Дажынак»: новенькія «пазадарожнікі», трактары «Беларус». Па традыцыі падарункі да свята падрыхтавала і прадпрыемства «Гомсельмаш».
У атмасферу свята акунуліся вуліцы Акцябрскага. Жыхароў і гасцей гарпасёлка запрашаюць адмысловыя сельскагаспадарчыя падворкі ад кожнага раёна вобласці, выставы прадукцыі прадпрыемстваў рэгіёна, гульнявыя пляцоўкі і інтэрактыўныя зоны для сямейнага адпачынку.
Ролю галоўнай святочнай пляцоўкі ўшанавання лідараў жніва Гомельскай вобласці узяў на сяба абноўлены цэнтр вольнага часу Акцябрскага. Тут стартаваў першы блок урачыстага ўзнагароджання працаўнікоў сельскай гаспадаркі Гомельшчыны. Ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі на святочнай сцэне спачатку атрымалі ўладальнікі другіх і трэціх месцаў па выніках абласнога спаборніцтва ў дасягненні найвышэйшых паказчыкаў, а пасля і пераможцы.
Да святкавання ў гарпасёлку ўрачыста адкрылі шэраг абноўленых сацыяльных і грамадска значных аб’ектаў. Так, пасля рэканструкцыі ў Акцябрскім адкрыта Алея Герояў. Новае аблічча набыў устаноўлены без малога сорак гадоў таму мемарыял «Сцяна прысвячэння», на якім змешчаны 21 барэльеф герояў-вызваліцеляў.
У адкрыцці знакавага месца памяці Акцябрскага — знакамітага партызанскага краю — прынялі ўдзел першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, старшыня Акцябрскага райвыканкама Ірына Намачэнка, а таксама госці і ўдзельнікі фестывалю «Дажынкі».
Як нагадалі падчас цырымоніі адкрыцця Алеі Герояў, менавіта на тэрыторыі Акцябрскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічаў партызанскі аэрадром, базіраваліся штабы Мінскага і Палескага партызанскіх злучэнняў, Мінскі падпольны абласны камітэт кампартыі Беларусі. У гэтым партызанскім краі выдаваліся падпольныя газеты: «Звязда», «Чырвоная змена», «Бальшавік Палесся», «Народны мсцівец». У 2009 годзе Указам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі гарпасёлак Акцябрскі быў узнагароджаны Ганаровай граматай і вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».
Да святкавання фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023» у Акцябрскім прымеркавалі яшчэ адзін падарунак жыхарам раёна. У гарпасёлку адкрылі новы спартыўна-забаўляльны комплекс. Тут размясціліся вулічныя трэнажоры, воркаўт-пляцоўкі і зоны для гульні ў футбол, валейбол, баскетбол. Таксама ёсць дзе пакатацца на ролікавых каньках і скейтбордах. Горкі, арэлі і замкавыя комплексы — для самых маленькіх. У тым што, гэты сучасны аб’ект стане цэнтрам карыснай занятасці дзяцей, моладзі і дарослых усяго пасёлка, выказаў упэўненасць старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
На галоўнай плошчы гарпасёлка госці і ўдзельнікі фестывалю працаўнікоў вёскі ў чарговы раз пераканаліся, што «Дажынкі» — свята станоўчых эмоцыі, сяброўства і падтрымкі аграрыяў. Традыцыйна вельмі яркай часткай абласнога фестывалю стала шэсце дэлегацый аграрыяў усіх раёнаў Гомельшчыны. На ўрачыстым прывітанні працаўнікоў старшыня аблвыканкама Іван Крупко перадаў сертыфікаты для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы сельгасарганізацый. Асаблівы падарунак — сельгастэхніка — перададзены аграрыям Акцябрскага раёна.
— Каля 30 камбайнаў, трактароў, культыватараў і глебаапрацоўчых машын. Уся гэтая адноўленая спецыялістамі-рамонтнікамі аграсэрвісу па даручэнні Прэзідэнта тэхніка будзе накіравана ў тыя гаспадаркі, дзе ў ёй ёсць неабходнасць, — звярнуў увагу губернатар.
Цырымонія ўзнагароджання найлепшых прадстаўнікоў сельскагаспадарчай галіны рэгіёну — пераможцаў абласнога спаборніцтва — працягнулася ў цэнтры вольнага часу Акцябрскага. Аб выніках сельскагаспадарчага сезона паўднёвага ўсходу Беларусі распавёў старшыня Гомельскага аблвыканкама. Як звярнуў увагу Іван Крупко, з пачатку года працаўнікі аграпрамысловага комплексу Гомельшчыны вырабілі сельгаспрадукцыі на 5 % больш чым за аналагічны перыяд мінулага года. Аграрыі рэгіёна атрымалі прыбытак больш як 1,6 мільярда рублёў, экспартная выручка на аднаго працаўніка ў галіне перавысіла 9 тысяч долараў.
Агульны ўраджай збожжа, рапсу і кукурузы на Гомельшчыне сёлета перавысіў мільён тон. Значны ўклад у вытворчасць зерня ў вобласці належыць кукурузе. Сёлета агульны намалот гэтай культуры ў рэгіёне ўдвая перавысіў леташні паказчык і склаў больш за 380 тысяч тон. Лідары па ўраджайнасці кукурузы ў вобласці — гаспадаркі Мазырскага і Буда-Кашалёўскага раёнаў.
— У сярэднім па вобласці на ўмоўную галаву назапасілі больш за трыццаць адну кармавую адзінку, што на тры з паловай кармавых адзінкі больш, чым летась, — адзначыў работу аграрыяў па нарыхтоўцы кармоў Іван Крупко.
Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што, нягледзячы на ўсе выклікі сёлетняга сезону, аграрыі Гомельшчыны справіліся з пастаўленай перад імі задачай.
— У першую чаргу хочацца павіншаваць усіх аграрыяў з прафесійным святам і падзякаваць за працу. Год выпрабаваў кожнага паасобку і ўсіх разам. Па выніках дзесяці месяцаў аб’ем вытворчасці таварнай прадукцыі склаў 105,2 працэнта. Гэты вынік дасць развіццё ў 2024 годзе, — перакананы кіраўнік рэгіёна. — Выказваю словы падзякі Прэзідэнту і ўраду за падтрымку. Праведзена сур’ёзная мадэрнізацыя, што дае магчымасць усё рабіць своечасова. Думаю, у 2024 годзе нас чакае сур’ёзны прырост.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.
На прасторах яе вялікасці кнігі.