Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Асноўных дыпламатаў мы павінны перакінуць на тыя кірункі, дзе мы бачым рух


У новы тыдзень — з новай пасадай. Вынікі гэтага кадравага дня ў Палацы Незалежнасці хутка пабачаць у розных частках свету. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў новых Надзвычайных і Паўнамоцных паслоў. 


Аляксандр Чарвякоў змяніў партфель міністра эканомікі на дыпламатычны статус Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Ігар Маршалаў, намеснік Камітэту дзяржаўнага кантролю — дырэктар Дэпартамента фінансавых раследванняў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом у Зімбабвэ.

Гэтых паслоў Аляксандр Лукашэнка запрасіў асобна. Ён растлумачыў гэта тым, што Кітай і Зімбабвэ — краіны надзвычай важныя. Прэзідэнт адзначыў, што з КНР выбудаваны адносіны па асноўных напрамках, кантакты вызначаны. Але з Зімбабвэ Беларусь будуе адносіны не «з белага ліста», заўважыў Прэзідэнт, згадаўшы свой нядаўні візіт у гэту краіну. «Хаця хлеба ўжо дзякуючы нам атрымалі дастаткова, каб людзей накарміць, але работы вельмі шмат», — сказаў беларускі лідар. Па яго словах, у Зімбавэ трэба ствараць дыпламатычнае прадстаўніцтва, шырэй уваходзіць у гэтую краіну. «Тым больш, яны нас чакаюць вельмі. Нас шануюць, мы даказалі, што мы самавітыя людзі. І яны жадаюць, каб мы свае тэхналогіі і ў машынабудаванні, і іншых галінах — будаўніцтве, ахове здароўя, адукацыі (падрыхтоўка кадраў вельмі важная), ды і ў аграрным сектары — пераносілі ў Зімбабвэ», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што не варта забываць і пра супрацоўніцтва з суседнім Мазамбікам, якія таксама зацікаўлены ў наладжванні сувязей з Беларуссю. 

Вяртаючыся да тэмы супрацоўніцтва з Кітаем, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта краіна разам з Расіяй уваходзіць у лік асноўных партнёраў. Кітай дапамагае Беларусі і тэхналанічна, і ў фінансавых адносінах. Кіраўнік дзяржавы разлічвае, што вопыт Аляксандра Чарвякова дасць магчымасць узняць адносіны з Кітаем на больш высокі ўзровень.

«Таму работы будзе дастаткова», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.

У Афрыцы і на далёкім усходзе трэба замацоўвацца

Начальнік галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі Міністэрства замежных спраў Ігар Белы прызначаны паслом Беларусі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтву ў Рэспубліцы Батсвана, Рэспубліцы Мазамбік і Рэспубліцы Намібія. Сяргей Маліноўскі, начальнік галоўнага інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення МЗС Сяргей Маліноўскі — новы пасол Беларусі ў Рэспубліцы Сербіі і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Паўночная Македонія. Раман Раманоўскі, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва галоўнага ўпраўлення Еўропы і Паўночнай Амерыцы МЗС таксама прызанчаны паслом. Ён будзе прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Інданэзіі і па сумяшчальнітву ў Малайзіі, Сінгапуры і Філіпінах. Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў кандыдатуру Аляксандра Мацукова, начальніка ўпраўлення па пытаннях грамадзянства і выезду за мяжу галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС на пасаду Генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у індыйскім горадзе Мумбаі. 

Прэзідэнт пацікавіўся, чым так вызначыліся гэтыя людзі, што менавіта іх кандыдатуры абралі сярод кагорты іншых прэтэндэнтаў. Міністр замежных спраў Сяргей Алейнік адказаў, што ўсе прадстаўленыя супрацоўнікі маюць дыпламатычны досвед працы, які складае больш за 20 гадоў. «Усе супрацоўнікі валодаюць неабходнымі ведамі, навыкамі і маюць досвед працы ў замежустановах, зарэкамендавалі сябе на цяперашніх пасадах у якасці пісьменных спецыялістаў, патрыятычна настроены. Я ўпэўнены, што яны будуць годна прадстаўляць нашу рэспубліку і будуць адстойваць нашы інтарэсы ў гэтых краінах, прасоўваючы ў першую чаргу эканамічны парадак дня, які сёння для нас з’яўляецца прыярытэтам», — сказаў ён. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў вялікія магчымасці супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Афрыканскага кантыненту. Па яго словах, супрацоўніцтва з Мазабмікам павінна будавацца паралельна з супрацоўніцтвам з суседнім Зімбабвэ. «Яны вельмі зацікаўлены ў нас, і мы сваімі тэхналогіямі, асабліва ў аграрна-прамысловым комплексе можам выдатна ім дапамагчы. Праблем там вельмі шмат. У Зімбабвэ сёння вельмі рады, што нарэшце накармілі хлебам людзей. Убраць хлеб не маглі, а зараз убіраюць. Два-тры ўраджаі — і яны забяспечылі сябе галоўным прадуктам. Ну, чаму мы Мазамбіку не можам дапамагчы? Можам. Таму трэба разабрацца ў сітуацыі і галоўны акцэнт рабіць на той краіне, дзе мы вельмі патрэбны і дзе мы можам ім дапамагчы. Ну натуральна, гэта не дабрачыннасць. Зірніце на гэта», — параіў Прэзідэнт новаму паслу. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перспектывы супрацоўніцтва з Сербіяй трэба сур’ёзна вывучыць і найперш — вывучыць, як гэта краіна ставіцца да нашай. «Трэба разабрацца ў той палітыцы, якую Сербія праводзіць і жадае праводзіць у адносінах да Беларусі. Калі яны хочуць, значыць, павінен быць вынік у гандлёва-эканамічных адносінах. Калі яны хочуць віляць хвастом, груба кажучы, і падтрымліваць еўрапейска-амерыканскія санкцыі супраць Беларусі, гэта іх справа, няхай вызначаюцца і падтрымліваюць, калі яны забыліся пра тое дабро, з якім мы ішлі да іх», — сказаў ён. Беларускі лідар настойвае, што трэба ісці да тых краін, якія самі настроены на партнёрскі і канструктыўны дыялог. «Мы выходзім на яшчэ адну праблему, пра якую я казаў. Калі Захад і Амерыка не жадаюць з намі супрацоўнічаць, то добра, будзем „пільнаваць“ свае пасольствы дзе гэта трэба. А асноўных дыпламатаў мы павінны перакінуць на тыя кірункі, дзе мы бачым рух». — сказаў ён. 

Кажучы пра супрацоўніцтва з краінамі паўднёвага ўсходу, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што беларусы там не вельмі зацаваліся. Супрацоўніцтва з гэтымі краінамі характарызуецца, па яго словах, некалькімі эпізадычнымі гандлёва-эканамічнымі кантактамі. «Трэба замацоўвацца. Інданезія, Малайзія, ды і Сінгапур гэта цікавыя для нас краіны і ўсюды мы павінны паўтара-два праекты знайсці. Гэта найважнейшая задача», — заявіў Прэзідэнт. 

Па яго словах, генеральнае консульства ў індыйскам Мумбаі павінна працаваць разам з пасольствам. «У Дэлі трэба аб’ядноўвацца, гэта адназначна. Аб’ядноўвацца, не дзяліць там пасольствы, консульскія падраздзяленні. Калі трэба ўзмацняць, значыць, трэба ўзмацняць. — сказаў ён. Мы павінны наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва з Індыяй, якое будзе выяўляцца найперш у гандлёва-эканамічных адносінах. Глабальная краіна, велізарная, мы павінны бачыць там сваю цікавасць».


У тэму 

Асноўная задача — інтэнсіўны дыялог, у цэнтры якога эканамічнае супрацоўніцтва 

«Кітай для нас адзін з галоўных стратэгічных партнёраў. Літаральна за дзесяцігоддзе наш тавараабарот узрос практычна ў 1,7 раза. У мінулым годзе гэты паказчык дасягнуў 5,7 мільярда долараў. У гэтым годзе па экспарту ў нас каля 1,4 мільяды пры тым, што за ўвесь мінулы год нашы пастаўкі складалі 1,6 мільярды. Мы бачым, як актыўна пачынаюць працаваць з кітайскім рынкам нашы прадпрыемствы, хаця ёсць і пэўныя цяжкасці — гэта і адлегласць, і моўны бар’ер», — падкрэсліў Аляксандр Чарвякоў у размове з журналістамі. Ён расказаў, што кіраўнік дзяржавы паставіў задачы па зняцці бар’ераў і павелічэнні беларуска-кітайскага тавараабароту. Гэта першы блок задач для новага пасла. Усяго іх тры — гандлёва-эканамічны, палітычны і гуманітарны. «Па гэтых трох блоках пастаўлены пэўныя задачы. Але стрыжнем з’яўляецца эканоміка. У першую чаргу намаганні будуць накіраваны на тое, каб нашыя эканамічныя сувязі пашыраліся і паглыбляліся. На наступны год нашай мэтай з’яўляецца дасягненне 2,5 мільярда экспарту. І на дасягненне гэтай мэты мы будзем працаваць. А для гэтага неабходна выбудаваць правільную лагістыку, зняць бар’еры на шляху, забяспечыць каналы паставак і фінансавання. Гэтыя пытанні павінны разглядацца ў комплексе і па кожным з напрамкаў павінны быць прыняты меры, якія забяспечаць бесперашкодны рух тавараў і грошай», — сказаў Аляксандр Чарвякоў. 

Задачы, звязаныя з павелічэннем тавараабароту, стаяць і перад паслом Беларусі у Зімбабвэ Ігарам Маршалавым. «Ёсць шмат дзейных кантрактаў. Ёсць таксама кантракты і на наступны год. Задача стаіць па ўдзеле Беларусі ў механізацыі гэтай краіны. Ужо сёлета там быў атрыманы добры ўраджай, у тым ліку дзякуючы беларускай тэхніцы. Ёсць задачы па абслугоўванні гэтай краіны тэхнікай, навучанні персаналу. Будзем над гэтым працаваць», — падкрэсліў дыпламат.

Літаральна некалькі дзён таму, падчас наведвання завода «Крышталь» у Гомелі, Прэзідэнт заўважыў, што краіны Афрыкі цікавыя Беларусі і сваёй алмазнай сыравінай. Работа ў гэтым накірунку таксама — адказнасць пасла ў Зімбабвэ. «Нетры краін Афрыкі вельмі багатыя, і многія дзяржавы свету імкнуцца гандляваць з імі. Беларусь мае пэўныя кампетэнцыі, якія нам будзе цікава рэалізаваць у тым ліку і ў Зімбабвэ», — сказаў Ігар Маршалаў.

«Што да ПАР, то мы не будзем абмяжоўвацца толькі пастаўкамі нашай прадукцыі. Мы будзем працаваць над вытворчай кааперацыяй — зборкай нашай сельскагаспадарчай тэхнікі ў першую чаргу. Поўдзень Афрыкі вельмі багаты на карысныя выкапні, а ў нас ёсць вельмі добрыя кампетэнцыі і ў кар’ернай тэхніцы, і ў горнай здабычы. Гэты напрамак таксама не застаецца за кадрам», — расказаў Ігар Белы, які прызначаны паслом Беларусі ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Ён нагадаў, што ПАР —член БРІКС. А Беларусь падала заяўку на ўступленне ў гэту арганізацыю. Таму палітычная частка работы пасла таксама будзе насычанай. «Будзем прасоўваць гэтую тэму. Калі мы паглядзім на эканоміку, то ПАР — практычна самая развітая краіна Афрыкі, таму перспектывы ёсць», — адзначыў Ігар Белы. Ён таксама па сумяшчальніцтве будзе акрэдытаваны ў якасці пасла Беларусі ў Батсване, Мазамбіку і Намібіі. «Лагістыка цяпер — гэта ахілесава пята нашага знешняга гандлю. Таму будзем вырашаць і лагістычныя пытанні. Эканоміка Мазамбіка падобная да эканомікі Зімбабвэ. У Зімбабвэ ў нас вельмі добрыя вынікі, таму маёй задачай будзе перанесці вопыт нашай работы ў Зімбабвэ на Мазамбік. і дабіцца такіх жа вынікаў», — сказаў дыпламат. Ён звярнуў увагу, што на афрыканскім рынку зараз прысутнічаюць не толькі еўрапейцы. «Практычна ўвесь свет усведамляе, што за Афрыкай будучыню і без Афрыкі мы не зможам забяспечыць наш эканамічны рост. Таму канкурэнцыя там вельмі жорсткая, асабліва ў ПАР. Але я думаю, што наша якасная прадукцыя зможа выйграць гэту канкурэнцыю», — адзначыў Ігар Белы. 

Сяргей Маліноўскі, прызначаны паслом у Сербію, падкрэсліў, што гэта краіна з’яўляецца гістарычна блізкім партнёрам для Беларусі. Але, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, не ўсё ў нашых адносінах на сёння развіваецца так, як хацелася б. «Таму адна з маіх асноўных задач — гэта інтэнсіўны дыялог па палітычнай лініі, удакладненне пазіцый. Вядома ж, Беларусь заўсёды падтрымлівала і падтрымлівае Сербію ў прынцыпова важных для яе пытаннях. Беларускі бок гэтак жа чакаў бы і разлічваў на аналагічны падыход сербскага боку», — сказаў Сяргей дыпламат. Паводле яго слоў, сітуацыя ў еўрапейскім рэгіёне і санкцыйная палітыка Захаду не могуць не ўплываць на беларуска-сербскія адносіны. «У гэтым ракурсе неабходна будзе больш дакладна разабрацца і зразумець, дзе асноўныя праблемы, і шукаць шляхі, па якіх мы можам актывізаваць і нарасціць нашы адносіны і ў палітычнай, і ў гандлёва-эканамічнай плоскасці», — адзначыў ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Каб выбары —  як свята

Каб выбары — як свята

Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.