Вы тут

«Аграсядзібы павінны адпавядаць беларускаму каларыту»


Напачатку года ў краіне ўступіў у сілу Указ № 351 «Аб развіцці аграэкатурызма». Чарговы нарматыўны акт накіраваны на больш дасканалае рэгуляванне папулярнай турыстычнай сферы, што дазволіць павысіць якасць абслугоўвання. А вось вядзенне гасцінічнага і рэстараннага бізнесу пад відам аграсядзібаў Указам забараняецца. Таксама бяруцца пад ахову правы жыхароў, дамы якіх знаходзяцца паблізу турыстычных аб’ектаў. Акрамя гэтага, усе суб’екты гаспадарання павінны прайсці перарэгістрацыю і атрымаць дазвол адпаведнага райвыканкама на ажыццяўленне сваёй дзейнасці.

Аб тым, як праходзіць гэты працэс на Гродзеншчыне — у размове з намеснікам начальніка абласнога ўпраўлення спорту і турызму Таццянай Лідзяевай і гаспадарамі аграсядзібаў.


Класіка

З’яўленне новага ўказа прадыктавана некалькімі перадумовамі. Але галоўны пасыл быў скіраваны на тое, каб аграсядзібы адпавядалі іх першаснаму прызначэнню і займаліся дзейнасцю ў рамках сваёй сферы. А кірункаў для развіцця нямала. Як зазначыла Таццяна Лідзяева, акцэнт тут робіцца на самабытнасці беларусаў — нацыянальнай кухні, абрадах, майстар-класах, народных святах і гульнях, батлеечных прадстаўленнях і многім іншым. Многія аграсядзібы менавіта так і працуюць, кожная імкнецца знайсці і прапанаваць свой адметны стыль, цікавыя турыстычныя маршруты, водныя сплавы, конныя падарожжы і гэтак далей.

— Людзі едуць не дзеля таго, каб проста паесці і паспаць, а каб убачыць нешта цікавае. Патрабаванні турыстаў на паслугі пастаянна растуць, і на такія сядзібы заўсёды ёсць попыт, асабліва падчас свят, школьных канікул. Многія імкнуцца правесці час цікава і змястоўна, каб гэты перыяд запомніўся як нешта цёплае, утульнае, нібы вяртанне ў дзяцінства. На такі адпачынак цяпер расце попыт, будучыня за такімі аграсядзібамі, — упэўнена субяседніца.

А калі дадаць сюды наведванне мясцовых славутасцяў, знакамітых архітэктурных аб’ектаў, адпачынак набывае яшчэ і глыбокі пазнавальны сэнс. Аграсядзібы гатовы скарыстацца паслугамі атэставаных экскурсаводаў, прадаставіць транспарт, працаваць з турыстычнымі фірмамі. Усё гэта садзейнічае развіццю ўнутранага турызму.

Такіх правілаў трымаюцца не ўсе гульцы. Некаторыя па ходу справы пераключыліся на гасцінічны і рэстаранны бізнесы. Новы ўказ адрэгуляваў гэту дзейнасць, вынікі бачны ўжо цяпер.

Плюс абавязацельствы

Трэба сказаць, што заканадаўства ў сферы аграэкатурызму даволі лаяльнае. Мала якая дзейнасць мае столькі прэферэнцый. Першы Указ 2006 года дазваляў весці бізнес з гадавым падаткам у адну базавую велічыню. Дзейнічаў паведамляльны прынцып з боку заяўніка. Гаспадар інфарміраваў раённыя ўлады аб тым, што ён пачынае дзейнасць у сферы аграэкатурызму.

Дзякуючы такому спрыяльнаму падыходу колькасць аграсядзіб пастаянна расла. Пазней адну базавую гаспадары пачалі плаціць кожны месяц. Тыя, хто быў проста зарэгістраваны, вырашылі справу не пачынаць. Яшчэ частка суб’ектаў гаспадарання спыніла сваю дзейнасць пасля прыняцця сёлетняга ўказа. Такім чынам, у Гродзенскай вобласці да фінішнай прамой дайшлі 252 сядзібы, з іх — 23 новыя. Усе яны адпавядаюць новым патрабаванням і збіраюцца працаваць па новых правілах. У чым іх сутнасць?

Па словах Таццяны Лідзяевай, тут некалькі істотных момантаў. Згодна з указам, на змену паведамляльнаму прынцыпу прыйшоў дазваляльны. Цяпер недастаткова проста заявіць аб сваім жаданні весці аграэкатурыстычны бізнес, трэба атрымаць дазвол райвыканкама на ажыццяўленне сваёй дзейнасці. Райвыканкамам дадзена права вызначаць, хто будзе адносіцца да суб’ектаў дадзенага віду дзейнасці. Гэта мера дазволіць уплываць на сядзібы, на якія скардзяцца мясцовыя жыхары. Дарэчы, у Гродзенскай вобласці няма населеных пунктаў, на тэрыторыі якіх не дапускаецца дзейнасць аграсядзіб.

— Аграэкатурызм — гэта не здача па найму памяшкання, не той выпадак, калі гаспадар пакінуў ключы кампаніі і з’ехаў. Кампаніі бываюць розныя, ёсць і шумныя, што не вельмі станоўча ўспрымаецца мясцовымі жыхарамі. Такая сітуацыя можа адбывацца кожныя выхадныя. Асабліва гэта датычыцца сядзіб, якія знаходзяцца паблізу гарадоў — як раённых цэнтраў, такі і абласнога. 

І нейкіх рычагоў уздзеяння на іх не было, таму што гэта не юрыдычная асоба, у адносінах да якой можа распаўсюджвацца заканадаўства ў сферы захавання ўзроўню шуму, абмежаванні па правядзенні мерапрыемстваў і гэтак далей, — тлумачыць Таццяна Лідзяева.

Яна ўдакладняе, што новаўвядзенне накладвае абавязацельствы на гаспадароў аграсядзіб за парушэнне грамадскага парадку і спакою жыхароў, захоўванне санітарных нормаў, прыродаахоўных патрабаванняў, пажарнай бяспекі. Больш таго, аказанне паслуг у сферы аграэкатурызму ў непасрэднай блізкасці ад жылых дамоў дапускаецца толькі з пісьмовага дазволу суседзяў.

Змяніўся і прынцып падаткаабкладання. Замест 37 рублёў штомесячна выплачваецца падатак на прафесійную дзейнасць у памеры 10% ад аб’ёму выручкі. Для пенсіянераў, дарэчы, выплаты складаюць 4%. Але калі няма заробку — плаціць не трэба. Пры гэтым ёсць права скарыстацца былым падаткам. Як паведаміла субяседніца, такі дазвол атрымалі ў рэгіёне 46 сядзіб, якія ў значнай ступені нясуць на сабе сацыяльную функцыю, даўно працуюць, не маюць скаргаў, у адпаведнасці са сваім прызначэннем праводзяць святы. Многія працуюць з інвалідамі, дзецьмі, ладзяць байдарачныя сплавы, святы і абрады. Яны не атрымліваюць вялікі заробак, але выконваюць менавіта тую функцыю, якая і была закладзена для аграсядзіб. Большасць суб’ектаў аграэкатурызму перайшлі на прафесійны падатак. Перад гаспадарамі сядзіб стаіць задача знаёміць турыстаў з прыродай населенага пункта, архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі традыцыямі і каларытам. Да пераліку паслуг дададзены майстар-класы.

Правілы, якія ўстанавіў новы ўказ, скіраваны на турыста, які цікавіцца народнымі традыцыямі, жадае правесці час бліжэй да прыроды і атрымаць новы досвед і эмоцыі. Попыт на ўнутраны турызм расце, і трэба яго задаволіць, лічыць намеснік кіраўніка спартыўна-турыстычнага ўпраўлення вобласці.

— Правядзенне вяселляў і карпаратываў указам дазваляецца. Але даволі часта пад відам аграсядзібы працавалі гасцінічныя комплексы, якія не прапаноўвалі турысту іншых паслуг. Мы не баяліся змяншэння суб’ектаў аграэкатурызму. Стаўка робіцца на тыя сядзібы, якія гатовы прымаць турыстаў згодна са сваім прызначэннем, мець не толькі прэферэнцыі, але і выконваць абавязацельствы, — падкрэсліла Таццяна Лідзяева.

Дарэчы, новыя правілы даведзены да ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Больш таго, створаныя ў райвыканкамах камісіі выязджалі і знаёміліся з аграсядзібамі перад тым, як даць дазвол на іх дзейнасць. У полі зроку камісій — выкананне санітарна-гігіенічных нормаў, супрацьпажарная бяспека, адпаведнасць памяшканняў свайму прызначэнню і г. д. Сядзібы прайшлі гэту стадыю і працуюць далей.

З уласным сырам і экскурсіяй

Большасць аграсядзіб рэгіёна — 60% — размешчаны ў 20-кіламетровых зонах гарадоў. Менавіта яны карыстаюцца попытам у турыстаў. Нямала сядзіб знаходзіцца вакол абласнога цэнтра. Напрыклад, у вёсцы Тарусічы працуе ўнікальны аб’ект, дзе вараць хатнія сыры. Гасцей запросяць у сыраварню, пазнаёмяць з асаблівасцямі вытворчасці прадукту і абавязкова прапануюць яго пакаштаваць. «Гэта наша сямейная справа», — удакладняе Анастасія. Бізнес разлічаны на сямейны адпачынак, адпавядае ўсім нормам і правілам. Што датычыцца новых правілаў па падатках, яны, па словах гаспадыні, больш зручныя. Ёсць турысты — заплацілі фіксаваны працэнт ад чэка, няма гасцей — і плаціць нічога не трэба. Адзінае, што выклікае нараканні гаспадыні — высокі кошт рэкламы, якая, уласна кажучы, з’яўляецца пастаўшчыком турыстаў. Тым не менш, адмаўляцца ад сваёй дзейнасці яна не плануе, як і ад вытворчасці сыроў. Гэты працэс наладжаны, сыры робіць бабуля па старых рэцэптах.

Ёсць свая фішка і на сядзібе ў вёсцы Падлабенне. Гаспадыня Ульяна расказала, што комплекс узведзены «з нуля» сем гадоў таму, і гэта сапраўдная сядзіба-музей з прадметамі былога побыту і іншым антыкварыятам. Ёсць свой сад і агарод, для гасцей праводзяцца экскурсіі па наваколлі. Тут з самага пачатку рабілася стаўка на мерапрыемствы. Цяпер ад дадатковых паслуг — здачы ў арэнду ўсяго комплексу — альбо трэба адмовіцца, альбо афармляцца як індывідуальны прадпрымальнік, кажа Ульяна. Яна пралічвае перспектывы далейшай дзейнасці і не выключае, што адновіць работу ў новых умовах. «Гэта наш сямейны бізнес, мы ўкладваем не толькі сілы і сродкі ў развіццё сваёй справы, але і душу», — заўважае Ульяна. Яна ўпэўнена, што нельга адмаўляцца ад напрацаванага за гэтыя гады, трэба наадварот — выходзіць на новы ўзровень работы.

— Сістэма працы ў новых умовах лаяльная, — лічыць Таццяна Лідзяева. — Проста трэба сумленна працаваць у тым напрамку, дзеля якога і ствараўся гэты турыстычны сектар. А перспектывы тут даволі значныя. Ёсць шмат кірункаў, дзе аграсядзібы могуць прапанаваць свой прадукт.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.