Вы тут

Што цікавага «хаваецца» на старонках дзённікавых запісаў Максіма Лужаніна


Максім і Жэня... Калі ўжо, здаецца, напісалася рабочая назва гэтага матэрыялу з двух імёнаў, падумалася: занадта проста і не зусім адпаведна рэчаіснасці. Свайго мужа Аляксандра Каратая, вядомага пад псеўданімам Максім Лужанін (1909–2001), Яўгенія Пфляўмбаўм (1908–1996) называла Алесем. Але ў напісаным убачылася своеасаблівая сімвалічнасць, несвядомая далучанасць да сучасных інтэрпрэтацый вакол гэтага неардынарнага творчага сужэнства.


Максім Лужанін, 1930 г.

Паэт — заўсёды загадка, а ў выпадку з Лужаніным і Пфляўмбаўм жыццёва-творчых таямніц і пытанняў назбірваецца з нязменным памнажэннем на два. Побач з міфалагізаванымі ўяўленнямі і вольнымі меркаваннямі ёсць магчымасць прадставіць сямейную гісторыю, грунтуючыся на архіўных матэрыялах. Адзін з важкіх факталагічных крокаў у гэтым напрамку быў зроблены, калі ў часопісе «Нёман» (2011, №№ 6–7) пабачыла свет перапіска М. Лужаніна і Я. Пфляўмбаўм 1930–1946 гг. у перакладзе на рускую мову Таццяны Куварынай. У прадмове Марына Ліс, супрацоўніца Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, распавяла гісторыю фарміравання персанальнага фонду № 17 (2577 адзінак захавання), сумесную працу з патрыярхам беларускай літаратуры. 

Сёння ў стадыі апрацоўкі знаходзяцца дзённікі Максіма Лужаніна, у якіх сучаснасць пераплятаецца з мінуўшчынай. Аўтар гэтых радкоў звярнуўся да асвятлення ў іх найбольш складанага перыяду жыцця — перадваенныя і першыя ваенныя гады, калі дзве яркія асобы праходзілі этап выпрабавання сваіх пачуццяў, разрыву і сямейнага ўз’яднання.

Вядома, творчае маўчанне Яўгеніі Пфляўмбаўм доўжылася шмат дзесяцігоддзяў. На розных экзэмплярах урэшце прычаканай кнігі «Сувой жыцця» (Мінск, 1989) паэтэса пакінула дарчыя надпісы, адрасаваныя мужу: «Алесю Каратаю. Табе з падзякаю за вызваленне радкоў»; «На добрае ці на благое — нас толькі двое... Жэня».

Звернемся і мы да «вызваленых» старонак дзённікавых і мемуарных запісаў Максіма Лужаніна.


7 ліпеня 1997 г. <...> Зайшла Л. Рублеўская... Яна аж здрыганулася, пачуўшы, што ў Маскве некаторы час мы з Яўгеніяй Эргардаўнай жылі асобна, і ў мяне нарадзілася дачка не ад яе. Няма чаго рабіць з гэтага нейкую таямніцу, веданне біяграфіі дапамагае высветліць прычыны смуткаў, цяжкіх настрояў, скаргаў у паветра ў кнігах Жэні. Дарэчы, яна па-матчынаму ставілася да беднай маёй Алёнкі. Вырашыўшы перамагчы ў сабе паэтку, яна хацела мець дзіця, сталы дах і ўтулак. Ні таго, ні другога, ні трэцяга не было, бадзяліся па кутах у Маскве, не маючы права ўзяць гаспадарскую кнігу з паліцы, пераставіць стол ці крэсла. А галоўнае — няўпэўненасць: сёння жывеш, заўтра папросяць выбірацца, а на аплату таго жытла ішла большая палавіна нашых, далёка не тлустых заробкаў. За няпоўныя два гады мы змянілі безліч такіх прыпірышчаў: Кадашоўская набярэжная, Кіслаўскі завулак, Малая Пірагоўская, нарэшце, Плюшчава (пасёлак, куды хадзіла электрычка) у недабудаваным доме ВАСХНІЛ, дзе лілася з радыятараў вада, свістаў вецер у дрэнна пашклёныя шыбы. Як убіліся туды? Праз выдавецтва ВАСХНІЛ, дзе працавала Жэня. І гэта было шчасце! Асобны пакой, стол, два ложкі. Я купіў гаечны ключ, падцягнуў гайкі ў батарэях, пара кіло замазкі ўцяпліла вокны. Стала прыстойна, да нас нават прыязджалі госці: Янка Бобрык, Юлі Таўбін, Сяргей Дарожны.

А Зіна Бандарына жыла з месяц, праўда, спала на нейкім мяху каля акна.

Невыгоды батавання лёгка касаваліся. Няхай сабе гарлаюць у суседнім пакоі ўлюбёны ўсімі п’янымі «Камыш». Няхай сабе дзьме ў скалочанай з апалкаў прыбіральні з выпісанымі на дзвярах дакорамі некаму з жыхароў: «Пазор дяди Хвосту, у яво дзевки бальшыя, сматреть надо», «Катерина, Катерина, тибе надобна... дубина! Зачим вчерась ходила в Перово?». І другім почыркам: «Она не была в Пирови. Она с Ванем в кустах лежала». Некалі я спісваў гэта ганьбаванне Хвасту і Кацярыне, лісток згубіўся, дый ці варта ўсё ўспамінаць.

Дзіця Жэня хацела мець даўно. Ды не ў Сібіры было гадаваць яго. І не пад нашымі часовымі дахамі. У Плюшчаве гэта прага адрадзілася востра. А на з’яўленне дзіцяці нішто не паказвала. Кінуліся правярацца ў дактароў: няма адхіленняў ні ў таго, ні ў другога.

Пачалася нервознасць. Дактары: чаму ты так позна прыйшоў (прыйшла), дзе быў (была)? Да сварак даходзіла, да слёз. З абодвух бакоў. Плакаў і я, выходзіў у калідор, хаваўся, або хадзіў наўкруга дома, высушваючы вочы. Дый нашто цяпер таіцца перад сабою, скажам уголас: блізка была электрычка — спакушалі рэйкі.

Вясною 1938 папярэдзілі — выязджаць і з гэтага апошняга лагва. З тою навінаю яна паехала на май да бацькоў. Хлапчук-пасыльны прынёс ёй у вагон, на пэўнае месца, букет гартэнзій. «Прыгожыя кветкі?» — спыталася. Я адчуваў: калі нехта ведаў вагон і месца, значыць, былі спатканні, усё расказала пра ад’езд.

Праз дзень ці два паехаў у Мінск і я. Да бацькоў яе не зайшоў, спыніўся ў знаёмых, з імі і святкаваў. На ад’ездзе наведаўся да яе, маці сустрэла як чужога, самóе ў хаце не было.

Яўгенія Пфляўмбаўм, 1926 г.

Як на тое, вярталіся ў Маскву ў адным вагоне, пустым. Селі ў адно купэ і, слова за слова, пасварыліся моцна: быў успамянуты той букет кветак і яшчэ дробязі, якія і ёй, і мне здаваліся тады нясцерпнымі. Хто першы надумаўся кінуць: «давай разыходзіцца», не помню. 

Пад’язджаючы пад Маскву, я вырашыў: так і трэба рабіць. Бушавала хваля змагання з «ворагамі», саджалі другім паваротам: Юлі і Змітрок ужо зніклі. Нічыпар Чарнушэвіч, чакаючы электрычкі на вакзале, шапянуў, што сушыць сухары. Чым жа я лепшы? Забяруць, а што з ёю? Ехаць услед за мной, як у 1933? Не, забяруць самую і таксама кінуць у лагер — былі ўжо весткі, што чыняць расправы з сем’ямі. А так не зачэпяць, яна будзе паасобку.

Узважыўшы доказы «pro i contra», я пацвердзіў згоду на разыходжанне. Яна збялела, махнула хустачкай на твар і аднымі вуснамі прашаптала: «Хай так!»

Пад стары дах мы ўжо не вярнуліся, начавалі ў знаёмых, я — на Зацэпе, яна — на Трубнай, у стрыечнай сястры.

Было і яшчэ адно меркаванне, не выказанае ўголас, але, відаць, турбавала яно не толькі мяне. А, можа, у яе створыцца сям’я, будзе дом, адданы чалавек — нішто і з твару, і з постаці, і з пасады? Магчыма, і дзіцёнка бусел прынясе? Бывае ж, памыляюцца дактары, і ў адсутнасці дзіцяці вінны выпадковасці.

Першыя дні па расстанні, і <нечытэльна> ляжаць каменем на плячах. Пошукі жытла забралі ўвесь вольны ад работы час: раз’езды па Маскве і ў ваколіцах.

Ездзіў з Беларускага вакзала ледзь не ў канец прыгараднага маршруту, дзе ў сляпой і халоднай хаціне туліўся ледзь не да апошніх дзён сваіх яе айчым. Не атрымлівалася нічога: ці «самім цесна», ці «выпусцілі ўжо налета».

Нарэшце выдавецкі супрацоўнік нараіў прыстойны пакойчык, амаль у цэнтры, праўда шумнаваты крыху, затое выпускалі яго аж на два гады. 

Я схапіўся за перавоз і перанос параскіданых па ўсіх сваіх прытулках рэчаў, тоячы затлелую ў душы надзею: а можа, прыйдзе яна, зірне і ўсё будзе так, як і раней. 

Прыбраўся, уладзіўся, надзеў лепшанькую сарочку і пінджачок і пазваніў, запрасіў глянуць. Яна прыйшла таго ж вечара, упадабала, пакаштавала глыток ікему ў аплеценай саломкаю бутэльцы. Пасядзела з паўгадзіны, сабралася адыходзіць, вярнулася, пацалавала мяне ў лоб і з сумнаватай усмешкай зачыніла за сабой дзверы…

Той самы рытуал быў прароблены, калі яна атрымала пакой (праз сваё ўплывовае выдавецтва), былі і ўлазіны, была яе маці, быў той жа развітальны пацалунак у лоб.

Мы не гублялі адно аднаго з вока. Званілі з работы, я прыносіў ёй лекі, калі хварэла, выконваў дробныя даручэнні для айчыма і маці.

Адыходзячы на прызвы 3/VIII.41, перавёз да яе кнігі і ацалелыя ад ператрусу ў Мінску рукапісы — іх захавалі бацькі. Калі ж пераступіў яе парог улетку 1942, прыехаўшы з Іванава атрымліваць прызначэнне у МЦА, адчыніла дзверы, спляснула рукамі і са слязьмі абняла за шыю.
Такім чынам пачалося ізноў усё спачатку.

Лісты яе пад Сталінград і ў шпіталь захоўваў, чытаў кожную вольную хвіліну і адчуваў, наколькі лягчэй трываць бамбёжкі, артналёты, свіст выпадковых куль над вухам — яна падтрымлівала мяне за руку, не давала знікнуць пад зямлёю.

Як ні шкада, з лістоў тых застаўся толькі адзін, на адвароце якога мае сябры па шпіталі паведамілі ёй аб маёй выпісцы, назваўшы яе «Еўдакія».

Кніга паэзіі «Сувой жыцця» (1989) з дарчым надпісам аўтара, адрасаваным Алесю Каратаю (Максіму Лужаніну)

Што ў датах і абставінах нашага разрыву не памыляюся, ёсць сведчанні. Зусім нядаўна расшукаў у чарнавіках два лісты: адзін — не хачу брудзіць паперы іменем, вярнуся пазней, другі — ад маці (рукой айчыма). З ліста маці чуваць, што нялёгка было дачцэ ў першыя дні нашага жыцця паасобку. Напісала і папрасіла, каб маці прыехала, а той, відаць, нязручна было, бо выказала жаданне прыехаць пазней, хоць і турбавалася: «как ты там одна устроилась». Мінскі ліст напісаны і адасланы 17.V.38, і, мусібыць, ёсць адказам на яе ліст з Масквы, дзе расказвалася аб тым, што ў нас адбылося.

Не ведаю, ці прыязджала маці тады, але неўзабаве яны з айчымам перабраліся бліжэй да дачкі: айчым спачатку настаўнічаў у Істры, 
а калі яе захапілі немцы, — у падмаскоўным Давыдкаве, дзе добрыя дзяўчаты з зенітнага батальёна прыносілі «настаўніку» цэлую балею поліўкі, успомніў і цяпер стала смачна, як тады. Разам з Ж. пахавалі на Ваганькавых могліцах, спачатку маці, а пасля і старога. Я наведваў яго ў бальніцы на Пірагоўскай, ледзь пазнаў, саслаб вельмі і быў як быццам не ў сабе.

Маці нібы ў ваду глядзела («как ты там одна»), ні ў адным кутку, дзе Ж. даводзілася туліцца, колькі ні заходзіў куды, не знаходзілася і следу чые-небудзь прысутнасці. Ні даху свайго не атрымалася, ні дзіцяці, ні добрага чалавека поруч.

Недзе ў накідах яе вершаў на рускай мове знайшоў недакончаныя радкі:

Набирал он высоту

На мечту.

Хоть и был он у высот,

Да не тот. 

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

Ілюстрацыі з фондаў ЦНБ НАН Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.