Вы тут

Гісторыя савецкага байца аб’яднала Гомельшчыну і Запаляр’е


У мінулым годзе «Звязда» на сваіх старонках і інтэрнэт-рэсурсе першай апублікавала дзіўную гісторыю лёсу ўраджэнца Добрушскага раёна Барыса Добшыкава. Герой Вялікай Айчыннай вайны 80 гадоў лічыўся знікшым без вестак. Астанкі байца былі ўзняты падчас пошукавай экспедыцыі ў Мурманскай вобласці. Асаблівай радасцю для пошукавікоў стаў знойдзены «смяротны медальён» Барыса Добшыкава. Неверагодна, але у ім добра захаваўся папяровы ўкладыш з прозвішчам і хатнім адрасам байца. Значна дапамог пошукавікам на самым пачатку дакладна разабрацца з данымі смяротнай запіскі пазаштатны фатограф газеты «Звязда» Андрэй Феакцістаў. 


Звязда прыцягвала сачыць за тым, як разгортвалася гісторыя. На малой радзіме адшуканага героя памяць аб ім захоўвала яго родная пляменніца Тамара Аднавочка. Менавіта Тамара Уладзіміраўна і яе родныя прынялі рашэнне прасіць вярнуць з Запаляр’я на радзіму астанкі сваяка. Амаль праз чатыры месяцы тады на мурманскай зямлі правялі цырымонію ўрачыстай адпраўкі астанкаў у Беларусь. Савецкі баец знайшоў вечны спачын на могілках у роднай вёсцы ў Добрушскім раёне. Як і каму ўдалося выканаць гэтую адказную місію, «Звязда» таксама падрабязна расказала

Між тым днямі ў Гомелі адбылася яшчэ адна важная падзея, звязаная з імем таго самага адшуканага праз 80 гадоў паўшага героя вайны Барыса Добшыкава. Капсулу з зямлёй з магілы ўраджэнца Добрушчыны ўрачыста перанеслі ў гомельскую капліцу ў гонар святога князя Аляксандра Неўскага, прысвечаную воінам-вызваліцелям. Гэты невялічкі храм у цэнтры Гомеля быў адкрыты ў мінулым годзе. Ён цалкам аднаўляе гомельскую Аляксандраўскую капліцу 1880-х гадоў, якая знаходзілася на Рынкавай плошчы насупраць Петрапаўлаўскага кафедральнага сабора. Так, дзякуючы ініцыятыве Гомельскай епархіі цяпер кожны жыхар і госць горада над Сожам можа памаліцца аб спачыне загінулых за веру і Айчыну воінаў. У капліцы захоўваецца 990 капсул з зямлёй з брацкіх магіл і воінскіх пахаванняў з усіх раёнаў Гомельскай вобласці, а таксама капсулы з зямлёй з тых месцаў, дзе ў ваеннае ліхалецце людзі перажылі пакуты і трагедыі, — з мемарыяльнага комплексу «Азарыцкі лагер смерці» ў Калінкавіцкім раёне і мемарыяла «Помнік дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны» ў Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна. Цяпер тут будзе захоўвацца і капсула з зямлёй з магілы Барыса Добшыкава. 

У цырымоніі перадачы капсулы прынялі ўдзел сваякі загінулага героя. Для роднай пляменніцы савецкага байца Тамары Аднавочка і яе сям’і гэта вельмі важная падзея. Яны нагадалі, што Барыс Добшыкаў нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і, для якой вера была не проста фармальнай традыцыяй. Бацька героя служыў дыяканам. Па ўспамінах пляменніцы, яе дзядуля і бабуля да канца жыцця працягвалі маліцца за без вестак зніклага сына — воіна Барыса. 

— Мы сардэчна дзякуем пошукавікам, святарам, вайскоўцам, проста неабыякавым людзям — усім, хто прымаў удзел вяртанні астанкаў Барыса Добшыкава на родную зямлю. Нельга навучыцца любіць жывых, калі не ўмееш захоўваць памяць аб загінулых. Будзем шанаваць памяць сваіх продкаў, салдат, якія заваявалі для нас мірнае жыццё, — падзялілася ў размове з журналістамі родная пляменніца Барыса Добшыкава Тамара Аднавочка.

У дзень 80-й гадавіны вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у капліцы святога князя Аляксандра Неўскага прайшла паніхіда па ўсім загінулым у баях у гады Вялікай Айчыннай вайны.

— У тым годзе аб’яўлена акцыя «Мы жывыя, пакуль мы памятаем». Яна праводзіцца сумесна з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі горада і вобласці. Выхаванцы школ будуць вывучаць месцы пахаванняў, аднаўляць памяць аб тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля нашай светлай будучыні. Такім чынам падзеі 80-гадовай даўніны, лёсы тых людзей, герояў вайны знойдуць водгук у душы і сэрцы нашых суайчыннікаў, — распавёў епіскап Светлагорскі, вікарый Гомельскай епархіі Амвросій (Шаўцоў).

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Гомельскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Натурпрадукт у спадчыну

Натурпрадукт у спадчыну

Як Якуб Колас атрымліваў па два ўраджаі з адной градкі, і што з «даўно забытага старога» актуальна на хвалі цікавасці да эказемляробства.

Экалогія

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Заклікаюць скарачаць выкіды CO2 аж да нулявых паказчыкаў, укараняць зялёныя тэхналогіі.

Грамадства

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

Праваахоўнікі расказалі, як маладых людзей вярбуюць для распаўсюджвання наркотыкаў і чым гэта звычайна заканчваецца.

Грамадства

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

Аб тым, як праходзіць Адзіны дзень галасавання, — у паведамленнях нашых карэспандэнтаў.