Засведчыць тастамент, атрымаць пасведчанне аб праве на спадчыну і здзейсніць шэраг іншых натарыяльных дзеянняў можна будзе неўзабаве аддалена, не выходзячы з дому. Пашыраецца шэраг бясспрэчных патрабаванняў, спагнанне па якіх адбываецца на падставе выканаўчага надпісу натарыуса, а таксама пашыраецца адказнасць натарыуса за вытрымліванне вызначаных законам патрабаванняў. Мяркуецца, што чарговыя карэкціроўкі Закона «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці» будуць прынятыя парламентам Беларусі ў найбліжэйшы час, і натарыусы ўступяць у новы год з абноўленым заканадаўствам. Удзельнікі міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 10-годдзю прыняцця Указа Прэзідэнта № 523 «Аб арганізацыі натарыяльнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», закранулі гістарычныя этапы развіцця прафесіі натарыуса, абмеркавалі навацыі нацыянальных заканадаўстваў у сферы натарыяту, пытанні лічбавізацыі і выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у дзейнасці натарыусаў.
Указ вызначыў арганізацыйныя і сацыяльна-эканамічныя асновы дзейнасці натарыята, на падставе якіх натарыусы працуюць апошнія дзесяць гадоў. За гэты час у Беларусі адбылося амаль 15 мільёнаў натарыяльных дзеянняў, што сведчыць пра значны ўнёсак айчыннага натарыята ў фарміраванне стабільнага, адзначыла Наталля Барысенка, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты (БНП):
— Натарыят Беларусі часам называюць інстытутам дасудовага правасуддзя, і нам вельмі важна выконваць гэтую місію адказна, якасна і фарміраваць такую натарыяльную практыку, вынікі якой не будуць павялічваць нагрузку на судовую сістэму.
Для ўдасканалення якасці натарыяльнага абслугоўвання плануецца развіццё сістэмы бесперарыўнага павышэння кваліфікацыі натарыусаў і работнікаў натарыята для фарміравання моцнага кадравага патэнцыялу. Каб замацаваць веды, павінна ўкараніцца сістэма фарміравання партфеля ведаў, якая мае на мэце падрыхтоўку і перадачу натарыусу (пасля кожнага адукацыйнага мерапрыемства) узораў дакументаў абязлічаных судовых пастаноў, кароткіх прававых пазіцый. Ужо налета правяраць, як засвоены матэрыял, мяркуецца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій (рабіць гэта пачалі ўжо, дарэчы, сёлета), паведаміла старшыня БНП.
Правядзенне канферэнцыі ў перыяд ўдасканальвання заканадаўства аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці актуальнае і будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню беларускага натарыята, перакананы Валянцін Сукала, старшыня Вярхоўнага суда (ВС), які заўважыў, што прыняты 10 гадоў таму ўказ можна лічыць другім нараджэннем беларускага натарыята ў яго новым выглядзе і якасці:
— Прыняццю гэтага ўказа папярэднічалі актыўныя дыскусіі аб кірунках, перспектывах станаўлення натарыяту, аб ролі дзяржавы ў яго рэгуляванні, паўнамоцтвах БНП і Мінюста. Вярхоўны суд заўжды быў прыхільнікам пошуку найбольш аб’ектыўнай і сучаснай мадэлі беларускага натарыята, таму яго рэфармаванне было агульнай складальнай часткай судова-прававой рэформы. Менавіта ў гэты перыяд былі сфарміраваны адзіная судовая сістэма, следчы камітэт, незалежны дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, змянілі функцыі МУС, Мінюст, Генпракуратура.
У выніку комплекснай судова-прававой рэформы натарыят нашай краіны сфарміраваўся функцыянальна, цэнтралізавана, набыў самастойнасць. Сёння натарыят — магутны прававы інстытут, які паспяхова існуе на прынцыпах самакіравання і самафінансавання, з’яўляецца важнай і неад’емнай часткай прававой сістэмы. Натарыят забяспечвае стабільнасць грамадзянскага абароту, абарону правоў і законных інтарэсаў самых шырокіх слаёў насельніцтва шляхам здзяйснення натарыяльных дзеянняў, нагадаў старшыня ВС:
— Натарыят прымае эфектыўныя меры па забеспячэнні якасці, даступнасці і сацыяльнай скіраванасці натарыяльных паслуг. А тлумачэнне заканадаўства — найважнейшая сацыяльная функцыя па прававым выхаванні і адукацыі людзей, павышэнні іх прававой культуры. Дзейнасць судоў і натарыяльных кантор заўжды непарыўна звязана паміж сабой, яе варта разглядаць як лагічныя ўзаемазвязаныя этапы працэса абароны права. І суддзя, і натарыус як носьбіты ўладных паўнамоцтваў выступаюць ад імя дзяржавы і кіруюцца адзінымі прынцыпамі законнасці, бесстароннасці і незалежнасці.
Адносіны суддзяў і натарыусаў заўжды канструктыўныя і ўяўляюць узаемны інтарэс. А сярод найлепшых суддзяў краіны нямала тых, чыя юрыдычная кар’ера ўключае натарыяльную дзейнасць. Тым не менш у суд большасць грамадзян звяртаецца за абаронай ужо парушанага права і вырашэннем канфлікту, які ўзнік. А натарыусы здзяйсненнем натарыяльных дзеянняў папярэджваюць узнікненне саміх канфліктаў, патлумачыў ён:
— Далейшае развіццё пазасудовага ўрэгулявання прававых канфліктаў, у тым ліку шляхам выкарыстання патэнцыялу натарыята — адзін з важных кірункаў удасканальвання судовай вытворчасці. І ў цэлым беларускі натарыят адбыўся і займае прыстойнае месца сярод краін СНД.
У самой назве канферэнцыі «Натарыят — эвалюцыя развіцця прафесіі: прыхільнасць традыцыям, прыняцце новых выклікаў сучаснасці» закладзена сутнасць яе правядзення: гэта і гісторыя, і ацэнка сённяшняга, і погляд у будучыню. Мэта пасяджэння — даць магчымасць зверыць часы натарыятам сяброўскіх дзяржаў на існуючым этапе, заўважыў Сяргей Хаменка, міністр юстыцыі Беларусі:
— Галоўнае — выконваць асноўную задачу натарыята — абараняць законныя правы грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама вытрымліваць дзяржаўныя інтарэсы. Асаблівым прыкладам пры гэтым павінны служыць натарыят Беларусі, бо менавіта тут прынцып дзеля чалавека і ў імя чалавека вытрыманы ў поўнай меры. Ступень даверу да нашага натарыята сведчыць пра павагу не толькі да нашай краіны, але і да айчынных натарыусаў, паколькі натарыят Беларусі з’яўляецца базавай арганізацыяй дзяржаў — удзельніц СНД у сферы натарыяльнай дзейнасці.
Урэшце натарыяты краін СНД павінны прыйсці да экстэрытарыяльнага прынцыпу дзейнасці, каб чалавек, знаходзячыся ў адной краіне, мог атрымаць натарыяльную паслугу з іншай дзяржавы СНД. А ў перспектыве гэта, магчыма, распаўсюдзіцца і на іншыя сяброўскія дзяржавы. Са свайго боку Мінюст пастаянна аказвае метадалагічную дапамогу ў дзейнасці натарыята і падтрымку на дзяржузроўні пры вырашэнні пэўных натарыяльных задач, лічыць міністр.
Каб натарыяльнае ўзаемадзеянне паміж краінамі стала не інфармацыйным, а афіцыйным, трэба яшчэ папрацаваць, мяркуе Канстанцін Корсік, прэзідэнт Федэральнай натарыяльнай палаты Расіі.
— Зараз, калі, напрыклад, расійскі натарыус адкрыў спадчынную справу, а хтосьці са спадчыннікаў жыве ў Беларусі, то спецыяліст робіць запыт праз расійскае Міністэрства юстыцыі ў беларускае, а пасля ўся інфармацыя гэткім жа чынам вяртаецца назад. І такі абмен можа зацягнуцца на паўгода. Трэба зрабіць сувязь непасрэдна паміж натарыусамі больш аператыўнай, каб грамадзяне не чакалі месяцамі.
Даведацца, хто адкрыў спадчынную справу, у Расіі можна спакойна на партале Федэральнай натарыяльнай палаты, а ў Беларусі — на сайце Беларускай натарыяльнай палаты.
— Перавод беларускага натарыята на пазабюджэтныя рэйкі дзесяць гадоў таму стаў важнай з’явай у жыцці натарыусаў Беларусі. Такое рашэнне апраўдала сябе, а БНП даказала сваю грунтоўнасць, карыснасць і патрэбнасць дзяржаве і грамадству. Гэта эфектыўная мадэль, якая дазваляе забяспечваць правы грамадзян, бяспеку і стабільнасць грамадзянскага абароту, — дадаў Канстанцін Корсік.
Натарыят — адзін з ключавых прававых дзяржаўных інстытутаў, пасродкам якога забяспечваюцца правы і законныя інтарэсы грамадзян і арганізацый. Усе дасягненні, якія былі і яшчэ будуць, немагчымыя без нашых натарыусаў, якія па праве лічацца прафесіяналамі самага высокага ўзроўню, якія адданы інтарэсам дзяржавы, адзначыла Вольга Чупрыс, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта:
— Пытанням ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасці ў нашай краіне ўдзяляецца пільная ўвага на самым высокім узроўні. Адпраўным пунктам развіцця сучаснага натарыята стаў Указ № 523, дзякуючы якому была праведзена рэформа і створана незалежная натарыяльная сістэма, аднак дзяржавай захаваны набор мінімальна неабходных функцый для каардынацыі дзейнасці натарыята. Мяркуем, што ад гэтага не варта адыходзіць і надалей.
За дзесяцігоддзе з дня выхаду ўказа павышаны ўзровень кадравага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння натарыусаў. Адбыўся шэраг змен у прававым рэгуляванні інстытута: выдадзена 12 заканадаўчых актаў, шэсць указаў і законаў Прэзідэнта, якія рэгламентуюць дадзеную сферу прававых адносін, удакладніла яна.
Гісторыя айчыннага натарыята пачалася ў 1866 годзе з увядзення ў беларускіх губернях палажэння аб натарыяльнай частцы. Пасля ўкаранення савецкай улады стваралі палажэнне аб судаўстройстве БССР, а ў 1924 годзе створаны дзяржаўныя натарыяльныя канторы, правёў прысутным гістарычны экскурс Валерый Міцкевіч, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў:
— Наступным этапам у прававым рэгуляванні стала прыняцце ў 1974 годзе закона аб дзяржаўным натарыяце, які дзейнічаў 26 гадоў. На змену яму прыйшло палажэнне аб натарыяце, якое з 5 лютага 2000 года заклала асновы сучаснага натарыята Беларусі. Закон «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці» быў прыняты ў 2004 годзе. А ў 2013-м Указам Прэзідэнта № 523, новай яго рэдакцыяй у 2016-м і іншымі карэкціроўкамі была зроблена кардынальная рэформа арганізацыі натарыяльнай дзейнасці.
Змены 2020 года дапоўнілі пералік натарыяльных дзеянняў. Замацавана прэзумпцыя даставернасці натарыяльнага акта. З кампетэнцыі ўпаўнаважаных службовых асоб мясцовых органаў улады выключаны паўнамоцтвы па натарыяльным сведчанні даверанасцяў, згод і тастаментаў. У 2022-м былі аптымізаваны пытанні здзяйснення натарыяльнай дзейнасці і арганізацыі натарыяльнага абслугоўвання. Шэраг норм накіраваны на спрашчэнне рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў. У прыватнасці, зменены парадак сведчання дагавораў адчужэння зямельнага ўчастка, парадак выдачы пасведчання аб праве ўласнасці на долю ў маёмасці, нажытай сужэнцамі ў шлюбе, нагадаў Валерый Міцкевіч.
— Чарговыя навацыі закона закліканы забяспечыць далейшую лічбавізацыю натарыяльнай дзейнасці. Падобная практыка ўжо існуе ў некаторых дзяржавах СНД і запатрабавана насельніцтвам, і мы спадзяёмся, што яна прыжывецца і ў нашай краіне. Пашыраецца, напрыклад, шэраг бясспрэчных патрабаванняў, спагнанне па якіх адбываецца на падставе выканаўчага надпісу натарыуса, — заўважыла Вольга Чупрыс і выказала спадзяванне, што натарыяльная практыка «станецца карыснай у гэтай частцы нашым судам, бо нездарма кажуць, што, калі натарыусы працуюць, суды адпачываюць».
У Палаце прадстаўнікоў рыхтуецца да другога чытання праект закона аб зменах у Закон «Аб натарыяце», які будзе прыняты цягам двух месяцаў, а то і раней, падзяліўся Валерый Міцкевіч:
— У праект унесены палажэнні, скіраваныя на далейшае ўкараненне ў развіццё натарыяльнай дзейнасці інфармацыйных тэхналогій, у тым ліку замацаванне магчымасці здзяйсняць найбольш запатрабаваныя натарыяльныя дзеянні аддалена (без асабістага наведвання натарыуса асобай). Карэкціроўка відаў натарыяльных дзеянняў, якія здзяйсняюцца дыпламатычнымі агентамі дыппрадстаўніцтваў Беларусі і консульскімі службовымі асобамі консульскіх устаноў. Павышэнне адказнасці натарыусаў за вытрымліванне вызначаных законам патрабаванняў да натарыяльнай дзейнасці.
Самі натарыусы для ўдасканалення сваёй працы плануюць укараняць у дзейнасць натарыята прававую мадэль «актыўны натарыус», калі спецыяліст самастойна выкарыстоўвае ўсе электронныя сродкі для збору інфармацыі, неабходнай для работы. А разам з Нацыянальным кадастравым агенцтвам запланавана стварэнне інтэрактыўнай кадастравай карты пунктаў натарыяльнага абслугоўвання.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!