Сёння ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна адбылася прэзентацыя літаратурнага зборніка «Званоў перазвон», выдадзенага Выдавецкім домам «Звязда».
У стварэнні зборніка прынялі ўдзел прадстаўнікі многіх літаратурных аб’яднанняў Мінскай вобласці, перш за ўсё — члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Мерапрыемства адкрылі дырэктар бібліятэкі Наталля Вашчыла і старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос.
— Ідэя тэматычнага зборніка зарадзілася ў пісьменнікаў Міншчыны ў год васьмідзесяцігоддзя Хатынскай трагедыі. Быў праведзены своеасаблівы літаратурны «марафон» памяці. Творы, якія паступілі да нас, а гэта не толькі вершы, але і проза, публіцыстыка, краязнаўчыя даследаванні, былі ўважліва вывучаны, размешчаны на сайце. Большая частка з іх увайшла ў зборнік, які мы сёння прадстаўляем, — адзначыў у сваім выступленні Леанід Крыванос. — Самаму маладому аўтару каля трыццаці гадоў, самаму даросламу — каля васьмідзесяці. У выданні прадстаўлена творчасць каля трыццаці аўтараў.
Падчас прэзентацыі прысутным былі паказаны відэафрагменты з дакументальных фільмаў, прысвечаных Хатыні і многім іншым беларускім вёскам, якія назаўсёды згінулі ў бязлітасным агні ад рук нелюдзяў падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Паэты і пісьменнікі Уладзімір Цанунін, Іна Фралова, Людміла Круглік, Наталя Жызнеўская прачыталі вершы, якія ўвайшлі ў выданне.
Напрыканцы вечара Леанід Крыванос прынёс у дар бібліятэцы асобнік кнігі з аўтографамі кожнага з аўтараў.
Віктар ІВАНЧЫКАЎ
Фота аўтара
«Без мінулага не бывае будучыні»
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.