У маім дзяцінстве, калі не было мабільных тэлефонаў, я з нецярпеннем чакала паштальёна. У залежнасці ад узросту бацькі выпісвалі мне розныя дзіцячыя часопісы і газеты. Я чытала іх ад пачатку да канца, з першай старонкі да апошняй. А потым і сама пачала дасылаць туды свае вершы, апавяданні, заметкі, рэпартажы... З таго часу прайшло ўжо больш як 20 гадоў. Цікава, а як сёння заахвочваюць чытаць газеты сучасных школьнікаў, якія тэмы ім адгукаюцца? Пра гэта і не толькі паразмаўлялі з галоўным рэдактарам газеты для дзяцей і падлеткаў «Зорька» Аляксандрай Джэжора.
— Цяпер практычна ў кожнага школьніка ёсць сучасны мабільны тэлефон, доступ да інтэрнэту. Як у гэтых рэаліях зацікавіць іх прыйсці ў бібліятэку і пагартаць тую ж самую «Зорьку»?
— Мы стараемся ісці ў нагу з часам, быць на адной хвалі з нашымі чытачамі. Ва ўмовах лічбавізацыі выкарыстоўваем сучасныя метады і формы ўзаемадзеяння з аўдыторыяй.
Пастаянна ўдасканальваем работу ў сацыяльных сетках, мадэрнізуем сайт. Сёння карыстальнікам даступна зручная мабільная версія, якая аптымізуецца пад любы гаджэт. Акрамя таго, у нас ёсць старонкі ва ўсіх папулярных сацсетках — Іnstagram, «ВКонтакте», Telegram, Facebook, TіkTok. Таму нават тыя дзеці, якія не любяць чытаць, знойдуць для сябе прымальны відэа- ці фотафармат. Стараемся, каб друкаваная і інтэрнэт-версіі газеты дапаўнялі адна адну, а чытачы папяровай версіі і анлайн-карыстальнікі пастаянна ўзаемадзейнічалі. У папяровай «Зорьке» абавязкова выкарыстоўваюцца QR-коды, праз якія пры дапамозе мабільнага тэлефона са старонак газеты чытач можа перайсці на адну з нашых віртуальных пляцовак і працягнуць вывучэнне тэмы, якая зацікавіла. Адным словам, задзейнічаем усе магчымыя шляхі зносінаў з дзецьмі.
— Ці ёсць у чытачоў «Зорьки» любімая рубрыка?
— Ведаеце, у нашай газеты вырасла ўжо некалькі пакаленняў чытачоў. І нават тыя, хто стаў дарослым, працягваюць чытаць «Зорьку» разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Можна сказаць, такое сяброўства на ўсё жыццё. Безумоўна, усе дзеці розныя. У нас прадстаўлена вельмі шмат тэматычных рубрык і клубаў, як сур’ёзных, так і забаўляльных (усе яны падказаны нашымі чытачамі), таму кожны школьнік знойдзе для сябе штосьці цікавае. Але, па маіх назіраннях, ва ўсіх нашых чытачоў нязменна любімая рубрыка — «Кувыркляндыя» з усемагчымымі эксклюзіўнымі рэбусамі, красвордамі... Дзеці разгадваюць галаваломкі і дасылаюць адказы ў рэдакцыю. Традыцыйна вызначаецца суперзнайка месяца, а ў канцы каляндарнага года з 12 чалавек выбіраецца тройка самых галоўных знаўцаў. Усе пераможцы-суперзнайкі атрымліваюць падарункі ад рэдакцыі, як і пераможцы іншых нашых конкурсаў і праектаў. Мы актыўна праводзім розныя конкурсы для сваіх чытачоў. Толькі за апошнія тры гады іх прайшло каля 30. Папулярныя сярод школьнікаў такія рубрыкі, як «Юныя армейцы», «Шлях у прафесію», «Алімпія», «Літаратурная гасцёўня», «Клуб юнага кінагледача» і многія іншыя.
— Аляксандра Васільеўна, як вы лічыце (не толькі як рэдактар, але і як мама), наколькі важна бацькам выпісваць дзецям газеты, з якога ўзросту варта пачынаць?
— Чым раней — тым лепш. Таму што добрыя звычкі трэба фарміраваць з маленькага ўзросту.
У маёй сям’і, колькі сябе памятаю, заўсёды выпісвалі і чыталі розныя газеты і часопісы. Цяпер і я выпісваю маляўнічую, цікавую і пазнавальную «Зорьку» не толькі сваёй дачцэ, але і хрэснікам у падарунак, бо лічу, што гэта мой уклад у іх выхаванне. У нас, дарэчы, на сайце праходзіць марафон «Зрабі добрую справу». Кожны дарослы можа паўдзельнічаць і падпісаць на газету «Зорька» тых дзяцей, у якіх, на жаль, няма бацькоў, якія растуць у дамах-інтэрнатах.
— Раскажыце пра школу юнкараў, якая існуе пры рэдакцыі. Ці складана школьнікам трапіць на старонкі «Зорьки» са сваімі нататкамі?
— «Зорька» — гэта свайго роду прафарыентаванае выданне для дзяцей. Пры рэдакцыі газеты на сёння дзейнічаюць тры школы юнкараў (для трох узроставых груп: вучні 1–4, 5–8, 9–11 класаў): школа юнага карэспандэнта, школа юнага фотакарэспандэнта і школа юнага блогера. Першых мы вучым пісаць, другіх — фатаграфаваць, трэціх — здымаць відэа. Прычым у рамкі не заганяем, даём магчымасць праявіць фантазію. Наша задача — у першую чаргу дапамагчы раскрыць іх творчы патэнцыял. «Зорька» ўнікальная тым, што кожнае дзіця, незалежна ад таго, дзе яно жыве, у вёсцы ці ў горадзе, можа далучыцца да нашай дружнай юнкараўскай каманды. Для гэтага трэба запоўніць адмысловую анкету на нашым сайце і, вядома, пачынаць пісаць штосьці цікавае ў любімую газету. І школьнікі карыстаюцца гэтай магчымасцю, актыўна дасылаюць нам свае допісы на розныя тэмы. «Зорька» выходзіць кожную пятніцу на васьмі каляровых палосах. Зразумела, змясціць туды ўсе матэрыялы нашых юнкараў проста нерэальна. Таму яны праходзяць строгі адбор, на старонкі трапляюць толькі самыя лепшыя. На мой погляд, «Зорька» — знаходка для тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў будучыні мараць стаць журналістамі.
— А як часта праводзіце сустрэчы са сваімі чытачамі?
— Анлайн-фармат — гэта, канешне, цудоўна, але жывую гутарку нічога не заменіць. Мы гэта разумеем, таму, каб не быць адарванымі ад рэальнасці, мець магчымасць з першых вуснаў пачуць ад дзяцей прапановы, што ім цікава, стараемся па меры магчымасці рэгулярна кантактаваць са сваёй аўдыторыяй. Ладзім творчыя сустрэчы ў школах, а таксама запрашаем усіх ахвотных да сябе ў рэдакцыю. Вельмі ўдзячныя нашаму выдаўцу РУП «Дом прэсы», які дапамагае нам арганізоўваць сустрэчы. Напрыклад, зусім нядаўна, на восеньскіх канікулах, да нас прыязджалі выхаванцы ўзорнага тэатра «Церамок» Уздзенскага раённага Дома культуры. Таксама адбылася творчая сустрэча з вучнямі гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны і гімназіі № 22 г. Мінска ў Палацы мастацтваў. Акрамя зносінаў і майстар-класа па напісанні заметкі, школьнікі атрымалі ў падарунак магчымасць наведаць выставу «Vіva Kola Art», якая там праходзіла. Пабывалі ў гасцях у навучэнцаў сталічнай школы № 114. Чацвёра іх школьнікаў сталі ўдзельнікамі нашага інфармацыйна-творчага і адукацыйна-пазнавальнага праекта «Голас пакаленняў», прымеркаванага да 80-годдзя Вялікай Перамогі, таму і большая частка сустрэчы была прысвечана менавіта гэтай тэме.
— Распавядзіце падрабязней аб праекце «Голас пакаленняў». Якая яго галоўная задача? Што трэба зрабіць, каб стаць удзельнікам гэтага праекта?
— Праект стартаваў вясной гэтага года і будзе рэалізоўвацца ў тры этапы. Першы ўжо падыходзіць да завяршэння, другі будзе доўжыцца на працягу ўсяго 2024 года, трэці — са студзеня да 9 мая 2025-га. Галоўная мэта праекта — аб’яднаць школьнікаў усёй краіны для ўвекавечання памяці пра юных абаронцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, пра легендарны Батальён беларускіх арлянят, у шэрагах якога юныя падпольшчыкі, партызанскія сувязныя, разведчыкі, якія разам з дарослымі абаранялі Радзіму. У гады вайны з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Беларусі змагалася каля 25 тысяч дзяцей і падлеткаў дапрызыўнага ўзросту. Сімвалічна, што праект стартаваў напярэдадні 52-й гадавіны з дня ўтварэння пры рэдакцыі газеты «Зорька» Батальёна беларускіх арлянят. 12 сакавіка 1971 года, аб’явіўшы аперацыю «Подзвігі юных», «Зорька» дала адлік зараджэнню маштабнага патрыятычнага руху, які аб’яднаў шматмільённую аўдыторыю. За гады дзейнасці штаба батальёна следапыты знайшлі больш за 750 юных герояў, 300 імёнаў занесена ў спісы Батальёна беларускіх арлянят пасмяротна. Час ідзе, з кожным годам застаецца ўсё менш і менш жывых сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. Таму наша асноўная задача — не ўпусціць магчымасць, знайсці тых герояў, якія яшчэ жывыя, сустрэцца з імі, запісаць іх успаміны, даведацца, якія ўзнагароды яны маюць, як жывуць цяпер. І данесці гэту каштоўную інфармацыю да грамадскасці. Аб загінулых маленькіх героях вялікай вайны можна распытаць іх сваякоў, супрацоўнікаў музеяў. І хоць асноўны ўпор робіцца на пошук юных патрыётаў, у рамках праекта можна распавесці і пра лёс сваіх родных і блізкіх, якія ўнеслі ўклад у Вялікую Перамогу, аб дзейнасці арганізацый па ўвекавечанні памяці аб героях Вялікай Айчыннай вайны. Да ўдзелу ў праекце запрашаем усіх ахвотных, падрабязныя аповеды аб арлянятах з фотаздымкамі ваенных і сённяшніх дзён, а таксама іншыя інфармацыйныя матэрыялы дасылайце ў рэдакцыю «Зорьки».
Хачу адзначыць, што мы не проста расказваем аб нашым Батальёне беларускіх арлянят, але і працягваем пошукавую работу, каб рады батальёна папаўняліся новымі імёнамі. І ў гэтым нам дапамагаюць школьнікі (экскурсаводы школьных музеяў, вучні профільных патрыятычных класаў, пошукавых атрадаў, навучэнцы кадэцкіх вучылішчаў). Таксама на працягу першага этапа праекта ў эфіры радыё «Пилот-FM» па буднях выходзяць кароткія выпускі аб юных удзельніках Батальёна беларускіх арлянят. Паралельна ў нас у газеце рыхтуюцца спецыялізаваныя выпускі на гэту тэму, напрыканцы якіх — віктарына, каб дзіця замацавала тую інфармацыю, якую прачытала. На нашым YouTube-канале і ў TіkTok ролікі аб нашых юных байцах набіраюць тысячы праглядаў. Акрамя таго, рыхтуем аўдыякнігу, дзе па QR-кодзе можна паслухаць кароткі аповед пра кожнае арляня.
Упэўнена, што праект «Голас пакаленняў» дапаможа павысіць цікавасць школьнікаў да тэмы Вялікай Айчыннай вайны.
— «Зорьку» сёлета адзначылі ў рэспубліканскім конкурсе «Моцная сям’я — моцная дзяржава». Моцная сям’я — якая яна ў вашым разуменні? І наогул якая яе роля ў выхаванні маленькага чалавека?
— У маім разуменне моцная сям’я — гэта шчаслівая сям’я, калі ёсць узаемаразуменне, узаемапавага і давер паміж дзецьмі і бацькамі. Сям’я — гэта аснова асноў. Ад яе ў многім залежыць, якім чалавекам вырасце дзіця, кім яно стане. Разам з тым як сучасная мама разумею, наколькі сёння складана бацькам: нашы дзеці жывуць у час, калі вакол вельмі шмат рознай, у тым ліку і супярэчлівай інфармацыі. Тым не менш я пераканана, што ўсё пачынаецца з сям’і. Бацькі павінны накіроўваць, знаёміць сваё дзіця са станоўчым, светлым, паказваць асабісты прыклад, каб у яго фарміравалася ўсведамленне, што такое добра, што такое дрэнна. Пераканана, што толькі асабістым прыкладам можна выхаваць годнага чалавека.
— Ці чытаюць вашы дзеці «Зорьку»?
— У мяне тры дачкі. Старэйшыя ўжо студэнткі. А вось мая малодшая дачка вельмі любіць «Зорьку», і не таму што мама галоўны рэдактар. А мне важна яе меркаванне. Па яе зацікаўленасці я адразу бачу, што добра, а дзе трэба крыху дапрацаваць.
Мне хочацца, і мы ставім перад сабой такую мэту, каб у кожнай школьнай бібліятэцы была «Зорька», каб кожнае дзіця мела магчымасць яе ўбачыць і пасябраваць з газетай. Таму хачу падзякаваць тым педагогам, якія дапамаглі адкрыць свет «Зорьки» для сваіх вучняў. Многія класныя кіраўнікі з задавальненнем прыносяць «Зорьку» на класную гадзіну. У дапамогу настаўнікам мы падрыхтавалі праект «Класная гадзіна з «Зорькой», дзе прапаноўваем тэму для чарговай класнай гадзіны з магчымасцю раздрукаваць раздатачны дапаможны матэрыял. Будзем рады, калі такіх педагогаў — праваднікоў «Зорьки» да дзяцей — з’явіцца больш і яшчэ больш дзетак пасябруе з газетай. Мы ж у сваю чаргу будзем старацца іх здзіўляць. Не за гарамі новы год — а значыць, новыя праекты. Мы пастаянна крэатывім, бо з дзецьмі па-іншаму нельга.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Фота прадстаўлена гераіняй інтэрв’ю
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.
Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?
Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.