Вы тут

Што значнага зрабіў за сваё жыццё Андрэй Полацкі?


Нямала было правіцеляў у Полацкім княстве. Шмат добрага яны зрабілі. Апошняга з іх можна напаткаць у выдатным помніку рускай літаратуры канца ХІV стагоддзя «Задоншчына», у якім апавядаецца пра Кулікоўскую бітву: «О соловей, летняя птица, вот бы тебе, соловей, пеньем своим прославить великого князя Дмитрия Ивановича и брата его князя Владимира Андреевича, и из земли литовской двух братьев Ольгердовичей, Андрея и брата его Дмитрия, да Дмитрия Волынского! Те ведь — сыновья Литвы храбрые, кречеты в ратное время и полководцы прославленные, под звуки труб их пеленали, под шлёмами лелеяли, — с конца копья они вскормлены, с острого меча вспоены в Литовской земле». Адзін з братоў Альгердавічаў — гэта Андрэй, які ўвайшоў у гісторыю як Андрэй Полацкі.


Павел Татарнікаў «Андрэй Полацкі»

Крыжакоў граміў, з братам не справіўся 

Ён быў першынцам вялікага князя літоўскага Альгерда і яго першай жонкі — віцебскай князёўны Марыі Яраслаўны. Рана далучыўся да вайсковай справы. Быў і сярод тых, з кім яго бацька дапамагаў Пскову ў барацьбе з крыжакамі. Удзячныя пскавічы, якія засталіся без князя, прапанавалі Альгерду заняць княжацкі пасад. Аднак ён адмовіўся ад яго на карысць сына. Так Андрэй Альгердавіч каля сямнаццаці гадоў стаў пскоўскім князем. 

Толькі яго цягнула да родных гоняў. Ды і праз тры гады ў Пскове пачаўся жудасны паморак. Пакінуўшы сваіх намеснікаў, падаўся на радзіму. Пасад заняў сын Гедыміна — Глеб-Нарымон. Але Андрэй заручыўся падтрымкай бацькі, і перадача ўлады прайшла спакойна. Аднак пскавічы палічылі, што ён не апраўдаў іх высокага даверу. Аднавілі колішні саюз з Ноўгарадам. 

Альгерд абурыўся і папракнуў сваіх саюзнікаў за няўдзячнасць. Загадаў сыну канфіскаваць маёмасць пскоўскіх купцоў у Полацку і іншых гарадах Полацкага княства. На гэтым абвастрэнне ўзаемаадносін паміж нядаўнімі саюзнікамі не спынілася. З аднаго боку і з другога пачаліся набегі на суседнія тэрыторыі. Так працягвалася з году ў год. 

Са смелага і мужнага воіна Андрэй паступова ператварыўся ў мудрага стратэга. Яго сталі паважліва называць Андрэем Полацкім. Успомніўшы заклятых ворагаў не толькі Полацкай зямлі, але і ўсяго Вялікага Княства Літоўскага — крыжакоў, двойчы — у 1374 і 1375 гадах — хадзіў у Дынабург (цяперашні горад Даўгаўпілс у Латвіі). 

Але хутка стала не да крыжакоў. Пасля смерці бацькі спадчыннікам велікакняжацкага пасада стаў не ён як старэйшы сын, а Ягайла, народжаны ад другой жонкі Андрэй Полацкі павёў барацьбу за вяртанне ўлады. Ды пацярпеў паражэнне і ўцёк у Пскоў. Пскавічы сапраўды зла не памяталі і зноў выбралі яго сваім князем. 

Саюз, змацаваны крывёю 

Толькі Полацк па-ранейшаму належаў яму — так паклапаціўся бацька. Ягайла забраць сабе горад не змог. Нічога не дало яму і прызначэнне намеснікам брата Скіргайлы. Палачане прывязалі яго задам наперад да старой клячы і праводзілі з галёканнем і свістам. Не справіліся з імі пакліканыя на падмогу лівонцы. Дзве атакі сумеснага войска, аблога, што працягвалася чатыры месяцы, былі безвыніковымі. Хоць пазней Скіргайла ўсё ж вярнуўся ў Полацк, але толькі як княжацкі намеснік. 

Правячы ў Пскове, Андрэй Полацкі не пакідаў думкі аб вяртанні Полацка. Саюзніка ўбачыў у асобе вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча, таго, які ўвайшоў у гісторыю як Данскі. Калі Ягайла з Залатой Ардой вырашыў выступіць супраць маскоўскага гасудара, Андрэй і прапанаваў Дзмітрыю Іванавічу свае паслугі. 

Іх саюз быў замацаваны сумесна пралітай крывёй у бітве на рацэ Вожы. Аб’яднанае маскоўскае войска было амаль гэтакае ж, як і татарскае — па некалькі тысяч чалавек. Дзмітрый Данскі смела пераправіўся з паўночнага берага Акі на паўднёвы. Сам размясціўся на ўзвышшы, з якога былі добра відаць татары. 

Калі 11 жніўня 1378 года іх конніца пераправілася праз Аку і лавінай панеслася наперад, вялікі полк, які знаходзіўся ў цэнтры, не толькі вытрымаў націск, але і перайшоў у контратаку. У гэты ж момант уступілі ў бой і палкі правага і левага флангаў. Адным з іх камандаваў Андрэй Полацкі. Спалоханыя татары ў паніцы кінуліся ўцякаць. Аднак уратаваліся нямногія. 

Але не заставалася сумнення, што Мамай пастараецца адпомсціць за такую ганьбу. Да новай бітвы з татарамі рыхтаваўся і Дзмітрый Іванавіч. Ён заручыўся падтрымкай рускіх князёў, у якіх не сумняваўся. Перагаварыў наконт далейшых сумесных дзеянняў і з Андрэем Полацкім. 

З берага на бераг 

Абодва бакі да будучай бітвы рыхтаваліся вельмі старанна. Толькі 26 жніўня 1380 года маскоўскі князь пачаў перапраўляць войска праз раку Аку каля вусця Лапасні. Каб рухацца да Дона, дзе і збіраўся сутыкнуцца з ардынцамі. 4 верасня ва ўрочышчы Беразуй да яго далучыўся са сваімі атрадамі з пскавічан Андрэй Полацкі. Па некаторых звестках, у іх былі і палачане. Праз некалькі дзён усе сабраліся каля Дона. 

Дзмітрый Іванавіч прапанаваў кожнаму з князёў выказацца, дзе лепш пачынаць бітву. Андрэй Альгердавіч належаў да тых, хто разумеў выйгрышнасць сутычкі на другім баку Дона, на Куліковым полі. Варожая конніца на ім добра не разгорнецца. У асноўным падтрымалі яго прапанову. 

Ноч з 7 на 8 верасня 1380 года выдалася як на заказ. Нібы Усявышні пастараўся, каб дапамагчы ім. Месяца на небе не бачылася. Войска Мамая знаходзіліся далекавата ад берага. Яно не магло заўважыць тых, хто ўзяўся перапраўляцца. 

Коні, ступіўшы ў ваду, зафыркалі, але хутка асвоіліся. Паціху пачалі перастаўляць ногі. Адчуўшы, што дно пад нагамі знікае, грузна ляглі на ваду. Распусцілі хвасты і паплылі. Упэўнена паводзіў сябе і конь пад Андрэем Полацкім. Хутка апынуліся на супрацьлеглым беразе. Дзмітрый Іванавіч таксама пераправіўся крыху раней. З ім поруч знаходзілася некалькі князёў. Сярод іх Андрэй Альгердавіч убачыў і свайго брата Дзмітрыя, які таксама ўдзельнічаў у паходзе. 

Сонца тым часам паспела ўзысці, хоць яго дыск яшчэ напалову быў схаваны. Аднак татары ўжо заўважылі іх. У лагеры Мамая пачалося ажыўленне. 

— Паспяшаемся, — напомніў маскоўскі князь і запытаўся: — Якія меркаванні? 

— Як і дамовіліся, — адказаў за ўсіх Андрэй Полацкі. 

— У такім разе, — Дзмітрый Іванавіч паказаў рукой наперад, — табе з дружынай твайго брата адводзіцца роля палка правай рукі. 

Лавіна лавіне несла смерць 

Яны паспяшаліся да свайго войска, каб заняць вызначаную пазіцыю. У гэты час Дзмітрый Іванавіч указваў месца размяшчэння астатнім палкам: вялікаму, перадавому, левай рукі, вартавому і засаднаму. 

Помнік Андрэю Полацкаму

Час бег хутка. З татарскага боку ўсё выразней чуліся пагражальныя воклічы. Нарэшце каля 11 гадзін дня конніца зрушыла з месца, кіруючыся да пярэдняга маскоўскага палка. Ён таксама падаўся наперад. Дзве магутныя лавіны пачалі імкліва збліжацца. 

Раптам з абодвух бакоў насустрач адзін аднаму з гучнымі воклічамі панесліся два коннікі. Трымаючы ў правай руцэ кап’ё, кожны схіліўся да грывы каня, гатовы на адлегласці кідка выпрастацца і паслаць кап’ё прама ў сэрца праціўніка. 

З маскоўскага боку нёсся на сваім баявым кані Перасвет. З татарскага — Чалібей. Дзве дзіды адначасова паляцелі наперад. Праз імгненне абодва слаўныя воіны засталіся ляжаць на зямлі. Аднак ужо нікому не было да іх справы. Дзве лавіны сышліся не на жыццё, а на смерць. 

Асноўны ўдар татар быў скіраваны на вялікі полк, які застыў непрыступнай сцяной. Было відавочна, што, нягледзячы на мужнасць, самаахвярнасць, маскоўцы доўга не пратрымаюцца. Гэта разумеў і Полацкі са сваімі воінамі. Не сумняваўся, што галоўная задача татар — «парваць» вялікі полк на дзве часткі. Гэта ўдасца, калі яго воіны адарвуцца ад асноўных сіл. Тады стык з сярэдзінай, дзе размяшчаюцца маскоўцы, аслабне. У брэш, што ўтворыцца, і ўварвецца праціўнік. Спяшацца на дапамогу трэба толькі тады, калі ардынцы гэты полк пацясняць. 

Здрыгануўся ён на шостай гадзіне лютай сечы. Уся зямля была ўслана целамі загінулых. Жывыя пачалі ўцякаць. А дзе ўцёкі, там і паніка. Ёй паддаўся полк левай рукі. Адначасова ўсё мацней сціскаліся варожыя абцугі і вакол палка правай рукі. 

Дагэтуль знаходзячыся ў самым цэнтры сечы, Андрэй Полацкі яшчэ смялей кінуўся наперад. Рывок быў такі нечаканы і рашучы, што два вершнікі, якія несліся яму насустрач, спалохана адвярнулі коней убок. Гэта толькі і трэба было. Яго дзіда з размаху трапіла ў аднаго з іх. Не памятаў ужо, як дзейнічаў. Толькі тады, калі заўважыў, што татары кінуліся ўцякаць, рэальнасць зноў вярнулася да яго. 

У наступленне пайшоў запасны полк. Яго свежыя сілы, як вецер, што з’яўляецца нечакана пасля спёкі, прынеслі з сабой надзею на лепшае. Татары, праўда, спадзяваліся, што ім на дапамогу са сваім войскам прыйдзе Ягайла. Але ён так і не з’явіўся. 

Магчыма, спазненне было выклікана тым, што яго воіны не захацелі ваяваць са сваімі аднаверцамі, якія змагаліся, як яны меркавалі, з басурманамі. Але, верагодней за ўсё, Ягайла і не збіраўся ўмешвацца ў бітву Мамая з маскоўскім князем. Абяцанне дапамагчы было добра прадуманым стратэгічным ходам. Ягайлу хацелася мець у аднолькавай ступені аслабленымі і маскоўцаў, і ардынцаў. Таму і паабяцаў Мамаю падтрымку, якую не збіраўся аказваць. 

Збылося не ўсё

За перамогу на Куліковым полі была заплачана вялікая цана. Абодва бакі страцілі кожнага дзясятага воіна. Але перамога стала вельмі значнай для маскоўскага боку. Залатая Арда мусіла лічыцца з моцным праціўнікам. На зыход бітвы шмат у чым паўплывалі і смелыя дзеянні войска Андрэя Полацкага, а таксама яго брата Дзмітрыя. 

Несумненна, Андрэй Альгердавіч меркаваў, што пасля перамогі маскоўскі князь стане ахвотна падтрымліваць яго. Аднак, калі папрасіў дапамогі ў барацьбе з Ягайлам, зразумеў: на яго разлічваць нельга. Неабходна шукаць іншых саюзнікаў. Не знайшоўшы іх, памірыўся з крыжакамі. Каб задобрыць, нават паабяцаў ім Полацк, якім ужо не валодаў. А яшчэ пачаў называць лівонскага магістра сваім бацькам і дарагім сябрам. Прызнаў сябе яго васалам. 

Знайшоў паразуменне і са смаленскім князем. Святаслаў Іванавіч паспяшаўся забыць былыя крыўды. У 1386 годзе адгукнуўся на просьбу прыняць удзел у сумесных баявых дзеяннях супраць Ягайлы. 

Са сваім войскам Андрэй Полацкі захапіў Лукомль, Ашмяны. Аднак гордыя палачане не прызналі яго сваім князем. Не жадалі прыняць таго, хто дабіваўся ўлады пры падтрымцы чужынцаў. А пасля адступлення крыжакоў Скіргайла разграміў яго дружыну. Андрэй Альгердавіч трапіў у палон, сем гадоў правёў за кратамі. 

Вызвалены быў сваім стрыечным братам Вітаўтам. Стаўшы вялікім князем літоўскім, той пачаў баявыя дзеянні супраць татарскага хана Цемір-Кутлуя. Андрэй Полацкі разам з Вітаўтам і іншымі князямі прыняў удзел у бітве на рацэ Ворскле. Аднак яна, на жаль, не толькі не прынесла ім поспеху, але і стала ганебным паражэннем іх войска. Загінула палова ўсіх воінаў Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку і 60 князёў. Склаў 12 жніўня 1399 года на Ворскле сваю галаву і Андрэй Полацкі. Было яму недзе пад восемдзесят. 

Сталася так, што найбольш паспяхова ён змагаўся на чужым баку. Толькі ўся яго дзейнасць была падначалена таму, каб умацоўвалася дзяржава, якой ён служыў. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.