Вы тут

«Полымя»: літаратура і жыццё непадзельныя...


Сёння далёка не ў кожнай бібліятэцы краіны знойдзеш айчынныя літаратурна-мастацкія перыядычныя выданні. Хаця «тоўстыя» часопісы як спадчына ранейшых дзесяцігоддзяў у арганізацыі зносін пісьменніка з чытачом у Беларусі захаваліся, атрымліваюць дзяржўную падтрымку. Паэты, празаікі, літаратуразнаўцы лічаць за гонар надрукавацца і ў «Полымі», і ў «Маладосці», і ў «Нёмане»... А якія ж задачы вырашалі гэтыя выданні паўвека назад? Якія патрабаванні былі да іх ад кіраўніцтва краіны, напрыклад, напрыканцы 1960-х?


Некаторыя адказы на гэтыя пытанні нам дапаможа знайсці даведка ці тлумачальная запіска, якая была падпісана 30 ліпеня 1969 года. Яна адрасавана сакратару ЦК Кампартыі Беларусі С. А. Пілатовічу. Дакумент сёння захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Настрой у адрасата павінен быў скласціся адпаведны ўжо з першых радкоў знаёмства з запіскай: «... Кожнаму павінна быць зразумела, што з сённяшняга часопіса — а з „Полымя“ у асаблівасці: ён у сваім родзе адзіны „тоўсты“ часопіс у рэспубліцы — многае запатрабавана. Жорсткая ідэалагічная бітва паміж двума сусветамі мае непасрэднае дачыненне да часопіснай практыкі, таму што часопіс накіроўвае пошук мастака, кіруе па сутнасці справы літаратурным працэсам, але і адначасова фарміруе грамадскую думку вакол твораў літаратуры, непасрэдна займаючыся справай камуністычнага выхавання працоўных».

І яшчэ пра ідэалагічную барацьбу: «Імперыялістычная буржуазія звярнулася сёння да стратэгіі і тактыкі „антыкамунізма“. У справу пайшла зброя ідэалагічнай дыверсіі, з дапамогай якой імперыялізм імкнецца падарваць садружнасць сацыялістычных краін, прынізіць сусветны камуністычны і дэмакратычны рух, дадаць бязвер’е і песімізм у душы людзей. Менавіта такія мэты ставіць перад сабою сучасная буржуазная прапаганда, якая з дапамогай найноўшых тэхналагічных сродкаў „прастрэльвае“ ўсю тэрыторыю сацыялістычных краін.

Таму і зразумела, што ў сапраўдны момант найважнейшы ўчастак фронту ідэалагічнай барацьбы заняла мастацкая творчасць — літаратура і мастацтва. І кожнаму літаратурна-мастацкаму часопісу, паколькі наша размова аб выданні такога тыпу, варта дакладна вызначыць сваё месца ў гэтай складанай і адказнай палітычнай сітуацыі, калі размова ідзе пра лёс самых дарагіх для нас камуністычных ідэалаў».

У тэксце ёсць зварот і да нядаўніх мастацкіх падзей у частцы публікацый «Полымя». Такімі названы творы «Людзі на балоце» і «Сэрца на далоні». І далей — выснова, падстава для далейшага крычнага і вострага разгляду старонак выдання: «Тут як на пасецы: „год на год не прыходзіцца“. Але часопіс імкнуўся і імкнецца ўнесці пэўны ідэйна-мастацкі ўклад у вырашэнне задач камуністычнага будаўніцтва. Таму крытыка, патрабаванні, заўвагі ў адрас „Полымя“ павінны засноўвацца найперш з улікам і прызнаннем яго пазітыўных дасягненняў у галіне вырашэння сацыяльна-палітычных і маральна-ідэалагічных праблем, што вынікаюць перад нашым грамадствам».

Так, твар часопіса вызначаюць найперш арыгінальныя творы прозы і паэзіі, якія былі змешчаны ў час, што разглядаўся ў дакуменце. Такімі публікацыямі сталі раманы А. Алешкі «Дарогі без слядоў», І. Шамякіна «Снежныя зімы», Л. Арабей «Іскры ў папялішчы», працяг рамана М. Лобана «Гарадок Устронь», фрагмент з другой часткі хронікі М. Машары «Сонца за кратамі» і яго ж раман «Лукішкі». З паэзіі найболей важкімі палічылі публікацыі паэм В. Віткі «Беларуская калыханка», А. Вярцінскага «Заазер’е», А. Куляшова «Цунамі», В. Макарэвіча «Мацярык маленства», С. Грахоўскага «Паэма дарог».

Паклаўшы руку на сэрца, трэба прызнацца, што мала што з гэтых публікацый праз паўвека трымаецца ў памяці. Хіба што — творы Івана Шамякіна, Аркадзя Куляшова, Васіля Віткі…

З даклада сакратару ЦК КПБ: «...Мы не схільны тэму і праблему сучаснасці абмяжоўваць паняццем „сёння“, але хацелася б бачыць на старонках „Полымя“ болей твораў менавіта пра сённяшні дзень. З надрукаваных за апошнія два гады ў „Полымі“ раманаў пра сённяшні дзень толькі адзін — „Снежныя зімы“ І. Шамякіна. Чытач прыняў гэты твор, прызнаў у галоўным героі Іване Васільевічу Антанюку свайго сучасніка, чалавека, які з дакладных сацыяльна-палітычных пазіцый выступае супраць духоўнага ўтрыманства, замаскіраванага мяшчанства.

Пазіцыя пісьменніка па-сапраўднаму грамадзянская, смелая і ідэйна вывераная. Яна забяспечыла правільны накірунак мастацкага аналізу, дала магчымасць раманісту праявіць сваё майстэрства. І. Шамякін чуйна ўлаўлівае новыя, сапраўды важныя і складаныя праблемы нашага сацыяльнага, ідэалагічнага, маральнага, псіхалагічнага развіцця.

У вобразе Антанюка „праглядаецца“ тып чалавека, якога сацыялізм зрабіў паўнапраўным гаспадаром і стваральнікам жыцця. І. Шамякін цесна яднае дзелавыя, грамадска-палітычныя і вытворчыя зацікаўленні свайго героя з праблемамі маральна-этычнымі, з пытаннямі пра цэласнасць і паслядоўнасць камуністычнай пазіцыі сучасніка ў любых галінах грамадскага і асабістага жыцця...» Ёсць і падказка: «... Шкада, што гэты твор так і не быў прачытаны літаратурнай крытыкай».

Пра Лідзію Арабей: «Раман Л. Арабей „Іскры ў папялішчы“ цяжка залічыць да ўдач пісьменніцы. І не толькі таму, што многія мясціны ў рамане непераканаўчыя, грашаць „хуткапісам“. Не глыбокі, яўна схематычны адзін з цэнтральных вобразаў — вобраз здрадніка Андрэя Сіліцкага. Лінія яго паводзін — як і навошта ён скатваецца да здрадніцтва — не патлумачана. Пісьменніца перажоўвае, па сутнасці справы, тое, пра што ўжо гаварылася ў літаратуры, не пасягаючы на значнае мастацкае адкрыццё.

<...> куды цікавей выступае Лідзія Арабей у малым жанры. Напрыклад, у жанры апавядання: „Ян з Літвы“, „Камень“ — гэтыя яе апавяданні адны з найлепшых, надрукаваных у „Полымі“, хаця іх канфлікт не выходзіць за межы сямейных маральна-этычных зносін».

Чытаючы запіску, мы напружана думалі аб тым, якое ж выйсце будзе знойдзена ў ацэнках творчасці Васіля Быкава, які на той час займаў усё большую ўвагу чытача на ўсёй постсавецкай прасторы…

«...Васіль Быкаў засяродзіў сваю ўвагу на тэме вайны. У апошні час ён піша пра партызан.

Як вядома, творчасць таленавітага пісьменніка В. Быкава, на жаль, не заўсёды радавала нас сваімі ўдачамі.

Магчыма, не варта згадваць пра такі твор, як аповесць „Мёртвым не баліць“ — ён дастаткова падрабязна прааналізаваны крытыкай, але і самыя апошнія творы В. Быкава не свабодныя ад недахопаў ідэйна-мастацкага парадку. Маюцца на ўвазе яго аповесці „Праклятая вышыня“ і „Круглянскі мост“. Яны сведчаць, што ў творчасці пісьменніка надышоў перыяд пэўнага застою, аднатыпнасці мастацкіх форм і прыёмаў, паўтарэння сюжэтных сітуацый і кампазіцыйных рашэнняў. І ў самым эмацыянальным „сектры“ апошніх твораў В. Быкава, у тым эстэтычным хваляванні, якое выклікаюць гэтыя аповесці, пераважваюць фарбы цёмныя, змрочныя, якія выклікаюць пачуцці страха і псіхалагічнай прыгнечанасці».

А што ж трэба было чакаць ад Быкава як ад сапраўднага і сумленнага пісьменніка? Светласці і радасці ад апісання жахлівых падзей ваеннага часу?..

І яшчэ пра Васіля Быкава, пра аглабельшчыну ў дачыненні да яго творчасці: «...Нельга пагадзіцца з „прапрацовачным“ тонам артыкула А. Агеева ў „Мінскай праўдзе“, але аўтар правы, напрыклад, там, дзе крытыкуе песімістычны „тонус“ аповесці „Праклятая вышыня“. Варта прызнаць, што новая аповесць — „Круглянскі мост“ — узмацняе ідэйна-мастацкія недахопы папярэдніх твораў В. Быкава. Можна зразумець гарачае жаданне В. Быкава пазбегнуць схемы, разабрацца ў тым, што адбывалася „на гэтым баку“ ўзаемаадносін паміж сваімі, але ён жадае гэта зрабіць з дакладна вызначанай зададзенасцю, з гатовым чорна-белым рашэннем і зноў не па сваёй волі трапляе ў жорсткія абдымкі новай схемы. Пра схематычнасць канфрантацыі станоўчых (герой-назіральнік) і адмоўных (часцей за ўсё гэта герой дзеяння) вобразаў правільна, на мой погляд, пісаў у сваёй рэцэнзіі І. Мацяшоў».

Цікавым падаецца і «пасаж» у бок Вячаслава Адамчыка — празаіка, які, несумненна, застанецца ў беларускай літаратуры на доўгія і доўгія часіны. «... адносіны толькі ў бок безагаворачнага захвальвання склаліся і да, безумоўна, таленавітага празаіка В. Адамчыка. Між тым яго апавяданні — нават самыя ўдалыя з іх („Кароль Нябожа“, „Дзікі голуб“) — пакутуюць адсутнасцю сацыяльна-класавай арыентацыі герояў. „Першасныя асновы бытавання“, у сферы якіх развіваецца дзеянне ў гэтых апавяданнях, пакідае ўражанне пазачасавасці і пазагістарычнасці таго, што адбываецца».

Канешне ж, вельмі востра па тым часе гучыць і такая заўвага: «Са старонак „Полымя“ зусім знік гераічны характар нашага сучасніка. Перад пісьменнікамі, перад часопісам стаіць надзвычай важная і неадкланая задача: у стракатасці жыццёвых з’яў умець адчуць гераічны пачатак у душах сучаснікаў — у ім стрыжань новага народнага характару.

Гераізм, вучыў Ленін, пачынаецца там, дзе ў свядомасці радавога чалавека прысутнічае клопат не толькі пра блізкае, але і пра „далейшую“ зацікаўленасць, зацікаўленасць калектыва і грамадства.

Наўрад ці можна сказаць пра сучасную нашу літаратуру ўвогуле, што яе мастацкі ўзровень адпавядае жыццю народа. Нават у тэматычных адносінах яна адстае ад патрабаванняў часу. Нельга жыць мінулым, хаця яно ў многіх адносінах неабходна, як неабходная была ў літаратуры тэма Вялікай Айчыннай вайны, якая і цяпер шырока распрацоўваецца. Фарміраванне рабочага класа на базе хуткай індустрыялізацыі рэспублікі, змены ў сённяшняй вёсцы, развіцё навукі — гэтыя актуальныя тэмы распрацоўваюцца недаравальна слаба. Па тым, што напісана ў сённяшняй літаратуры пра вёску і як напісана, нельга скласці паўнавартасную карціну тых працэсаў, тэндэнцый і супярэчнасцяў, якія характарызуюць сучасную калгасную вёску з грамадскага, эканамічнага, маральнага боку. І вясковы жа чалавек падключаны да вялікага свету сацыяльных запалу і барацьбы, якія калоцяць планету Зямля».

Ідэалагічны характар справаздачы пра «Полымя» ў дадзеным дакуменце цалкам зразумелы і абгрунтаваны тым часам, тымі ўмовамі, у якіх фарміраваліся адносіны Кампартыі і пісьменніцкага асяроддзя. Інакш і быць, зразумела, не магло. Іншая справа, што з вышыні сённяшняга часу, болей як праз паўстагоддзя, усе гэтыя ацэнкі і высновы даволі неадназначныя…

Таксама з запіскі, адрасаванай С. Пілатовічу: «... Уся сучасная літаратура — жадаюць гэтага ці не асобныя мастакі — насычана палітыкай. Многія замежныя пісьменнікі замест стварэння мастацкіх твораў аддаюць перавагу выступленням з палітычнымі артыкуламі і трактатамі. Адкрытыя палітычныя тэндэнцыі прарываюцца ў тэатр, кінавытворчасць, у майстэрні мастакоў. Адпадае, па сутнасці справы, пытанне пра нейтралізм у ідэалагічных пазіцыях. Быць „нейтральным“ у ідэалагічнай барацьбе — гэта значыць для савецкага мастака страляць па сваіх.

У гэтых умовах асабліва важную ролю набываюць метадалагічныя праблемы марксісцка-ленінскай эстэтыкі, дакладнае разуменне сацыялістычным мастаком прынцыпа партыйнасці ў мастацтве і паслядоўнае адстойванне яго як прынцыпа эстэтычнага, у якім палітычны і мастацкі крытэрыі ацэнкі непадзельныя».

Даведка, яую пісалі для Станіслава Пілатовіча ў ліпені 1969 года, і сёння ўсё ж нагадвае, што літаратура і палітыка непадзельныя. Што непадзельныя літаратура і само жыццё.

Кастусь ЛЕШНІЦА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.

Эканоміка

Час прыглядацца да крэдытаў

Час прыглядацца да крэдытаў

Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.