Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Галоўнае — не дапусціць рэалізацыі сцэнарыяў, якія спрабуюць нам навязаць звонку


На гэтым тыдні ў Мінску праходзіць ХІХ пасяджэнне Нарады кіраўнікоў органаў бяспекі і разведвальных служб дзяржаў-удзельніц СНД. Падобныя сустрэчы нязменна знаходзяцца ў полі зроку вышэйшага кіраўніцтва краін-удзельніц. Гэтая Нарада выключэннем не стала. З яе удзельнікамі сустрэўся Прэзідэнт Белараусі Аляксандр Лукашэнка. 


Выстаяць у сусветным хаосе

Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, сімвалічна, што ў эпоху войнаў і палітычных катаклізмаў цяперашняя Нарада праходзіць у Беларусі. «Нягледзячы на палітычны і санкцыйны ціск з боку Захаду, найперш ЗША, мы працягваем развіваць мірную стабільную дзяржаву, заснаваную на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці. Запыт на справядлівасць вялікі зараз у нашых дзяржавах. Але, на жаль, сітуацыя вакол нас не становіцца больш бяспечнай. Расце напружанасць у розных рэгіёнах планеты. Некаторыя канфлікты, якія тлелі, пераходзяць у гарачую фазу, паўсюдна развязваюцца гібрыдныя проксі-вайны. І не толькі проксі», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння поўнасцю дэградавалі міжнародныя структуры ад АБСЕ і Арганізацыі па забароне хімічнай зброі да Міжнароднай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Па яго словах, яны ператварыліся ў пляцоўкі для дэмагогіі і інструменты для абслугоўвання і рэалізацыі інтарэсаў глабальных гульцоў. «Пры гэтым трацім вялізныя грошы на рознага рода канферэнцыі, разумеючы, што яны нічога не дадуць. Апошняя ў Дубаі прайшла. Дакаціліся да абсурду: Еўрапейскі фонд міру выдзяляе сродкі на вайну ва Украіне», — пералічыў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што свет пагружаецца ў хаос з непрадказальнымі наступствамі. Знайсці хоць якую раўнавагу пакуль не атрымліваецца. Разбурана сістэма проціваг, збалансаваная раней узаемадапаўняльнымі дагаворамі, у тым ліку ў сферы ядзернага стрымлівання. «Абсалютна падтрымліваю меркаванне першага Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, які нядаўна сказаў, што як ніколі свет блізкі да ядзернай вайны. Каму-каму, а яму трэба верыць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён зрабіў акцэнт на тым, што ў такіх умовах узрастае роля спецыяльных службаў, найважнейшай задачай якіх з’яўляецца забеспячэнне абароны сваіх дзяржаў і грамадзян ад унутраных і знешніх пагроз. «Гэта не банальныя і дзяжурныя выразы аб узрастанні вашай ролі ў сучасным свеце. Справа ў тым, што дзярждэпартаменты і міністэрства замежных спраў у апошні час крыху падразвучыліся ўсталёўваць кантакты, а галоўнае — падтрымліваць іх нават у самых складаных абставінах. Спецслужбы ўмеюць гэта рабіць. І тут ад вас патрабуецца найжорсткае напружанне, каб не згубіць гэтую ніць, гэтую сувязь. Парвецца яна паміж вамі — не будзе з кім размаўляць і не будзе каму. Я гэта ведаю з уласнага досведу», — адзначыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што сёння асаблівае значэнне набывае эфектыўнасць дзейнасці знешняй разведкі па здабыванні дакладнай, актуальнай і перш за ўсё прагнознай інфармацыі, якая дазваляе кіраўнікам краін прымаць вывераныя рашэнні ў інтарэсах сваіх народаў. «Галоўнае тут — апярэдзіць нашых апанентаў, не дапусціць рэалізацыі тых сцэнарыяў, якія спрабуюць нам навязаць звонку. — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Як мне дакладваюць (можа быць, у вас іншая інфармацыя), адна з асноўных задач разведсупольнасці НАТА і іх саюзнікаў — дэзінтэграцыя постсавецкай прасторы. Яны жадаюць спачатку ўбіць клін у нашы з вамі шматвекавыя добрасуседскія адносіны, а затым нацкаваць адзін на аднаго. Мы гэта праходзілі. Упэўнены, калі не будзе магчымасці зняць трубку і набраць па тэлефоне кожнаму з вас для вырашэння канкрэтнага пытання, гэта можа абярнуцца трагедыяй. Такога дапусціць нельга. Таму я заклікаю вас да таго, каб вы не ў якім выпадку не разрывалі свае адносіны. Нават калі хтосьці з нашых дзяржаў будзе прытрымлівацца іншага пункту гледжання, палітыкі, якую тая ці іншая дзяржава сёння ажыццяўляе. Галоўнае — не спяшайцеся».

Мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць свайго саюзніка

Прэзідэнт падкрэсліў, што назіраецца актыўнасць замежных спецслужбаў на нашай тэрыторыі. Па яго словах, формы іх працы набываюць усё больш агрэсіўны характар. «Да нас закідваюць не проста шпіёнаў, а ўжо агентаў тэрарыстаў. Спрабуюць стварыць экстрэмісцкія ячэйкі, фармуюць нейкія палкі з нашых збеглых, прыцягваюць наймітаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён расказаў, што сумесна з калегамі з Расійскай Федэрацыі затрымана ўжо каля двух дзясяткаў груп, якія мелі на мэце перш за ўсё да тэрарыстычных аперацый на тэрыторыі Расіі. «Мы што ім павінны? Мы НАТА што павінны? Мы ціха-спакойна жывём, нікому не перашкаджаем. Я нядаўна размаўляў з вашымі калегамі з тых вядучых краін — кіраўнікамі спецслужбаў. Я ім задаваў прамое пытанне: „Вы чаго ад нас хочаце? Вы што не ведалі, што мы з Расіяй заключылі дагавор, што ў нас самае блізкае ваенна-палітычнае супрацоўніцтва?“. „Вось вы там дапамагаеце Расіі“... Я кажу: „Дапамагалі і будзем дапамагаць. Мы гэта шчыра гаворым, мы гэта ніколі не хавалі“. Гэта наш саюзнік, пачынаючы ад тых часоў, калі я сказаў, што мы ў спіну рускім страляць не дазволім праз тэрыторыю Беларусі, мы гэтага прынцыпа прытрымліваемся. Што тут не было ясна да канфлікта ва Украіне? Усё было ясна і зразумела, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — А я ім задаю пытанне: „А вы, 50 краін, падтрымліваеце сёння Украіну...“. Даўно ўжо гэта вайна пераўтварылася з расійскага канфлікта з Украінай у вайну Расіі супраць усяго „цывілізаванага Захаду“. Вы ведаеце, не адмаўляюць. А тады чаго ад нас хочаце? Мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць свайго саюзніка. Гэтаксама як і ўсе дзяржавы, якія сядзяць за гэтым сталом», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама прывёў у прыклад, як Беларусь і Расія імгненна адрэагавалі, калі ў пачатку 2022-га года здарыўся канфлікт у Казахстане, які стараліся падагрэць з-за мяжы. 

«Да нас прэтэнзіі прад’яўляць не трэба. У нас палітыка транспарэнтная, адкрытая. І мы заўсёды будзем прытрымлівацца такой палітыкі, каб вы ведалі. Мы ад вас нічога не ўтойваем, кажу гэта публічна», — заявіў беларускі лідар, яшчэ раз зрабіўшы акцэнт на тым, што такая палітыка будзе праводзіцца і далей. 

«Мы бачым вельмі сур’ёзную актыўнасць на тэрыторыі Беларусі. Зразумела, што гэты санітарны кардон на тысячу кіламетраў акно атрымалася, „акно“, „балкон“ — хто як называе Беларусь. Зразумела, што будуць пастаянна яго імкнуцца абрэзаць, каб выйсці туда праз Смаленск, як заўсёды, да Масквы. Шчыра кажу: гэтага дазволіць мы не можам. Мы будзем усяляк са сваімі саюзнікамі прытрымлівацца гэтай лініі», — дадаў беларускі лідар. 

Мы не хочам ваяваць. Трэба трымаць эканоміку

Сведчаннем таму, што нас не пакінуць у спакоі, кіраўнік дзяржавы назваў рэзанансныя акцыі ў Мачулішчах, калі спрабавалі напасці на ваенны аэрадром і знішчыць перш за ўсё расійскую ваенную тэхніку, у Гродне, спробы падрыву чыгункі ў розных рэгіёнах краіны. Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння сур’ёзныя пагрозы сфарміраваліся для нас і ў інфармацыйнай сферы. Ён падкрэсліў, што сёння журналісты і ідэолагі, якія знаходзяцца на перадавой, адбіваюць гэтыя атакі. Гэта і дэструктыўнае ўздзеянне на насельніцтва, і распаўсюджванне фэйкаў, укідаў, і кібератакі на крытычную інфраструктуру дзяржаўных органаў. Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што вельмі важна сёння не дапусціць перарастання гэтай інфармацыйнай вайны, гэтага супрацьдзеяння ў гарачую вайну. 

«Нельга дапусціць бойкі у нашым доме. Давайце перажывем гэтыя падзеі. Мы страцілі сваю дзяржаву, якая садзейнічала ўтрыманню шматпалярнага свету, згубілі, — звярнуўся Прэзідэнт да прадстаўнікоў краін СНД. — Не такія мы сёння моцныя, як раней. Таму нам супрацьстаяць гэтым схваткам у раёне Ціхага акіяна, Індыйскага, Атлантыкі вельмі складана. Проста па-жыцейску вам кажу са свайго досведу: нам трэба гэта перажыць. Мы не хочам ваяваць, мы наваяваліся, хопіць. Трэба эканоміку трымаць нашу. Калі не будзе ўнутраных прычын — ніхто да нас не палезе. А ўнутраныя прычыны — гэта эканоміка». У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што і краінам-удзельніцам СНД трэба не дапусціць разарвання сувязей паміж сабой. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў Украіну, кіраўніцтва якой заклікаў не спяшацца выходзіць са складу СНД. Падобная размова была ў свой час і з колішнім прэзідэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі. Па словах беларускага лідара, выйсці з міжнароднай структуры проста, але вярнуцца назад — ужо складана. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што, толькі аб’яднаўшы намаганні, краіны-удзельніцы СНД змогуць супрацьстаяць розным пагрозам. «Характар даверных адносін паміж намі вызначаецца агульнай гісторыяй (яе ўжо не зменіш) якая дасталася ад некалі адзінай краіны, эканамічным, навуковым, адукацыйным патэнцыялам, міжчалавечымі кантактамі. Вось гэта наша эканамічная прастора. Да, многае тут залежыць ад Расіі. Але давайце шчыра казаць, Расія кожны месяц, кожны год іншай становіцца. Як ніколі сёння, у сілу пэўных умоў Расія з’яўляецца цэментуючым, аб’яднаўчым звяном постсавецкай прасторы», — сказаў беларускі лідар. Ён заклікаў захоўваць адзіную эканамічную прастору, агульны рынак. 

Трэба дамаўляцца. Гэтая агідная сітуацыя нікому не патрэбна

У прыклад, што бывае, калі не прытрымліваешся названых прынцыпаў, Прэзідэнт прывёў канфлікт ва Украіне. Па яго словах, украінцы правакавалі расійскі бок на канфлікт, у тым ліку дыскрымінуючы ва Украіне грамадзян па нацыянальнай прыкмеце. «У Расіі Пуціна штурхалі да таго, каб ён абараніў сваіх людзей. А як ён павінен быў паступіць? Даскакаліся значыць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што кіраўнікі спецслужб заўсёды пытаюцца аб прычынах канфлікту. «Амерыканцу задаў пытанне: „А калі б у Мексіцы так сябе паводзілі супраць амерыканскіх грамадзян?“ Амерыка раздушыла б ужо гэтую Мексіку», — сказаў беларускі лідар. Ён заўважыў, што ў гэтым канфлікце ўсімі бакамі дапушчана нямала памылак. Але для таго і існуць палітыкі, каб своечасова спыніцца. А сёння ніхто не гатовы спыніцца. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сёння і Захад ужо канфліктуе з Украінай. «Папярэджваў Зяленскага: узнікне недзе заварушка або нейкая іншая прычына — пра цябе забудуцца. Вось, калі ласка: Блізкі Усход, унутраная сітуацыя ў Амерыцы. Што адбылося — ходзіць, небарака, з працягнутай рукой», — адзначыў ён. Беларускі лідар заявіў, што Злучаныя Штаты павялі сябе подла ў адносінах да ўкраінскага прэзідэнта. Ён нагадаў, што напярэдадні вайны амерыканцы абяцалі кіраўніцтву Украіны фінансаванне і пастаўкі зброі. А зараз нічога гэтага няма. Таму Уладзімір Зяленскі і патрабуе ад заходніх партнёраў выканання дамоўленасцей. 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, удзельнікам канфлікту трэба дамаўляцца: «Гэтая агідная сітуацыя нікому не патрэбна. І вы ведаеце, што сёння Расія гатова. І ніколі не адмаўляліся ад перагавораў. Тады Зяленскага стрымліваў Захад, цяпер яны ківаюць на Зяленскага: „Калі ён пагодзіцца на перагаворы, мы таксама гатовы“. Узнікла новая сітуацыя — і кінулі. Як у Афганістане: будуць чапляцца за шасі і падаць на аэрадром».

Прэзідэнт звярнуў увагу на канфлікт Уладзіміра Зяленскага з украінскімі ваеннымі. Пра ўнутрыпалітычную сітуацыю ва Украіне Аляксандр Лукашэнка расказваў яшчэ некалькі месяцаў таму на сустрэчах з замежнымі і беларускімі журналістамі. Тады ён адзначаў, што аб міры трэба дамаўляцца найперш з украінскімі ваеннымі, бо яны кожны дзень гінуць на фронце і бачаць, што гэта такое насамрэч. «Ваенныя Украіны маюць адрозны пункт гледжання і пазіцыю ад палітыкаў і прэзідэнта Зяленскага. І Уладзімір Зяленскі гэта выдатна ведае. І будучыя перастаноўкі ў ваенным блоку гавораць пра гэта. Самыя прафесійныя ваенныя больш за ўсё. перакананыя, што вайну трэба спыняць. Вы ўбачыце, што нам усё роўна — і расіянам найперш — прыйдзецца дамаўляцца з вайскоўцамі Украіны. І ніякія палітыкі, а вы бачыце, якія там палітыкі — са ўсяго свету сабралі гаворачыя галовы. Гаварыць, ведаеце, не справу рабіць. Гаварыць усе ўмеюць, а вось пайсці паваяваць на фронце ці хаця б туды з’ездзіць падчас бою — яны там не былі. Там жа кідаюць людзей як гарматнае мяса. І яны гатовыя „мільёнамі ўкраінцаў ахвяраваць“ — цытата. Ваенныя гэта разумеюць. І ваенныя змогуць дамовіцца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён растлумачыў, што закрануў тэму ўкраінска-ваеннага канфлікту нездарма. «Лёгка пайсці, махнуць рукой, адарвацца. Вярнуцца потым будзе цяжка. Не рабіце гэтага. Ад вас многае залежыць. Так, дапусцілі недзе памылкі. Так, дзесьці не атрымалася — у Арменіі, Азербайджане. Давайце выправім гэта», — звярнуўся ён да кіраўнікоў спецслужбаў. Па словах беларускага лідара, эскалацыі армяна-азербайджанскага канфлікта не здарылася, калі б бакі своечасова прыслухаліся да парад і прынялі неабходныя меры. Пры гэтым, ён заўважыў, што ў гэтым віна не цяперашняга кіраўніцтва Арменіі. Прэм’ер-міністру Ніколу Пашыняну гэтыя праблемы дасталіся ў спадчыну ад папярэднікаў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што заклікаў вырашыць канфлікт мірна, для гэтага разглядаліся канкрэтныя меры, якія так і не былі прынятыя. А цяпер і Арменіі, і Азербайджану прыходзіцца цяжка. 

Няпростая сітуацыя гістарычна склалася і на таджыкска-кыргызскай мяжы. Аднак лідарам гэтых дзяржаў удалося знайсці ўзаемапрымальнае рашэнне. «Я ўвесь час хвалю кіраўнікоў: ну проста малайцы. Больш як 90 працэнтаў граніц узгаднілі. І я ўпэўнены, што ў наступным годзе яны падпішуць дагавор аб граніцы. — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Дзеля чаго мы ваюем? Жыццё ж аднойчы даецца».

Кіраўнік дзяржавы ўзгадаў і беларускі прыклад: 2020 год, калі ў ціхай, спакойнай краіне спрабавалі развязаць бойку. Але, на шчасце, усё скончылася мірна. Падсумоўваючы ўсё вышэйсказанае, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што краінам, звязаным агульнай гісторыяй, трэба трымацца разам і падтрымліваць даверчыя адносіны. «Ні ў якім разе не адрывайцеся, не ідзіце, таму што кінуць. А ў бяздольнага народа, які трапіў у цяжкую сітуацыю, тупік, выхад адзін: стрэльбу дадуць — ваюй», — рэзюмаваў ён. І супрацоўніцтва органаў бяспекі, па яго словах, з’яўляецца пляцоўкай, якая дае магчымасць лепш разумець інтарэсы адзін аднаго, улічваць іх і прымаць канкрэтныя меры па дээскалацыі абстаноўкі. 

Беларусы кожны раз з гонарам вытрымлівалі націск

Дырэктар Службы знешняй разведкі Расіі Сяргей Нарышкін падзякаваў беларускаму лідару за магчымасць правесці чарговае пасяджэнне Нарады кіраўнікоў органаў бяспекі і разведвальных служб СНД у Мінску. У адказ Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці беларускага боку прадастаўляць пляцоўкі для такіх сустрэч.

Сяргей Нарышкін расказаў, што пасяджэнне Нарады ў Мінску прысвечана тэматыцы пашырэння супрацоўніцтва органаў бяспекі і разведслужбаў «у мэтах блакіраваць намаганні Захаду па дэстабілізацыі абстаноўкі» на прасторы Садружнасці. «Беларусь неаднаразова адчувала на сабе непрыкрытую агрэсію з боку заходняга блока на чале са Злучанымі Штатамі Амерыкі, якім, напэўна, ненавісны такі бескампрамісны курс Мінска адстойваць свае інтарэсы, інтарэсы сваёй дзяржавы і грамадзян. Беларуская ўлада і грамадства кожны раз з гонарам вытрымлівалі гэты націск і даказвалі, што ціску з боку еўраатлантычнага блока трэба і можна супрацьстаяць», — заявіў ён. Па словах кіраўніка СЗР Расіі, Захад не пакідае звычкі груба ўмешвацца ў справы краін-удзельніц СНД, каб іх раз’яднаць, пазбавіць палітычнай волі і эканамічнага патэнцыялу, не дапусціць фарміравання ў Еўразіі альтэрнатыўнага цэнтра сілы, здольнага кінуць выклік заходняй гегемоніі. «Не маючы магчымасці дзенічаць напрамую, шляхам так званых гуманітарных інтэрвенцый, заходні блок выкарыстоўвае метады гібрыднай вайны, які закранае ўсе бакі, усе сферы жыцця дзяржавы і грамадства. Асаблівую трывогу ў нас зараз выклікаюць спробы заходняга блоку падарваць сістэмы ўлады на прасторы Садружнасці шляхам распальвання этна-сепаратыстскіх і ксенафобскіх настрояў», — сказаў Сяргей Нарышкін. 

Па яго словах, асабліва паказальна, што нацыянал-радыкальны парадак дня заўсёды ідзе поплеч з празаходнім і антырасійскім і антыкітайскім. «Такі вось выбарчы шавінізм атрымліваецца», — заўважыў кіраўнік СЗР Расіі. Сяргей Нарышкін нагадаў, што менавіта пад такімі лозунгамі англасаксы дзесяцігоддзямі праводзілі каланізацыю Украіны, вынікам якой стала цяперашняя трагедыя ўкраінскага народа і грамадства.

«Усё вышэйпералічанае — сучасная праява такой класічнай максімы англасаксаў, якая гучыць як „падзяляй і пануй“. Адказам на гэтую разбуральную стратэгію можа быць толькі супрацьлеглы прынцып, які яшчэ ў XIX стагоддзі быў сфармуляваны адным еўрапейскім мысляром, і гучыць ён — „аб’ядноўвай і вядзі “. Размова ідзе не толькі аб павышэнні ўнутранай кансалідацыі грамадства і кожнай дзяржавы нашай Садружнасці. Не менш важна пашыраць і ўзмацняць знешнепалітычную каардынацыю паміж нашымі дзяржавамі, у тым ліку і ў сферы рэагавання на дэструктыўную заходнюю актыўнасць у адносінах да нашых краін і Садружнасці ў цэлым», — заявіў Сяргей Нарышкін. 

У тэму

Наша адзіная пазіцыя — правільная

У размове з журналістамі Сяргей Нарышкін падвёў вынікі нарады. «Аляксандр Рыгоравіч даў вельмі карысныя палітычныя парады, як дзейнічаць у цяперашняй вельмі няпростай абстаноўцы, калі заходні блок злоўжывае сваім становішчам і спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю ў нашых краінах, раз’яднаць, развесці краіны Садружнасці па сваіх „кватэрах“. Але мы не паддаёмся і не будзем паддавацца. Мы разумеем, што наша адзіная пазіцыя — правільная, і ў рамках Садружнасці агульная палітыка ў сферы гарантавання бяспекі і стабільнасці мае вялікае значэнне», — сказаў ён.

Сяргей Нарышкін расказаў, што інфармацыя, якая паступае ў СЗР, сведчыць аб тым, што заходні блок на чале з ЗША расцэньвае Расію і Беларусь як адзіны геапалітычны цэнтр сілы, які здольны супрацьстаяць знешнім пагрозам. «Шмат у чым гэта здольнасць Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі даволі паспяхова і паслядоўна развівацца ва ўмовах неспрыяльнай знешняй абстаноўкі звязана якраз з дзейнасцю спецслужбаў, у тым ліку КДБ Беларусі і СВР Расіі», — сказаў ён. Па словах дырэктара СВР, у фокусе ўвагі спецслужбаў абедзвюх дзяржаў знаходзяцца і тыя выклікі і пагрозы, якія зыходзяць ад групы «таталітарна-ліберальных» рэжымаў Захаду. Адносіны спецслужбаў Беларусі і Расіі Сяргей Нарышкін ахарактарызаваў як даверныя, падкрэсліўшы таксама іх сістэмны характар і поўную падтрымку лідараў дзвюх краін.

Намеснік старшыні Кабінета Міністраў — старшыня Дзяржаўнага камітэта нацыянальнай бяспекі Кыргызстана Камчыбек Ташыеў звярнуў увагу, што ва ўмовах, калі абстаноўука ў свеце хутка мяняецца, трэба не дапусціць разладу паміж краінамі-удзельніцамі СНД. «Краіны СНД павінны выступаць адзіным фронтам па ўсіх пытаннях, асабліва па пытаннях гарантавання бяспекі нашых краін», — сказаў ён.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта нацыянальнай бяспекі Таджыкістана Саймумін Яцімаў расказаў, што асноўны прадмет Нарады кіраўнікоў органаў бяспекі і разведвальных служб — барацьба з падрыўной дзейнасцю саперніка і з тэрарыстычнымі арганізацыямі і праявамі. «Перакананы, што мы павінны адыходзіць ад закасцянелага дагматызму, які разглядае падрыўную дзейнасць, тэрарыстычную актыўнасць як нешта аўтаномнае, асобнае», — сказаў ён. Па словах Саймуміна Яцімава, задача разведкі і контрразведкі ў тым, каб дайсці да сутнасці праяў тэрарызму, выявіць вызначальнае і заканамернае, знайсці тых, хто ініцыіруе, субсідзіруе, арганізуе, плануе, рэалізуе мерапрыемствы тэрарыстычнай накіраванасці.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.