Вы тут

Выстаўка «Адметныя 85» адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі


Учора ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пачала працаваць выстаўка «Адметныя 85», прымеркаваная да знакавай даты Беларускага саюза мастакоў. Пра экспазіцыю гаворка будзе ісці ў наступным нумары, а сёння хацелася б сказаць некалькі слоў пра работы, якія некаторы час дэманстраваліся ў фае Вялікага тэатра Беларусі. Выстаўка «85 гадоў разам» прэзентавала жывапіс аўтараў розных пакаленняў з фондаў БСМ.


Уладзімір Мудрогін «Світанне. Стары Мінск».

 Чым была адметная экспазіцыя, дык работамі, якія рэдка дэманструюцца. Многія з іх не падыходзяць для рознага роду праектаў з-за неадпаведнасці канцэпцыі. Як правіла, большасць выставак Саюза мастакоў прымеркаваны да юбілею мастака ці знакавай даты ў жыцці краіны, што неабходна «праілюстраваць» творамі пэўнай тэматыкі. Так і хаваюцца ад гледача да часу цікавыя з пункту гледжання мастацкай вартасці і гістарычнага кантэксту работы. 

Так, некалькі карцін на выстаўцы прысвечаны Мінску. Гэта, напрыклад, пейзажы «Стары Мінск» (1984) Барыса Няпомняшчага, «Агні вызваленага Мінска» (1990) Вячаслава Кубарава, «Вуліца Я. Купалы» (1961) Абрама Кроля, а таксама «Світанне. Стары Мінск» (год стварэння работы не пазначаны) Уладзіміра Мудрогіна. Калі першыя тры карціны адлюстроўваюць больш-менш пазнавальныя часткі горада, дакладней, яго цэнтра, то стылістычна яркая работа Уладзіміра Мудрогіна вылучаецца з гэтага шэрагу. Ён не прытрымліваўся правілаў сацрэалізму і выяўляў горад па-свойму, як гэта рабіў, напрыклад, Ізраіль Басаў. Менавіта яго імя прыходзіць у галаву пры знаёмстве з мінскім пейзажам. Агульнае ў іх творчасці і праўда ёсць — гэта манументальнасць, выразнасць, рытмічнасць кампазіцыі. Твор «Світанне. Стары Мінск» выдае Уладзіміра Мудрогіна як мастака-дэкаратара: будынкі, што ўтвараюць сцяну, агароджы і дрэвы выглядаюць як дэкарацыі да спектакля. А неба — яркае і спакойнае — кантрастуе з тым, што на зямлі, хоць не становіцца падобнае да сапраўднага. 

Запамінальныя ў экспазіцыі і нацюрморты: «Ураджай» (1974) Соф’і Лі, «Свята» (1985) Святланы Катковай, «Палявая кветкі» (1987) Валянціны Міхеевай. Апошні, дарэчы, вельмі тыповы, хоць і яркі, гарманічны, а вось два першыя могуць лічыцца ўзорамі беларускага нацюрморта. Кампазіцыя, каларыстычнае рашэнне, пабудова прасторы — ва ўсім гэтым выяўляецца аўтарскі почырк і стаўленне да культурнага багацця Беларусі, яе каштоўнай спадчыны. 

Святлана Каткова «Свята», 1985 г.

Астатнія творы так ці інакш можна лічыць прысвячэннямі хараству прыроды, прытым не толькі нашай (гаворка пра два выключэнні — «Мядзведзь-гара» (год напісання не пазначаны) Міхаіла Лісоўскага і «Маяк у Гаване» (1965) Георгія Паплаўскага). Карціны ледзьве не ўсіх аўтараў прымушаюць пагадзіцца з меркаваннем знаўцаў аб тым, наколькі таленавітыя беларускія пейзажысты, наколькі гэта тонкія знаўцы адметнасцей і самых непрыкметных адценняў, як лічыцца, сціплай прыроды. Многія з мастакоў здолелі ўзбагаціць айчыннае мастацтва: Пётр Крохалеў, Іван Рэй, Аляксандр Кішчанка... Варта нагадваць пра зробленае імі. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?