Вы тут

Пасяджэнне экспертна-кансультатыўнага савета пры Савеце Рэспублікі прайшло ў ВДТУ


Выязное пасяджэнне было прысвечана перспектывам развіцця лёгкай прамысловасці нашай краіны і прайшло ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, які з’яўляецца вядучай ВНУ па падрыхтоўцы кадраў для гэтай галіны. Старшыня Савета Рэспублікі азнаёмілася з навучальнымі лабараторыямі, дзе хлопцы і дзяўчаты спасцігаюць асновы стварэння абутку, адзення, а таксама нанавалакністых матэрыялаў, паразмаўляла з моладдзю.

Як высветлілася, у ВНУ атрымліваюць адукацыю не толькі жыхары Віцебскай вобласці, але і іншых рэгіёнаў, Расіі. Матываванасць выпускнікоў школ, іх зацікаўленасць у атрыманай прафесіі, попыт на навучанне ў адной з вядучых віцебскіх ВНУ — гэтыя пытанні таксама былі разгледжаны падчас пасяджэння.


«Трэнды трэба задаваць самім»

Кажучы аб перспектывах развіцця лёгкай прамысловасці ў нашай краіне, Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што для таго, каб развівалася гэтая галіна, неабходны кадры. «Таму мы прынялі рашэнне правесці выязное пасяджэнне менавіта ў тэхналагічным універсітэце горада Віцебска — у адзінай ВНУ краіны, дзе рыхтуюць спецыялістаў для гэтай галіны, — патлумачыла яна. — Вядома, у нас ёсць спецыяльнасці ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, іншых навучальных установах, але так канцэнтравана, вядома, у гэтай ВНУ. Тут добрыя традыцыі, добрая школа, добрыя педагогі, тыя, хто сёння працуе са студэнтамі, добрыя лабараторыі, ёсць інтэрнаты. Мы разумеем, што для таго каб прыйсці вучыцца сюды, хлопцы і дзяўчаты павінны ведаць, якая гэта выдатная ВНУ. Таму мы сёння тут. Я думаю, што пасля пасяджэння экспертна-кансультатыўнага савета хтосьці прыме рашэнне і прыйдзе вучыцца сюды».

Спікер верхняй палаты звярнула ўвагу, што ў навучальнай установе атрымліваць адукацыю маладыя людзі з Расійскай Федэрацыі. «Яны кажуць, што попыт на гэтую адукацыю ў нашых суседзяў ёсць, яны актыўна сюды прыязджаюць, бо разумеюць, што тут добрая школа», — заўважыла Наталля Качанава.

У час выязнога пасяджэння экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі ўдзельнікі наведалі выставу «Беллегпрама», а таксама ВНУ і ССНУ, якія рыхтуюць кадры для лёгкай прамысловасці, азнаёміліся з работамі маладых дызайнераў, аспірантаў універсітэта. Калекцыя з экаскуры, якая цяпер з’яўляецца папулярным матэрыялам у аматараў модных брэндаў, прыцягнула ўвагу многіх. «Трэнды трэба задаваць самім», — падкрэсліла Наталля Качанава, ацаніўшы крэатыўны падыход перспектыўных талентаў з Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Таксама на выставе былі прадстаўлены адзенне, абутак, сумкі, галантарэя, якую выпускаюць вядучыя прадпрыемствы «Беллегпрама», уключаючы тавары для дзяцей і спецыяльнага прызначэння, напрыклад, спецадзенне.

«Развіваць далей тэхналогіі, мадэлі мы проста абавязаны»

Падчас пасяджэння экспертна-кансультатыўнага савета Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу, што лёгкая прамысловасць нашай краіны — гэта той кірунак, які традыцыйна славіўся сваімі таварамі, што выпускаюць нашы прадпрыемствы. «Мы заўсёды гэтым ганарыліся, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Нават у часы Савецкага Саюза мы ведалі, што ў нас добрыя прадпрыемствы, якія выпускаюць дастаткова якасную прадукцыю. Сёння гэта дакладна так. Але развіваць далей тэхналогіі, мадэлі мы проста абавязаны».

Па словах спікера верхняй палаты парламента, адным з галоўных дасягненняў суверэннай Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца беражлівыя адносіны да найлепшай савецкай спадчыны. «У нашай краіне захавалася большасць буйных прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, на якіх стваралася сучасная галіна, — нагадала яна. — І сёння гэта стратэгічны сегмент народна-гаспадарчага комплексу нашай краіны, які аб’ядноўвае звыш дзвюх тысяч арганізацый, дзе заняты больш за 82 тысячы нашых грамадзян. Большая частка прадпрыемстваў мадэрнізавана, падтрымліваецца сістэма міжгаліновага ўзаемадзеяння, наладжаны экспартныя сувязі з многімі краінамі. Гэта стварае стабільную аснову для нармальнага функцыянавання галіны. Аднак, нягледзячы на развітую вытворчую базу, айчынны легпрам сутыкаецца з шэрагам цяжкасцяў».

Наталля Качанава адзначыла, што Прэзідэнт надае асаблівую ўвагу гэтай сферы. Сведчанне таму — бюджэтная падтрымка, якая па рашэнні кіраўніка дзяржавы аказваецца прадпрыемствам галіны для мадэрнізацыі і забеспячэння іх рытмічнай работы. «Цяпер на кантролі знаходзяцца 23 даручэнні Прэзідэнта нашай краіны, — канкрэтызавала Старшыня Савета Рэспублікі. — Вы ведаеце, што ён наведваў практычна ўсе прадпрыемствы, якія функцыянуюць сёння ў гэтай галіне, і ўсюды былі дадзены сур’ёзныя даручэнні па мадэрнізацыі. Выкананне даручэнняў Прэзідэнта павінна быць краевугольным каменем на кантролі ў рэспубліканскіх органах кіравання. І, вядома, мы, члены Савета Рэспублікі, актыўна займаемся гэтымі пытаннямі».

Удзельнікі пасяджэння выпрацавалі дарожную карту, вызначылі, што яшчэ трэба зрабіць па рэалізацыі пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач.

Кадры, насычэнне ўнутранага рынку і экспарт

Наталля Качанава заўважыла, што ключавой умовай для ўстойлівага развіцця любога прадпрыемства з’яўляюцца прафесійныя і матываваныя кадры. «Сёння ў Беларусі патрэба ў кадрах для гэтай галіны забяспечваюць 5 універсітэтаў, 15 устаноў сярэдняй спецыяльнай і 48 прафесійна-тэхнічнай адукацыі, — удакладніла яна. — На маю думку, навучальных установаў хапае. Галоўнае сёння — матывацыя дзяцей прыйсці вучыцца ў гэтыя ВНУ. Нам сёння трэба паглядзець, наколькі актуальна тое, што некаторыя папулярныя спецыяльнасці адкрываюцца ў такіх вядучых ВНУ, як БДУ і іншыя. Можа, не варта гэтага рабіць? А лепш займацца гэтым там, дзе ёсць прафесійныя кадры, дзе ёсць база для гэтага: лабараторыі і ўсё астатняе».

Па словах спікера верхняй палаты парламента, патрэбна абараняць сваіх таваравытворцаў. «Бягучыя тэндэнцыі ў сусветнай эканоміцы і палітыцы падштурхоўваюць нас да інтэнсіўнага развіцця свайго ўнутранага рынку перш за ўсё шляхам насычэння запатрабаванай нашымі грамадзянамі якаснай прадукцыяй, а таксама да яго комплекснай абароны ад нядобрасумленных канкурэнтаў, — заўважыла яна. — Такая задача была пастаўлена Прэзідэнтам нашай краіны. І, вядома, мы павінны прасоўваць тавары, якія выпускаюць нашы прадпрыемствы».

Найважнейшым кірункам з’яўляецца экспарт. «Унутраны рынак мы абавязаны насыціць якаснымі таварамі і асартымент вытрымаць — гэта наша асноватворная задача, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Але для нас вельмі важны экспарт. Таму трэба пашыраць лінейку краін для супрацоўніцтва. Я ведаю, што канцэрн „Беллегпрам“ вельмі актыўна працуе ў гэтым кірунку, выязджае ў розныя краіны. Вы ведаеце, Прэзідэнт нашай краіны здзейсніў такі вялізны прарыў, калі наведаў краіны Афрыкі. Там трэба ўсё. Таму мы сёння павінны актыўна працаваць у гэтым кірунку, асвойваючы новыя рынкі для паставак нашай прадукцыі».

Парламентарыі актыўна падтрымліваюць усе задачы, якія стаяць перад нашымі прадпрыемствамі і галінамі ў цэлым. «Мы разглядаем гэтыя пытанні ў рамках міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва з МПА СНД, Парламенцкім Сходам Саюза Беларусі і Расіі — там, дзе мы можам і прымаем вельмі важныя рашэнні, — паведаміла спікер. — Зусім нядаўна ў Бішкеку, дзе праходзіла чарговае пасяджэнне сесіі МПА СНД, мы разглядалі праект, які сябе ўжо добра зарэкамендаваў, — „Садружнасць моды“. Па прапанове канцэрна „Беллегпрам“ мы дамовіліся аб тым, што будзе створана рабочая група, у якую ўвойдуць не толькі члены Савета Рэспублікі і сенатары Расійскай Федэрацыі, але і спецыялісты, якія ўзначальваюць кірункі лёгкай прамысловасці ў нашых краінах, для таго, каб адпрацоўваць сумесныя праекты і бачыць найлепшыя дызайнерскія работы».

Цяпер такі форум штогод будзе праводзіцца пад эгідай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі.

Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.