Вы тут

Беларускія плыўцы — малайцы


Турнір тыдня. У Санкт-Пецярбургу прайшоў традыцыйны турнір па хакеі. У спаборніцтвах прынялі ўдзел зборныя Беларусі і Казахстана, а таксама каманды «Расія-25», «Зоркі» і ВХЛ. У стартавым матчы нашы хакеісты абгулялі Казахстан (6:2), але затым уступілі абедзвюм зборным Расіі (3:5 і 4:5 у авертайме). У выніку зборная Беларусі заняла другое месца на Кубку Першага канала. Пераможцамі сталі хакеісты каманды «Расія-25». Трэцяе месца належыць камандзе Казахстана. Таксама ў рамках Кубка прайшоў хакейны турнір 3×3, у паўфінале якога беларускія спартсмены сустрэліся з камандай, якая складаецца з найлепшых маладых гульцоў КХЛ і наймацнейшых прадстаўнікоў Усерасійскай хакейнай лігі. Беларуская каманда заняла трэцяе месца ў гэтым турніры.


Гераіні тыдня. Беларускія спартсмены выступілі на чэмпіянаце Еўропы па тайскім боксе, які прайшоў у турэцкай Анталіі. Удзел у кантынентальным першынстве прынялі 142 атлеты з 24 краін. Беларуска Алена Ляшкевіч, якая выступае ў катэгорыі да 45 кг, стала чэмпіёнкай Еўропы. Другое «золата» нашай камандзе прынесла Дзіяна Емельянава, якая выступае ў вазе звыш 75 кг. Таксама на чэмпіянаце Еўропы ўладальнікамі бронзавых медалёў сталі Данііл Ярмоленка (да 60 кг), Міхаіл Якімовіч (да 63,5 кг), Сямён Ступакевіч (да 71 кг) і Вольга Жураўская (да 67 кг).

Героі тыдня. У сталіцы Катара, горадзе Доха, завяршыўся турнір па цяжкай атлетыцы ІWF Grand Prіx ІІ, які з’яўляўся кваліфікацыйным да Алімпійскіх гульняў у Парыжы. У вагавай катэгорыі звыш 109 кг у мужчын беларус Эдуард Зязюлін у суме дваяборства набраў 418 кг і заваяваў бронзавы медаль. Яўген Ціханцоў (вагавая катэгорыя да 102 кг) заваяваў «серабро» ў рыўку і стаў пятым у суме, а Пётр Асаёнак (да 96 кг) таксама ў рыўку заваяваў «бронзу» і заняў шостую пазіцыю ў дваяборстве.

Поспехі тыдня. Беларускія спартсмены Анастасія Шкурдай і Анастасія Куляшова выступілі на міжнародным турніры па плаванні Gyor Open, які з’яўляецца кваліфікацыйным да Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Анастасія Шкурдай перамагла на дыстанцыях 50 м і 200 м на спіне, стала другой на 50 м батэрфляем і фінішавала трэцяй на дыстанцыі 400 м вольным стылем. Анастасія Куляшова выйграла «палціннік» і стометроўку батэрфляем, стала трэцяй на дыстанцыі 50 м на спіне. На дваіх дзяўчаты заваявалі сем медалёў. Лідар беларускай зборнай Ілья Шымановіч выступіў на XVІІ Міжнародным турніры па плаванні на кароткай вадзе «Кубак Уладзіміра Сальнікава». Ён перамог на дыстанцыі 50 м брасам і пабіў свой жа рэкорд турніру, устаноўлены тры гады таму. Новае лепшае дасягненне Кубка Сальнікава зараз складае 25,59 сек.

Камісія Міжнароднай федэрацыі плавання (World Aquatіcs) адобрыла выдачу нейтральнага статусу тром беларусам. Магчымасць выступлення на міжнародных спаборніцтвах пад нейтральным флагам атрымалі спартсмены нацыянальнай каманды Рыгор Пякарскі, Віктар Стасяловіч і Руслан Скамарошка. Таксама заяўкі на атрыманне адпаведных статусаў адобраны ў трэнераў Алены Малюскі, Ігара Макеева, Марка Закутнева, Сяргея Раманоўскага. Яшчэ, Міжнародная федэрацыя плавання (World Aquatіcs) апублікавала рэйтынгі спартсменаў па выніках выступленняў на спаборніцтвах у 25-метровым басейне ў 2023 годзе. Сярод мужчын на дыстанцыі 100 метраў брасам найлепшы вынік года мае Ілья Шымановіч. Рэкорд сезона беларус устанавіў у лістападзе ў Брэсце, пераадолеўшы стометроўку за 56,33 сек. Акрамя гэтага, Шымановіч з часам 25,80 сек. займае другое месца на «палцінніку» брасам. Сусветны рэйтынг у камбінаванай эстафеце 4×100 м узначальвае зборная Мінска ў складзе Ільі Шымановіча, Віктара Стасяловіча, Рыгора Пякарскага і Канстанціна Курачкіна. У жанчын у галоўным табелі на дыстанцыі 200 метраў на спіне лідзіруе Анастасія Шкурдай. Акрамя таго, Шкурдай з 970 баламі першынствуе ў агульным жаночым рэйтынгу сярод усіх дысцыплін.

Лічба тыдня. Пяць медалёў заваявала беларуска Аліна Гарнасько на міжнародным турніры па мастацкай гімнастыцы «Нябесная грацыя», які прайшоў у Пекіне. Яна стала другой у мнагаборстве, перамагла ў практыкаванні са скакалкай, паказала другі вынік у практыкаванні са стужкай, а таксама заваявала бронзавыя ўзнагароды ў практыкаваннях з абручом і булавамі.

Медалі тыдня. Ва Уфе прайшоў другі этап Кубка Садружнасці па біятлоне з удзелам мацнейшых беларускіх і расійскіх спартсменаў. У заключны дзень этапу адбыўся вялікі мас-старт у мужчын, у якім выступілі 60 біятланістаў, у тым ліку дзевяць беларусаў. Пераможцам стаў беларус Дзмітрый Лазоўскі. У жаночай спрынтарскай гонцы на 7,5 км беларуска Ганна Сола заняла другое месца.

Аб’ява тыдня. Міжнародная тэнісная федэрацыя (ІTF) назвала лепшых гульцоў 2023 года. Чэмпіёнам свету сярод жанчын названа Арына Сабаленка. Сёлета яна ўпершыню ў кар’еры выйграла турнір серыі «Вялікага шлема» Australіan Open, а таксама дабралася да фіналу US Open. У верасні Сабаленка таксама ўпершыню стала першай ракеткай планеты, а завяршае год на другой пазіцыі ў сусветным рэйтынгу.

У мужчын па-за канкурэнцыяй аказаўся сербскі тэнісіст Новак Джокавіч.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?