Сёлетні год для Глускага раёна можна лічыць спрыяльным. З 13 прагнозных паказчыкаў тут выконваюцца ўсе, акрамя экспарту паслуг і тавараў. Што датычыцца інвестыцый у асноўны капітал, зарплаты, уводу жылля і іншых асноўных паказчыкаў, то тут ёсць чым ганарыцца. Не дрэнна склаліся справы і ў сельскай гаспадарцы. Хаця ў раслінаводстве з-за складанага надвор’я не атрымалася дасягнуць больш высокага ўзроўню, чым летась, але вырасла вытворчасць малака, у два разы павялічылася вытворчасць мяса. За паўтара года раён, дзякуючы гэтым тэмпам, трывала перамясціўся з апошняга месца па вобласці ў сярэдзіну. Пра тое, што зроблена і якія планы ставіць перад сабой мясцовая ўлада, у размове са старшынёй Глускага райвыканкама Уладзімірам Кнігай.
— Якія найбольш значныя аб’екты былі ўведзеныя ў гэтым годзе? Чым асабіста вы ганарыцеся?
— Зроблены капітальны рамонт школы № 1, каштарыс якога складаў болей чым 2700 тысяч рублёў. Цалкам заменена падлога, пракладзены новыя камунікацыі і оптавалаконная сувязь, заменены сістэмы вода- і цеплазабеспячэння, на трэцім паверсе будынку зроблены вучэбна-метадычны кластар, які дазваляе аптымізаваць вучэбны працэс. Усталявана сістэма відэаназірання, праведзены капрамонт лесвіц, прыбіральняў, для харчблока закуплена новае высокатэхналагічнае абсталяванне. Райвыканкам дапамог школе абсталяваць камп’ютарны клас. За кошт таго, што атрымалася зэканоміць на закупках, дадаткова абнавілі столь і дзверы. Акрамя гэтага, сваімі сіламі быў выкананы дэмантаж, што дало магчымасць будаўнікам у сціслыя тэрміны зрабіць рамонт школы. Да 15 жніўня ён быў ужо завершаны. Зроблена шмат, засталося толькі больш грунтоўна адрамантаваць спартзалу і дафарбаваць фасад.
Яшчэ адзін вельмі значны аб’ект, які дазволіў сёлета выканаць паказчык па інвестыцыях — новы лячэбны корпус на тэрыторыі Веснаўскага дома-інтэрната. Будаўніцтва вядзецца сіламі мясцовай ПМК, увод запланаваны налета. На сёння нам там не хапае муляраў, таму запрашаем усіх жадаючых — і арганізацыі, і індывідуалаў, якія жадаюць падзарабіць. Даем 150 рублёў за кубаметр, хаця пачыналі з 50.
Сёлета пабудавалі ў Глуску новы 16-кватэрны дом, у якім атрымае двухпакаёвую кватэру і маладая сям’я з ліку медыкаў.
— Раскажыце падрабязней, што робіцца для таго, каб раён быў больш прывабны для маладых спецыялістаў?
— Нават самі маладыя спецыялісты адзначаюць, што сітуацыя з арэндным жыллём стала апошнім часам мяняцца да лепшага. Створана спецыяльная камісія, якая кантралюе гэта пытанне, выязджае па месцах работы моладзі, цікавіцца станам жылля для іх. Сёлета ў раён прыбылі 40 маладых спецыялістаў, з якіх 10 мэтавікоў. Будзем рабіць усё магчымае, каб яны ў нас засталіся, каб утварыліся сем’і. Спецыяльна арганізуем сустрэчы з мясцовай уладай у нефармальнай абстаноўцы, каб яны маглі наўпрост задаваць пытанні і расказваць, чаго ім не хапае. Лічу, што барацьбу за маладога спецыяліста трэба весці, пачынаючы ад прафарыентацыйнай работы. Калі ў арганізацыі ёсць неабходнасць у кадрах, трэба ісці ў школу і настройваць вучня, каб ён атрымаў патрэбную спецыяльнасць і вярнуўся ў раён. Стаўку робім на мясцовую моладзь, а тых, хто сюды прыехаў, імкнёмся зацікавіць, каб не было жадання з’ехаць. Сёлета ў нас была магчымасць закупіць сцэну для вулічных мерапрыемстваў, светлавую і гукавую апаратуру ў Цэнтр культуры і вольнага часу «Арыён». Гэта дазволіць нам праводзіць культурныя мерапрыемствы на больш высокім узроўні, што таксама цікава для моладзі. Да канца года плануем закупіць шмат спартыўнага абсталявання, у тым ліку лыжнай экіпіроўкі, набываем міні-буксіроўшчык для ўкаткі лыжнай трасы. У нас ёсць добрыя спартыўныя базы. Футбалісты з каманды «Пціч» трэці год запар на абласным узроўні ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх гульнях «Скураны мяч» на прыз спартклуба. Што датычыцца гандбола, нашым гульцам рады вядучыя беларускія гандбольныя клубы. Магу пахваліцца таксама тым, што не кожны раён праводзіць лыжныя гонкі. Мы ўжо правялі дзве — сярод дзяржслужачых і раённую лыжню, а пасля Новага года плануем арганізаваць яшчэ адну, калі надвор’е дазволіць. З гарбатай, спевамі, флагамі — каб было весела і шматлюдна.
— Як у раёне выконваецца даручэнне Прэзідэнта «Адзін раён — адзін праект»?
— У мінэканомікі зарэгістраваны праект па стварэнні вытворчасці па фасоўцы і ўпакоўцы замарожанай плодаагародніннай прадукцыі на прадпрыемстве райспажыўкааперацыі «Глускі кошык». Плюс праект, які прапануе наша прыватнае дрэваапрацоўчае прадпрыемства ТАА «Зелянвуд», якое на закінутай вясковай ферме асвоіла выпуск піламатэрыялаў і прадае іх ва Узбекістан. Сёлета там было створана болей чым 20 працоўных месцаў. На «Глускім кошыку» закуплена машына па выдаленню костачкі з вішні, што дазволіць пашырыць асартымент і павялічыць прыбытак.
Хочацца сказаць добрыя словы і ў адрас арганізацый, дзякуючы якім мы справіліся з паказчыкамі. З прыбыткам спрацавалі Глускае ПМК № 249, аўтапарк. На годным узроўні знаходзяцца ПМК «Водбуд», ДРБУ. На тэрыторыі раёна працуе прыватнае прадпрыемства «Тэхнатрансдэталь», якое па падатках у бюджэт практычна дагнала райспажыўкааперацыю. Дваццаць гадоў таму мясцовыя жыхары стварылі вытворчасць і сёння спецыялізуюцца на выпуску спружын рознага прызначэння і памеру. Ёсць яшчэ адно паспяховае прыватнае прадпрыемства «ЦІЗ-М», якое вырабляе цеплаізаляцыйныя матэрыялы для памяшканняў, каналізацыі, водаправодных труб. Кампанія выігрывае салідныя тэндэры. Не кожны маленькі раённы цэнтр можа такім пахваліцца.
А яшчэ я ўдзячны ўсім жыхарам раёна за тыя сродкі, якія яны зарабілі на суботніку. Яны былі пералічаныя на нашу раённую сістэму аховы здароўя. Мы набылі неабходнае лячэбнае абсталяванне, правялі рамонты. Налета плануем, акрамя закупкі дадатковага лячэбнага абсталявання, правесці бягучы рамонт паліклінікі і мадэрнізаваць дэз-блок, а таксама пабудаваць яшчэ адзін 16-кватэрны арэндны дом. Вялікія планы па дарожным будаўніцтве. Сёлета зрабілі шмат дарог і па горадзе, і ў раёне, але яшчэ хапае вуліц, дзе трэба прыкласці і рукі, і грошы. Створана чарга па дарожных рамонтах, спадзяёмся, што налета задаволім шмат заявак ад насельніцтва.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.