Вы тут

Качанава: Вопыт трэба распаўсюдзіць на ўсе рэгіёны


Пад старшынствам спікера верхняй палаты парламента Наталлі Качанавай прайшло чарговае пасяджэнне кансультатыўнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.


Наталля Качанава, адкрываючы сустрэчу, адзначыла, што папярэднія пасяджэнні праводзіліся ў Гомелі, Полацку, Мінску. Падчас іх была прааналізавана тая работа, якая праводзіцца дзяржаўнымі органамі кіравання ў сферы аховы здароўя, адукацыі, працы і сацыяльнай абароны.

— Мы ўжо бачым, што можна вырашыць заканадаўча, што можна яшчэ зрабіць і што робіцца. Па вялікім рахунку, у нашай краіне работа выбудавана, прычым дастаткова нядрэнна. Іншая справа, што рэалізацыя гэтых мерапрыемстваў на месцах часам прыносіць не тыя вынікі, якія хацелі б бачыць бацькі і блізкія. Таму мы павінны аказваць садзейнічанне і прымаць аператыўныя рашэнні ў пытаннях, якія не знаходзяць часам свайго вырашэння ў гарадах і раёнах. Таму сёння мы запрасілі бацькоў, якія звярнуліся да нас, і хочам іх пачуць. Важна, каб у будучым мы не дапускалі такіх пытанняў, бо ў нас няма падстаў, каб яны не вырашаліся. Мы ўсё можам зрабіць на ўзроўні любога міністэрства і ведамства ў нашай краіне, — адзначыла Наталля Качанава.

Цяпер на парадку дня пытанні далейшага працаўладкавання хлопцаў і дзяўчат з асаблівасцямі развіцця.

— Я пабывала ў дзяржаўным каледжы лічбавых тэхналогій, дзе ўбачыла, што сёння гэта работа ў нас праводзіцца, прычым дастаткова эфектыўна. Я насамрэч парадавалася за Мінск. Тое, што я ўбачыла, калі кантактавала з хлопцамі і дзяўчатамі, мяне вельмі ўразіла. Навучэнцам падабаецца вучыцца, і там працуе выдатны калектыў педагогаў, у тым ліку маладыя людзі, якія самі маюць праблемы са здароўем. Мы на правільным шляху. Важна ўвесці гэтых маладых людзей у соцыум, каб яны рэалізоўвалі сябе ў далейшым жыцці і прыносілі карысць дзяржаве, — выказала меркаванне Наталля Качанава.

Як расказаў дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій Георгій Козел, цягам 18 гадоў у навучальнай установе функцыянуе Цэнтр інклюзіўнай адукацыі. У ім навучаюцца хлопцы і дзяўчаты з парушэннем зроку, слыху, апорна-рухальнага апарату і з расстройствам аўтыстычнага спектру. За гэты перыяд падрыхтавана больш за 700 спецыялістаў, 22 з іх мелі расстройства аўтыстычнага спектру. Усе выпускнікі былі працаўладкаваны па атрыманых спецыяльнасцях. Цягам двух гадоў пасля заканчэння каледжа ажыццяўляецца суправаджальнае працаўладкаванне і падтрымка на працоўным месцы кожнага з іх.

— Мы паставілі сабе звышзадачу — стаць апорнай кропкай сістэмнай работы ў сталіцы па рэалізацыі нацыянальнай стратэгіі інклюзіўнай адукацыі і развіцці інклюзіўнай культуры, — азначыў Георгій Козел.

Ён расказаў, што выкладчыкамі працуюць педагогі з такімі ж асаблівасцямі, як і навучэнцы. У тым ліку, тры татальна невідушчых педагогі, два — з парушэннем слыху і маўлення. Адна з такіх выкладчыц, Анастасія Вярбовіна, разам з навучэнцам ў хуткім часе прыме ўдзел у міжнародным конкурсе маладых людзей-інвалідаў «Усходняя казка», які будзе праводзіцца ў Баку. Яны праспяваюць песні — голасам і жэставай мовай.

Праект па навучанні асоб з расстройствам аўтыстычнага спектру будзе пашырацца. У наступным годзе ў каледж плануюць набраць амаль 40 асаблівых абітурыентаў — выпускнікоў і 9, і 11 класаў. Адметна, што праект рэалізуецца без прыцягнення бюджэтных сродкаў, а пры дапамозе людзей, нераўнадушных да праблем дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку прадстаўнікоў Парку высокіх тэхналогій.

Дырэктар каледжа спыніўся і на праблемных момантах. На жаль, не ўсе арганізацыі і прадпрыемствы праяўляюць зацікаўленасць у працаўладкаванні выпускнікоў з асаблівасцямі развіцця.

Наталля Качанава адрэагавала на праблему і прапанавала запрасіць кіраўнікоў прадпрыемстваў і намеснікаў старшынь аблвыканкамаў на сустрэчу ў каледжы з навучэнцамі і педагогамі.

Георгій Козел прапанаваў і крокі для фарміравання больш высокага ўзроўню інклюзіўнай культуры нашага грамадства.

— Калі да нас прыходзяць асаблівыя дзеці, яны не гатовы кантактаваць ні паміж сабой, ні з педагогамі і не гатовы ў тэхнічным плане. У многіх дома нават няма камп’ютараў. І каб іх падцягнуць, павінна добра працаваць сістэма дадатковай адукацыі, менавіта гуртковая. Было б добра, каб цэнтр тэхнічнай творчасці на базе былога аўтавакзала «Усходні» стаў каардынацыйнай пляцоўкай для такой падрыхтоўкі, — звярнуў увагу кіраўнік каледжа.

Наталля Качанава станоўча ацаніла работу каледжа, у тым ліку і па працаўладкаванні выпускнікоў.

У Мінскім дзяржаўным каледжы лічбавых тэхналогій, які Наталля Качанава паставіла ў прыклад, навучэнцы з асаблівасцямі развіцця асвойваюць патрэбныя прафесіі, якія дапамогуць уладкавацца ў жыцці

— Гэты вопыт неабходна распаўсюдзіць на ўсе вобласці, каб у кожнай быў вызначаны каледж, дзе будуць створаны аналагічныя ўмовы, бо не ва ўсіх дзяцей атрымаецца прыехаць у Мінск. Самае важнае, што ёсць людзі якія эфектыўна працуюць у гэтым напрамку, створаны выдатны калектыў педагогаў, які нацэлены на гэту работу. Нам трэба перагледзіць падыходы па працаўладкаванні: атрымліваецца, што маладому чалавеку з асаблівасцямі не ўладкавацца, усюды абмежаванні і забароны. Трэба больш пільна паглядзець, дзе маладыя людзі могуць сябе рэалізаваць, — даручыла кіраўніцтву органаў дзяржкіравання Наталля Качанава.

Начальнік сакратарыяту назіральнага савета Парку высокіх тэхналогій Аляксандр Базанаў расказаў, што ранейшае даручэнне спікера Савета Рэспублікі, каб людзі з расстройствам аўтыстычнага спектру маглі інтэгрыравацца ў ІT, выконваецца.

Таксама да спікера верхняй палаты звярнулася маці хлопца з аўтызмам, які марыць стаць акцёрам. Удзельнікі пасяджэння прапанавалі ўстановам адукацыі разгледзець магчымасць мэтавага набору выпускнікоў з асаблівасцямі.

Алена КРАВЕЦ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.