Вы тут

Якім быў шлях да трансфармацыі ўдзельнікаў конкурсу «Студэнт года — 2023»?


Мноства маладых людзей з маляўнічымі плакатамі, гучныя авацыі і яркае запальнае шоу з нязменным духам спаборнасці... Менавіта такая атмасфера была ў Мінскім гарадскім палацы культуры падчас гранд-фіналу рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года — 2023».


Сёлета мерапрыемства было падзелена на два конкурсныя дні. Напачатку фіналісты абаранялі свае «курсавыя» праекты, якія ў перспектыве могуць рэалізавацца на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях, і дзяліліся натхняльнымі гісторыямі са свайго жыцця падчас «Конкурсу прамоўніцкага майстэрства».

У асноўны конкурсны дзень, нягледзячы на тое што да мерапрыемства заставалася больш за гадзіну, хол ужо быў перапоўнены моладдзю. Тым не менш у натоўпе лёгка было пазнаць фіналістаў па спецыяльным брэндаваным адзенні. Цікава, аб чым яны думаюць напярэдадні выступлення?

Падыходзім да другакурсніцы факультэта маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва БНТУ Арыны Колесавай. Дзяўчына адразу ж запэўніла нас, што для яе перамога не самамэта:

— Адзінае, пра што я думаю зараз, — гэта як прадставіць свой творчы нумар годна, — падзялілася яна. — Пра свае шанцы на перамогу буду думаць ужо пасля выступлення. Цяпер нешта прадказаць вельмі складана.

Не хвалявацца перад выхадам на сцэну немагчыма. Аднак, як аказалася, з гэтымі перажываннямі фіналістам дапамог справіцца першы конкурсны дзень. Так, студэнт эканамічнага факультэта Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» Іван Осіпаў прызнаўся, што эмоцыі зашкальвалі падчас прамоўніцкага конкурсу.

— Сёння ўжо «адпусціла», здаецца, я прывык да сцэны. Што будзе, тое будзе, — з усмешкай сказаў малады чалавек.

Варта адзначыць, што сёлета ў конкурсе ўдзельнічала рэкордная колькасць фіналістаў за ўсю яго гісторыю: ажно 18 чалавек! Лейтматывам «Студэнта года — 2023» стаў слоган «Шлях да трансфармацыі».

Па словах кіраўніка праекта Уладзіслава Дубіцкага, гэтая канцэпцыя прасочваецца ва ўсім: ад конкурсу, які за ўвесь час прайшоў мноства змен, да новых падыходаў у рабоце і стварэння творчых нумароў фіналістаў.

...Хутка пачалося шоу. Феерыя візітовак, канцэптуальных дэфіле і творчых нумароў. Фіналісты не пераставалі здзіўляць. У кожнага была свая ўнікальная ідэя. Напрыклад, Аляксей Перхальскі прадставіў сябе праз уласнае шоу і тэатр ценяў, Іван Осіпаў — праз рэп, а Анастасія Кісель — праз шахматныя фігуры, якія абазначалі розныя сферы яе жыцця. Не абышлося і без адсылак да трэндаў. У нумарах Анастасіі Шугалей і Паліны Арцёмчык прасочвалася тэматыка ружовага барбі-свету. Толькі вось у апошняй дзяўчыны гэта было пададзена асаблівым чынам. Фіналістку вынеслі ў скрынцы з надпісам «Барбі». Спачатку здавалася, што ўсё закруціцца ў тым жа духу, як і ў Анастасіі Шугалей, і нумар страціць унікальнасць. Але не. Нечакана музыка спыняецца і дзяўчына кажа: «Стоп, гэта не наша гісторыя!» У момант дэкарацыі на сцэне мяняюцца. І зараз ужо перад гледачамі каробка з надпісам «Паўлінка», а фіналістка кружыцца ў нацыянальным касцюме ды яшчэ і Янку Купалу цытуе.

Творчыя нумары ўразілі сваёй прафесійнасцю. Як быццам бы выконвалі іх не студэнты, а дасведчаныя артысты. Кранулі нумары на тэму Вялікай Айчыннай вайны Аляксандры Шведавай і Паўла Кротава. Адна тэма, але пададзена абсалютна па-рознаму. Аляксандра разам з іншымі дзяўчатамі ў паўзмроку выканала танец, які літаральна быў прасякнуты болем жанчын, у якіх вайна бязлітасна забірае мужоў, сыноў і братоў. Гэта было моцна і вельмі канцэптуальна. 

У Паўла падача была іншая. Нумар быў разбіты на некалькі эпізодаў. Спачатку ўсё добра. Мірны час. Ён, малады салдат, кружыцца ў танцы з каханай дзяўчынай. Здавалася б, усё жыццё яшчэ наперадзе, але, на жаль, героя забіраюць на фронт, і праз нейкі час каханай прыходзіць «пахаванка». Усё гэта было вельмі артыстычна выканана на сцэне. Завяршыўся нумар тым, што з залы выйшлі дзяўчаты са свечкамі, і настала хвіліна маўчання.

Безумоўна, былі і лягчэйшыя па ўспрыманні нумары, але не менш таленавітыя. Напрыклад, танга ў выкананні Уладзіслава Уголева зараджала палымянай энергетыкай. А голас Юліі Левінай уражваў сваёй меладычнасцю.

Як жа выбраць сярод усіх гэтых талентаў найлепшых? Перамогі былі вартыя ўсе. Работа журы была нялёгкай, аднак па выніках іспытаў «Студэнтам года — 2023» стала прадстаўніца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Анастасія Кісель. Другое месца дасталося студэнтцы Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Юліі Левінай. Трэцяе падзялілі паміж сабой Уладзіслаў Уголеў з Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і Аляксей Перхальскі з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Да таго ж у дадатковай намінацыі — «Студэнт года ONLІNE» — атрымала перамогу другакурсніца Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Арына Колесава.

...Праз пару хвілін пасля аб’яўлення вынікаў сцэна напоўнілася моладдзю з групы падтрымкі. Ажыятаж быў, вядома, каля пераможцы.

— Я вельмі шчаслівая, што прадстаўляю сваю родную ВНУ. І мяне перапаўняюць эмоцыі! — падзялілася дзяўчына. — На конкурс «Студэнт года» я марыла трапіць, яшчэ будучы абітурыенткай, і цяпер разумею, што ўсё не дарма, што ўся наша праца праведзена з вялікім класным вынікам!

Анастасія Кісель займаецца творчасцю, навукай, вакалам і танцамі. Сакрэт поспеху, па меркаванні дзяўчыны, — ва ўменні сумяшчаць усе таленты ў адным нумары, а таксама ў каманднай працы.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.