Вы тут

Творчыя падыходы да выхавання ў рэгіёнах


Літаратура канфіскавана 

                           з законаў тлення. 

Яна адна не прызнае смерці.

                           Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын


Выхаваўчая функцыя літаратуры з’яўляецца адной з самых галоўных. Літаратура прызвана ненавязліва даносіць да людзей вельмі важныя жыццёвыя ўстаноўкі. Ідэі пісьменніка, якія ён заклаў у свае творы, адбіваюцца на выхаванні людзей, асабліва маладых, дапамагаюць ім узбагаціцца духоўна. Літаратура аказвае на чалавека наймагутнейшы ўплыў. І менавіта тэкст твора як нельга дакладней перадае пазіцыю аўтара, яго думкі, адносіны да людзей, падзей, быцця ўвогуле. Дзякуючы добраму валоданню словам і таленту, пісьменнік можа данесці да чытача вялікую колькасць важных і глыбокіх ідэй. Галоўнае, каб яны сапраўды былі важнымі і глыбокімі і аўтар меў адметную ўласную пазіцыю.

Пісьменнікі Гродзенскага абласной арганізацыі разумеюць, што адна справа — выхоўваць маладое пакаленне ўвогуле, а другая — мэтанакіравана выхоўваць творчую моладзь. Сёння быць добрымі і спагаднымі становіцца нявыгадна: так іх будуць успрымаць як слабых і бесхарактарных, гэтым будуць карыстацца і садзіцца на шыю. Гэтаму ёсць тлумачэнне — падзенне грамадскай маралі. Ці не адной з галоўных задач пісьменніка з’яўляецца спроба вярнуць асноўныя прынцыпы грамадскай маралі на спаконвечна адведзены ёй п’едэстал, узняць праз свае творы на належную вышыню? І пачынаць «літаратурнае» выхаванне неабходна з самых маленькіх чытачоў, магчыма, нават яшчэ і не чытачоў.

Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі мае добрыя стасункі з дзіцячымі садкамі, школамі, каледжамі і ўніверсітэтамі горада і вобласці. Так, дзіцячы паэт Віктар Кудлачоў і празаік Ірына Фамянкова — пастаянныя госці ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 58 г. Гродна. Яны не проста прэзентуюць свае новыя кнігі, але шукаюць новыя формы далучэння дзяцей да чытання і творчасці. У гэтым годзе Ірына Васільеўна стварыла кнігу вершаў па аповедах дзяцей, малюнкі да кнігі таксама зрабілі дзеці. Называецца кніга «Трэба верыць у казку». Якой жа цікавай і яскравай стала прэзентацыя ў садку! 

Віктар Кудлачоў напісаў шмат пазнавальных кніг для дзяцей дашкольнага ўзросту. Адна з іх — «Намалюю горад Гродна» — не губляе актуальнасці і была перавыдадзена ўжо некалькі разоў. Менавіта з гэтай кнігі пачалося шчыльнае супрацоўніцтва паэта з дзецьмі. Вершы пра свой горад дзеці захацелі намаляваць — у выніку сумеснай працы атрымалася цікава ілюстраваная малюнкамі дзяцей кніга. Пры гэтым ненавязліва папулярызавалася любоў да роднага горада, яго вуліц і знакавых мясцін, якія маленькія чытачы ўбачылі ўпершыню, а калі і не, дык дакладна іншымі вачыма. 

Не менш цікава і, я б сказала, апантана працуюць з дашкольнікамі дзіцячыя пісьменнікі Ганна Скаржынская-Савіцкая і Таццяна Сучкова. Вялікай папулярнасцю ў выхавальнікаў дзіцячых устаноў і матуль, якія выхоўваюць дашкольнікаў, карыстаюцца кнігі Ганны Іосіфаўны «Казкі-чамучкі», з якіх дзеці даведваюцца, «Чаму васілёк жыве ў жыце?», «Чаму сланечнік падобны на сонца?», «Чаму ў чмяля мала мёду?», «Чаму снягір чырванагруды?» і шмат пра што яшчэ. Казка пісьменніцы пра хамячка Тошку вучыць зразумець, што такое сапраўднае сяброўства, як не разгубіцца, калі трапіў у складаную сітуацыю, вучыць дабрыні, спагадлівасці, даверу. Новыя кнігі пісьменніцы «Нябесная крынічка» і «Промні міласэрнасці» звяртаюць маленькіх чытачоў да духоўнасці і маральнасці. Праз учынкі, апісаныя ў іх, аўтар паказвае дзецям дабро і зло, сквапнасць і шчодрасць, адказнасць за свае словы і паводзіны. 

Ганна Скаржынская-Савіцкая стварыла ўнікальную кнігу «Кветка малой радзімы», у якой патлумачыла 50 беларускіх прыказак і прымавак дзецям у выглядзе невялікіх казак і апавяданняў. Кніга «А ў нас — зорны час» знаёміць чытача з беларускімі фразеалагізмамі народнай мудрасці ў гульнёва-забаўляльнай форме, а кніга «Жамчужына роднага краю» ўключае найбольш красамоўныя і яскравыя беларускія перыфразы. Ці ж не змястоўны матэрыял для настаўнікаў і выхавацеляў для выкарыстання на пазакласных занятках выхаваўчага кірунку?

Таццяна Сучкова працуе ў дзіцячым філіяле № 6 гарадской бібліятэкі, таму мае шчаслівую магчымасць прэзентаваць свае новыя творы маленькім наведвальнікам, праводзіць з імі гульні-віктарыны, пазнавальна-забаўляльныя праграмы, у тым ліку па сваіх кнігах. Неабходна засведчыць, што творы пісьменніцы носяць характар не толькі забаўляльны, але і пазнавальна-навучальны, выхаваўчы.

Творчасць гродзенскай пісьменніцы Людмілы Шаўчэнкі для дзяцей скіравана на школьны ўзрост. У трох сваіх зборніках «Праздничный пирог», «Весёлая карусель», «Почему звенит ручей?» паэтэса закранае тэмы і з’явы, якія найбольш хвалююць школьнікаў. Сярод іх вылучаюцца павага да братоў нашых меншых, сяброўства, уплыў на ўчынкі дзяцей дасягненняў сучаснай цывілізацыі. Вершы Людмілы Шаўчэнкі дапамогуць выхаваць пачуццё любові да родных, да школы, да свайго краю і прыроды.

Калі вышэйназваныя гродзенскія пісьменнікі працуюць з дзецьмі дашкольнага, малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, то ў Галіны Богдан, вядомай у літаратурным асяроддзі як Ліна Багданава, амаль палова з усіх ёю выдадзеных — кнігі для падлеткаў. Журы аднаго міжнароднага літаратурнага конкурсу назвала яе гісторыі паспяховымі педагагічнымі эцюдамі.

Выдатна дапамагае педагогу тэхніка сторытэлінгу — уменне якасна, цікава, інтрыгоўна, зразумела распавядаць гісторыі з жыцця школьнікаў. З выхадам на абмеркаванне патрэбнай праблемы. У якасці гісторый сторытэлінгу пісьменнік-педагог Галіна Богдан паспяхова выкарыстоўвае ўласныя інтэрактыўныя апавяданні з жыцця падлеткаў, якія спачатку друкаваліся ў аўтарскай рубрыцы часопіса «Бярозка», а затым увайшлі ў серыю кніг «У Кантакце», якія ўжо шэсць гадоў выпускае выдавецтва «Народная асвета». Гэтыя выданні ўяўляюць сабой зборнікі інтэрактыўных апавяданняў, якія складаюцца з дзвюх частак: апісання складанай жыццёвай сітуацыі, у якую трапляюць школьнікі 6–16 гадоў, а таксама парад і разваг людзей з найбліжэйшага акружэння герояў — педагогаў, бацькоў, аднагодкаў, старшакласнікаў. 

Абмеркаванне, аналіз, творчае асэнсаванне прапанаваных сітуацый садзейнічаюць павышэнню ўзроўню самарэгуляцыі, фарміраванню спрыяльных міжасобасных адносін падлеткаў, іх сяброў і бацькоў, навыкаў мадэлявання стратэгій паводзін. Серыя мае віртуальны складнік — сеткавую супольнасць «Будзь у кантакце!» у папулярнай сетцы «ВКонтакте», дзе арганізоўваецца адкрыты дыялог аўтара і чытача. 

Галіна Богдан аддае перавагу актыўным формам узаемадзеяння. Найбольшую цікавасць у чытача выклікаюць сустрэчы ў фармаце літаратурных лабараторый. Значны грамадскі рэзананс атрымаў праект «Літаратурная IP-лабараторыя «Чытаем з задавальненнем! Чытаем з карысцю!»», які рэалізоўваецца ва ўстановах адукацыі краіны пры падтрымцы выдавецтва «Народная асвета» і грамадскага аб’яднання «Inclusive Practices» на IP Virtual Platform. 

Запатрабаваныя ў чытачоў, педагогаў, бацькоў, бібліятэкараў і кнігі Ліны Багданавай з серый «Тусовка.ВУ» (для вучняў 5-8 класаў), «Дарослыя Дзеці» (для старэйшых падлеткаў), а таксама шэраг яе прыгодніцкіх аповесцей, выдадзеных у выдавецтве «Беларусь». За прывабнай, часам авантурнай абалонкай гэтых твораў хаваецца ўстойлівы духоўна-маральны пасыл на ўзаемадзеянне, падтрымку, дружбу, канструктыўны дыялог падлеткаў з акаляючымі іх людзьмі, раскрываюцца не заўважаныя імі функцыі і магчымасці бацькоў, старэйшых членаў сям’і, прыгажосць роднай краіны, багацце яе гістарычнай і культурнай спадчыны. Не пакінуты без увагі і пазнавальны кампанент. А ўласцівая стылю Багданавай недамоўленасць, лагічныя абрывы стымулююць чытача на фантазію, глыбокае перажыванне. 

Студэнцкая моладзь Гродзеншчыны таксама знаходзіцца ў полі зроку гродзенскіх пісьменнікаў. Стасункі, закладзеныя нашымі папярэднікамі, працягваюцца з калектывамі выкладчыкаў і студэнтаў трох гродзенскіх універсітэтаў: медыцынскім, аграрным і купалаўскім. Вельмі рады, што будучыя дактары і працаўнікі сельскай гаспадаркі цікавяцца літаратурай, у прыватнасці паэзіяй. Таму пісьменнікі Гродзенскага абласнога аддзялення — частыя госці ў аўдыторыях і бібліятэках гэтых навучальных устаноў. Кожны год вясной і восенню адбываюцца так званыя «літаратурныя дэсанты», падчас якіх пісьменнікі на працягу тыдня выходзяць на сустрэчы са студэнцкай моладзю. Прыемна, што ў ГрДМУ існуе літаратурнае аб’яднанне «Катарсіс» пад кіраўніцтвам педагога-пісьменніка Віктара Варанца. Але самыя сяброўскія і творчыя стасункі склаліся ў гродзенскага Саюза з нашым універсітэтам імя Янкі Купалы, асабліва з кафедрай беларускай філалогіі, якой кіруе кандыдат філалагічных навук Алена Станіславаўна Садоўская. Дзякуючы таму, што чацвёра выкладчыкаў кафедры з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі (Р. Казлоўкі, А. Сабуць, С. Тарасава, А. Руцкая), мы маем магчымасць ладзіць цікавыя літаратурныя мерапрыемствы, многія з якіх ужо сталі традыцыйнымі. Да прыкладу, гэта «Дзень роднай мовы» ў лютым, «Свята паэзіі» ў сакавіку, «Чытаем разам Янку Купалу і Якуба Коласа» ў маі і лістападзе; набірае папулярнасць праект «Літаратурныя ўніверсітэты і брыфінг-дыялогі», на якіх пісьменнікі асвятляюць пытанні тэорыі літаратуры, адказваюць на пытанні студэнтаў. Зваротнай сувяззю з’яўляецца стварэнне нізкі студэнцкіх рэфлексій на творчасць сучасных пісьменнікаў Гродзеншчыны. З задавальненнем пісьменнікі ўдзельнічаюць у традыцыйных «Купалаўскіх чытаннях», якія прайшлі ў гэтым годзе чатырнаццаты раз. 

У гэтых стасунках назіраецца сустрэчны рух: студэнцкая моладзь пад кіраўніцтвам выкладчыкаў актыўна ўдзельнічае ў літаратурных мерапрыемствах, конкурсах, акцыях і праектах, якія ладзіць гродзенская пісьменніцкая арганізацыя. А гэта і грамадскі дыскусійны клуб «Словадром», і Гродзенская грамадская літаратурная школа, аналогій якім у Беларусі няма; і шматлікія выязныя мерапрыемствы на пагранічныя заставы, удзел у прэзентацыях новых кніг, удзел у калектыўных зборніках. Менавіта падчас сустрэч з моладдзю выяўляецца творчы патэнцыял, літаратурны талент маладых людзей, будучых паэтаў і празаікаў. Тады мы бяром іх пад апеку і працягваем працаваць індывідуальна, дапамагаем стаць на крыло, рыхтуем першую публікацыю на сайце аддзялення ў рубрыцы «Зялёны радок» або «Творчасць нашых гасцей». З часам рэкамендуем даслаць свае творы ў вядомыя беларускія выданні. Адным словам, працуем мэтанакіравана. А «праца — кухня мастацтва, без яе талент застаецца паўфабрыкатам», яшчэ Уладзімір Мулявін сказаў.

На заканчэнне хачу адзначыць, што пісьменнікі Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ добра разумеюць выхаваўчую ролю літаратуры і ўсведамляюць сваю ролю ў рэалізацыі літаратурнага выхаваўчага працэсу. Безумоўна, стаўку сёння трэба рабіць на моладзь. Моладзь — гэта тыя, хто ідзе за намі, будзе жыць пасля нас, будаваць новае жыццё і, магчыма, новую літаратуру. Якой яна будзе? Напэўна, у чымсьці залежыць ад нас. Давайце аддаваць маладому пакаленню самае лепшае, што маем у сваіх душах, пачуццях, свой вопыт, думкі, уменні і навыкі, падтрымку і пераканаўчую жыццёвую пазіцыю. Тады, упэўнена, яно вырасце такім, як нам з вамі хочацца. А дэвізам нашай працы па выхаванні моладзі на найлепшых узорах літаратуры няхай стануць словы Арцёма Вярыгі-Дарэўскага: «Дзейнічай, працуй, аб’ядноўвай вузлом любові, вучы славіць Бога, любіць суайчыннікаў 
і маці-радзіму».

Людміла КЕБІЧ

Выбар рэдакцыі

Парламент

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.

Адукацыя

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?

Рэлігія

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.