Сказанае даўно нярэдка актуальна праз дзесяцігоддзі. Як прамоўленае яшчэ ў 1856 годзе расійскім філолагам-славістам, акадэмікам Ізмаілам Сразнеўскім: «Я лічу, што трэба было выдаць сабранае ім усё без выключэння, бо ўсё аднолькава вартае поўнага даверу і ўсё цікавае і неабходнае для пазнання беларускага народа». Меў на ўвазе навуковую спадчыну этнографа, фалькларыста і лексікографа Івана Насовіча. Наконт усяго выдання яе — сёння праблематычна. Асноўная ж праца — «Слоўнік беларускай мовы» — ёсць у многіх. Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ў 1983 годзе выпусціла яе факсімільнае выданне з асобніка асабістай бібліятэкі пісьменніка і апантанага кнігалюба Барыса Сачанкі.
Навукай заняўся — нават не верыцца, — пражыўшы 55 гадоў. Будучы наглядчыкам і выкладчыкам рускай славеснасці Свянцянскага духоўнага вучылішча, ён 29 жніўня 1843 года, у дзень свята Іаана Галавасека, па справах быў у Вільні ў дырэктара духоўных вучылішч Скарабелі. На прапанову выпіць кавы са смятанкай ветліва адмовіўся, патлумачыўшы, што посціцца. Скарабелі пакрыўдзіўся. Іван Іванавіч пасля шкадаваў, што не папрасіў прабачэння, бо праз месяц адправілі ў адстаўку. Адно радавала: пенсія была 600 рублёў у год. Тады столькі атрымлівалі і адстаўныя генералы.
У духоўным вучылішчы выкладаў невыпадкова. Амаль усе Насовічы з’яўляліся святарамі. Пачынаючы з яго прадзеда Харлампія Завары ці Заваруя Насовіча. Бацька быў дзякам у вёсцы Гразівец Быхаўскага павета, цяпер Чавускага раёна. Ажаніўся з Агаф’яй Хадкевіч. Яна таксама са святарскай сям’і, толькі з мястэчка Расна Чавускага павета.
Бацька паклапаціўся, каб сыны — Максім і малодшы Іван — былі людзьмі пісьменнымі. Сам вучыў іх азбуцы. Праз год Іванка чытаў па-руску, ведаў і царкоўнаславянскую мову. У сям’і часта размаўлялі па-беларуску. Ніколі не цураліся народных звычаяў, абрадаў. Любілі беларускія песні, браты таксама спявалі іх. Хоць Іван Іванавіч, стаўшы на самастойную жыццёвую дарогу, спачатку калі-нікалі называў сябе рускім. На гэта ўплываў той асяродак, у які трапіў.
Рана далучыў бацька сыноў і да працы. Таксама шмат значыў яго прыклад. Меў цудоўны почырк, што тады — рэдкасць. Перапісваў паперы ў памешчыцкіх канторах суседніх вёсак. Далучаў сыноў і да прыгожага. Цудоўна іграў на скрыпцы, ведаў нотную грамату. Латынь — таксама. І ёй навучыў сыноў. Але хацеў, каб яны пайшлі яго дарогай.
У пачатку верасня 1798 года Максіма і Івана прынялі ў падрыхтоўчы клас Магілёўскай духоўнай семінарыі. Аднак правучыліся ўсяго некалькі месяцаў. Прыехаўшы дамоў на Каляды, так моцна захварэлі, што ледзь не памерлі. Да вучобы вярнуліся праз год. Бацьку ў гэты час накіравалі святаром у Вальмірскую царкву Чарнігаўскага павета. Жонку пакінуў у Гразіўцы для догляду гаспадаркі. Але ў Вальміры сяляне жылі бедна. Прыбытку прыход не даваў. Бацьку і маці было не да сыноў. У сталым узросце Іван Насовіч напісаў мемуары «Успаміны майго жыцця». У іх ёсць такі эпізод: «Голад прымушаў нас абодвух у святочны дзень вечарам прасіць міластыню пад вокнамі спяваннем розных свяшчэнных псалмоў, якім яшчэ ў першыя гады нашага хатняга выхавання навучыў нас бацька. Выпадак прывёў нас пад акно, дзе сядзела дама. Мы, як цяпер помню, заспявалі: «Хвала Усявышняму Уладыку...». Дама, у захапленні ад нашых галасоў і зладжанага спеву, спытала:
— Чые вы, дзеткі?
— Мы з Гразіўца, там наша маці, а бацька пасланы святаром у Вальмір, — адказвалі мы са слязьмі.
— Дзетачкі мае! Вы, мабыць, сыны Івана Рыгоравіча. З вас адзін, Ваня (гэта быў я), мой хрэснік, — сказала дама, праслязіўшыся, і, паклікаўшы нас да сябе, накарміла нас малаком з хлебам і сказала нам прыходзіць да яе ў такі ж час штодзённа. Гэта была мая хросная маці Варвара Іванаўна Насовіч».
Пасля такой нечаканай сустрэчы Максім і Іван калі-нікалі наведваліся да хроснай. Луста хлеба і шклянка малака ім, згаладалым, таксама былі ў радасць.
Нягледзячы на цяжкасці, браты вучыліся старанна. Асабліва Ваня. Добра авалодаў грэчаскай і французскай мовамі. Удасканаліў латынь і стараславянскую. Пазней, дарослым, вывучыў старажытнаяўрэйскую і польскую.
У жніўні 1813 года Івана Насовіча прызначылі настаўнікам вышэйшага аддзялення і інспектарам Аршанскага павятовага духоўнага вучылішча. Але праз год перавялі ў Мсціслаўскае духоўнае вучылішча. У гэтым горадзе адразу стаў сваім чалавекам. Праводзіў розныя культурна-асветныя мерапрыемствы. У першую чаргу сярод моладзі. Напаткаў і сваё сямейнае шчасце.
З будучай жонкай Юліяй Пушкінай пазнаёміўся нечакана. Яна была мясцовай. Але працавала гувернанткай у сям’і памешчыка Смаленскай губерні. На радзіму прыехала адведаць хворую маці. Завітала і ў госці да дачок аднаго добрага знаёмага Івана Іванавіча. Там яе і ўбачыў упершыню. Спадабалася з першага позірку. Калі што і стрымлівала прызнацца ў каханні, дык тое, што на жаніцьбе «апёкся». Ажно тройчы. Адной нявесце нават уручыў залаты заручальны пярсцёнак. Ды разышліся. А з Юліяй адразу знайшлі паразуменне. Чацвярых дзяцей дачакаліся.
Пражылі ў Мсціславе да 1828 года, калі Івана Насовіча прызначылі рэктарам Магілёўскага духоўнага вучылішча. Праз чатыры гады перайшоў у Міністэрства народнай асветы. Пасля арганізоўваў Дынабургскую гімназію. Потым быў наглядчыкам Маладзечанскага дваранскага пяцікласнага вучылішча. А пасля апынуўся ў Свянцянах, дзе адпрацаваў дзесяць гадоў да нечаканай адстаўкі. 23 мая 1844 года пераехаў у Мсціслаў.
Успомніў даўняе, з гадоў юнацтва, захапленне вусна-паэтычнай творчасцю. Запісваў легенды, казкі, песні, прыказкі, прымаўкі і на Мсціслаўшчыне, і ў іншых рэгіёнах. Ва «Успамінах...» прызнаваўся: «Нехта ўжо канчае, а я толькі пачаў. І я буду ісці па гэтай дарозе, наколькі хопіць сілы. У мяне ўрэшце развязаны рукі і мяне чакае мой народ, і я павінен зрабіць для яго ўсё, і не маю права ўпасці, пакуль ён чакае маёй дапамогі і пакуль у мяне ёсць сілы служыць яму».
Завяршыў запісы ў красавіку 1871-га. Лёс адмераў яму яшчэ шэсць з лішнім гадоў. Памёр 6 жніўня 1877 года. Усвядоміўшы сябе «карэнным беларусам», мусіў навёрстваць упушчанае.
Аднак жыццё на пенсіі пачаў не з запісаў фальклору, а з артыкула «Аб барацьбе набожнасці з забабонамі і памылкамі ў часы старазапаветнай царквы». Рознае асэнсоўваў у ім: каларытныя народныя словы, трапныя выразы, прыказкі і прымаўкі... Набралася каля тысячы тэрмінаў. У 1850 годзе паслаў іх у Расійскую акадэмію навук. З рукапісам пазнаёміўся Ізмаіл Сразнеўскі. Пад назвай «Беларускія прыказкі і прымаўкі» гэтыя матэрыялы апублікавалі ў «Известиях Отделения русского языка и словесности Академии наук». Трапіць на іх старонкі лічылі гонарам многія вучоныя. А тут невядомы пенсіянер. Ды яшчэ ва ўступным слове Ізмаіл Іванавіч адзначыў, што зробленае «заслугоўвае пільнай увагі». Здатнасць жа «ўзяцца за справу, уменне, якое падмацоўваецца тут магчымасцю рабіць і правяраць назіранні на месцы, яшчэ больш выклікаюць да яго павагу».
Іван Насовіч першым у гісторыі беларускай фалькларыстыкі прааналізаваў жанр прыказак і прымавак. Паказаў яго вытокі, растлумачыў ужыванне. У далейшым неаднойчы выступаў першапраходцам. Тады ж, ухвалены Ізмаі-
лам Сразнеўскім, паслаў яму яшчэ два рукапісы. Адзін складаўся з паданняў, былін, легенд, баек. У другім — песні. На жаль, па нейкіх прычынах яны не былі надрукаваны, пасля згубіліся. Тым больш шкада, што гэта былі запісы песень, якія памятаў яшчэ з маладых гадоў. Жнеі ў Мсціславе ў час дажынак завітвалі да яго з вянкамі з жытніх каласоў. Спявалі жніўныя песні, а ён падпяваў. Найбольш упадабаў гэтую:
Пара, жонкі, дамоў ісці!
Пацярала жара ключы,
Каля постаці ідучы
Ды з сонейкам гуляючы.
Не толькі «пацярала жара ключы». З рукапісамі таксама такое бывае. Як у той прымаўцы «Ніхто не знаець, што яго чакаець». Запісаў яе ад адной з жанчын, толькі пайшоўшы на пенсію.
Таму і любіў песні, што захапляўся паэзіяй. У юнацтве пісаў вершы. У тым ліку і па-беларуску. З іх, праўда, захавалася толькі нізка псалмоў і некалькі вершаваных гутарак. Дарэчы, асобныя вершы без указання аўтарства ўключыў у «Беларускія песні». Даследчыкі ўспрынялі іх як народныя. Расійскаму філолагу Якаву Гроту прысвяціў паэму «Іўдзіяна». На жаль, і яе рукапіс не захаваўся. Спрабаваў сілы і ў галіне перакладу, пераклаўшы Катэхізіс.
Зборнік беларускіх слоў з прыказкамі і прымаўкамі даслаў у Акадэмію навук. Ён быў перададзены археолагу, гісторыку, збіральніку рукапісаў па гісторыі Беларусі Івану Грыгаровічу. Дарэчы, ён наш, ураджэнец Прапойска, цяперашняга Слаўгарада. Якраз працаваў над «Слоўнікам заходнерускай мовы». Маецца на ўвазе беларуская мова. Аднак завяршыць работу перашкодзіла смерць. Іван Насовіч хацеў сам давесці справу да канца, аднак пабаяліся, што з-за ўзросту не закончыць.
Аднак ім зацікавілася Археаграфічная камісія, што запланавала гістарычны слоўнік беларускай мовы. Папрасілі ўважліва пазнаёміцца з пяцітомным Зборам Актаў і грамат Заходняй Русі ХVІ—ХVІІІ стагоддзяў. Аб’ём работы быў вялікі, таму працаваў без выхадных, часам і ноччу. Калі ж не справіўся малады беларускі лінгвіст Станіслаў Мікуцкі, якому даверылі завяршыць «Слоўнік...», таксама прасілі дапамагчы.
Працаваў, па сутнасці, на два франты. Работу над рукапісам па даручэнні Археаграфічнай камісіі скончыў у 1853 годзе. «Слоўнік...» атрымаў назву «Алфавітны паказальнік старых беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Русі». Увайшло 12 тысяч слоў. У тым ліку 11 тысяч агульных імён, звыш 600 слоў-варыянтаў, каля 100 уласных імён. Прыводзілася 20 геаграфічных назваў. У 1865 годзе Акадэмія навук прысудзіла Івану Насовіч Увараўскую прэмію.
На гэты час ён ужо год жыў у Пецярбургу, каб быць бліжэй да навуковага асяроддзя. У сталіцы знаходзіўся шэсць гадоў. У 1867 годзе выдаў «Беларускія прыказкі». За іх Рускае геаграфічнае таварыства ўганаравала залатым медалём і выбрала сваім членам-
супрацоўнікам.
У Мсціслаў вярнуўся ў 83-гадовым узросце. У кірмашовыя дні спяшаўся на рынак. Любіў пачуць ад сялян з навакольных вёсак трапнае слова, паслухаць песні. Па-ранейшаму сваім чалавекам быў і ў дамах гараджан. З задавальненнем знаёміўся з вясельнымі абрадамі, апісаўшы некалькі з іх. Песень жа сабраў не адну сотню. Звыш 350 тэкстаў з апісаннем іх даслаў у Акадэмію навук, яны былі апублікаваны. Праўда, некаторыя тэксты ўзяў з чужых выданняў.
Асноўная даследчыцкая праца Івана Насовіча — «Слоўнік беларускай мовы», над якой ён працаваў трыццаць гадоў. Звыш 30 тысяч слоў адлюстроўваюць усё багацце нашай мовы ХІХ стагоддзя. Выкарыстаны дыялектныя гаворкі. Узяты моўны матэрыял са старажытных актаў, грамат, фальклорных зборнікаў. Карыстаўся Іван Іванавіч і выпіскамі
з газет і часопісаў.
У «Слоўніку...» адзначаны доўгія і кароткія склады. Пазначаны знакі націску, скарачэння, узвышэння. У якасці прыкладу змешчаны вытрымкі з прыказак, прымавак, песень, загадак, казак. Прыводзіцца рускамоўны варыянт. Багаты і ілюстрацыйны матэрыял. «Слоўнік беларускай мовы» — тлумачальна-этымалагічна-перакладны. І ў гэтым таксама быў першы.
Да яго «Слоўніка беларускай мовы» падобнай даследчыцкай працы не было ва ўсім усходнеславянскім мовазнаўстве. Не страціў сваіх вартасцей ён і па сёння. Цікавы тым, што ўключае словы, якія зніклі. Сярод іх нямала ўнікальных, глыбока самабытных. Да ўсяго ілюстрацыйны матэрыял дае пэўныя звесткі аб народным побыце, звычаях, абрадах. Гэты «Слоўнік...» — свайго роду помнік даследчыку. Пахаваны ж Іван Насовіч на могілках Тупічэўскага манастыра Мсціслава. А нядаўна споўнілася 235 гадоў з дня яго нараджэння.
Алесь МАРЦІНОВІЧ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.