Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў Супрацьмінным цэнтры Узброеных Сіл


Цяпер у кожнага маладога чалавека, які збіраецца ісці ў армію, ёсць выбар — адслужыць тэрміновую ваенную службу або адразу заключыць з воінскім падраздзяленнем кантракт. І калі перспектыва першага варыянта ўсім зразумелая, то пра магчымасці кантрактнай службы ведаюць не ўсе. Нягледзячы на тое што замест года-паўтара несці воінскі абавязак трэба будзе 24 месяцы, усё больш прызыўнікоў аддае перавагу службе па кантракце.

Карэспандэнты «Звязды» пераканаліся ў гэтым, калі наведалі Супрацьмінны цэнтр Узброеных Сіл. У лістападзе спецыяльнае падраздзяленне, прызначанае для пошуку выбуховых рэчываў і іх размініравання, папоўнілі 30 навабранцаў. Усе — кантрактнікі. Ахвотных было амаль удвая больш, але добрая частка асабовага складу вырашыла працягваць службу далей.


З фельчара — у вайскоўцы

— Мы ўвогуле не набіраем маладых людзей на тэрміновую ваенную службу, — уводзіць у курс справы намеснік начальніка Супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Руслан Лабаноўскі. — Падраздзяленне, у якім маладыя людзі праходзяць службу, з’яўляецца атрадам размініравання (гуманітарнага размініравання) і разлічана на выкананне ў тым ліку гуманітарных місій за межамі Рэспублікі Беларусь. Згодна з нашым заканадаўствам, ваеннаслужачыя тэрміновай службы не могуць выконваць задачы на тэрыторыі іншых краін. Нашы ваеннаслужачыя яшчэ нікуды не ездзілі, але калі будзе пастаўлена задача — натуральна, будзем яе выконваць.

Каб трапіць у Супрацьмінны цэнтр, аднаго жадання мала. Кандыдат у кантрактнікі праходзіць сур’ёзную комплексную праверку, якая прадугледжвае ацэнку не толькі фізічнага, але і псіхічнага здароўя. Паколькі ваеннаслужачыя падраздзялення рэгулярна працуюць з выбухованебяспечнымі рэчывамі, вельмі важна быць упэўненымі ў гэтых людзях. Невыпадкова пры адборы ўлічваюцца і маральна-дзелавыя якасці прызыўнікоў.

Уладзіслаў Куліда служыць у цэнтры дзявяты месяц. Малады чалавек родам з Нароўлі. Прызнаецца, што з дзяцінства марыў стаць вайскоўцам. Аднак лёс распарадзіўся інакш, і адразу пасля школы ён пайшоў у медыцыну. Скончыў Мазырскі дзяржаўны медыцынскі каледж, затым чатыры гады адпрацаваў фельчарам-лабарантам у цэнтральнай раённай бальніцы Жлобіна. Перыяд прафесійнай дзейнасці акурат прыпаў на ковід, калі яшчэ дакладна не ведалі, што гэта за інфекцыя і як з ёй змагацца. Калі прыйшла павестка ў армію, малады чалавек быў настроены аптымістычна: нарэшце збылася яго мара стаць ваеннаслужачым. Уладзіслаў прытрымліваецца прынцыпу, што ўвесь час варта спрабаваць нешта новае — так цікавей жыць. У ваенкамаце яму прапанавалі падумаць аб кантрактнай службе. Ён пагадзіўся. Па душы прыйшлася і перспектыва паслужыць у Супрацьмінным центры Узброеных Сіл.

Як дэсантнікі памятаюць свой першы скачок з парашутам, так і сапёр — першы палявы выхад. «Упершыню размініраванне боепрыпасаў я праводзіў на Віцебшчыне, — расказвае Уладзіслаў Куліда. — Суцэльная ачыстка мясцовасці ажыццяўлялася на тэрыторыі былога Дрэтуньскага палігона. Знаходзілі неразарваныя боепрыпасы і абясшкоджвалі іх. Упэўненасць у рабоце надавала прысутнасць камандзіра групы, больш вопытнага сапёра. Падчас першай камандзіроўкі разам з ім мы размініравалі 200 боепрыпасаў, у перыяд другога палявога выхаду — каля 800».

Цяжка ў навучанні — лёгка пры размініраванні

Перш-наперш ваеннаслужачыя кантрактнай службы праходзяць у цэнтры падрыхтоўку — не менш чым паўгода. Да размініравання іх дапускаюць толькі пасля паспяховай здачы іспытаў. «Маладыя людзі, якіх мы прызываем, разумеюць, што будуць несці службу ў асобым падраздзяленні — такіх ва Узброеных Сілах больш няма, — звяртае ўвагу Руслан Лабаноўскі. — Сапёры выконваюць баявыя задачы ў мірны час. Займаюцца размініраваннем участкаў мясцовасці, якія насычаны выбухованебяспечнымі прадметамі яшчэ з перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Па заяўках, якія паступаюць у Міністэрства абароны, зносяць аварыйна-небяспечныя будынкі».

Рэгулярна выбухованебяспечныя прадметы на сваіх участках знаходзяць гаспадары прыватных хат. «Падарункі» Вялікай Айчыннай нярэдка выяўляюцца і на сельскагаспадарчых палетках. Спецыялісты Супрацьміннага цэнтра ведаюць, як спраўляцца з такімі «знаходкамі». У іх, дарэчы, свая зона адказнасці. Прафесійныя сапёры ёсць у кожным рэгіёне: усе яны прайшлі падрыхтоўку ў цэнтры. Спецыялістаў перасоўных груп размініравання тут рыхтуюць не толькі для Узброеных Сіл, але і іншых сілавых структур. Навучанне ажыццяўляецца па наступных спецыяльнасцях: сапёр, кіроўца-сапёр, кінолаг-сапёр і вадалаз-сапёр.

Выкладчыкі цэнтра — сапраўдныя майстры размініравання і падрыўной справы. За плячамі кожнага з іх — багаты вопыт, звязаны з абясшкоджваннем сотняў і нават тысяч выбухованебяспечных прадметаў. Спецыяльная падрыхтоўка сапёраў уяўляе сабой вывучэнне характарыстык боепрыпасаў шматлікіх сістэм, патрабаванняў бяспекі пры абыходжані з імі, асвойванне механізмаў размініравання боепрыпасаў, падрыўной справы. У Супрацьмінным цэнтры для гэтага створаны ўсе ўмовы. Патрэніраваць сапёрныя здольнасці ў максімальна прыбліжанай да рэальнасці сітуацыі дазваляюць вучэбна-трэнажорныя комплексы. З дапамогай спецыяльных класаў, якія нагадваюць дзіцячы садок, школу, склад або кухню, ёсць магчымасць змадэляваць любую сітуацыю для работы групы па пошуку і абясшкоджванні выбухованебяспечных прадметаў. У сувязі са спецыяльнай ваеннай аперацыяй на Украіне ў навучальную праграму сапёраў унесены карэктывы.

Заробак і рэгламентаваны працоўны дзень

Нягледзячы на тое што прафесія сапёра патрабуе фізічнай вынослівасці і заўсёды спалучана з рызыкай для жыцця, маладыя людзі актыўна заключаюць з воінскім падраздзяленнем кантракт. Што іх матывуе? У ваеннаслужачага кантрактнай службы добрае грашовае забеспячэнне — кажучы прасцей, ён і воінскі абавязак выконвае, і заробак атрымлівае. Улічваючы, што ў армію, як правіла, прыходзяць людзі без працоўнага вопыту і стажу, гэта нядрэнна. На салдат-кантрактнікаў распаўсюджваюцца ўсе сацыяльныя гарантыі, прадугледжаныя для ваеннаслужачых. Маладым людзям, якія арандуюць жыллё, кампенсуецца пэўная сума. Пагадзіцеся, такі «бонус» на цывільнай рабоце мала хто прапаноўвае. Вайскоўцы кантрактнай службы маюць права на поўнае медыцынскае забеспячэнне, пачынаючы ад стаматолага і заканчваючы любым хірургічным умяшальніцтвам. Створаны ўмовы для фізічнай падрыхтоўкі. Рэгламентаваны працоўны дзень — і за гэтым вельмі сочаць. Пасля заканчэння тэрміну службы многія застаюцца і заключаюць другі, трэці кантракт. Некаторыя становяцца курсантамі ваенных вышэйшых навучальных устаноў, у тым ліку Расійскай Федэрацыі, — служба ў арміі дазваляе паступаць па-за конкурсам.

У свой час гэтай прывілеяй скарыстаўся начальнік цыкла супрацьдзеяння самаробным выбуховым прыстасаванням Супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл старшы лейтэнант Сцяпан Градаў. Яшчэ ў час праходжання ваеннай тэрміновай службы ў 72-м аб’яднаным навучальным цэнтры ён падаў дакументы ў Цюменскае вышэйшае ваенна-інжынернае каманднае вучылішча імя маршала А. Прашлякова. Адвучыўшыся пяць гадоў, малады чалавек размеркаваўся ў воінскую часць у Гродна. У Супрацьмінны цэнтр перавёўся ў маі 2022 года.

«Мне тут падабаецца, — прызнаецца Сцяпан Градаў. — Пастаянны адрэналін, каласальны вопыт, штодзённае ўдасканаленне. Сапёры — адны з нямногіх, хто выконвае баявыя задачы ў мірны час. Нягледзячы на тое што ва ўсіх цяпер баявая падрыхтоўка, навучанне, нашы ваеннаслужачыя працуюць з выбуховымі рэчывамі, знішчаюць боепрыпасы. Ёсць разуменне, што задачы, якія мы выконваем, надзвычай важныя. Кожны афіцэр і прапаршчык адчувае вялікую адказнасць перад падначаленым асабовым складам».

Калі мінчанін Ягор Хаменка заключаў з воінскім падраздзяленнем кантракт, ён добра ведаў, што такое армія. Паўтара года малады чалавек праходзіў тэрміновую ваенную службу ў 72-м аб’яднаным навучальным цэнтры. Некаторы час пасля дэмабілізацыі працаваў у цывільнай структуры. Зразумеў, што гэта не яго, і захацеў вярнуцца ў армію. Прайшоў сумоўе і трапіў у Супрацьмінны цэнтр. Шкадуе толькі аб адным: што не падпісаў кантракт з падраздзяленнем адразу пасля тэрміновай службы.

«Нельга сказаць, што працаваць з ваеннаслужачымі-кантрактнікамі прасцей: ёсць свая спецыфіка, — адзначае намеснік начальніка Супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл па ідэалагічнай рабоце. — У некаторай ступені трывожна. Думаецца, адарваліся ад бацькоўскага ўплыву, атрымаюць першы заробак і чым будуць займацца пасля службы. Спакус у Мінску, як вядома, нямала. Аднак маладыя людзі да нас прыходзяць неспакуслівыя. Магчыма, дзейнічаюць матывацыйныя рычагі: парушыў воінскую дысцыпліну — будзеш пазбаўлены прэміі. За сістэматычнае парушэнне салдат пераводзіцца на тэрміновую ваенную службу. Пры гэтым тэрмін, які ён ужо адслужыў, не ўлічваецца — даводзіцца ўсё пачынаць спачатку. Прычым у іншым воінскім падраздзяленні».

Праўда, за чатыры гады існавання Супрацьміннага цэнтра ні аднаго грубага воінскага парушэння не дапушчана. А па-іншаму і не можа быць, бо кожны прыйшоў сюды не пад прымусам, а з вялікім жаданнем служыць, рабіць усё дзеля таго, каб поўнасцю ачысціць беларускую зямлю ад выбухованебяспечных прадметаў.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: Майстры сапёрнай справы

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.