Вы тут

Салігорскі «Шахцёр» імкнецца наверх


На гэтым тыдні — 21 снежня — баскетбол адзначыў свой Дзень нараджэння. Менавіта ў гэты дзень у 1891-м годзе прайшоў першы ў гісторыі баскетбольны матч. За гэтыя 132 гады ён так трывала ўмацаваўся ў спартыўным свеце, што ўявіць адсутнасць баскетбола сёння проста немагчыма. Так як немагчыма назваць баскетбол кансерватыўным відам спорта. Ён пастаянна ўдасканальваецца, мяняецца, а баскетбольная сям’я папаўняецца новымі відамі. Самы яркі з іх – баскетбол 3×3, які ўжо ўспрымаецца не як малодшы брат класічнага баскетбола, а як самастойны і самадастатковы від спорту. Ён хуткі, дынамічны, відовішчны — адказвае ўсім пажаданням сучаснага гледача. Добра адчувае гэты трэнд і Беларуская федэрацыя баскетбола, якая прыкладае максімум намаганняў для развіцця баскетбола 3×3.  З кожным годам пашыраецца беларуская геаграфія баскетбола 3×3, Прэзідэнцкі спартыўны клуб рэалізуе праект па адкрыцці пляцовак у дварах краіны.


У 2023 годзе на адзін горад, дзе баскетбол 3×3 атрымаў прызназнанне, стала больш, iм стаў Салігорск. Сёлета тут быў створаны клуб «Шахцёр», які стаў базавым для нацыянальнай мужчынскай зборнай Беларусі. Часу на разварушванне ні ў кога не было. У канцы лістапада «Шахцёр» стаў першай беларускай камандай па баскетболе 3×3, якая прыняла ўдзел у чэмпіянаце Расіі. І навічкі не згубіліся — адразу выйшлі ў топ-дывізіён чэмпіната. У студзені яны выступяць у тандэме «Масцер» чэмпіяната Расіі, спаборніцтвы прыме Салігорск. А яшчэ каманда паспела заваяваць серабро ў расійскай Лізе Сяброўства. Рашуча і ўпэўнена «Шахцёр» уварваўся ў баскетбольнае жыццё краіны і абяцае, што гэта толькі пачатак. Як ім гэта ўдалося і якія перспектывы адкрываюцца перад камандай, «Звязда» даведалася ў спецыялістаў і спартсменаў. Увазе чытачоў — тры бакі самай маладой беларускай каманды па баскетболе 3×3 і самога гэтага віду спорту. 

Кіраўніцтва: цалкам лагічна звярнуць пільную ўвагу на гэты баскетбол

«У Салігорску багатыя традыцыі ў развіцці гульнявых відаў спорту, ёсць валейбольная, хакейная, футбольная каманды. І калі ўзнікла магчымасць дапоўніць гэтую палітру баскетболам, мы яе не ўпусцілі. Стаўка на баскетбол 3×3 была зроблена невыпадкова, бо ў гэтым відзе ў нас ёсць магчымасць заявіцца ў чэмпіянат Расіі. Тым больш, склалася не вельмі добрая сітуацыя з баскетбольным клубам „Мінск“, які не выканаў свае абавязкі ні перад гульцамі, ні перад нацыянальнай зборнай. Салігорск і „Беларуськалій“ падставілі плячо, каб наша нацыянальная каманда па баскетболе 3×3 магла плённа рыхтавацца да Гульняў Сяброўства і Гульняў БРІКС, якія пройдуць у 2024-м годзе», — расказвае Настасся Марыніна, генеральны сактарар — выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола. «Міжнародныя санкцыі да баскетбола 3×3 не такія строгія, як да класічнага баскетбола. У 3×3 больш насычаны каляндар. Таму цалкам лагічна звярнуць самую пільную ўвагу на гэты від спорта», — адзначае яна. 

Генеральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Іван Галаваты падкрэсліў, што ідэя стварыць у Салігорску баскетбольны клуб вітала ў паветры ўжо даўно. Перашкаджала толькі адно — адсутнасць умоў. Але як толькі ў спартыўным комплексе «Шахцёр» з’явіўся сучасны камфортны гульнявы зал, ніякіх перашкод для стварэнне каманды не засталося. «Каб атрымаць высокі вынік, трэба стварыць належныя ўмовы для працы. У мінулым годзе мы скончылі будаўніцтва новага спартыўнага комплекса, дзе сёння камфортна сябе адчуваюць і спартсмены, і трэнерскі штаб. Зараз наша задача — заразіць салігарчан баскетболам. Стварыўшы каманду, мы ўжо прагучалі ў баскетбольным свеце, на нас накіравана шмат увагі, трэба адпавядаць, прыцягваць больш дзяцей у баскетбол. Я ўпэўнены, што Салігорск будзе папулярным горадам сярод прафесійных баскетбалістаў і сярод аматараў гэтай гульні», — адзначыў ён. 

Баскетболам 3×3 Салігорск абмяжоўваецца не збіраецца. У планах — стварэнне тут каманды па класічным баскетболе. Калі гэтыя планы ажыццявяцца, сказаць пакуль цяжка. Галоўнае, што ёсць цікавасць, жаданне і ўмовы. Сёння гульцы «Шахцёра» трэніруюцца на базе мульціфункцыянальнага спартыўнага компекса з такой жа назвай. Як расказаў Іван Галаваты, комплекс, які ўключае ў сябе тры футбольныя палі, тэнісны манеж з трыма кортамі, а таксама спартыўны манеж, дзе размешчаны залы для баскетбола, валейбола, адзінаборстваў, гімнастычная і трэнажорная залы, быў пабудаваны ўсяго за тры гады. 

Трэнерскі штаб: «Стомленасць — не мера працы. Мера працы —вынік»

Над рэалізацыяй усіх амбіцыйных планаў разам са спартсменамі працуюць спецыялісты па баскетболе 3×3, запрошаныя з Расійскай Федэрацыі. «Чаму мы запрасілі расійскіх трэнераў? Справа ў тым, што мы вырашылі фарміраваць прафесійную каманду па баскетболе 3×3, а для гэтага патрэбныя дасведчаныя трэнеры. Беларускія спецыялісты былi не гатовыя засяродзіцца толькі на гэтым відзе. А Салігорск — амбіцыйны горад, і калі ўжо ствараць каманду, то рабіць яе моцнай. Таму мы запрасілі лепшых трэнераў па баскетболе 3×3 з-за мяжы. Але ўвесь асноўны склад клуба: начальнік каманды, дактары — гэта беларускія спецыялісты, якія добра ведаюць гульцоў», — тлумачыць Настасся Марыніна. 

За агульную фізічную падрыхтоўку баскетбалістаў адказвае Яўген Бурын, які падрыхтаваў пераможцаў Еўралігі, Адзінай лігі ВТБ і чэмпіёнаў Расіі. Зараз «Шахцёр» актыўна рыхтуецца да чарговага этапа чэмпіяната Расіі, таму трэніроўкі па агульнай фізічнай падрыхтоўцы досыць напружаныя. Некалькі дзён на адпачынак падчас навагодніх святаў — і зноў у залу. І ніхто нават не думае пра стомленасць.

«Стомленасць — не мера працы. Мера працы — вынік. Мы настроеныя біцца і змагацца ў кожным матчы. З кожным этапам чэмпіяната Расіі супернікі становяцца мацнейшымі. Але і мы не раслабляемся. Кожны матч — гэта выклік і мы рыхтуемся паказаць тое, што мы можам. Ад таго і задача на кожны матч  зразумелая: гуляць як мага лепей. У гэтым сезоне ў нас няма мэты перамагчы ўсіх. Пакуль трэба зарэкамендаваць сябе. З намі ўжо сталі лічыцца і для першага сезона гэта выдатна», — разважае Яўген Бурын. А працы ў баскетбалістаў сапраўды вельмі шмат, бо як заўважыў спецыяліст, у баскетболе 3×3 няма права на памылку, памыліўся ў дзвюх атаках — прайграў матч. Але ж тым цікавей для гледачоў, хоць, магчыма, цяжэй для спартсменаў. 

Усе гульнявыя цяжкасці «Шахцёр» будзе пераадольваць пад кіраўніцтвам заслужанага трэнера Расіі Уладзіміра Агабабьяна. У 2021-м годзе пад яго кіраўніцтвам мужчынская зборная па баскетболе 3×3 стала сярэбраным прызёрам Алімпійскіх гульняў у Токіа. Трэнер упэўнены, што ў баскетбола 3×3 вялікая будучыня, тым больш, што з кожным годам градус увагі да яго толькі павышаецца. «Я памятаю, калі я сам гуляў у класічны баскетбол, у меня было поўнае адмаўленне баскетбола 3×3. Па сутнасці, тады гэта быў звычайны стрытбол, дзе хто горш трымае ўдар — той і прайграе. Але сёння гэта абсалютна іншы від спорта, з прафесійным падыходам. У баскетболе 3×3 у гульцоў рознага ўзроўню аднолькавыя шанцы дасягнуць поспехаў. Ды і, глупства адмаўляць: гэта алімпійскі від спорту. Рэальна за гэтым відам будучыня і важна, каб гэта як мага хутчэй пачалі разумець і функцыянеры, і трэнеры, і спартсмены», — разважае Уладзімір Агабабьян.

Зыходзячы з гэтага перад маладой амбіцыйнай камандай «Шахцёр» зараз адкрыты ўсе дзверы. Таму і задачы перад спартсменамі стаяць максімальныя. «Трэба рэальна глядзець на справы. У чэмпіянаце Расіі мы ўжо паказалі нядрэнны вынік, але можам яшчэ лепей. Канешне, у чэмпіянаце Расіі ёсць шэраг каманд, з якімі сёння нам вельмі складана спаборнічаць. У іх больш вопыту, мацнейшыя гульцы. Але гэта не азначае, што мы склалі лапкі і прынялі такое становішча спраў. На папярэдніх этапах чэмпіянату Расіі мы паказалі вынік, на які разлічвалі. Не без нерваў, не без памылак, натуральна. У баскетболе 3×3 ёсць такі фактар, як удача, і былі моманты, калі нам пашанцавала. Першапачатковую задачу мы выканалі. Выдатнае выступленне — пытанне часу. Мы ўсё гэта разумеем і працягваем працаваць», — адзначае Уладзімір Агабабьян. Ён прызнаецца, што прапанова працаваць у салігорскім клубе зацікавіла яго найперш перспектыўнасцю. А выдатныя ўмовы для працы сталі прыемным бонусам: «Я яшчэ малады трэнер, мне хочацца развівацца, адкрываць для сябе нешта новае і правяраць свае здольнасці. „Шахцёр“ на дадзеным этапе ўсё гэта дае. Хочацца зрабіць так, каб у Салігорску людзі адкрылі для сябе баскетбол 3×3, каб як мага больш людзей паверылі ў гэты від спорту і больш ніколі не было ніякай недаацэнкі». 

Спартсмены: «Камандная хімія прысутнічае»

У склад «Шахцёра» ўвайшлі спартсмены, даволі вядомыя ў Беларусі: Сяргей Вабішчэвіч, Максім Каратцоў, Максім Сазонаў, Ян Марынін, Ілля Мілашэўскі, Аляксей Навойчык, Антон Зарэцкі і Аляксей Балдзін. Большасць з іх — выхадцы баскетбольнага клуба «Мінск». Аляксей Навойчык і Максім Сазонаў — выхавальнікі гродзенскай школы баскетбола, Антон Зарэцкі — прадстаўнік Віцебскай вобласці. «Шахцёр» — гэта сплаў маладосці і досведу. І па словах спецыялістаў, гэта самая аптымальная формула для каманды. Самы яркі доказ — выступленне гэтых баскетбалістаў на ІІ Гульнях краін СНД. Тады зборная Беларусі, касцяк якой склалі баскетбалісты «Шахцёра», заваявала залатыя медалі, падарыўшы гледачам цудоўныя матчы. 

«У нас змяніліся толькі трэнеры, а каманда засталася ранейшай. Але, канешне, змянілася спецыфіка работы. На тое мы і прафесіяналы, каб адаптавацца і плённа працаваць. Мы заўсёды хочам перамагаць, мы ведаем, як камандай ісці да сваіх мэтаў. І гэта дае нам упэўненасць», — дзеліцца Ілья Мілашэўскі, прадстаўнік «маладняка». Прынамсі, такое раздзяленне па пакаленнях важнае толькі для журналістаў. Як заўважыў самы дарослы, (чытай дасведчаны) гулец «Шахцёра» Сяргей Вабішчэвіч, баскетбалісты адзін аднаму ў пашпарт не глядзяць.

Важна зусім іншае: «Гэта баскетбол 3×3, тут трэба баяцца кожнага і не баяцца нікога. У нашым відзе спорту важную ролю адыгрывае псіхалогія. Усё завязана на эфектыўным узаемадзеянні паміж гульцамі, павінна быць камандная хімія. У нас яна ёсць. А ёсць камандная хімія — ёсць агульны вынік».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Беларуская федэрацыя баскетболу

Г. Салігорск

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.