Вы тут

Чым пачаставаць дракона? Час закупляцца на Новы год


Навагодняе застолле — кульмінацыя свята, і рыхтуюцца да яго гаспадыні загадзя. Пачынаць закупляцца на Новы год звычайна пачынаюць у дваццатых чыслах снежня — якраз цяпер. А ў складанні навагодняга меню па традыцыі звярацца прынята з Усходнім гараскопам. Дык чым пачаставаць Дракона?


Зверым меню з гараскопам

Агульнавядома, што Дракон — сімвал Азіі ў цэлым і Кітая ў прыватнасці. І, як сапраўдны ўраджэнец Усходу, ён любіць рыс. Каб ушанаваць нябеснага «звера», важна ўключыць у навагодняе меню стравы з выкарыстаннем рысу (напрыклад, салаты з гэтай крупой), а лепш за ўсё — падаць на стол вараны рыс у якасці гарніру да мяса (замест традыцыйнай бульбы). Бо ў краінах Азіі, адкуль «родам» адзіная міфалагічная істота 12-летняга цыкла Усходняга гараскопа, рыс лічыцца самастойнай стравай і не мае патрэбы ў дадатках. Зрэшты, суцэльна лаяльны Дракон і да бульбы. Ды і наогул традыцыйныя для нас стравы — як беларускай кухні, так і савецкай — яму даспадобы.

І, вядома ж, сімвал надыходзячага года — не вегетарыянец, а таму на стале павінна быць мяса. І лепш, калі месца традыцыйнай для нашага навагодняга меню запечанай курыцы сёлета зоймуць гусь, качка ці калядная індычка: Дракону не падабаецца звычайнае. А яшчэ лепш абраць у якасці асноўнай гарачай стравы чырвонае мяса — ялавічыну, свініну ці бараніну. Простыя рэцэпты адкладзіце на будучыню. Дракон ацэніць, калі гаспадыні не заленаваліся і праявілі кулінарны талент.

Важнае правіла: стол пры сустрэчы гэтага года абавязкова павінен быць багаты, сцвярджае гараскоп. Дарэчы, у гэтую навагоднюю ноч на стале абавязкова павінна быць хоць бы адна, а лепш некалькі страў з рыбы. Зразумела, ацэніць Дракон морапрадукты — крэветкі, кальмары, мідыі. І наогул, сёлета да пытання навагодняга меню астролагі заклікаюць гаспадынь падысці ўдумліва і нават нестандартна. Да прыкладу, вітае Дракон... супы. Нядрэнны варыянт — усходні суп з морапрадуктамі. Пагадзіцеся, незвычайны выбар для навагодняй ночы? Але заступнік надыходзячага года будзе задаволены.

Які ж Новы год без аліўе і селядца пад футрам? Але калі «футра» цалкам адказвае духу, які нясе з сабой Зялёны Драўляны Дракон (рыба і шмат гародніны), то з Аліўе ўсё не так проста. Справа ў тым, што сярод прадуктаў, якіх не павінна быць, паводле гараскопа, сёлета на навагоднім стале — «крамныя» вараныя каўбасы, субпрадукты, а кансервы лепш выкарыстоўваць па мінімуме. На ўласныя закаткі, а таксама «пальцам пханую» натуральную каўбаску і хатнюю вяндліну забарона не распаўсюджваецца (так што адкрываем нарыхтоўкі на зіму, а за мясной нарэзкай адпраўляемся на рынак). Ну, а галоўная забарона навагодняга меню-2024 — гэта трус. Справа ў тым, што менавіта Трус — галоўны вораг Дракона. Паводле легенды, на світанку часоў, каб вырашыць, хто за кім будзе ісці ў 12-летнім цыкле, нябесныя «звяры» вырашылі зладзіць спаборніцтва. Дракон, як наймацнейшы, не сумняваўся ў перамозе. Праўда, ён — яшчэ і сімвал высакароднасці, таму не мог не выручыць Труса, на якога напаў воўк. Таму Дракона абагналі і Пацук, і Бык, і Тыгр. Цмок на іх не ў крыўдзе. Але вось за тое, што свайго выратавальніка не пачакаў Трус, а замест падзякі рвануў да фінішу і прыйшоў раней за Дракона, той затаіў на яго злосць. Так што ад мяса труса на навагоднім стале лепш адмовіцца, каб не пакрыўдзіць апекуна надыходзячага года.

Вяртаючыся да аліўе, сімвала навагодняга застолля, улічваем, што пры яго прыгатаванні лепш абраць версію больш складаную — напрыклад, з вараным мясам замест каўбасы.

Лічыцца, што не любіць Дракон і лішак вострых спецый, цыбулі-часнаку, а таксама недалюблівае стравы, прыгатаваныя на адкрытым агні: канкурэнцыі ён не жадае.

Ацэніць Дракон на навагоднім стале зеляніну (ён жа Зялёны!) і садавіну. На салатным лісці сёлета асабліва актуальна сервіраваць салаты — проста выкласці яго на талерку першым пластом. А калі казаць пра садавіну, то гэта ў дадзеную навагоднюю ноч — не толькі (і не столькі!) мандарыны. Зразумела, што самыя даступныя «зімовыя вітаміны» ў нашых шыротах — гэта цытрусавыя, а самыя навагоднія цытрусавыя — гэта яны самыя, мандарыны. Але сімвал надыходзячага года патрабуе ад нас выходзіць за рамкі звыклага. Таму да мандарынаў нядрэнна б дадаць тое, што на нашым стале рэдкасць, — напрыклад, памела, ананас, манга. А яшчэ Дракон — ласунчык, так што ў фінале свята будзе дарэчы торт. І лепш за ўсё — хатні.

«Новае прачытанне» аліўе

У гэтым годзе, як ужо сказана, гатуем галоўную навагоднюю салату незвычайна і крэатыўна.

  • Перш за ўсё, замест каўбасы ўжываем мяса. Гэта можа быць курыца, ялавічына, свініна, адварны язык. Мяса варым і рэжам кубікамі.
  • А можна замяніць мяса рыбай — напрыклад, чырвонай. Або адварнымі кальмарамі. Можна злучыць крэветкі і курыцу — і атрымаць, так бы мовіць, азіяцкі смак салаты. Калі не давяраеце новым рэцэптам, прыгатуйце класічны аліўе і абноўлены варыянт — хай госці параўноўваюць.
  • Замест марынаванага або салёнага агурка (ці разам з ім) у салату можна парэзаць свежы агурочак. Цікавая ідэя — выкарыстаць яблыкі. Яны павінны быць кісла-салодкія і з цвёрдай мякаццю.

Такім чынам, падлічым, у якую суму абыдзецца нам «новае прачытанне» аліўе ў гэтым годзе. Напрыклад, з вараным курыным мясам (найбольш бюджэтны варыянт, калі не лічыць варыянта з каўбасой). За сярэднюю курыцу давядзецца сёння выкласці каля 8 рублёў. 5 адварных бульбін сярэдняга памеру, 2 невялікія адварныя морквы, 1 сярэдняя галоўка рэпчатай цыбулі — на ўсё пра ўсё пакладзём рубля 4. Яйкі — у сярэднім два рублі за палову ўпакоўкі, гарошак — ад 1.54 (Экалайн, 400 г). Возьмем сярэдні кошт і колькасць — 2.94 за 420 г. Застаецца маянэз: класічны «Правансаль», 400 г каштуе 2.29 рубля. Атрымліваецца, самая навагодняя салата абыдзецца нам у гэтым годзе у 18 рублёў з капейкамі. Заўважым, што «класіка жанру» (з «Мартадэлай» або «Доктарскай») будзе таннейшай (вышэйназваная каўбаса ў гандлёвых сетках каштуе сёння ў сярэднім 4.79-5 рублёў за паўкіло).

Аснова асноў

Курыца ў якасці асноўнай стравы — гэта занадта проста для Дракона. Іншая справа — напрыклад, гусь, фаршараваная грушамі. Астралагічны гаспадар надыходзячага 2024 года не любіць абмяжоўваць кулінарную фантазію. Да таго ж фаршыраваная яблыкамі ці грушамі гусь — гэта і святочна, і ў традыцыях беларускай кухні.

Птушку (кілаграмы на 4) апальваем і мыем. Гатуем марынад: 2 ст. л яблычнага воцату на бутэльку паўсалодкага віна, дадаём лаўровы ліст і соль па смаку. Марынад павінен атрымацца кіславата-салодкі, і яго павінна быць столькі, каб ён цалкам пакрываў тушку (не хапае — даліваем халоднай гатаванай вады). Марынаваць гусь пакідаем гадзін на пяць, дастаём і даём сцячы вадкасці. Націраем птушку сумессю спецый — можна выкарыстоўваць свежы ці сухі часнок, каляндру, перац, кроп, пятрушку сухую або свежую, праванскія травы і наогул любыя заправы. Тым часам з 5 буйных груш (лепш, калі гэта будзе сорт з цвёрдай мякаццю) выдаляем сярэдзіну і разразаем на буйныя долькі. Начыняем грушамі гусь, зашываем ёй брушка, абарочваем фольгай лапкі і крылы, і толькі пасля гэтага абарочваем яе ў фольгу цалкам. Адпраўляем у духоўку на 2-2,5 гадзіны пры 200?С. Птушка гатова, калі пры праколванні з тушкі выцякае празрысты сок. Разгортваем фольгу і рыхтуем глазур. Злучаем 6 ст. л. вадкага мёду з 5 ст. л. гарчыцы. Палову глазуры выліваем унутр гусі, да груш. Да другой паловы дадаём крыху чорнага перцу і змазваем гусь зверху. Запякаем птушку ўжо без фольгі на працягу 30-35 хвілін.

Асноўная страва цалкам чакана будзе, напэўна, самай дарагой пазіцыяй навагодняга меню. Напрыклад, за кілаграм свініны сёння просяць ад 18 рублёў, калі гэта шыя, і ад 17.50 за паляндвіцу. Ялавічына — яшчэ даражэйшы варыянт (28–35 рублёў за кіло ў залежнасці ад часткі тушы). А гусь (пра якую гаворка ішла вышэй) абыдзецца гаспадыні ў 30 рублёў за кілаграм.

— Гусі ёсць меншыя і большыя. Меншыя — кілаграма 4 заважаць, — тлумачыць прадавец фермерскай птушкі на «Камароўцы». — Будзеце браць сёння — па 28 рублёў за кілаграм палічу. А да Новага года цэны абавязкова паднімуцца. Усе будуць хацець купіць птушку ў апошнія тры дні, і да таго ж — зусім свежую, «з-пад сякеры». Але ж за адзін дзень 50-60 штук тушак «рабіць» ніхто з гаспадароў не захоча. Так што бярыце цяпер: гусі свежыя, шыкоўныя і абыдуцца танней, чым перад самым Новым годам. Пакладзяце гусь ў замарозку — нічога з ёй не зробіцца!

Такім чынам, на гусь закладваем 120 рублёў. Качкі, дарэчы, таннейшыя — ад 20 да 25 рублёў за кіло. Але ў нашым рэцэпце гусь, так што стаім на сваім. На бутэльку віна закладзём яшчэ 20 рублёў. Дададзім сюды кошт груш — «Беларускія познія» ідэальныя для запякання ў гусе, каштуюць 4.50 за кіло. Іх можна замяніць і яблыкамі, але вялікай эканоміі тут не атрымаецца. На мёд і спецыі накінем яшчэ рублёў 10–15. І такім чынам, святочная гусь нам абыходзіцца ў круглую суму каля 150-160 рублёў.

У якасці асноўнай стравы можна прыгатаваць і рыбу — не забываем, што Дракон у шматлікіх легендах звязаны з воднай стыхіяй. Класіка беларускай кухні — рачная рыба, смажаная ў смятане. Але мы памятаем, што заступнік надыходзячага года адрозніваецца любоўю да незвычайнага, а таксама да раскошы. Так што ў якасці рыбнай стравы гатуем, напрыклад, чырвоную рыбу са шпінатам і сметанковым соусам. Можна купіць стэйкі рыбы (але гэта, вядома, зусім ужо «па-багатаму»), можна абраць больш эканомны варыянт: набыць любую чырвоную рыбу цалкам, а пачысціць і парэзаць на стэйкі самастойна. Такім чынам, на 2 буйныя кавалкі рыбы нам спатрэбіцца 50 г памідораў чэры, столькі ж мацарэллы, пучок шпінату грам на 30, 2 зубчыкі часнаку, каля 100 мл вяршкоў (лепш выбіраць тлустыя). Абсмажваем рыбу з абодвух бакоў у алеі і выкладваем на талерку астываць. У тым жа алеі абсмажваем шпінат з памідорамі і часнаком, дадаём на патэльню вяршкі і сыр, нацёрты на тарку. Калі сыр расплавіцца, вяртаем рыбу ў патэльню і смажым на маленькім агні 15–20 хвілін.

Астуджаная фарэль каштуе сёння ў сярэднім 40–44 рублі за кілаграм. Стэйкі фарэлі ад «Санта-Брэмар» замарожаныя — 40.99 за 400 г. Пучок шпінату — 3.50 за 30 г. Памідоры чэры — 12-14 рублёў за кіло, але ж нам трэба ўсяго 50 г на палову рыбы (то-бок прыкладна 100 г на рыбу цэлую). Вяршкі — у сярэднім 5 рублёў за 0,5 л 18-працэнтных, мацарэла — 5.80 за 260 г. Такім чынам, супраць чаканняў рыбка атрымалася на парадак таннейшай, чым гусь (а дакладней, амаль у тры разы). Затое апошні па памеры ў разы большы, ды і сама па сабе страва атрымліваецца нашмат сытнейшая. Зрэшты, рыба — больш правільны варыянт з пункту гледжання здаровага ладу жыцця, а яе прыгатаванне значна прасцейшае. Лягчэйшае і дыетычнае або сытнае і больш традыцыйнае для навагодняга застолля? Вырашаць вам. Астролагі ж толькі раяць памятаць галоўнае правіла: калі за навагоднім сталом смачна, увесь наступны год будзе ўдалы!

Зялёны Драўляны Дракон, якога мы чакаем у госці ў 2024 годзе, поўнасцю ўступіць у свае правы толькі ў лютым. Але сустрэць сімвал надыходзячага года тымі стравамі, якія яму спадабаюцца, важна ўжо ў навагоднюю ноч. Нябесны заступнік 2024-га года прыхільны да яркіх колераў і бляску, любіць весялосць і шануе шчырыя зносіны, як кажуць псіхолагі, у «пашыранай» сям’і. Такім чынам, у гэтую навагоднюю ноч паклікаць у госці варта і сваякоў, і сяброў. Браты і сёстры са сваімі сем’ямі толькі вітаюцца. Дракон ацэніць, калі вялікая сям’я збярэцца разам і падорыць вам поспех у будучыні, сцвярджаюць астролагі. Паколькі Новы год па вызначэнні сямейнае свята, добрым рашэннем будзе таксама прыехаць сустракаць 2024-ы ў бацькоўскую хату або ўсёй сям’ёй наведаць бабулю і дзядулю. Зрэшты, навагодняя вечарынка сярод сяброў таксама падыдзе. Галоўнае, каб было ярка, шумна і святочна. Гэтай навагодняй ноччу — ніякага «вузкага кола самых блізкіх». Новы год у рэстаране, аграсядзібе ці санаторыі? Ніякіх пярэчанняў! Хаця ў ідэале, вядома, на вашым свяце ў гонар наступлення года Дракона не павінна быць выпадковых людзей: толькі тыя, хто вам сапраўды блізкі і цікавы.

У сервіроўцы стала заступнік надыходзячага года ўхваляе крэатыў. Незвычайная сервіроўка страў, напоі ў фантазійных куфлях, прыгожыя сурвэткі — усё гэта Дракону спадабаецца. Колеры, у якіх варта сервіраваць стол і ўпрыгожыць дом, вядома ж, — у першую чаргу адценні зялёнага. Таксама астролагі раяць вогненна-чырвоную гаму, залатыя і сярэбраныя тоны. З гэтымі апошнімі можна не баяцца перабраць — Дракон, як ужо гаварылася, любіць бляск.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».