Вы тут

Успамінаем, хто атрымліваў прэстыжную спартыўную прэмію ў розныя гады


У кожнай сям’і ёсць свае навагоднія і калядныя традыцыі. Агульных святочных традыцый ужо некалькі дзесяткаў гадоў прытрымліваецца і ўся краіна. Адна з іх — уручэнне спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь тым, хто асабліва вызначыўся ў навуцы, культуры, мастацтве, выхаванні моладзі і спорце. У прыватнасці, спецыяльная прэмія «Беларускi спартыўны Алiмп» прысуджаецца штогод за значны ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту, ажыццяўленне актыўнай дзейнасці па папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, развіццё фізкультурна-спартыўных традыцый, якія садзейнічаюць фарміраванню гарманічнай асобы. 


Сёлета спартыўнымі героямі года прызнаны Міхаіл Дваракоў, Ванэса Каладзінская і Ганна Эйсмант.

Міхаіл Дваракоў — загадчык кафедры веласіпеднага, канькабежнага і коннага спорту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Ва ўніверсітэце ён працуе з 1974 года — 50 гадоў! Заслужаны трэнер БССР падрыхтаваў траіх майстроў спорту міжнароднага класа і 15 майстроў спорту. 

Ванэса Каладзінская сваім прыкладам паказвае, што беларускія жанчыны могуць усё. Чэмпіёнка свету па барацьбе 2012 і 2017 гадоў, у 2017-м рашэннем Міжнароднай федэрацыі барацьбы была прызнана найлепшай спартсменкай свету ў жаночай барацьбе. На Алімпійскіх гульнях 2020 Ванэса Каладзінская стала бронзавым прызёрам. Поспех відавочны. А калі ўлічваць, што на шляху да таго медаля Ванэса пераадолела сур’ёзную хваробу, а яшчэ змагла вярнуцца ў форму пасля нараджэння дзіцяці — тая бронза становіцца яшчэ больш каштоўнай. Пасля Алімпіяды Ванэса Каладзінская стала маці ў другі раз. І амаль адразу пасля родаў вярнулася да спорту. Як вынік — сярэбраны медаль на чэмпіянаце свету ў верасні 2023 года і ліцэнзія на Алімпійскія гульні 2024. І можна не сумнявацца, што на дасягнутым Ванэса Каладзінская не спыніцца. 

Прэстыжнай прэміі сёлета ўдастоена і спецыяльны карэспандэнт аддзела спартыўных навін галоўнай рэдакці Агенцтва тэлевізійных навін Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Ганна Эйсмант. Менавіта яна раскрыла жаночы твар беларускага спорту. Яе аўтарскі дакументальны серыял «Жанчыны і спорт» паказаў, якія моцныя беларускія спартсменкі, як ім удаецца сумяшчаць спорт і мацярынства, колькі слёз і працы стаіць за кожным медалём. Папулярная ў гледачоў і праграма Ганны Эйсмант «Між іншым» на тэлеканале «Беларусь 5», якая адкрывае закуліссе многіх спартыўных падзей. За 20 гадоў працы ў НДТРК Ганна Эйсмант асвятляла Алімпійскія, Еўрапейскія гульні і многія іншыя найважнейшыя спаборніцтвы.

Сёлета Спецыяльная прэмія «Беларускі спартыўны Алімп» святкуе свой юбілей — 20 гадоў. Прэмія была заснавана Указам Прэзідэнта ў 2003 годзе. Традыцыйна яе атрымліваюць тыя, хто рыхтуе спартсменаў, тыя, хто прасляўляюць краіну на спартыўных арэнах і тыя, хто расказвае пра гэта ўсім. Формулу «трэнер-спартсмен-журналіст» — умоўна можна лічыць і формулай спорту. Без трэнера ў спартсмена нічога не атрымаецца, а без журналістаў ніхто не будзе ведаць пра поспехі спартсменаў і трэнераў, а значыць і выступаць не будзе для каго. Чэмпіёны і іх настаўнікі не раз адзначалі, што выступаюць менавіта для сваіх аматараў. 

На «Беларускі спартыўны Алімп» падымаліся спецыялісты, якія прывялі сваіх падапечных да галоўныя п’едэсталы. У 2011-м годзе прэміі быў уганараваны галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч. Дзякуючы яму, на Алімпійскіх гульнях 2008 года беларускія весляры былі ў цэнтры ўвагі. Спачатку залаты медаль заваяваў экіпаж байдаркі-чацвёркі ў складзе Вадзіма Махнева, Артура Літвінчука, Рамана Петрушэнкі і Аляксея Абалмасава. А праз гадзіну алімпійскімі чэмпіёнамі сталі канаісты браты Андрэй і Аляксандр Багдановіч.

Анатоль Лабачоў (атрымаў прэмію ў 2013-м годзе) — у айчыннай цяжкай атлетыцы асоба знакамітая. Пры яго непасрэднім удзеле быў закладзены фундамент для поспехаў беларускіх штангістаў. Са сцен Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерва, дзе доўгі час працаваў трэнер, выйшлі Андрэй Рыбакоў, Віталь Дзербянёў, Вадзім Стральцоў.

У 2017-м годзе прэміі была ўганаравана Вольга Уласава, найлепшы трэнер па скачках на батуце, якая выхавала двух алімпійскіх чэмпіёнаў: Уладзіслава Ганчарова і Івана Літвіновіча (Іван перамог у 2021-м, але сутнасць не мяняецца).

На Беларускі спартыўны Алімп у 2021-м годзе падняўся і трэнер па барацьбе Артур Зайцаў, які раскрыў талент сярэбранага прызёра Алімпійскіх гульняў у Токіа Ірыны Курачкінай. Кампанію яму склала і «хросная маці» беларускай мастацкай гімнастыкі Ірына Лепарская. 

Атрымліваюць прэстыжную ўзнагароду і трэнеры, якія часта застаюцца ў цяні дасягеннняў сваіх вучняў — спецыялісты, якія працуюць з рэзервам. У 2022 годзе прэмію атрымаў Віктар Байкоў, які з 1982-га рыхтуе весляроў у Гомельскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Менавіта ён даў дарогу ў вялікі спорт Марыне Літвінчук — трохразоваму прызёру Алімпійскіх гульняў і іншым знакамітым спартсменам.

Валерый Лектараў (атрымаў прэмію ў 2021-м годзе), трэнер-выкладчык Сеннескай СДЮШАР па біятлоне раскрыў біятлонныя здольнасці алімпійскай чэмпіёнкі Ірыны Крыўко. Яшчэ адна яго вучаніца Юлія Кавалеўская стала бронзавым прызёрам трэціх Юнацкіх алімпійскіх гульняў.

У 2017 годзе дыплом лаўрэата прэміі атрымаў трэнер-выкладчык па баскетболе Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Аляксандр Шымкавяк. Шмат гадоў ён узначальваў маладзёжныя зборныя каманды па баскетболе. 

Традыцыйна прэмія «Беларускі спартыўны Алімп», акрамя трэнераў, прысуджаецца спартсменам, якія найбольш вызначыліся за год. У розныя гады пераможцамі прэміі станавіліся алімпійскія чэмпіёны Дар’я Домрачава, Кацярына Карстэн, Аляксей Грышын, прызёры Алімпійскіх гульняў Марына Літвінчук, Антон Смольскі, Анастасія Пракапенка. Не застаюцца без увагі і тыя, для каго спорт – ужо подзвіг. Пераможцамі станавілісь паралімпійцы: плыўцы Ігар Бокій і Аляксей Талай. Нерэдка сапраўдны гераізм на спаборніцтвах паказваюць маладыя спартсмены, што таксама адзначаецца на самым высокім узроўні. У 2017-м годзе спецыяльную прэмію «Беларускі спартыўны Алімп» атрымала лёгкаатлетка Віялета Скварцова, якая спецыялізуецца на трайным скачку. На цырымоніі ўзнагароджання чэмпіянату Еўропы-2017 Віялета Скварцова, нягледзячы на пагрозу санкцый, пакінула п’едэстал у знак пратэсту супраць выканання гімна іншай краіны замест гімна Беларусі.

«Беларускі спартыўны Алімп» для спартыўных журналістаў — прызнанне заслуг. Сярод пераможцаў прэміі сапраўдныя карыфеі спартыўнай журналістыкі. Уладзімір Навіцкі, якога падчас працы на тэлебачанні называлі голасам беларускага спорта. Ён асвятляў спаборніцтвы на 12 Алімпійскіх гульнях і некалькіх дзесятках чэмпіянатах свету. Атрымліваў прэмію і адзін з самых вопытных спартыўных журналістаў Барс Герстэн, які прысвяціў гэтай прафесіі больш за 25 гадоў. Прэміі «Беларускі спартыўны Алімп» былі ўганараваныя і журналісты, якія сёння паказваюць беларускі спорт: загадчык аддзела спартыўных навін Агенцтва тэлевізійных навін НДТРК Мікалай Стула і Павел Булацкі, дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» НДТРК.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.