Вы тут

Падпісаны дарожныя карты для дзіцячага тэхнапарка


Вынікі ўступнай кампаніі і эфектыўнасць пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі выхаванцаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка разгледзелі на пасяджэнні Назіральнага савета гэтай установы.


Фота Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка

У пасяджэнні прынялі ўдзел дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Сяргей Сачко, кіраўніцтва міністэрстваў адукацыі, энергетыкі, прамысловасці і аховы здароўя.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што за час функцыянавання дзіцячага тэхнапарка праведзена вялікая работа па распрацоўцы і ўкараненні асноўных падыходаў, кірункаў, інструментарыю ў дзейнасці ўстановы. Пастаянна аналізуецца і ўдасканальваецца змест навучальных праграм па ўсіх напрамках, арганізацыя навучання.

З шасцю галіновымі міністэрствамі падрыхтаваны дарожныя карты па развіцці супрацоўніцтва з дзіцячым тэхнапаркам. «Гэта не проста дарожная карта аб нейкім агульным узаемадзеянні, а ў першую чаргу вызначэнне тэматык праектаў, па якіх працуюць нашы таленавітыя навучэнцы пад кіраўніцтвам вучоных з універсітэтаў і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, — падкрэсліў Андрэй Іванец. — Гэта вельмі важны аспект. Сёння мы павінны накіраваць інтэлект і веды адораных хлопцаў і дзяўчат на вырашэнне канкрэтных задач, якія стаяць перад нашай эканомікай і грамадствам».

Другі не менш важны аспект у дарожнай карце — задзейнічанне рэсурсу тых прадпрыемстваў і арганізацый, якія функцыянуюць у структуры міністэрстваў, каб навучанне праходзіла не проста ў добра абсталяваных тэхналагічных лабараторыях Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, але і на прадпрыемствах рэальнага сектара эканомікі. Кіраўнік ведамства перакананы, што вельмі важна, каб маладыя людзі, якія прыходзяць выконваць праекты, бачылі і разумелі, дзе могуць быць прыменены вынікі іх інтэлектуальнай працы, а самае галоўнае — якую прафесійную траекторыю ў далейшым яны змогуць выбраць.

На сёння больш як 30 прадпрыемстваў краіны працуюць непасрэдна з дзіцячым тэхнапаркам, пры гэтым не толькі даюць сваю матэрыяльна-тэхнічную базу для выканання навукова-тэхнічных праектаў маладых даследчыкаў, але і аказваюць адпаведную дапамогу ў арганізацыі адукацыйнага працэсу.

— У гэтым годзе ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы найбольш адораныя выпускнікі дзіцячага тэхнапарка маглі па асаблівай траекторыі паступаць у ліцэі, сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі і ўстановы вышэйшай адукацыі, — звярнуў увагу міністр адукацыі.

Паводле інфармацыі намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, у 2022/2023 навучальным годзе навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прайшлі 308 вучняў 11-х класаў, з якіх 283 сталі студэнтамі сталічных і рэгіянальных ВНУ.

Назіральным саветам было выдадзена 58 рэкамендацый да залічэння ва ўстановы вышэйшай адукацыі без уступных іспытаў пры паступленні на спецыяльнасці профіляў адукацыі «Тэхніка і тэхналогіі» і «Прыродазнаўчыя навукі».

Пры гэтым адзначана, што з мэтай павышэння аб’ектыўнасці пры выдачы рэкамендацый Назіральнага савета плануецца запрашаць на пасяджэнне навучэнцаў, якія прэтэндуюць на атрыманне рэкамендацыі, са стэндавай прэзентацыяй іх праектаў. Гэта дасць магчымасць членам савета асабіста ацаніць ступень матывацыі выпускніка тэхнапарка да навучання па выбранай спецыяльнасці, зацікаўленасці да прадаўжэння развіцця прафесійнай траекторыі ў арганізацыях і на прадпрыемствах Рэспублікі Беларусь.

«У 2023/2024 навучальным годзе будзе прадоўжана работа па эфектыўнай рэалізацыі льгот, а таксама будуць унесены змяненні ў нарматыўную базу, якая вызначае парадак атрымання льгот навучэнцамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі, ліцэі для атрымання сярэдняй адукацыі», — паведаміў Аляксандр Кадлубай.

Удзельнікам пасяджэння былі названы прадпрыемствы і ведамствы рэальнага сектара, з якімі дзіцячы тэхнапарк актыўна супрацоўнічае, — «Белэнерга», «Белпалівагаз», ААТ «Пеленг», ААТ «Мінскі аўтамабільны завод», Канцэрн «Белнафтахім», РУП «Кіруючая кампанія холдынга «Белфармпрам», ААТ «МТЗ», ААТ «Планар».

Дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Сяргей Сачко праінфармаваў аб унесеных змяненнях у Канцэпцыю функцыянавання і развіцця ўстановы на 2023–2025 гады. Па яго словах, яны накіраваны на вырашэнне актуальных задач, у ліку якіх сістэмная работа з прадстаўнікамі рэальнага сектара эканомікі з мэтай аказання дапамогі ў практычным прымяненні распрацовак навучэнцаў, устанаўленне цеснага супрацоўніцтва навучальных лабараторый дзіцячага тэхнапарка з галіновымі міністэрствамі і ведамствамі (падведамаснымі арганізацыямі); арганізацыя сістэмнай работы з установамі вышэйшай адукацыі, прадстаўнікамі рэальнага сектара эканомікі з мэтай аказання дапамогі ў пабудове прафесійнай траекторыі навучэнцаў з улікам іх здольнасцяў і інтарэсаў.

Вызначаны і асноўныя напрамкі развіцця дзіцячага тэхнапарка на перыяд да 2025 года: гэта фарміраванне інавацыйнага адукацыйнага асяроддзя, выбудоўванне сістэмы падтрымкі адораных дзяцей і моладзі, пашырэнне сеткі аб’яднанняў у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па інавацыйных кірунках.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.